Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Аляксандр Радзькоў. Тэорыя і практыка маёй рэктарскай працы

БДПУ імя М. Танка па прызначэнні — галоўная ВНУ ў педагагічнай адукацыі краіны і нязменна адпавядала гэтаму статусу. У тым ліку і асобамі сваіх рэктараў. Ва ўніверсітэце заўсёды працавалі магутныя навуковыя школы, забяспечвалася высокая якасць вучэбнага працэсу і адчувалася агульная адказнасць за падрыхтоўку педагагічных кадраў у краіне. Зразумела, што кіраваць такой ВНУ павінен выдатны вучоны і таленавіты арганізатар. Першым рэктарам Мінскага педінстытута, якога я ведаў асабіста, быў прафесар-гісторык Аляксандр Трафімавіч Караткевіч. Да яго я ўвогуле ведаў толькі рэктараў свайго Магілёўскага педінстытута І. П. Ларчанку і Я. П. Кудрашова. Аляксандр Трафімавіч з калегамі прымаў у мяне ўступны экзамен у аспірантуру па гісторыі КПСС. Разумеючы, што для мяне галоўны экзамен пры прыёме ў аспірантуру — гэта вышэйшая матэматыка, пры падрыхтоўцы гісторыі КПСС я не напружваўся. Адным з пытанняў білета была арганізацыя партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экзаменатары папрасілі мяне назваць буйныя партызанскія злучэнні, месцы іх дыслакацыі і камандзіраў. Поўнага сістэмнага адказу ў мяне не было, таму я пачаў называць камандзіраў атрадаў, якіх ведала асабіста мая мама-партызанка. І гэта мяне выратавала: Караткевіч іх таксама ведаў! Ён жа за гады вайны вырас ад зусім маладога партызана-разведчыка да камандзіра буйнога злучэння.


Пасля вайны Аляксандр Трафімавіч вучыўся, пасля займаўся партыйнай работай, рэктарам у Мінскі педінстытут прыйшоў з ЦК КПБ. Пры такіх заслугах ён заставаўся сціплым і ўважлівым да акружэння чалавекам. Усё гэта выклікала ў людзей непадробную павагу. Гэта быў годны рэктар!

Па сваіх аспіранцкіх справах я быў у яго некалькі разоў на прыёме. З якімі пытаннямі прыходзіў, ужо не памятаю. Але размаўляў ён са мною паважліва і зацікаўлена, у яго ў кабінеце была спакойная і добразычлівая атмасфера. Менавіта такім я тады і ўяўляў рэктара ВНУ.

У 1992 годзе ў падмаскоўным Падольску Міністэрства вышэйшай адукацыі Расіі вырашыла правесці маштабную нараду па пытаннях развіцця педагагічнай адукацыі ў новых умовах, пасля развалу Савецкага Саюза. Запрасілі на яго рэктараў педагагічных ВНУ з усіх рэспублік СССР. Ці запрашалі прадстаўнікоў краін Прыбалтыкі — не ведаю, але іх там не было. Усе ж астатнія рэспублікі сваімі рэктарамі былі прадстаўлены. Я ў гэты час працаваў прарэктарам па вучэбнай рабоце, мой рэктар Яўген Паўлавіч Кудрашоў ужо, відаць, не бачыў вялікай карысці ад такіх нарад і камандзіраваў туды мяне. Ад БДПУ імя М. Танка замест Караткевіча таксама прыехаў першы прарэктар Леанід Ніканоравіч Ціханаў. Ад Міністэрства адукацыі беларускую дэлегацыю ўзначальваў начальнік упраўлення вышэйшай школы прафесар Мікалай Міронавіч Плескацэвіч. Мікалая Міронавіча я ведаў яшчэ з часін маёй вучобы ў аспірантуры, мы часта бачыліся і па службовых справах, таму нават пасяліліся ў адным гатэльным нумары. З Леанідам Ніканоравічам мы блізка знаёмыя не былі, і я спярша не здзівіўся, што ён нас крыху цураўся... Нават пры гэтым падумаў: ну добра, мяне пазбягае, але ж з Плескацэвічам яны доўгі час працавалі ў адной ВНУ! Пасля я заўважыў, што Ціханаў увогуле цураецца любых кампаній. Выпівак, кулуарных размоў. У вольны ад пасяджэнняў час адзін гуляе ў парку. Маё непаразуменне такіх паводзін Леаніда Ніканоравіча заўважыў Мікалай Міронавіч і патлумачыў, што Ціханаў адкрыты і кампанейскі чалавек, але стала вядома, што рэктар БДПУ імя М. Танка А. Т. Караткевіч па ўзросце сыходзіць у адстаўку, і адна з кандыдатур на яго месца — Ціханаў. Напружаным чаканнем вырашальнасці гэтага прызначэння і тлумачыцца замкнутая задумлівасць Леаніда Міканоравіча.

Сама нарада ў Падольску была гранічна цікавай. Не, як трэба працаваць у тых абставінах, што склаліся, ніхто так і не сказаў. Ды і не мог сказаць. Да кіраўніцтва адукацыяй у Расіі прыйшлі маладыя дэмакраты. А ў зале сядзелі ўмудроныя савецкім вопытам масцітыя вучоныя, па ранейшым часе — вельмі аўтарытэтныя рэктары педагагічных ВНУ з усёй некалі неабсяжнай краіны. Яны відавочна не разумелі, і таму не прымалі, навацый, якія ўзарвалі наша грамадства, спрабавалі ўсвядоміць, як далей жыць і працаваць, але выразных адказаў не атрымалі. Знешне нарада выглядала наступным чынам: на трыбуну па чарзе выходзілі маладыя, рэвалюцыйна настроеныя прадстаўнікі новай улады, якія гаварылі палымянымі лозунгамі, якія, па сутнасці, нічога не значылі, а ў зале сядзелі насупленыя, панурыя, маўклівыя рэктары. Затрымаўся ў памяці момант, калі перад змрочна настроенымі рэктарамі выступаў толькі што прызначаны малады намеснік міністра, а яму нехта з залы гучна сказаў: «Руку з кішэні выцягні!». Выратавалі нараду стасункі рэктараў паміж сабою. Абмен думкамі, вопытам працы ва ўмовах, якія склаліся, мудрасць і аптымізм гэтых людзей дадавалі ўпэўненасці, што ўсё ў нас наладзіцца, мы знойдзем правільныя шляхі навучання і выхавання нашых дзяцей, забяспечым устойлівае развіццё адукацыі ў нашых краінах. Я тады дакладна разгледзеў, што рэктары ВНУ — гэта інтэлектуальны, надзейны, інварыянтны базіс грамадства, які шмат у чым утрымлівае яго ад развалу на крутых пераходах і ў значнай ступені забяспечвае яго дынамічнае развіццё.

Леанід Ніканоравіч узначаліў БДПУ ў 1993 годзе. Доктар гістарычных навук, спецыяліст у галіне станаўлення і развіцця ў нашай краіне маладзёжных грамадскіх арганізацый, з багатым вопытам работы ў ВНУ, — яго прызначэнне рэктарам было чаканым, заканамерным. Думаю, што яго хваляванні напярэдадні прызначэння можна патлумачыць прыроднай сціпласцю, інтэлігентнасцю. Рэктар Ціханаў не толькі паспяхова кіраваў сваім універсітэтам, але і працягваў развіццё функцый БДПУ як галоўнай ВНУ педагагічнай адукацыі. З гэтымі мэтамі наведваў іншыя ВНУ, выступаў перад калегамі з праграмнымі лекцыямі, дапамагаў нам у распрацоўцы вучэбна-метадычнай дакументацыі, у падрыхтоўцы праз аспірантуру свайго ўніверсітэта выкладчыкаў для іншых універсітэтаў. Цяпер мы ўжо сталі кантактаваць часцей. Я любіў паслухаць выступленні Леаніда Ніканоравіча. Яны былі прадуманымі, сістэмнымі, эмацыянальнымі. І заўсёды ўтрымлівалі арыгінальныя думкі, назіранні, высновы. Я, напрыклад, запомніў яго выказванне пра тое, што такое ўніверсітэт. У краіне ўсе педінстытуты вырашылі перайсці ў гэты статус. Трэба не трэба, гатовы не гатовы, класічны ці педагагічны — гэтыя пытанні мучылі ўсіх рэктараў педінстытутаў. Разважаючы на гэтую тэму, Ціханаў сказаў: «Універсітэт — гэта перш за ўсё традыцыі!» І мы раптам усвядомілі, якая доўгая і цяжкая дарога нас чакае наперадзе.

Леанід Ніканоравіч стаў прыкметным у нашай краіне і як рэктар, і як дзяржаўны дзеяч. Выбіраўся ў Савет Рэспублікі, узначаліў Педагагічнае таварыства. Я з ім часта сустракаўся і як рэктар, і як міністр адукацыі. Размовы ў нас заўсёды былі насычаныя, даверлівыя, таму для мяне вельмі карысныя. Мы абодва, напрыклад, шукалі прызначэнне Педагагічнага таварыства ў новых умовах. Не знайшлі...

У адстаўку Леанід Ніканоравіч сышоў у 2003 годзе. Змяніў яго член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар тэхнічных навук, прафесар Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык. Пётр Дзмітрыевіч — адзін з самых блізкіх мне па жыцці людзей, на жаль, рана пайшоў з жыцця. Пазнаёміўся я з ім у студзені 2001 года. Да гэтага часу мы ўвогуле адзін пра аднаго мала што ведалі, хоць абодва доўгі час працавалі першымі прарэктарамі: ён — у БДУ, а я — у Магілёўскім універсітэце. Кухарчык пасля школы закончыў тэхнікум сувязі, адслужыў вызначаны тэрмін у Савецкай Арміі, пасля паступіў у БДУ і там пасля вучобы застаўся працаваць: навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі, загадчык кафедры, прарэктар па вучэбнай рабоце, першы прарэктар. У 1996 годзе, пасля сыходу ў адстаўку Фёдара Мікалаевіча Капуцкага, Пётр Дзмітрыевіч прызначаны выконваючым абавязкі рэктара БДУ. Я таксама быў у якасці выконваючага абавязкі рэктара і не па чутках ведаю, як цяжка ў гэтай ролі. Але мяне прызначылі рэктарам. А Кухарчыка — не! Ён сем месяцаў выконваў гэтыя абавязкі, а рэктарам прызначылі А. У. Казуліна.

Пётр Дзмітрыевіч пайшоў ізноў загадваць кафедрай. З Аляксандрам Уладзіслававічам адносіны ў яго не склаліся. Гэта і зразумела: яны зусім розныя людзі. Разумеючы сітуацыю, міністр адукацыі В. І. Стражаў запрасіў Пятра Дзмітрыевіча на пасаду свайго намесніка па пытаннях вышэйшай школы. Гэтае прызначэнне было імклівым, для Кухарчыка не быў падрыхтаваны нават рабочы кабінет, і міністр адразу камандзіраваў яго на тры дні ў Магілёўскі ўніверсітэт. Наш рэктар Аўласевіч прыняў намесніка міністра, які прыехаў, і даручыў мне, першаму прарэктару, паказаць яму ўніверсітэт. І мы ўсе гэтыя тры дні правялі разам. Высветлілася, што блізкія па поглядах на навуку, на адукацыю, увогуле на жыццё. Пасля ў міністэрстве я заўсёды заходзіў да яго ў кабінет. Гэта было і карысна, і прыемна. Жыццё міністэрства, цяжкасці і праблемы гэтага ўзроўня, падзеі, планы, людзі... Разумны і назіральны чалавек, цікавы суразмоўца — ад Пятра Дзмітрыевіча я атрымліваў адчувальны зарад энергіі, карысныя для справы звесткі і заўсёды добры настрой. У адрозненне ад мяне ён яшчэ добра адчуваў перыпетыі сталічнага жыцця, разумеў яго асаблівасці, праўда, заўважна на яго ўплываць не мог. Ды і, відаць, не хацеў.

Умацавала нашу дружбу і маё 50-годдзе. Мы з Таццянай вырашылі адзначыць яго з калегамі, сябрамі і роднымі. Прадумалі гэты вечар, запрасілі міністра адукацыі В. І. Стражава, губернатара вобласці Б. В. Батуру, маіх прарэктараў, дэканаў, блізкіх сяброў, братоў і сваіх дзяцей. З міністэрства да мяне прыехала цэлая дэлегацыя: сам Стражаў, яго намеснік Кухарчык і начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Дабранскі. Як жа я ім быў рады! Мы ўжо і да гэтага былі ў добрых сяброўскіх адносінах, але іх візіт да мяне на дзень нараджэння прыкметна ўзвысіў мой рэктарскі аўтарытэт. Яны прыехалі на дзень раней, і мы ва ўніверсітэце абмеркавалі многія службовыя пытанні, маглі спакойна і аб усім пагаварыць. Я думаю, што гэты візіт адбыўся ў многім дзякуючы сяброўскаму стаўленню да мяне Пятра Дзмітрыевіча. Я тады на сабе непасрэдна адчуў, як важна для калектыву ўніверсітэта такое паважлівае стаўленне да іх кіраўніка, і пасля, ужо міністрам, заўсёды імкнуўся падтрымліваць рэктара візітам на яго юбілей.

Пасля выбараў Прэзідэнта ў верасні 2001 года ўрад у адпаведнасці з Канстытуцыяй сышоў у адстаўку. У новым урадзе міністрам адукацыі быў прызначаны прафесар П. І. Брыгадзін, які, дарэчы, працаваў і першым прарэктарам БДУ. Пётр Іванавіч стаў фарміраваць сваю каманду кіравання, Кухарчык у яе не ўвайшоў, у той самы час пасаду намесніка міністра Брыгадзін прапанаваў мне. Але я толькі пачаў працаваць рэктарам, да пераходу на новую працу быў проста не гатовы, з гэтай нагоды перажываў, хваляваўся. Паехаў у міністэрства — і адразу да Кухарчыка. А ён такі ўзбуджаны, радасны.

Пакуе ў каробкі свае рэчы і гаворыць мне:

— Вось, вызваляю табе кабінет. Размяшчайся, уладкоўвайся, распачынай работу ў міністэрстве. Жадаю поспеху ў новай справе!

— А вы, Пётр Дзмітрыевіч, куды сыходзіце?

— Прызначаны рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь! Заўтра пачынаю выконваць свае новыя абавязкі.

Для мяне гэта быў халодны душ. Кухарчык сыходзіць з пасады намесніка міністра працаваць рэктарам і таму шчаслівы! А я ўжо рэктар. І навошта ж мне з гэтай пасады ісці ў намеснікі міністра? Пётр Дзмітрыевіч спрабаваў нешта гаварыць пра мае перспектывы, чарговую кар'ерную прыступку, пра новы склад кіраўнікоў міністэрства, але яго настрой быў болей пераканаўчым, чым яго словы. Я цвёрда вырашыў прасіць кіраўніцтва пакінуць мяне на пасадзе рэктара Магілёўскага ўніверсітэта.

Рэктарам Акадэміі кіравання Пётр Дзмітрыевіч працаваў да сакавіка 2003 года. І мне гэта было на карысць. Мы працягвалі стасавацца, я прыязджаў на нарады, якія часта праходзілі на базе Акадэміі кіравання, і бачыў маштаб працы рэктара гэтай навучальнай установы. Яна прызначалася перш за ўсё для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых кадраў краіны, атрымання гэтымі людзьмі неабходнай для працы другой вышэйшай адукацыі, хоць быў прыём і як у звычайную ВНУ. На базе Акадэміі кіравання часта праходзілі маштабныя семінары і нарады, нават з удзелам Прэзідэнта краіны. Тым самым Пётр Дзмітрыевіч быў непасрэдна дасведчаны ў «кіраўніцкай кухні» краіны, разам са сваімі калегамі прымаў удзел у распрацоўцы дзяржаўных праграм, праектаў і канкрэтных планаў. Мяркую, менавіта гэты вопыт і спатрэбіўся пры прызначэнні яго ў сакавіку 2003 года рэктарам БДПУ імя М. Танка.

Яшчэ да майго прызначэння міністрам у жніўні 2003 года мы з Пятром Дзмітрыевічам паспелі прадумаць план супрацоўніцтва нашых універсітэтаў і пачаць яго рэалізацыю. Нават абмяняліся «вытворчымі дэсантамі»: вядучыя прафесары чыталі лекцыі студэнтам адной і другой ВНУ, вучоныя абмеркавалі магчымыя сумесныя навуковыя даследаванні, творчыя калектывы выступілі з канцэртамі. А 7 жніўня я прыступіў да абавязкаў міністра адукацыі, і рэктар Кухарчык са сваім калектывам аказаўся як ніколі блізкім да мяне — яго ўніверсітэт размяшчаўся літаральна праз вуліцу.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

(Працяг будзе 20 жніўня.)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.