Вы тут

Дзмітрый Даўгалёнак аб сваім спартыўным мінулым і цяперашнім


Хуткасць, вецер у вушах, усплёск вады і доўгачаканая перамога... З усімі сваімі добрымі якасцямі веславанне мае яшчэ адну відавочную перавагу — аб'ядноўвае дзве стыхіі: ваду і паветра. Таму і займацца веславаннем могуць толькі моцныя духам. Мабыць, ёсць нейкая сувязь з тым, што ў гісторыі беларускага спорту веславанне на байдарках і каноэ — адзін з самых паспяховых відаў спорту... Свой уклад у гэтую паспяховую гісторыю ўнёс экіпаж Дзмітрыя Даўгалёнка і Аляксандра Масяйкова. Зорная гадзіна экіпажа надышла ў 1992 годзе. На Алімпійскіх гульнях у Барселоне яны прынеслі Аб'яднанай камандзе СНД адзіны залаты медаль у веславанні на каноэ. На жаль, другі раз алімпійскага шчасця Дзмітрыю Даўгалёнку і Аляксандру Масяйкову паспытаць не ўдалося. Нават нягледзячы на тое, што ў 1994-м яны выйгралі чэмпіянат свету. Экіпаж адабраўся на Алімпійскія гульні 1996 года ў Атланце, але ў фінале заняў толькі дзявятае месца. Пасля гэтага Дзмітрый Даўгалёнак скончыў спартыўную кар'еру. Але са спорту не сышоў. Сёння ён — віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, займае пасаду начальніка аддзела па развіцці алімпійскага руху ў НАК Беларусі. Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе Дзмітрый Даўгалёнак расказаў «Звяздзе».


— Дзмітрый Аляксандравіч, вы пачыналі сваю спартыўную кар'еру ў вольнай барацьбе. Чаму развіталіся з гэтым відам спорту?

— Не склалася праз чыста тэхнічны момант. Калі я запісваўся ў секцыю, сказаў трэнеру, што я 1971 года нараджэння. А трэнеру падалося, што 1972-га, ён так і запісаў. І на спаборніцтвы ён заяўляў мяне 1972 годам. Праблем асаблівых не было, я нават выйграў абласныя спаборніцтвы. Але, калі ў грамаце я ўбачыў 1972 год нараджэння, указаў на гэта трэнеру. Ён прапанаваў бароцца з хлопцамі 1971 года. Але яны былі мацнейшыя, лепш падрыхтаваныя. Калі б я застаўся ў барацьбе, то не нагнаў бы страчанае. Ну хоць шыю добра накачаў (смяецца).

— Напэўна ж, у веславанні дапамагала спартыўная база, закладзеная ў барацьбе?

— Дапамагала іншае. З ранняга дзяцінства я быў прывучаны да працы. Колькі сябе памятаю, дарослыя ўвесь час давалі мне нейкія даручэнні. У дзіцячы садок я не хадзіў. Бацькі прымудрыліся мяне выкарміць, выхаваць з дапамогай бабулі і дзядулі, якія жылі ў вёсцы. А ў вёсцы заўсёды знойдзецца праца — і для дарослага, і для дзіцяці. І любоў да працы закладвалася з самага дзяцінства. Пазней я праводзіў у вёсцы ўсе школьныя канікулы: дроў напілаваць, пакасіць... Мая цётка працавала на ферме, там ёй дапамагалі дочкі. Праца цяжкая: пакарміць і напаіць жывёл, прыбраць за імі. І, вядома, прыязджаючы ў вёску, я ім дапамагаў. Пазней, размаўляючы са сваімі калегамі, паспяховымі спартсменамі, я зразумеў, што многія з іх гэтак жа праводзілі сваё дзяцінства — у працы. Усё проста. Чым больш дзіця прывучаюць да працы, тым мацнейшы ў яго становіцца характар. Чалавек з самага дзяцінства разумее, што для таго, каб нечага дабіцца, трэба прыкладаць намаганні. У спорце гэтае правіла працуе няўхільна.

— З цягам часу што лепш за ўсё адклалася ў памяці аб пачатку заняткаў веславаннем?

— Самыя першыя дні заняткаў веславаннем. Гэта самы складаны этап. Ты ўсведамляеш, што дужы хлопец, у цябе ёсць дзве рукі, дзве нагі. Магчыма, нават разумееш, што трэба рабіць. Але як толькі становішся ў каноэ ці садзішся ў байдарку, не разумееш, як тут можна сядзець ці стаяць. Такое неразуменне працягваецца першыя некалькі дзён. Толькі паспрабуеш нешта зрабіць — яна перакульваецца, і ты — у вадзе. Той, хто сутыкаўся з веславаннем, мяне зразумее. Першая трэніроўка запомнілася тым, што я чатыры ці пяць разоў упаў у ваду. І проста не ведаў, што рабіць. Прыйшоў дадому ўвесь мокры. Пасля першай трэніроўкі я ноч не спаў, усё думаў, што рабіць, каб не перакульвацца, як увогуле магчыма веславаць. На наступных трэніроўках нам ужо павесілі страховачныя паплаўкі, каб не перакульвацца, і я ўжо рабіў нейкія спробы веславаць. Разабраўся, як веславаць, узнікла іншае пытанне — чаму яна ўвесь час ходзіць па крузе? Трэнер, вядома, растлумачыў, што трэба рабіць. Тады я зразумеў, што такое руленне ў каноэ, з часам яно да аўтаматызму выпрацавалася. Першы месяц заняткаў веславаннем мне запомніўся лепш за ўсё, таму што я спрабаваў самастойна зразумець тое, з чым ніколі не сутыкаўся.

— Як весляры займаюцца ў цёплы сезон — зразумела: рэк і каналаў у краіне хапае. А што наконт халоднага сезона?

— Праца не спыняецца і ў халодную пару. І, прызнацца, гэты перыяд падрыхтоўкі мне падабаўся больш за ўсё. У ім выяўляецца яшчэ адна вельмі яркая асаблівасць веславання. У іншых відах спорту круглы год займаюцца практычна адным і тым жа: плаваюць, гуляюць, скачуць, борацца, штангу падымаюць.

Веславанне дае разнастайнасць. У нас было ўсё: кросавая, плавальная, лыжная падрыхтоўкі, элементы цяжкай атлетыкі, нават гімнастыка. І самае цікавае і смачнае — баскетбол і іншыя гульнявыя трэніроўкі. І за год мы вельмі моцна дадавалі. У веславанне прыходзіў кволы, шчуплы хлапчук, за зімовы перыяд яго ператваралі ў сур'ёзнага, дужага мужчыну. І калі раней на ўроках фізкультуры ён не падцягваўся ўвогуле, то пасля такіх трэніровак мог падцягнуцца і 10 разоў.

Я заўважыў гэта і на сабе. Пасля барацьбы падцягваўся разы чатыры. Праз чатыры месяцы пасля таго, як прыйшоў у секцыю веславання, ужо мог падцягнуцца разоў 12. А праз два гады — ужо 44 разы. Фізічная форма набіралася дзякуючы разнастайным трэніроўкам. Калі мы працавалі са штангай, то гэта былі практыкаванні на максімальных вагах або на хуткасць. Басейн развіваў лёгкія і ўмацоўваў мышцы. Ды і ў прынцыпе весляры павінны ўмець плаваць, гэта нават не абмяркоўваецца. Пазней у зімовы перыяд дадаліся трэнажоры, трэніроўкі сталі яшчэ больш цікавыя. Такім чынам, у зімовы перыяд можна разгрузіць галаву, адпачыць ад лодак і адначасова напрацаваць мышачную масу. Гэтым і цікавае веславанне.

— Вы пачыналі як адзіночнік, і даволі нядрэнна. Аднак перамагалі вы ў каноэ-двойцы разам з Аляксандрам Масяйковым. Як так атрымалася?

— Нам вельмі пашанцавала з трэнерам. Сяргей Альбертавіч Пастрэхін — алімпійскі чэмпіён 1980 года — выдатна разумеў і адчуваў спартсменаў. І ў 1991 годзе ён своечасова сарыентаваўся. Як адзіночнік я быў другім на чэмпіянаце СССР, мяне нават прыцягнулі да падрыхтоўкі на Алімпійскія гульні. А вось Саша Масяйкоў міма Алімпіяды мог і праляцець. У 1991 годзе перад чэмпіянатам Еўропы ў яго не склалася работа з напарнікам. А я як адзіночнік не паспяваў раскрыцца да Алімпіяды. Мне б яшчэ гады два-тры — і я раскрыўся, можа быць, нават захапіў бы лідарства ў зборнай. Але гэтага часу не было. І Сашу трэнер не хацеў губляць, разумеў, што гэта добры, перспектыўны спартсмен.

Я таксама разумеў, што перамагчы ў адзіночцы ў мяне не атрымаецца. І калі на зборы трэнер прапанаваў нам стаць у пару, мы пагадзіліся. І адразу ўсё пайшло добра. Я нават здзівіўся. Да гэтага на трэніроўцы мы спрабавалі веславаць разам, але нічога не атрымалася. А тут праз гадзіну ўсё пайшло як па масле.

— Ва ўсіх вашых інтэрв'ю адзначана, што вы вельмі розныя па характарах. У чым сакрэт каманднай працы?

— Згуртавала маладосць, нам было па 19 гадоў. У нас была агульная мара, агульная мэта. І мы зразумелі, што ёсць рэальны шанц яе ажыццявіць. Пачалі разам працаваць, падтрымліваць адзін аднаго, і вось так разам ішлі да агульнай мэты. У нас быў надзвычайны трэнер, мы літаральна глядзелі яму ў рот і лавілі кожнае яго слова. Слухалі беспярэчна.

— Дзмітрый Аляксандравіч, 1990-я гады вядомыя як вельмі цяжкі ў эканамічным плане час. Спартсмены на сабе гэта адчувалі?

— Мы яшчэ заспелі зборную Савецкага Саюза, з 1989 да 1991 года. Члены зборнай, якія паказвалі дастойны вынік, мелі надзейны фінансавы тыл. Па сваім заробку я нават абганяў бацькоў. І гэты фінансавы складнік дабаўляў упэўненасці і матывацыі. Пасля 1991-га, калі былі падпісаны Белавежскія пагадненні, стала складаней. Цяжкія былі часы. І спорт гэта таксама на сабе адчуў. Напрыклад, у Краснадар на зборы можна было дабірацца двума спосабамі: альбо тры дні на цягніку, альбо на самалёце праз Маскву. Канешне, мы дабіраліся на самалёце. Перавалачнай базай у Маскве быў аэравакзал. Там быў буфет, і ён заўсёды быў перапоўнены. А ў 1990-я там стаяла чарга па шклянку кефіру і талерку грэчкі з адной сасіскай, і гэта ўсё ў адны рукі. У Краснадары на паліцах крам нічога, акрамя маргарыну, не было. Ратаваў рынак, тады мы ўбачылі, што гэта такое. У Беларусі з забеспячэннем спартсменаў усё было яшчэ горш. Да таго ж існавала адна сур'ёзная праблема. У многіх відаў спорту яшчэ з савецкіх часоў засталіся свае базы: у барцоў — Стайкі, у лыжнікаў і біятланістаў — Раўбічы. У весляроў сваёй базы ў Беларусі не было. У Заслаўі канал быў зарослы, там ніхто не хацеў трэніравацца. У Брэсце яшчэ не было вяслярнага канала. Мы ездзілі ў Белаазёрск, Пінск, Магілёў, Бабруйск. Выкарыстоўвалі кожную магчымасць.

— Тым не менш вы змаглі адабрацца на Алімпійскія гульні ў Барселоне. Праз 30 гадоў што ўспамінаецца аб той Алімпіядзе?

— У 1992 годзе прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта быў іспанец Хуан Антоніа Самаранч. Таму свае Алімпійскія гульні іспанцы імкнуліся правесці на максімальна высокім узроўні. Атмасфера панавала неверагодная. Была выдатная алімпійская вёска. Яна размяшчалася на беразе мора і мела свой закрыты пляж. Спартсмены жылі практычна ў пяцізоркавым атэлі. З аднаго боку, гэта расслабляла, але каманда з СНД была сур'ёзная і не думала ні пра што, акрамя выступлення. У Барселоне аказаўся вельмі добры канал — зроблены пад байдарку і каноэ. Канал адкрыты, і я вельмі баяўся, каб не было ветру. Ветру не было, затое стаяла 40-градусная спякота. А чым цяплейшае паветра, тым лягчэйшая вада. Паветра было цёплае, а сам канал пабудаваны па ўсіх тэхнічных патрабаваннях, таму веславаць было зручна. Пасля спаборніцтваў у нас быў адзін вольны дзень да закрыцця і яшчэ адзін дзень мы чакалі вылету. Паспелі паглядзець Барселону, найпрыгажэйшы горад. Вельмі добра памятаю закрыццё Алімпійскіх гульняў. І, што самае цікавае, на закрыцці я нёс беларускі сцяг. Хоць мы і выступалі пад сцягам Міжнароднага алімпійскага камітэта, на закрыцці мы пранеслі сцягі сваіх постсавецкіх краін.

— Дарэчы, аб сцягах. Як вядома, на тых Гульнях вы выступалі ў складзе Аб'яднанай каманды СНД і пад сцягам Міжнароднага алімпійскага камітэта. На спартсменаў гэта неяк уплывала?

— Шчыра сказаць, аб сцягах мы асабліва не задумваліся. У першую чаргу, спартсмены не хацелі страціць гэту Алімпіяду. Маёй галоўнай задачай быў п'едэстал. Аднак калі мы стаялі на п'едэстале, я падумаў, што зараз павінны падняць беларускі сцяг, а не алімпійскі. Але не... А ў мяне ўнутры была такая эйфарыя, што я ні на што не зважаў.

— Што адчувае чалавек, калі ў 21 год становіцца алімпійскім чэмпіёнам?

— У 21 год дасягнуць сваёй мары — гучыць вельмі прыгожа, але насамрэч не ўсё так проста. У цябе была мара, мэта, ты да яе ішоў. А потым у цудоўны момант хоп, і ўсё — яна спраўдзілася. Ты ўжо герой. І пачынаеш думаць, што рабіць далей, навошта далей трэніравацца. Але паступова зноў вяртаешся на трэніроўкі, спачатку сябе прымушаеш, потым працуеш па накатанай. Мне было прасцей, бо так атрымалася, што да Алімпіяды мы з Сашам практычна нідзе не выступалі. Магчыма, калі б да Алімпіяды мы сталі чэмпіёнамі Еўропы ці свету, пасля яе мне стала б ужо нецікава. А так, акрамя алімпійскай перамогі, у нас нічога не было. Таму мы вырашылі, што павінны стаць чэмпіёнамі свету — у 1994 годзе сталі. А потым я трэніраваўся, таму што так трэба. Ды і навалілася шмат іншых пытанняў, трэба было заканчваць універсітэт, ужо з'явілася сям'я.

— Дзмітрый Аляксандравіч, на Алімпійскіх гульнях 1996 года ваш экіпаж заняў толькі дзявятае месца. Што здарылася?

— Пасля Алімпійскіх гульняў 1992 года наш трэнер застаўся на радзіме, у Херсоне. А мы з Сашам з'ехалі ў Беларусь, дзе трэнера ў нас не было. Адзіным, з кім мы маглі працаваць, стаў Леанід Дзеравянка. Ён нам дапамагаў, але больш спецыялізаваўся на байдарцы. І больш трэнера, які мог бы паўнавартасна з намі працаваць, псіхалагічна і фізічна рыхтаваць, мы так і не сустрэлі. Нам не пашанцавала раскрыцца цалкам. Думаю, калі б тая зборная існавала і далей, то мы маглі б спакойна працаваць яшчэ чатыры гады да наступнай Алімпіяды. А так перад Алімпійскімі гульнямі ў Атланце мы практычна трэніраваліся самі. І тут ужо праявіліся нашы розныя характары, пачаліся канфлікты. У Сашы было сваё бачанне работы, у мяне — сваё.

— І таму вы вырашылі завяршаць спартыўную кар'еру?

— Для гэтага ў мяне было некалькі прычын. Па-першае, мы з Сашам выдатна пакалашмаціліся, нам трохі гэта ўсё надакучыла. За нашымі плячыма было дзве Алімпіяды і вялікая стомленасць. Я зразумеў, што больш мы ў двойцы сядзець не зможам, нашы характары перашкодзяць. Выходзіць у адзіночцы і змагацца з Сашам і іншымі хлопцамі ў мяне ўжо не было жадання. І я зразумеў, што хопіць.

Па-другое, у нас не было трэнера. Трэнер у спартыўным жыцці — самае галоўнае. Калі б у нас быў моцны трэнер, ён бы даў мне па шапцы і адправіў трэніравацца, і я б трэніраваўся. Але ў нас такога трэнера не было. Пасля выступлення ў Атланце мы з Сашам селі на пірс. Я яму сказаў, што планую заканчваць, усё растлумачыў. Ён мяне зразумеў. Мы паціснулі адзін аднаму рукі. І вось я як выйшаў з каноэ, дык амаль за 30 гадоў у яго і не сеў. Ні разу. І калі ў мяне пытаюцца, ці не сумую, я адказваю, што за 13 гадоў я столькі наплаваў, столькі набегаў кросаў і выканаў практыкаванняў, што мяне ўжо не цягне. У зборнай СССР аб'ёмы былі вар'яцкія. Яны рабілі герояў з дурняў, нікога не цікавіла, вытрымаеш ці не. І мне гэтага ўсяго хапіла спаўна. Я спрабаваў балатавацца ў трэнеры, але не атрымалася. Жонка прапанавала заняцца бізнесам, чаму аддаў дзесяць гадоў.

— Але ж у спорт вы ўсё роўна вярнуліся...

— Спорт мне пачаў сніцца. Мне было 30 гадоў, і ўсё прыгнятала: бізнес надакучыў, цягнула ў спорт. І я зразумеў, што калі не вярнуся ў спорт зараз, то ўжо ніколі. Мяне асабліва ніхто не чакаў, але я вярнуўся і стаў паціху працаваць. Калі я быў дзяржаўным трэнерам, я сур'ёзна паглыбляўся ў праблемы веславання на байдарках і каноэ. З Уладзімірам Уладзіміравічам Шантаровічам мы распрацоўвалі шмат варыянтаў развіцця. І вось ужо 20 гадоў як я зноў у спорце. За гэты час зразумеў, што самому на сябе разлічваць куды прасцей, чым несці адказнасць за іншых. Вельмі цяжка несці адказнасць. А кіраўнік альбо нясе адказнасць за ўсё сказанае, за ўсе абяцанні, альбо проста ператвараецца ў бюракрата. Калі ставіцца да справы сур'ёзна, то трэба несці адказнасць. Гэта не кожнаму дадзена і гэта цяжка. Таму я выдатна разумею тых жа трэнераў, якія ўвесь час чакаюць выніку і на спаборніцтвах вар'яцеюць.

— Дзмітрый Аляксандравіч, улічваючы беларускія традыцыі ў веславанні на байдарках і каноэ, вы задаволены тым, што сёння адбываецца ў родным вам спорце?

— Я ведаю, што ў спорце не бывае ўвесь час добра. І гэтая сітуацыя з нашым адхіленнем, магчыма, будзе нам на руку. У нас з'явіўся час перазагрузіць каманду. Зараз настаў момант, калі старэйшыя спартсмены сышлі, а моладзь яшчэ не падрасла. Гэта як у мужчынскім веславанні, так і ў жаночым. Перазагрузка нам патрэбная. Калі мы яе правільна правядзём, то захаваем вынік і каманду. Школу веславання неабходна захаваць. Я баюся, каб веславанне не ўпала.

Патрэбныя кадры, якія будуць хварэць гэтым відам спорту. Многія трэнеры сыходзяць на пенсію. Ды нямногія маладыя спецыялісты спяшаюцца іх замяніць. Цяпер трэнеры, якія працуюць у нацыянальнай камандзе, атрымліваюць нядрэнныя заробкі. Але як толькі будзе падаць вынік — будзе падаць і іх заробак. Адпаведна, матывацыі і жадання працаваць будзе менш. Кожны від спорту вырашае гэтыя праблемы і стараецца не згубіць вынік і сваю школу. У наш час, калі моладзь мае вельмі шмат магчымасцяў, камусьці можа здацца, што і без веславання пражывём, на каналах будуць рыбу лавіць, на лодках проста так катацца. Дык вось гэтага ні ў якім разе нельга дапусціць.

— Ці часта згадваеце, што вы алімпійскі чэмпіён?

— Я ніколі не выхваляўся тым, што алімпійскі чэмпіён. І не люблю, калі іншыя пра гэта гавораць. Я гэта зрабіў для сябе, даказаў самому сабе. Класна мець такое званне, але выхваляцца ім не варта.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.