Вы тут

Любоў Турбіна: Адзінства жывога — гэта даўно ўжо мая тэма


У 1950-х на Беларусь прыехала сям'я Турбіных...

Гучыць як пачатак нейкага рамана.

І сапраўды, сюжэтных паваротаў за гэтым зачынам шмат.

Акадэмік Мікалай Турбін заснаваў беларускі Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН і быў першым яго дырэктарам. Яго дачка Любоў Турбіна — вядомая паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца, зараз працуе ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя М. Горкага Расійскай акадэміі навук і шмат робіць для даследавання і папулярызацыі беларускай літаратуры. Яе кнігі — ад зборнікаў паэзіі да навуковых манаграфій — узрушваюць: зразумела, інтэлектуальнасць, зразумела, талент, але яшчэ і нечаканы погляд на ўсё, здольнасць здзіўляцца і захапляцца, якую могуць захаваць у сабе на ўсё жыццё толькі сапраўды добрыя паэты...

Гэты год для Любові Мікалаеўны асаблівы — юбілейны, ёй споўнілася восемдзесят...

Але гэты год для Любові Мікалаеўны і такі ж, як ранейшыя, — натхнёная творчасць, рупныя даследаванні, прага новых уражанняў, што спародзяць новыя даследаванні і творы...

Мы гутарым з Любоўю Турбіной пра таямніцы жыцця і творчасці і простыя ісціны...


— Паэты па-рознаму апісваюць, як для іх пачынаецца новы твор... Пакінем убаку версіфікатараў, якія проста рыфмуюць нататку пра нейкую падзею. Нехта з паэтаў кажа пра «рытмічны шум», нехта — пра яркі вобраз ці алітэрацыю... Для кагосьці штуршком бывае думка, візуальны вобраз, снабачанне, эмоцыя... Хтосьці ўвогуле сцвярджае: «мной пішуць». Як адбываецца для вас?

— Для мяне верш пачынаецца з руху, часцей усяго на хаду (прыступкі на вуліцы Слясарнай, калі спускалася з дома на Антонаўскай да Свіслачы ў Мінску). І час жыцця паміж Мінскам і Масквой — таксама бесперапынны рух, асабліва апошнія дзесяць гадоў перад пераездам у Расію, з 1990-х да 2000-х, калі ездзіла ў Маскву кожны месяц. Ад гэтых гадоў засталася найбольшая колькасць вершаў.

— У нядаўняй рэцэнзіі вашы вершы супрацьпастаўляюцца вершам паслядоўніц Цвятаевай, якія засвойвалі «истерический надрыв» у адрозненне ад вас, чые вершы вызначаюцца «натуральным гучаннем». Ведаю пра ваша сяброўства з Міхасём Стральцовым і што вельмі цэніце яго творчасць. А якія яшчэ былі арыенціры ў паэзіі?

— Арыенціры ў паэзіі — тыя кнігі, якія траплялі на той момант у рукі. У дзявятым класе з роднай татавай Разані даслала цётка, татава сястра, томік вершаў Сяргея Ясеніна, тады не ўключанага ў школьную праграму. Гэта была падзея! Ухвала на адрас маіх вершаў гучала тады так: «Амаль Ясенін!» У 1962 годзе аднакурсніца Ала Монак падарыла мініяцюрны томік Ганны Ахматавай, які толькі што выйшаў, потым ужо была выдадзена такім чынам Марына Цвятаева. У Літінстытуце доўгі час кумірам быў Блок, яго змяніў Гумілёў, якога вельмі люблю да гэтага часу. Затым ішлі па часе Забалоцкі, Кедрын, Пастарнак. Помню на памяць да гэтай пары верш Марыі Пятровых «Назначь мне свиданье на этом свете» — найлепшы любоўны верш ХХ стагоддзя, — так казала Ахматава.

— Беларускія старонкі ў вашай біяграфіі з'явіліся таму, што сюды быў прысланы на працу ваш бацька, адзін з заснавальнікаў беларускай школы генетыкі... Наколькі вялікім аказаўся яго ўплыў на вас?

— Тата скончыў Варонежскі сельгасінстытут, там пісаў вершы, хадзіў з імі да Мандэльштама, які хваліў яго творы. І калі я заікнулася пасля школы аб Літінстытуце, мне так сказаў тата: спачатку трэба атрымаць патрэбную людзям спецыяльнасць, а ўжо потым... І я стала радыёбіёлагам. Дарэчы, адразу пасля школы і нельга было ў Літінстытут паступаць: патрэбныя былі два гады стажу. Літінстытут я скончыла ў 1980-м, завочна.

— У свой час вы абаранілі дысертацыю па радыёбіялогіі... Цяпер робіце літаратуразнаўчыя даследаванні. Ці ёсць для вас нешта агульнае між гэтымі дзвюма інтэлектуальнымі плынямі?

— Радыёбіялогія і літаратуразнаўства вельмі нават добра спалучаюцца — па кантрасце. Я ўдзячная лёсу, што вучылася на фізфаку БДУ — у гэты час менавіта туды ішлі самыя яркія хлопцы і дзяўчаты з беларускіх школ. Найлепшыя і самыя верныя мае сябры засталіся ад тых студэнцкіх часоў на фізфаку. Потым дысертацыя, выкананая на матэрыяле пра Мінскі ядзерны рэактар — усё гэта пашырыла кругагляд, зрабіла трохмерным успрыманне жыцця, і дзякую жыццю, што ўсё склалася менавіта так.

— Вы пісалі пра архетып балота ў беларускай літаратуры... Чаму ўзнікла такая зацікаўленасць? Гэта для вас проста моцны вобраз ці ўлюбёны пейзаж?

— Архетып «балота» мяне заўсёды цікавіў: і адразу па пераездзе ў Мінск, ад размоў таты аб няправільным асушэнні палескіх балот у тыя гады. Асабліва захапілася пасля таго, як прачытала мой любімы раман Івана Мележа «Людзі на балоце». І ўжо ў дзевяностыя, калі пазнаёмілася з тэорыяй акадэміка Бамбалава пра тое, што балота і ёсць той самы пажыўны асяродак, у якім зараджаецца ўсё жывое. Адзінства жывога — гэта даўно ўжо мая тэма, яна адсочваецца ў беларускай літаратуры вельмі дакладна. А яшчэ ў маім характары ёсць ад нараджэння рысы беларускай ментальнасці — бабуля з дзяцінства казала, што Люба не пярэчыць, але робіць усё па-свойму. Гэта можна было б развіць, але ў кароткім інтэрв'ю не варта.

— Я ведаю, што вы сумесна з пісьменнікам Пятром Васючэнкам напісалі раман...

— Так, мы з выдатным празаікам Пятром Васючэнкам у 1990-х напісалі ўдваіх раман «Вендэнская ваза» пад агульным псеўданімам Алена Галецкая. Гэтая гісторыя з жыцця маіх продкаў, пакладзеная ў аснову сюжэта, у далейшым была аформлена ў артыкул, ён увайшоў пазней у маю кнігу прозы «Разносчик телеграмм».

— Я ведаю, што вы сочыце за беларускай літаратурай... Аднойчы на вечарыне вас нават назвалі «паромшчыцай», якая здзяйсняе сувязь паміж двума культурнымі берагамі, паміж беларускай і рускай літаратурамі...

— Пішу ў асноўным аб тых беларускіх пісьменніках, каго ведала асабіста, таму аб сучасных новых імёнах сказаць нічога не магу — кнігі беларускія ў Маскве дастаць амаль немагчыма, на жаль. Шмат разоў спрабавала ўзняць гэтае пытанне — з тых часоў, як тут жыву. Хацелася б адпавядаць добрым да мяне адносінам — з першымі з'яўленнямі на старонках друку ў Мінску сустракала толькі добразычлівую падтрымку, за што мая сардэчная падзяка Беларусі! А пра Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі ў мяне ёсць тэкст у кнізе прозы, які заканчваецца словамі: «Хочу послужить белорусской литературе».

— Вы выкладалі курс паэтыкі ў беларускай кансерваторыі... А ці ёсць досвед супрацы з кампазітарамі ў якасці паэта?

— Так, у Беларускай акадэміі музыкі вяла спецкурс «Паэтыка для кампазітараў», якога да гэтага наогул не было ў праграмах. Назву даведалася ў Маскоўскай кансерваторыі, хоць там да моманту майго дэбюту гэты курс ужо адмянілі. Для мяне мэтай было пазнаёміць будучых кампазітараў з творамі найлепшых паэтаў, таму што часам песні пісаліся на зусім бездапаможныя словы. У выніку з'явілася і некалькі песень на мае вершы, у тым ліку «Аранжавыя папугайчыкі», якія доўгі час гучалі замест «Добрай ночы» на Беларускім радыё.

— Вы пісалі рэцэнзіі на кнігі іншых, з'яўляліся рэцэнзіі і на вашы кнігі... Даводзілася кагось крыўдзіць ці самой крыўдаваць?

— Рэцэнзіі пісаць даводзілася, хоць і нячаста, але заўсёды на тыя тэксты, якія мяне цікавілі. Пра крыўды не ведаю. А вось блізкія сваякі, пра каго публікавала кавалачкі ўспамінаў, крыўдзяцца амаль заўсёды. І я зразумела, што гэта нетактоўна, трэба змяняць хоць бы некалькі літар.

— Якім павінен быць ваш кабінет — мінімалістычна-аскетычны ці застаўлены кнігамі і артэфактамі?

— Пра афармленне майго кабінета сказаць нічога не магу, вядома ж — кнігі і паперы, проста патанаю ў іх, а як жа інакш?

— Над чым працуеце сёння як літаратуразнаўца? Якія планы ў вас як у літаратара?

— Зараз працую над планавай тэмай «Беларускае апавяданне ХХІ стагоддзя». Ёсць дастаткова напісанага ў жанры ўспамінаў, але ці буду выпускаць яшчэ адну кнігу, пакуль не вырашыла. Зараз чытаю прозу Алега Ждана з кнігі «Геній». З асаблівай асалодай тыя месцы ў першай аповесці, дзе герой-таксіст возіць кліентаў па Мінску. Усё знаёмыя назвы, яны выклікаюць у душы пяшчоту і тугу...


Прапануем чытачам некалькі вершаў Любові Турбіной у перакладзе з рускай мовы Міколы Шабовіча.

Ты ёсць, — засведчыць Бог, —

Сярод нягод Сусвету!

Хто б растлумачыць змог

Высокіх зор сакрэты?

 

За белы шоўк плячэй

Што можа быць шыкоўней?!

Схавацца ад вачэй,

Ад ненавіснай поўні.

 

Прайшоўшы шлях зямны,

Замры, памры, ўваскрэсні,

Сплываючы не ў сны.

А ў яву — Песню Песняў.

 

О, бедны Саламон!

О, позірк Суламіфі!

Цячэ по венах кроў

З маіх найлепшых рыфмаў,

 

Хістаецца каўчэг —

Нявечная халупка...

Праз вецер, стынь і снег

Нясе пісьмо галубка…

 

Гутарыла Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.