Вы тут

Разбіраемся з адвакатам наколькі вакансіі працаўладкавання адпавядаюць закону


У апісанні вакансій часам сустракаюцца патрабаванні, якія здаюцца саіскальнікам залішнімі або некарэктнымі. Але гэта справа густу. Галоўнае — ці не супярэчаць такія патрабаванні нормам закона? У гэтым нам дапамог разабрацца член Мінскай гарадской калегі адвакатаў Эдуард Фядотаў.


Фота: pixabay.com

Рэзюмэ без фота не разглядаем

І гэта не вакансія акцёра тэатра ці тэлевядучага. Вось патрабуецца прадавец у павільён на рынку, і без фота нікому не цікавыя яго прафесійныя якасці.

Але ці дапушчальна патрабаваць фатаграфію ад саіскальніка на любую пасаду? Уявіце, што фота даслалі, а на сумоўе не запрасілі. У такім выпадку асабліва ўспрымальныя натуры будуць адчуваць сябе адбракаванымі ўжо толькі па знешніх даных. І гэта непрыемна чапляе.

Некаторыя саіскальнікі асцерагаюцца адпраўляць фатаграфіі, таму што выява чалавека ўваходзіць у катэгорыю асноўных персанальных даных.

«Прозвішча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння, як і ўся інфармацыя ў рэзюмэ — таксама персанальныя даныя, але іх адпраўляць патэнцыйнаму наймальніку чалавек не баіцца, — тлумачыць адвакат. — Рэзюмэ з фота выклікае больш даверу ў рэкруцёраў. Ды і любы кар'ерны кансультант скажа, што фота неабходна для ідэальнага рэзюмэ. Патрабаванне аб фота не нясе дыскрымінацыйнага характару».

Аўтамабіль, ноўтбук, смартфон

Нікога не здзіўляе, калі запрашаюць вадзіцеляў для пасажырскіх ці грузавых перавозак са сваім машынамі. Усе ведаюць, што прадугледжана кампенсацыя за амартызацыю, выдаткі на паліва.

У некаторых вакансіях абавязковай умовай указваюць наяўнасць уласнага ноўтбука, гарнітуры. Свой смартфон, прычым яшчэ і з патрабаваннямі пэўнай версіі, патрабуецца для кур'ераў некаторых службаў, мерчандайзераў і іншых спецыялістаў, занятых у продажах.

«Нават не разглядаю такія вакансіі, — кажа 29-гадовы Віталь. — Раней працаваў у дастаўцы буйной сеткі, дзе мы былі забяспечаны ўсім: ад уніформы да смартфона. З Мінска з'язджаў дадому, пакуль там была нармальная праца. Цяпер хачу вярнуцца ў старую кампанію, бо калі працаваў у добрых умовах, пагаджацца на горшае не гатовы».

Віталь кажа, што «гэта ненармальна — даныя кліентаў у асабістым тэлефоне; а калі згублю ці скрадзе хто гаджэт — куды трапіць інфармацыя?». Па вялікім рахунку і дзелавыя званкі павінны паступаць на карпаратыўны апарат, які пасля завяршэння працоўнага дня застаецца ў офісе. Многія кампаніі, у тым ліку дзяржаўныя, забяспечваюць работнікаў карпаратыўнай сувяззю. Ну, а хто не можа ці не хоча траціцца на гаджэты, той выстаўляе ўмовы: маўляў, да нас на працу са сваім смартфонам.

«У адпаведнасці з артыкулам 106 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, работнікі, якія выкарыстоўваюць сваё абсталяванне і інструменты для патрэб наймальніка, маюць права на атрыманне за іх знос кампенсацыі, памер і парадак выплаты якіх вызначаецца па дамоўленасці з наймальнікам, — тлумачыць Эдуард Фядотаў. — І няважна, выкарыстоўвае работнік аўтамабіль або ноўтбук. Што тычыцца працоўнай перапіскі ў асабістым смартфоне, то калі чалавек захоча неправамерна выкарыстоўваць службовую інфармацыю, ён гэта зробіць, карыстаючыся і карпаратыўным гаджэтам».

Ох ужо гэтая прапіска...

З 2008 года ў нашай краіне адменены інстытут прапіскі. Замест яе — рэгістрацыя па месцы жыхарства і месцы знаходжання. І гэта не проста замена слова, а новы змест, пра які да гэтага часу не ўсе ведаюць. Тэлефаную ў фірмулечку, якая аказвае бытавыя паслугі. Бойкая дзяўчына пытаецца: а дзе вы прапісаны? Кажу, я не прапісана, а зарэгістравана. Дзяўчына адказвае: вы нам не падыходзіце. Ім, аказваецца, патрэбны людзі толькі з мінскай прапіскай. Прыйшлося зладзіць лікбез і растлумачыць, што, маючы сталічную рэгістрацыю, я магу жыць і працаваць у любым населеным пункце Беларусі, роўна, як і чалавек, зарэгістраваны ва ўмоўнай вёсцы Забалацце. А рэгістрацыя па месцы знаходжання патрэбна для вырашэння розных сацыяльных пытанняў, у прыватнасці прымацавання да паліклінікі, уладкавання дзяцей у школу... Але калі я такая разумная, то канчаткова ім не падыходжу.

«Нашы грамадзяне маюць канстытуцыйнае права, якое рэгламентуе свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства ў межах краіны. Таму адмова ў атрыманні працы з-за таго ці іншага месца жыхарства з'яўляецца незаконнай і саіскальнік можа яе абскардзіць у судзе пры наяўнасці доказнай базы», — тлумачыць адвакат.

Прынясіце даведку...

Людзям некаторых прафесій неабходна атрымаць медыцынскае заключэнне аб прыдатнасці да працы. Праходжанне медкамісіі каштуе грошай, і наймальнікі абавязаны кампенсаваць выдаткі.

Цяжка сказаць, ці новая гэтая мода ў сферы працоўных адносін або адзінкавы выпадак, ды нядаўна мне расказалі, што наймальнік патрабуе даведку аб стане здароўя для офіснага клерка. Тлумачачы гэта тым, што «нам не патрэбны людзі, якія часта ходзяць на бальнічны, таму і глядзім, хто на што хварэе». Такія выпіскі з амбулаторнай карты выдаюць у паліклініцы, калі, напрыклад, чалавек едзе ў санаторый. Дактарам належыць ведаць аб нашых больках, для ўсіх астатніх гэтыя звесткі — урачэбная таямніца. Важна: у даведцы аб прыдатнасці да працы няма пераліку захворванняў чалавека.

А вось аб інваліднасці работнік павінен паведаміць наймальніку, бо пры гэтым карэкціруюцца ўмовы працы.

«Працоўным кодэксам вызначаны пералік дакументаў, якія работнік абавязаны прадставіць наймальніку. Патрабаваць дакументы, не прадугледжаныя заканадаўствам, наймальніку забаронена», — кажа адвакат.

Прэзентабельны знешні выгляд

Яшчэ адна «фішка». Для офіснага планктону пішуць «прэзентабельны знешні выгляд», для «менеджараў» і «адміністратараў» па клінінгу (па-ранейшаму — прыбіральшчыкаў) патрабуецца «ахайная знешнасць».

Відавочна, такімі патрабаваннямі кадравікі спрабуюць адсекчы некаторую частку саіскальнікаў. Ну, напрыклад, тых, якія не разумеюць, што якім бы модным і дарагім ні быў спартыўны гарнітур, прыходзіць у ім у бізнес-цэнтр — маветон.

Прыкінуўшыся саіскальнікам, распытвала ў менеджара па персанале: а што ў кампаніі ўкладваюць у паняцце «прэзентабельны знешні выгляд». Адказалі: маецца на ўвазе сучасная знешнасць і статусная вопратка, гэта значыць брэндавая і дарагая. Але што такое сучасная знешнасць, дзяўчына так і не сфармулявала. Як і не адказала на пытанне, як можна апрануцца ў дарагія брэнды пры зарплаце ў 900 рублёў, якую іх фірма прапануе саіскальніку.

«Гэтыя пажаданні ў апісанні вакансіі не ў юрыдычнай плоскасці. Але тыя ці іншыя патрабаванні да дрэс-кода могуць быць устаноўлены заканадаўча, лакальнымі нарматыўнымі актамі, таму пры працаўладкаванні неабходна патрабаваць азнаямлення з дакументамі, якія рэгламентуюць парадак выканання работ і патрабаванні да знешняга выгляду», — рэкамендуе Эдуард Фядотаў.

Адвакат падкрэсліў, што наймальнік парушае закон, калі не выдае спецвопратку для персаналу, якому яна прызначана па заканадаўстве. Работнік трапляе ў парушальнікі, калі ігнаруе патрабаванні тэхнікі бяспекі, што датычацца знешняга выгляду.

Напрыклад, у правілах унутранага распарадку работнікаў аднаго прасунутага беларускага брэнда прапісана патрабаванне аб умеранасці ва ўпрыгажэннях і дэкаратыўнай касметыцы ў тым ліку для рабочага персаналу, 95 % з якога — жанчыны. І вось тут кожная паненка сама прымае рашэнне, што ёй важней: атрымаць работу ці красавацца ўвесь дзень у вячэрнім макіяжы. Праўда, вакансіі на гэтым прадпрыемстве рэдка калі з'яўляюцца...

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».