Вы тут

Непаўналетнія ўсё часцей уцягнуты ў збыт наркотыкаў дзеля заробку


Кампетэнтныя органы не перастаюць папярэджваць аб усіх наступствах ужывання наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Рэгулярна нагадваюць і аб адказнасці, якую абавязкова атрымае той, хто хоча зарабіць на чужой бядзе. Рэальныя тэрміны «свецяць» усім, хто дасягнуў 14-гадовага ўзросту. Тым не менш у пагоні за лёгкімі грашыма грамадзяне, сярод якіх нямала непаўналетніх, пагаджаюцца на рызыкоўныя прапановы. У выніку — зламаныя лёсы.


Фота: prokuratura.gov.by

Здавалася б, пандэмія каранавіруса, а ў сувязі з гэтым закрытыя межы павінны былі ў лепшы бок павярнуць сітуацыю з нарказалежнасцю: няма канала — няма наркотыку. Аднак злачынцы знайшлі іншы выхад і актыўна пачалі выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту, які апошнім часам стаў найбольш папулярным каналам збыту наркотыкаў. І калі яшчэ пяць-шэсць гадоў таму праз віртуальную прастору ажыццяўлялася каля 60 % падобных здзелак, то цяпер гэтая лічба складае каля 95 %.

Як паведаміў часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС палкоўнік міліцыі Сяргей Мялешчык, за сем месяцаў бягучага года органы ўнутраных спраў выявілі 2755 нарказлачынстваў, з якіх 2626 непасрэдна звязана з незаконным абаротам наркотыкаў. «Зарэгістравана 1574 злачынствы, звязаныя са збытам, выяўлена 11 злачынстваў, звязаных з перамяшчэннем наркотыкаў і псіхатропаў праз дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь, — удакладніў ён. — Устаноўлена восем фактаў спажывання наркотыкаў або знаходжання ў стане наркатычнага ап'янення ў грамадскім месцы, узбуджана 13 крымінальных спраў за ўтрыманне наркапрытонаў, задакументавана пяць фактаў схілення да спажывання псіхаактыўных рэчываў».

Праваахоўнымі органамі спынена дзейнасць 11 інтэрнэт-крам, якія размяшчаліся ў ценявым сегменце інтэрнэту і займаліся збытам наркотыкаў пераважна на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці. Па словах супрацоўнікаў унутраных спраў, у асартыменце рэалізаваных забароненых рэчываў у большасці выпадкаў прысутнічалі псіхаактыўныя рэчывы — параметылэфедрон і альфа-PVP, а таксама наркотыкі расліннага паходжання — марыхуана, гашыш. За гэты перыяд у Міністэрства інфармацыі накіравана 170 апавяшчэнняў аб неабходнасці абмежавання доступу да сайтаў, якія маюць пранаркатычны кантэнт. 49 чалавек за гэты перыяд загінула ад атручвання наркотыкамі і псіхатропнымі рэчывамі. Сярод непаўналетніх зафіксавана восем атручванняў.

Асаблівая ўвага праваахоўнікаў накіравана на прафілактыку спажывання наркотыкаў, а таксама іх распаўсюджвання дзеля заробку сярод непаўналетніх. Толькі за сем месяцаў гэтага года ўстаноўлена 70 непаўналетніх, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Колькасць такіх злачынстваў, фігурантамі якіх з'яўляюцца дзеці, вырасла больш як удвая.

Праваахоўнікі адзначаюць, што дзеці добра разумеюць, якая адказнасць прадугледжана за распаўсюджванне наркотыкаў, але прага лёгкіх грошай бярэ сваё. Як правіла, прапановы аб заробку ім паступаюць праз сацыяльныя сеткі. У сувязі з гэтым міліцыя рэкамендуе бацькам быць уважлівым да таго, што іх дзеці робяць у інтэрнэце: якія старонкі наведваюць, з кім кантактуюць. «Ускладаць абавязкі па выхаванні сваіх дзяцей толькі на органы ўнутраных спраў і адукацыі ні ў якім разе нельга, — заўважае старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення прафілактыкі МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Давідзенка. — У першую чаргу бацькі павінны звяртаць увагу на знаходжанне і паводзіны дзяцей у інтэрнэце, падчас побыту, на вуліцы і ў іншых месцах».

Маніторынг наркалагічнай сітуацыі на тэрыторыі краіны пастаянна праводзіцца Міністэрствам аховы здароўя. «Каля 13 тысяч чалавек знаходзяцца пад медыцынскім назіраннем у сувязі са спажываннем наркотыкаў, — распавёў начальнік Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі Арцём Малмыгін. — З іх каля сямі тысяч — з сіндромам залежнасці ад наркотыкаў. За апошнія гады гэтая лічба вырасла. На жаль, трапляюць у наркаспажыванне і непаўналетнія: 72 чалавекі знаходзяцца пад прафілактычным медыцынскім назіраннем».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.