Вы тут

Спецыялісты аб павелічэнні гадзін на вывучэнне школьных прадметаў


1 верасня за школьныя парты сядуць каля 1 мільёна 85 тысяч навучэнцаў, у тым ліку 115 тысяч першакласнікаў.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна ГІНЧУК расказала, што зменіцца ў змесце школьнай адукацыі ў новым навучальным годзе:


Фота: pixabay.com

— З 2022/2023 навучальнага года ў 10-х і 11-х класах павялічыцца на паўгадзіны ў тыдзень колькасць гадзін на вывучэнне прадметаў «Беларуская мова» і «Руская мова». Гэта значыць, што на вывучэнне беларускай і рускай моў на базавым узроўні ў старшых класах будзе адведзена 53 гадзіны ў год замест 35. А вось колькасць гадзін у тыдзень, што адводзяцца на вывучэнне прадмета «Замежная мова», зменшыцца ў 10-х і 11-х класах на гадзіну.

Як запэўнівае Валянціна Гінчук, павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў у 10-х і 11-х класах не пацягне за сабой пашырэння тэарэтычнага матэрыялу. Затое ў педагогаў з'явіцца магчымасць больш увагі ўдзяліць паўтору і замацаванню вывучаных правіл, удасканаленню камунікатыўных, арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў, развіццю культуры вуснага і пісьмовага маўлення.

А ў навучальныя праграмы для 10—11-х класаў па замежнай мове ў сувязі са скарачэннем колькасці гадзін былі ўнесены змяненні і дапаўненні: у прыватнасці, скарочаны аб'ём актыўнага і пасіўнага лексічнага мінімуму, выключаны асобныя камунікатыўныя задачы.

Яшчэ адно змяненне звязана з уступленнем у дзеянне новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі: у навучальныя праграмы па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве былі ўнесены карэкціроўкі, якія прадугледжваюць вывучэнне змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года.

Закранулі змяненні і вучэбную праграму па геаграфіі для 6-х, 7-х і 11-х класаў, у прыватнасці, была скарочана колькасць геаграфічнай наменклатуры, абавязковай для вывучэння школьнікамі. А ў праграму па дапрызыўнай падрыхтоўцы былі дабаўлены нарматывы, якія павінны выконвацца вучнямі.

Валянціна Гінчук праінфармавала, што да пачатку навучальнага года на Нацыянальным адукацыйным партале будуць размешчаны рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў крымінальнага расследавання аб генацыдзе беларускага народа, прадстаўленыя Генпракуратурай. Унікальныя матэрыялы рэкамендаваны да выкарыстання пры вывучэнні розных прадметаў, не толькі гісторыі, але і беларускай, рускай літаратуры, мастацтва.

У 4-м класе ў навучальную праграму прадмета «Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь» было дададзена пытанне «Трагедыя беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях — ахвярах вайны».

Навучальныя праграмы па гісторыі Беларусі ў 9-х і 11-х класах дапоўнены пытаннямі аб захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, на школьных уроках будзе вывучацца закон «Аб генацыдзе беларускага народа».

Таксама з 1 верасня навучэнцы 9 класа будуць вывучаць модуль «Вялікая Айчынная вайна». Адзін з яго раздзелаў — «Другая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» — будзе вывучацца на прадмеце «Сусветная гісторыя». У модуль таксама ўвайшоў раздзел «Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў». Ён будзе вывучацца на прадмеце «Гісторыя Беларусі». Трэці складнік модуля — праграма факультатыўных заняткаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)».

Як запэўнівае Валянціна Гінчук, вучэбныя праграмы ў школе ўдасканальваюцца кропкава, з улікам заўваг і прапаноў, якія паступаюць у Нацыянальны інстытут адукацыі ад педагогаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».