Вы тут

У Мінску ўзнагародзілі найлепшых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый


Напярэдадні 955-годдзя Мінска ў сталічнай ратушы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання 37 работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада, якія найбольш праявілі сябе ў працы, за актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці сталіцы, высокі прафесіяналізм. Узнагароды ўручыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.


— Мы ўшаноўваем людзей, якія штодзённай працай у сваёй прафесійнай дзейнасці робяць шмат для развіцця нашай сталіцы. Мінск — гэта прыгожы, утульны, чысты і камфортны для пражывання горад, які з'яўляецца ўпрыгожваннем нашай краіны. Аб гэтым гавораць і жыхары, і госці сталіцы, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама. — Вы не проста працуеце па сваёй прафесіі, але і праводзіце вялікую грамадскую і патрыятычную работу з маладым пакаленнем. Вы з'яўляецеся наватарамі сваёй справы. Калі чалавек творча думае і ўвасабляе ў жыццё свае задумкі, ён можа дабіцца поспеху ў многіх напрамках. Для гэтага вы ставіцеся з душой і сэрцам, дзеліцеся сваімі ведамі і прафесіяналізмам», — лічыць Уладзімір Кухараў.

Дырэктар ўнітарнага прадпрыемства «Рэмаўтадар» Першамайскага раёна Мінска Сяргей Шкадарэвіч падзякаваў гарадскому кіраўніцтву за высокую ацэнку работы. «Наша прадпрыемства актыўна ўдзельнічае ў жыцці Першамайскага раёна. У калектыве працуюць 213 чалавек. Супрацоўнікі кожны дзень займаюцца абслугоўваннем дарог і вуліц на гэтай тэрыторыі. Мы прыбіраем вуліцы, тратуары, укладваем асфальт і бетон. Акрамя таго, займаліся рамонтам помніка Міхаілу Іванавічу Калініну, зараз падтрымліваем і там парадак».

Кіраўнік УП «Зелянбуд Кастрычніцкага раёна г. Мінска» Аляксандр Токараў у гутарцы з журналістамі не забыўся згадаць аб новых месцах для адпачынку жыхароў сталіцы: «Дзейнасць нашага прадпрыемства накіравана на азеляненне Кастрычніцкага раёна горада Мінска. У прыватнасці, мы займаемся ўладкаваннем экалагічных сцежак. Месяц таму мы адкрылі зону адпачынку «Даліна казак» — гэта наша другая такая экасцежка. Яна стала вынікам творчага пошуку архітэктараў, якія хацелі ўдыхнуць новае жыццё ў тэрыторыю, дзе адпачывае шмат дарослых і дзяцей. Там была інфраструктура, але не хапала нейкай «разыначкі», душэўнасці. Мы мянялі канцэпцыю каля чатырох разоў, а тое, што атрымалася ў выніку, думаю, бачыць прыемна. Наша задача да свята — здзівіць усіх і здзівіцца самім!».

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская падзялілася сваімі ўражаннямі пасля цырымоніі: «Мы часта працуем з пажылымі грамадзянамі, інвалідамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны — ніхто з іх не застаўся без увагі сацыяльных службаў. У Мінску для падтрымкі такіх жыхароў робіцца вельмі шмат. Я ганаруся тым, што раблю і ўдзячная, што гэта ацэньваецца. Такое мерапрыемства натхняе, адкрывае перспектывы для росту, развіцця і з'яўлення новых сацыяльна значных і цікавых праектаў на карысць горада».

Уладзімір Кухараў дадаў, што такія цырымоніі сталі добрай традыцыяй напярэдадні Дня горада. «Сярод найлепшых работнікаў Мінска ёсць прадстаўнікі самых разнастайных прафесій, яны ўсе важныя для сталіцы. Яны робяць жыццё мінчан больш камфортным, іх творчасцю, стаўленнем да справы, імкненнем укараняць новыя ідэі горад становіцца прыгажэйшым. Іх аб'ядноўвае і ўзаемадзеянне з людзьмі: уменне дайсці да кожнага, каб чалавек адчуваў увагу і клопат».

Уладзімір Яўгенавіч таксама не пакінуў журналістаў без адказаў на пытанні па святкаванні Дня горада. «Мы заўсёды вельмі сур'ёзна рыхтуемся да гэтага мерапрыемства. Для нас важна, каб былі прадстаўлены дасягненні сталічных прадпрыемстваў і арганізацый. Мы плануем правядзенне ўрачыстасцяў не толькі ў цэнтры, але і ў іншых раёнах Мінска. Гэтае свята павінна згуртаваць людзей, прывіць ім любоў да нашага горада. Хацелася б, каб усе жыхары Мінска актыўна прымалі ўдзел у гэтым свяце, таксама мы запрашаем гасцей з іншых краін на Дзень горада», — сказаў на заканчэнне старшыня Мінгарвыканкама.

Аляксей КАРПУК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.