Вы тут

Маскоўскі вечар


Жывыя сустрэчы з пісьменнікамі, а значыць і з мастацкім словам, — заўсёды болей шматзначныя, чым знаёмства толькі з кнігай, толькі з публікацыяй. Сёння традыцыя правядзення паэтычных вечарын амаль згубілася. Так, імпрэзы ў бібліятэках і школах, часам у кнігарнях — яшчэ ладзяцца. А вось вялікія паэтычныя, творчыя вечарыны, калі і залы былі запоўнены сотнямі чытачоў, слухачоў, калі і па тэлебачанню трансліраваліся такія сустрэчы пісьменніка з прыхільнікамі яго таленту, здаецца, сыйшлі на нішто. Што ўжо казаць пра прадстаўленне нацыянальных літаратур, напрыклад, у Расіі, у Маскве...


Ранейшая ўвага да падобнага характару імпрэз проста ўражвае. Як прыклад — напамін пра сакавіцкі вечар беларускай літаратуры ў 1977 годзе ў Маскве... 5 сакавіка 1977 г. першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Іван Пятровіч Шамякін звяртаецца да сакратара ЦК КП Беларусі Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна... «Паважаны Аляксандр Трыфанавіч! — чытаем у звароце аднаго з кіраўнікоў творчага саюза. — Па ініцыятыве Цэнтральнага дома літаратара імя Фадзеева, ухваленай сакратарыятам СП СССР, 21 сакавіка г.г. у Маскве ў памяшканні ЦДЛ, праводзіцца вечар беларускай літаратуры. Плануецца ён як мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю Кастрычніка. 

Сакратарыят СП БССР разгледзеў пытанне аб вечары і вырашыў паслаць для ўдзелу ў ім групу пісьменнікаў у наступным складзе: І. Шамякіна, А. Куляшова, А. Петрашкевіча, В. Быкава, А. Макаёнка, А. Вярцінскага, Н. Гілевіча, І. Навуменкі, В. Вярбы, І. Сіпакова, П. Макаля...» Пагадзіцеся, калі зазірнуць у гісторыю беларускай літаратуры 1970-х гг., склад дэлегацыі прадстаўнічы. Можа быць, тут не хапае Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі, Івана Чыгрынава, Вячаслава Адамчыка, каго з маладзейшых на той час... Але ж і прычыны маглі быць розныя. У тым ліку — і хваробы, пэўная занятасць у гэты час іншымі клопатамі...

Чытаем далей у звароце Івана Пятровіча: «... Мяркуецца таксама, што ў вечары прымуць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва СП СССР, члены Савета па беларускай літаратуры, перакладчыкі, а іменна: Р. Казакова (магчыма, будзе весці вечар), Ю. Сураўцаў, Я. Хялемскі, А. Аўчарэнка, М. Гарбачоў, А. Вазнясенскі, Б. Слуцкі, І. Бурсаў, Г. Куранёў, В. Карчагін, С. Кошачкін.» Таксама даволі пераканаўчы склад сябрыны, якая дапаможа беларускім літаратарам усталяваць добры кантакт з маскоўскай аўдыторыяй. Згаданыя пісьменнікі ці як перакладчыкі ці як літаратуразнаўцы, літаратурныя крытыкі трымалі свет беларускай нацыянальнай літаратуры ў полі свайго зроку, спрыялі пашырэнню вядомасці пра беларускую паэзію і прозу ў Расіі, на рускай мове.

З ліста І. Шамякіна — пра аргументацыю, вартасці падобнай вечарыны: «Беларускія пісьменнікі параўнаўча даўно не трымалі творчай справаздачы перад працоўнымі Масквы. Хацелася б, каб наш вечар атрымаў належны грамадскі рэзананс. Для гэтага патрабуецца, акрамя літаратурнага выступлення, яшчэ і мастацкая частка. І мы прасілі б Вас аказаць тут нам садзеянне і даць адпаведнае ўказанне міністэрству культуры наконт канцэрта, а лепей — наконт удзелу ў вечары ансамбля „Песняры“. 
Загадзя ўдзячны!..» 

Такое вось кароткае і вельмі важкае пісьмо. 

Загадчык аддзела культуры ЦК КП Беларусі выкладае сакратару ЦК А. Т. Кузьміну пазіцыю ў сваёй дакладной запісцы — ужо па выніках вечара (дакладная запіска датавана 4 красавіка 1977 г.): «У ЦК КПБ паступіў зварот СП БССР аб правядзеннні 21 сакавіка г.г. у Маскве ў памяшканні Цэнтральнага дома літаратараў вечара беларускай літаратуры. 
Пісьмо разгледжана аддзелам. Для ўдзелу ў вечары кіраўніцтву Саюза пісьменнікаў было рэкамендавана накіраваць групу вядучых пісьменнікаў рэспублікі, у ліку якіх народныя паэты Беларусі П. Броўка, А. Куляшоў, пісьменнікі А. Макаёнак, І. Навуменка і іншыя, а таксама групу артыстаў і дэкламатараў.Вечар прайшоў згодна распрацаванаму плану».

Як бачыце, была і карэкціроўка складу дэлегацыі, што само па сабе і нядрэнна. І вечар, відавочна, прайшоў як след. У любым выпадку маскоўская паездка на некаторы час засталася ў памяці беларускіх пісьменнікаў. 

Несмуненна, зазірнуўшы ў дні даўно мінулыя, такую практыку варта было б узнавіць. Тым болей, што ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі працуе выдатны Дзелавы і культурны комплекс, дзе ёсць месца, прастора і для імпрэз, і для выставак, для самых шырокіх сустрэч. Будзем спадзявацца — знойдзецца магчымасць зладзіць там і творчую справаздачу беларускіх паэтаў перад маскоўскімі аматарамі мастацкага слова... Падаецца, што гэта будзе на карысць не толькі прыгожаму пісьменству...

Кастусь Лешніца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.