Вы тут

Беларусы пачынаюць і перамагаюць


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем апошнія спартыўныя навіны


Гераіня тыдня. У Санкт-Пецярбургу завяршыўся другі этап адкрытага Кубка Садружнасці па парусным спорце. Удзел у спаборніцтвах узяло каля 200 яхтсменаў з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама 10 прадстаўнікоў Беларусі. Па выніках гонкі ў класе «лазер-радыял» сярод жанчын перамагла беларуская спартсменка Таццяна Драздоўская. Раней яна стала найлепшай на першым этапе Кубка, якія прайшоў на акваторыі Заслаўскага вадасховішча.

Міжнародныя спаборніцтвы «Адкрыты Кубак Садружнасці па парусным спорце — 2022» складаюцца з чатырох стартаў, два з іх запланаваны ў Беларусі, два — у Расіі. Трэці этап турніру пройдзе ў рамках чэмпіянату Беларусі ў Мінску з 3 да 9 верасня; заключны чацвёрты этап адбудзецца ў Сочы ў канцы верасня.

Герой тыдня. Беларускі шахматыст, 16-гадовы міжнародны майстар Дзяніс Лазавік стаў пераможцам міжнароднага турніру «Мінск-2022», які праходзіў на базе РЦАП па шахматах і шашках. У дзевяці праведзеных партыях ён перамог шэсць разоў, тройчы згуляў унічыю, набраўшы 7,5 бала. Дзяніс Лазавік — самы юны беларускі шахматыст, які выканаў усе неабходныя нормы для прысваення звання міжнароднага гросмайстра. На другой пазіцыі ў турніры фінішаваў яшчэ адзін малады беларускі міжнародны гросмайстар Міхаіл Нікіценка, трэцяе месца заняў міжнародны майстар з Беларусі Вячаслаў Зарубіцкі.

Усяго ў турніры ўзялі ўдзел 156 шахматыстаў з сямі краін — Беларусі, Літвы, Грузіі, Украіны, Сербіі, Туркменістана і Расіі. Самаму юнаму ўдзельніку спаборніцтваў — 8 гадоў, самаму старэйшаму — 84 гады.

Турнір тыдня. У Брэсце быў разыграны Кубак Белагазпрамбанка па гандболе. Упершыню ў гісторыі турніру ўладальнікам Кубка сталі гандбалісты мужчынскай нацыянальнай зборнай. У вырашальным паядынку за першае месца падапечныя Юрыя Шаўцова перайгралі чэмпіёнаў Беларусі гандбалістаў клуба «Мяшкоў Брэст» з вынікам 36:32. У гульні за «бронзу» гандбалісты «Гомеля» адолелі «Данскіх казакоў» — 30:28.

Каманда тыдня. «Пінскія ястрабы» сталі ўладальнікамі хакейнага Кубка Уладзіміра Цыплакова. Розыгрыш Кубка праходзіў з удзелам камандаў Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па хакеі. У вырашальным паядынку «ястрабы» аказаліся мацнейшымі за другую каманду жлобінскага «Металурга» — ХК «Белсталь». Вынік фінальнай гульні — 5:3.

Узнагароды тыдня. Беларускія майстры кулявой стральбы бяруць удзел у розыгрышы адкрытага Кубка Расіі. У змяшаным турніры ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў сярэбраны медаль заваяваў беларускі тандэм Уладзіславы Пранько і Ільі Чаргейкі. У практыкаванні «пнеўматычны пісталет, 10 метраў» сярод мужчын пераможцамі стала каманда ў складзе Мікіты Кавалёнка, Івана Казака, Уладзіслава Дземеша. У гэтым жа практыкаванні сярод жанчын Надзея Леанавец, Любоў Яскевіч, Кацярына Кручанок сталі сярэбранымі прызёрамі, а Зоя Дасько, Аляксандра Пятрова і Ганна Моладава — бронзавымі. Па выніках першынства ў медальным заліку Беларусь займае лідарскую пазіцыю.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.