Вы тут

Несці гістарычную праўду


У Нацыянальным архіве Беларусі, дзе даследчык працаваў доўгія гады, адбылася вечарына памяці, на якую сабраліся калегі, сябры і сваякі Віталя Скалабана.


Пятага жніўня вядомаму беларускаму архівісту, гісторыку, літаратуразнаўцу, публіцысту Віталю Скалабану споўнілася б 75 гадоў. І ўжо 11 гадоў, як яго няма.

Усе адзначалі шматграннасць таленту Віталя Уладзіміравіча: ён пакінуў значны след шмат у якіх адгалінаваннях гістарычнай навукі, адкрыў шмат імёнаў і дакументаў, даследаваў гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Сярод яго творчай спадчыны — і зборнікі дакументаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі...», і даследаванні пра Мітрафана Доўнар-Запольскага, Мікалая Улашчыка, Максіма Гарэцкага, Усевалада Ігнатоўскага ды іншых, краязнаўчыя работы пра родную Ляхаўшчыну, шматлікія сцэнарыі дакументальных фільмаў, артыкулы і нават п'есы. Гісторык Святаслаў Кулінок, што сёння ўзначальвае аддзел публікацый Нацыянальнага архіва, якім загадваў Віталь Скалабан, расказаў, як яго, яшчэ маладога спецыяліста, уразіла фантастычная эрудыцыя Віталя Уладзіміравіча. Той мог грунтоўна адказаць на любое пытанне, звязанае з гісторыяй і культурай Беларусі ХХ стагоддзя. Святаслаў Кулінок падкрэсліў, што Віталь Скалабан пакінуў глыбокі след у публікацыйным кірунку архіўнай службы, залажыў асновы сучаснай публікацыйнай дзейнасці.

Прысутных узрадвала вестка, што цяпер у Нацыянальным архіве штогод у лістападзе будуць праводзіцца Скалабанаўскія чытанні. У сувязі з тым, што сфера навуковых зацікаўленняў Віталя Скалабана была вельмі шырокая, Скалабанаўскія чытанні дадуць магчымаць закранаць самыя розныя аспекты. Святаслаў Кулінок удакладніў: паколькі Скалабан займаўся і канфесіянальнай гісторыяй Беларусі, напрыклад, быў датычны да стварэння зборніка дакументаў «Праваслаўная царква на Віцебшчыне», першыя Скалабанаўскія чытанні пройдуць па тэме «Беларуская праваслаўная царква ў БССР у 1920-30-х. Дакументальныя крыніцы і іх інтэрпрэтацыя».

Вячаслаў Селяменеў, які быў дырэктарам Нацыянальнага архіва ў той час, калі там працаваў Віталь Скалабан, успомніў, як з'явілася серыя тэлевізійных дакументальных фільмаў «Адкрыты архіў» і «Зваротны адлік», і Віталь Уладзіміравіч з'яўляўся адным з пачынальнікаў і актыўных удзельнікаў гэтых праектаў.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, дзе захоўваецца значная частка архіва Віталя Скалабана, Ганна Запартыка, распавяла пра фонд Скалабана, які мае ў архіве нумар 500. Фонд вялікі, ён адлюстроўвае публікацыйную дзейнасць, утрымлівае калекцыі дакументаў па пэўных тэмах, і там вельмі шмат нерэалізаваных праектаў. Напрыклад, у планах даследчыка было «падняць» спадчыну беларускага дзеяча пачатку ХХ ст. Фабіяна Шантыра, і ён многае сабраў, але апублікаваць не паспеў. Ганна Вячаславаўна ўспомніла супрацоўніцтва з Віталём Уладзіміравічам, напрыклад, як ён знайшоў сваякоў гісторыка Міхася Мялешкі і яго партрэт работы Кругера, што сёння знаходзіцца ў БДАМЛіМ.

Загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання архівіст Інеса Дарабуш распавяла, што ў аддзеле захоўваецца архіў і бацькі Віталя Уладзіміравіча, ляхавіцкага краязнаўца, і яго самога. Падзякавала сваякам, які перадалі ў архіў шмат унікальных дакументаў.

— Асабліва ўразілі фотаздымкі. На іх у Віталя Уладзіміравіча такая сонечная ўсмешка! І з гэтай усмешкай ён прайшоў па жыцці.

Інеса Уладзіміраўна зачытала верш, які Скалабан прысвяціў яшчэ ў 1970-х сваёй жонцы Валянціне.

Суаўтар Віталя Скалабана, пісьменніца Людміла Рублеўская, з якой яны выдалі кнігу артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры «Время и бремя архивов и имён» і стварылі п'есу «Людвіка і Фабіян» пра каханне Фабіяна Шантыра і Зоські Верас, лічыць: Віталь Скалабан адметны тым, што запальваў сваімі ідэямі іншых, і гэты імпульс працягваецца. Пісьменніца некалькі разоў звярталася да фонду № 500 БДАМЛіМ, каб працягнуць некаторыя з даследаванняў свайго суаўтара. Вынікам стала некалькі артыкулаў пра самых розных персон, сярод якіх філосаф Бохвіц, першы перакладчык прац Леніна на беларускую мову Баранкевіч, акцёр Міхоэлс... І матэрыялу яшчэ вельмі і вельмі шмат.

Прысутныя згадалі таксама выкладчыцкую работу Віталя Скалабана і яго дасягненні як тэкстолага. Поўны збор твораў Янкі Купалы — гэта і бліскучая тэксталагічная праца Віталя Скалабана. Успомнілі, як ён умеў з сухіх дакументаў, часам звычайных даведак, аднаўляць незвычайна цікавыя гісторыі.

Цёплым словам успомніла пра Віталя Уладзіміравіча Вера Міцкевіч, унучка Якуба Коласа, якая супрацоўнічала з даследчыкам падчас стварэння зборнікаў дакументаў «Купала і Колас, вы нас гадавалі...» Скалабан адным з першых падаў ідэю вывучыць кола знаёмстваў, атачэнне класікаў, у тым ліку Якуба Коласа. І цяпер гэтая ідэя мае вялікі плён. Вера Данілаўна таксама згадала, як шчодра Віталь Уладзіміравіч дзяліўся сваймі задумамі, як натхняў на работу.

Безумоўна, тое, што зроблена Віталём Скалабанам, назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускай культуры. Бо галоўнае, што аб'ядноўвала ўсе яго ідэі, — беларушчына, адданая любоў да сваёй Радзімы.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.