Вы тут

Да 2023 года плануецца замяніць 3,5 млн прылад уліку электраэнергіі


Бясплатная рэканструкцыя ў рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Магчымасць беларусаў паўдзельнічаць уласным рублём у мадэрнізацыі электрасетак. Завышаныя патрэбы людзей у электрамагутнасці і стымуляцыйныя тарыфы. Пра гэтыя і іншыя асаблівасці павелічэння ўжывання электраэнергіі ў краіне і мадэрнізацыю электрычных сетак расказалі спецыялісты «Белэнерга».


Паўдзельнічаць фінансава

Каб электрасеткі маглі выкарыстоўвацца для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы, недастаткова проста аднавіць іх папярэдні стан. Неабходна павялічыць іх прапускную здольнасць, што ў сваю чаргу патрабуе значна большых капіталаўкладанняў, вымушае энергетыкаў шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання, абазначыў Андрэй НЯГОДЗЬКА, начальнік упраўлення стратэгічнага развіцця «Белэнерга»:

— Летась з удзелам Міністэрства энергетыкі і «Белэнерга» падрыхтаваны Указ Прэзідэнта № 381 «Аб будаўніцтве размеркавальных электрычных сетак», а таксама пастанова Саўміна № 796, прынятая 31 снежня 2021 года. Згодна з гэтымі дакументамі, грамадзяне могуць удзельнічаць у фінансаванні работ па будаўніцтве размеркавальных электрасетак да адасобленых дамоў і рэканструкцыі сетак у раёнах індывідуальнай жылой забудовы.

Пакуль рана ацэньваць работу ў гэтым кірунку, бо райвыканкамы сёлета толькі першы год як атрымалі магчымасць апытваць людзей, ці хочуць яны грашова паўдзельнічаць у рэканструкцыі незамартызаваных размеркавальных электрасетак для выкарыстання электрычнасці на гарачае водазабеспячэнне, ацяпленне і гатаванне ежы, дадаў ён:

— З мая да 1 ліпеня райвыканкамы павінны праводзіць апытанні людзей, якія выказалі жаданне карыстацца энергіяй для такіх патрэб. І калі грамадзяне будуць згодныя на аплату, энергазабяспечвальным арганізацыям накіруюць звесткі пра гэта. Налета (у 2023-м) адпаведныя аб'екты будуць уключаны ў планы праектавання, а праз год (у 2024-м) — у планы будаўніцтва.

Мяркуецца, што беларусы будуць аплачваць 30 % ад каштарысу такіх работ, растэрміноўкі пры гэтым не прадугледжаны.

Сёлета Міністэрства энергетыкі, Міністэрства па надзвычайных справах і «Белэнерга» падрыхтавалі пастанову Саўміна № 386, якая ўносіць змены ў дзяржпраграму па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

— Сярод новаўвядзенняў — магчымасць беларусаў, якія жывуць на тэрыторыях, што падвергліся радыеактыўнаму забруджванню, разлічваць на тое, што размеркавальныя электрычныя сеткі і ўнутрыдамавыя сістэмы электразабеспячэння будуць рэканструяваны, каб жыхары маглі выкарыстоўваць электрычнасць на патрэбы гарачага водазабеспячэння, ацяплення і гатавання ежы, — акрэсліў Андрэй Нягодзька. — Рабіцца рэканструкцыя будзе за кошт сродкаў, выдзеленых на рэалізацыю дзяржпраграмы, то-бок энергетыкаў. А парадак выканання работ вызначаць інструкцыяй, якую зацвердзяць Мінэнерга і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пасля аварыі на Гомельшчыне актыўна праходзіла газіфікацыя населеных пунктаў, дзе людзі засталіся жыць на забруджаных тэрыторыях, каб насельніцтва не выкарыстоўвала для ацяплення забруджаныя мясцовыя віды паліва. Цяпер жа райвыканкамы будуць вырашаць, што будзе найменш затратна — электрыфікаваць мястэчкі ці працягваць іх газіфікацыю. Аплачвацца работы па электрыфікацыі будуць за кошт улады.

Прапускная здольнасць і яе завышэнне

Асобны клопат энергетыкаў — падключэнне электраўстановак сістэм ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы да размеркавальных электрасетак, якія эксплуатуюцца.

Яны праектаваліся без уліку выкарыстання электраэнергіі для гатавання ежы, гарачага водазабеспячэння і ацяплення, маюць абмежаваны рэзерв прапускной здольнасці, патлумачыў спецыяліст.

— Гэты рэзерв размяркоўваецца энергазабяспечвальнымі арганізацыямі ў парадку паступлення запытаў на выдачу тэхнічных умоў (ТУ). Пры гэтым колькасць ТУ, якія змогуць выдаць энергетыкі, залежыць у тым ліку і ад саміх грамадзян. Як паказвае практыка, электрычная магутнасць, якую людзі ўказваюць у запытах на выдачу ТУ, часам вызначаецца або інтуітыўна, або па парадзе знаёмых. У большасці выпадкаў гэта прыводзіць да завышэння запытванай электрамагутнасці і неабгрунтаванага скарачэння рэзерву прапускной здольнасці размеркавальных электрасетак.

Да таго ж мноства грамадзян, якія вырашаюць выкарыстоўваць электраэнергію для ацяплення, не думаюць пра цеплавую мадэрнізацыю свайго будынка. Калі яе не зрабіць, то спатрэбіцца ўстаноўка ацяпляльных прылад большай магутнасці, што пацягне за сабой павелічэнне расходу электрычнасці і, як вынік, узрасце плата за яе, дадалі спецыялісты.

Памяткі і алгарытм дзеянняў

Каб беларусы разумелі, як правільна вызначыць магутнасць, «Белэнерга» распрацавала памяткі, якія змешчаны на сайце прадпрыемства ў раздзеле «Фізічным асобам». Тут падрабязна і дэталёва выкладзена паслядоўнасць дзеянняў па падключэнні да размеркавальных электрасетак і ёсць парады, як вызначыць нагрузку, якая патрэбна для пэўных мэт у доме.

Тэхнічныя ўмовы выдаюць па запыце мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Чалавеку трэба звярнуцца ў адпаведны орган па месцы знаходжання сваёй электраўстаноўкі, расказаў Віктар РУДКОЎСКІ, начальнік упраўлення эксплуатацыі электрычных сетак «Белэнерга»:

— Калі тэхнічная магчымасць на далучэнне існуе, то ТУ выдаюць у парадку чарговасці і рэгістрацыі заяў. Калі забяспечыць патрэбны паказчык электраэнергіі тэхнічна немагчыма, то энергазабяспечвальная арганізацыя інфармуе мясцовы выканкам аб адмове ў выдачы тэхнічных умоў і тэрмінах правядзення рэканструкцыі электрасетак. Інфармацыя аб адмове ў выдачы ТУ ўлічваецца энергетыкамі пры прыняцці рашэння аб першачарговай рэканструкцыі замартызаваных электрасетак.

Больш за ўсё заяў на выдачу ТУ паступіла ў «Мінскэнерга» (звыш чатырох тысяч), а найменш — у «Гомельэнерга» (850 заяў). Адпаведны і працэнт задаволеных запытаў на выдачу тэхнічных умоў. Па краіне ж гэты паказчык — 83 %. Сёлета ў Беларусі больш за 4400 спажыўцоў атрымалі магчымасць выкарыстоўваць электраэнергію на патрэбы ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы.

Каб змяніць тарыф, патрэбны электронны лічыльнік

Каб заахвочваць беларусаў выкарыстоўваць больш электраэнергіі, у краіне ўведзены стымуляцыйныя тарыфы. Прынамсі, з 1 снежня 2018 года ў краіне была ўведзена тарыфная група электраэнергіі пры ўмове яе выкарыстання для патрэб ацяплення, ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах і кватэрах, якія не маюць сістэм цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння і абсталяваны электраплітамі пры адсутнасці асобнай дадатковай прылады індывідуальнага ўліку расходу электраэнергіі для патрэб ацяплення, ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Гэты тарыф з 1 студзеня 2022 года складае 9,81 капейкі за 1 кВт·г, расказаў Віктар ЖЫТКЕВІЧ, начальнік упраўлення збыту электраэнергіі «Белэнерга».

— Для гэтай тарыфнай групы прадугледжаны дыферэнцыраваныя тарыфы па двух часовых перыядах. З 1 студзеня 2022 года ў гадзіны мінімальных нагрузак (з 23:00 да 6:00) — 6,87 капейкі за 1 кВт·г, а ў астатні час сутак — 12,75 капейкі за 1 кВт·г.

З 1 студзеня 2019-га ўстаноўлена тарыфная група электраэнергіі для патрэб ацяплення, ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах і кватэрах, якія не абсталяваны сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння пры наяўнасці асобнай дадатковай прылады індывідуальнага ўліку расходу электраэнергіі для гэтых патрэб. З 1 студзеня 2022-га ён складае 3,98 капейкі за 1 кВт·г.

За 2020-ы на разлікі па тарыфах за электраэнергію для гэтых патрэб перайшлі звыш 10 тысяч бытавых абанентаў, а на пачатак другога паўгодддзя сёлета іх стала ўжо 31,1 тысячы. Амаль 10 тысяч — у сталіцы і Мінскай вобласці, у Віцебскай — 7,6 тысячы, у Магілёўскай — 4,5 тысячы, у Гродзенскай — 3,5 тысячы, у Брэсцкай — 3,3 тысячы, у Гомельскай — 2,3 тысячы. За 2020-ы спажыўцы гэтай групы ўжылі 89 мільёнаў кВт·г, летась — 268 мільёнаў кВт·г, і сёлета — больш за 256 мільёнаў кВт·г, падзяліўся лічбамі прадстаўнік «Белэнерга»:

— Каб скарыстацца гэтымі тарыфамі, неабходна абавязковая наяўнасць электроннай прылады ўліку. Толькі з яго дапамогай можна перайсці на тарыфы, якія дыферэнцыруюцца па зонах сутак. У Беларусі зараз эксплуатуецца 4 мільёны 567 тысяч аднафазных лічыльнікаў энергіі, з якіх 3 мільёны 800 тысяч (84,4 %) — электрычныя. А таксама 694,6 тысячы — трохфазных лічыльнікаў, з якіх 573,8 тысячы (82,6 %) — электронныя.

Праграма мадэрнізацыі сродкаў уліку электраэнергіі запрацавала з 2016-га. Да 2023-га ў яе межах плануецца замяніць 3,5 мільёна прылад уліку электраэнергіі. Замест старых індукцыйных лічыльнікаў, найперш класа дакладнасці 2,5, у беларусаў з'явяцца сучасныя электронныя прылады ўліку. Пазней усе яны будуць аб'яднаны ў аўтаматызаваную сістэму камерцыйнага ўліку электраэнергіі (АСКУЭ).

Летась у «Белэнерга» прынялі праграму аб стварэнні ў жыллёвым фондзе аўтаматызаваных сістэм кантролю і ўліку электраэнергіі магутнасці — АСКУЭ-быт, якая будзе дзейнічаць да 2025 года. За мінулы год, згодна з праграмай, створана ўжо 3326 АСКУЭ-быт, якія аб'ядноўваюць 373 тысячы прылад уліку. Усяго ж у краіне ўжо існуе 22 тысячы АСКУЭ-быт, якая аб'ядноўвае амаль 2 мільёны бытавых абанентаў. Пры перадачы сістэм на баланс энергазабяспечвальных арганізацый менавіта энергетыкі будуць несці затраты на іх рамонт і абслугоўванне, запэўнілі спецыялісты.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?