Вы тут

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды


10 жніўня ўступная кампанія ў беларускіх ВНУ выйшла на фініш. Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ ацаніў яе як паспяховую і для абітурыентаў, і для патэнцыяльных заказчыкаў кадраў.


Пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі

— Бюджэтных месцаў у нас было амаль 27,8 тысячы. Практычна на 100 % бюджэтны набор выкананы. На платнай форме навучання прасочваецца тая ж тэндэнцыя. З 25,5 тысячы месцаў для платнікаў больш як 95 працэнтаў запоўнены. Шэраг універсітэтаў аб'явілі сёлета прыём на новыя спецыяльнасці. Іх было каля паўтара дзясятка: «Урбаналогія і сіці-менеджмент», «Геаінфармацыйныя тэхналогіі ў турыстычнай і экскурсійнай дзейнасці», «Біяінфарматыка і біяінжынерыя» і іншыя. Усе яны карысталіся высокім попытам сярод абітурыентаў. Планавыя лічбы набору і на бюджэт, і на платную форму па гэтых спецыяльнасцях былі выкананы, што сведчыць і аб вельмі эфектыўнай інфармацыйнай рабоце, і, вядома ж, аб цікавасці выпускнікоў школ і іншых устаноў да атрымання адукацыі па новых запатрабаваных спецыяльнасцях. А новыя спецыяльнасці адкрываюцца тады, калі на іх ёсць запыт з боку заказчыкаў кадраў і работадаўцаў, — падкрэслівае начальнік галоўнага ўпраўлення.

Безумоўна, адной з адметнасцяў сёлетняй прыёмнай кампаніі стала пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер такі дагавор можа заключыць арганізацыя — заказчык кадраў, якая знаходзіцца ў любым населеным пункце Беларусі, у тым ліку ў сталіцы.

Напрыклад, у Акадэміі кіравання сёлета было выдзелена пяць месцаў для залічэння абітурыентаў за кошт рэспубліканскага бюджэту на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі: тры — на спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і права» і па адным — на спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» і «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі». Арганізацыі, якія накіравалі абітурыентаў для навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры і Шумілінскі раённы выканаўчы камітэт.

Сяргей Каспяровіч адзначыў, што мэтавая форма падрыхтоўкі карыстаецца попытам і ў абітурыентаў, і ў заказчыкаў. У асобных выпадках на мэтавыя месцы складваўся нават больш высокі конкурс і прахадны бал, чым на агульную траекторыю паступлення на бюджэтную форму атрымання адукацыі.

Напрыклад, у БДПУ 210 абітурыентаў былі залічаны на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Гэта амаль чвэрць ад агульнай колькасці першакурснікаў дзённай формы атрымання адукацыі. У апошнія гады ў вядучым педагагічным універсітэце краіны назіраюць тэндэнцыю павышэння ўзроўню падрыхтаванасці абітурыентаў-«мэтавікаў». Іх балы часта перавышаюць прахадныя па агульным конкурсе. 10 працэнтаў «мэтавікаў» мелі 300 балаў і больш, каля 50 працэнтаў — 240 балаў і больш. Гэта сведчыць аб тым, што, па-першае, заказчыкі кадраў сталі больш старанна адбіраць кандыдатаў для заключэння мэтавых дагавораў, а па-другое, — аб павышэнні цікавасці да педагагічнай прафесіі з боку абітурыентаў і іх бацькоў, асабліва ў рэгіёнах.

Цікавасць да педагагічнай прафесіі

Увогуле, вынікі прыёмнай кампаніі ў БДПУ ўсяляюць аптымізм. У сярэднім па ўсіх спецыяльнасцях конкурс на бюджэтныя месцы склаў больш за 2 чалавекі на месца. Па чатырох спецыяльнасцях прахадны бал перавысіў 300: «Псіхалогія» — 324 балы (конкурс — 4,1 чалавека на месца), «Практычная псіхалогія» — 315 балаў (2,7 чалавека на месца), «Лагапедыя» — 306 балаў (2,1 чалавека на месца), «Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка» — 302 балы (5 чалавек на месца). На чатыры спецыяльнасці («Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Руская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура, замежная мова», «Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура») залічаны толькі тыя, хто валодаў ільготамі на паступленне без іспытаў (медалісты і ўладальнікі дыпломаў з адзнакай, выпускнікі педагагічных класаў, пераможцы прадметных алімпіяд). 20 працэнтаў абітурыентаў (87 чалавек), якія паступалі па агульным конкурсе, маюць 300 і больш балаў.

Сёлета, як і ў папярэднія гады, назіралася тэндэнцыя павелічэння колькасці хлопцаў, якія выбіраюць месцам навучання БДПУ. Так, на факультэце фізічнага выхавання іх 69 працэнтаў ад агульнай колькасці залічаных, на гістарычным — 53 працэнты і на фізіка-матэматычным — 42 працэнты.

На платнае навучанне ў педуніверсітэт было пададзена 1126 заяў пры плане прыёму на дзённую форму атрымання адукацыі 395 чалавек і 575 — на завочную. На большасці спецыяльнасцяў конкурс адбыўся. Найбольш высокі конкурс быў зафіксаваны на спецыяльнасцях «Пачатковая адукацыя» (завочная скарочаная форма атрымання адукацыі) — 2 чалавекі на месца, «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» (дзённая і завочная формы атрымання адукацыі), «Дашкольная адукацыя» (завочная форма атрымання адукацыі) — 1,7 чалавека на месца. Прахадныя балы на платныя месцы на большасць спецыяльнасцяў склалі больш за 200. Каля 20 абітурыентаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе на платныя месцы, мелі 300 балаў і больш.

У БДПУ з задавальненнем канстатуюць, што з кожным годам якасныя і колькасныя паказчыкі прыёмнай кампаніі паляпшаюцца (не стаў выключэннем і сёлетні год), што сведчыць аб павышэнні цікавасці моладзі да педагагічнай прафесіі.

Рэкорды і антырэкорды

У БДУ таксама задаволеныя вынікамі прыёмнай кампаніі. На ўсе формы атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені залічана 4657 абітурыентаў. На дзённую бюджэтную форму — 2180 абітурыентаў. Конкурс па ўніверсітэце на бюджэт склаў 1,7 чалавека на месца. Сярод залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання па выніках ЦТ 82 працэнты абітурыентаў набралі 300 балаў і больш.

Сярод першакурснікаў БДУ — 78 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Без экзаменаў на педагагічныя напрамкі залічана 55 абітурыентаў. Школьных медалістаў і выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія маюць дыплом з адзнакай, — 713 чалавек, а гэта 33 працэнты ад агульнай колькасці прынятых. У залічаных на першы курс — 93 стабальныя вынікі ЦТ, гэта прыкладна чвэрць ад усіх стабальных вынікаў удзельнікаў ЦТ па краіне. Найбольшая колькасць пададзеных у прыёмную камісію БДУ сертыфікатаў з максімальным балам — па матэматыцы (30).

Сярод творчых спецыяльнасцяў самы высокі конкурс склаўся на спецыяльнасці «Дызайн» (напрамак — камунікатыўны дызайн) — 12 чалавек на месца.

Адметнасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі ў БДУ стаў аб'яднаны конкурс на групу спецыяльнасцяў. Ён праводзіўся па двух профілях. Першы — «Матэматычныя навукі і інфарматыка»: гэта спецыяльнасці механіка-матэматычнага факультэта, факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ — усяго 17 спецыяльнасцяў.

Другі профіль — «Фізічныя навукі»: спецыяльнасці фізічнага факультэта, факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ, а таксама Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ — усяго 11 спецыяльнасцяў.

У заяве, якая падаецца ў прыёмную камісію БДУ, абітурыенты ўказвалі першай прыярытэтную для яго спецыяльнасць, а затым расстаўлялі па прыярытэтах усе астатнія, па якіх праводзіцца агульны конкурс. Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе на першую згаданую імі спецыяльнасць (напрамак спецыяльнасці), удзельнічалі ў конкурсе на наступныя спецыяльнасці (напрамкі спецыяльнасцяў) з названага імі прыярытэтнага пераліку. Гэта, безумоўна, дае магчымасць укамплектаваць усе спецыяльнасці, а абітурыентам — не застацца за бортам прыёмнай кампаніі.

Высокія прахадныя балы для БДУ — не навіна, а, хутчэй, норма. На сацыяльна-эканамічных і гуманітарных спецыяльнасцях рэкорднымі сталі прахадныя балы на «Лінгвакраіназнаўстве» — 385, «Міжнародным праве» — 374, «Міжнародных адносінах» — 377, «Рэгіёназнаўстве» — 368, «Эканамічная інфарматыцы» — 367, «Сусветнай эканоміцы» — 364. Высокія прахадныя балы былі зафіксаваныя і на шэрагу прыродазнаўчых спецыяльнасцяў: «Прыкладная інфарматыка» — 372, «Інфарматыка» — 354, «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» — 358.

Але ёсць у БДУ спецыяльнасці, дзе прахадныя балы вельмі сціплыя. Так, каб паступіць на «Рускую філалогію», дастаткова было набраць 213 балаў, а на беларускую — і ўвогуле 188.

На дзённую платную форму ў БДУ было залічана 1564 абітурыенты. Сярэдні конкурс па ўніверсітэце склаў 1,4 чалавека на месца. Абітурыенты, залічаныя па агульным конкурсе па выніках ЦТ, якія маюць больш за 300 балаў, складаюць 44 працэнты.

Рэйтынг самых высокіх прахадных балаў на платнай форме навучання сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў: «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» — 323, «Хімія лекавых злучэнняў» — 299, «Хімія (навукова-вытворчая дзейнасць)» — 295.

Самыя высокія прахадныя балы сярод сацыяльна-эканамічных і гуманітарных спецыяльнасцяў: «Міжнароднае права» — 341, «Міжнародныя адносіны» — 342, «Лінгвакраіназнаўства» — 320.

А хто ідзе ў медыцыну?

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце праблем з запаўненнем і бюджэтных, і платных месцаў традыцыйна не назіраецца. Але калі казаць аб прахадных балах на платнай форме навучання, то яны крыху зменшыліся, што абумоўлена не ў апошнюю чаргу павелічэннем лічбаў набору на навучанне ў бягучым годзе: калі ў 2021 годзе набор на першы курс на бюджэтнай аснове складаў 660 чалавек, то ў 2022 годзе — 720 чалавек. Каб стаць студэнтам-платнікам першага курса лячэбнага факультэта, неабходна было набраць 297 балаў (у 2021-м — 323 балы). Права навучацца на стаматалагічным факультэце атрымалі абітурыенты, якія мелі ў сваім «багажы» 339 балаў (у 2021-м — 343). На дзённым аддзяленні фармацэўтычнага факультэта прахадны бал — 297.

На іншых факультэтах склаліся наступныя прахадныя балы: на педыятрычным — 283 (паўпрахадны — 282), медыка-прафілактычным — 232, фармацэўтычным — 285 балаў (завочная форма платнага навучання).

Пры гэтым максімальныя балы першакурснікаў-платнікаў наступныя. На лячэбным факультэце адлік пачынаўся з 374, на педыятрычным — з 348, медыка-прафілактычным — з 305, стаматалагічным — з 377, на фармацэўтычным факультэце — з 362 (дзённая форма) і 350 балаў (завочная форма). Розніца ў колькасці балаў у тых, хто стаў студэнтам платнай формы навучання, вельмі адчувальная. Відаць па ўсім, хтосьці з маладых людзей з высокімі баламі свядома зрабіў стаўку на платнае навучанне, каб быць потым вольнымі ў выбары месца працы. Калі ж параўноўваць прахадныя балы на бюджэтнай і платнай форме навучання, то і тут розніца адчувальная. На платныя месцы прахадны парог быў на 50—65 балаў ніжэйшы. Дарэчы, у многіх ВНУ назіралася аналагічная тэндэнцыя.

Адметнасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі ў БДМУ стала пашырэнне мэтавага набору — да 50 працэнтаў ад колькасці бюджэтных месцаў. Упершыню быў зроблены набор студэнтаў-«мэтавікаў» для Мінска — пасля завяршэння навучання яны будуць размеркаваны на першыя працоўныя месцы ў сталіцу (гэта датычыцца спецыяльнасцяў «Лячэбная справа» — 50 месцаў, «Педыятрыя» (40 месцаў) і «Фармацыя» — (4 месцы). Трэба заўважыць, што «мэтавікі» стаматалагічнага факультэта вельмі высока ўзнялі планку: у залежнасці ад рэгіёна, які даваў мэтавае накіраванне, прахадныя балы «мэтавікаў» вар'іраваліся ад 341 да 349. А на фармацэўтычным факультэце «мэтавікі» паказалі прахадныя балы ад 328 да 363.

Да таго ж у БДМУ сёлета ўпершыню адбыўся набор у ваенна-медыцынскі інстытут прадстаўніц жаночага полу (у лік курсантаў залічаны тры дзяўчыны). Яны будуць праходзіць падрыхтоўку ў інтарэсах Узброеных Сіл. Таксама ваенна-медыцынскі інстытут упершыню будзе рыхтаваць ваенных урачоў для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Раней выпускнікі інстытута ішлі служыць ва Узброеныя Сілы, унутраныя войскі МУС і Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь.

Зрэшты, прыёмная кампанія 2022 года, так бы мовіць, ужо стала гісторыяй. З наступнага года яе фармат істотна зменіцца. Як абяцаюць у Міністэрстве адукацыі, з'явяцца ўнутры-
вузаўскія іспыты.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.