Вы тут

Археолагі БДУ выявілі новыя артэфакты ў старажытных курганах


Раскопкі вяліся на тэрыторыі каля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна ў рамках архелагічнай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам загадчыцы кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Паліны Курловіч. Праца экспедыцыі гісторыкаў па вывучэнні пахавальнага помніка пачалася ў мінулым годзе.


Як паведамляе прэс-служба БДУ, доследны археалагічны комплекс складаецца з двух гарадзішчаў, селішча і трох курганных груп. Было ўстаноўлена, што пахаванні тут пачалі праводзіцца з трэцяй чвэрці I тысячагоддзя нашай эры. Самі курганы адносяцца да VIII—Х стст. Яны былі пакінуты насельніцтвам культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў, якое даследчыкі звязваюць з летапіснымі крывічамі.
Сёлета ў адным з курганоў былі знойдзены жаночыя астанкі. Устаноўлена, што пахаванне было здзейснена па абрадзе крэмацыі. Разам з косткамі былі таксама знойдзены рэчы. Гэта аплаўленыя вырабы з каляровага металу, бронзавыя пранізкі, фрагмент скроневага кольца, жалезная спражка, фрагменты бранзалетаў, фібулы, невялікая керамічная пасудзіна.

Таксама ў курганным комплексе была знойдзена падквадратная яма памерам прыкладна 2×2 метры, выкладзеная і перакрытая зверху дрэвам, аднак без слядоў пахавання. Гісторыкі мяркуюць, што гэта кенатаф. Такі сімвалічны надмагільны помнік будавалі ў гонар загінулага чалавека, калі месца яго спачыну было невядома.

Акрамя таго, у працэсе раскопак археолагі выявілі яшчэ два новыя месцы пахавання, здзейсненыя па абрадзе крэмацыі, якія не звязаны з доследнай групай курганоў. На дадзены момант вучоныя займаюцца вызначэннем дат іх з’яўлення.

Знойдзеныя артэфакты будуць вывучацца спецыялістамі гістарычнага факультэта БДУ, а потым іх перададуць у фонд навучальнай лабараторыі музейнай справы ўніверсітэта. Таксама плануецца прадоўжыць даследаванні комплексу пахавальных помнікаў у гэтай мясцовасці ў наступным годзе.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота даздзены прэс-службай БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?