Вы тут

Надрукавана ў «Полымі»: Жнівеньскі нумар


Восьмы, жнівеньскі, нумар «Полымя» не абмінае юбілей народнага пісьменніка Беларусі Пімена Панчанкі, цытуючы адзін з яго вершаў ужо на другой старонцы вокладкі. Ёсць у тым вершы і наступныя словы: «...У прыгажосці — свой закон...»


А публікацыі часопіса адкрываюцца падборкай вершаў Навума Гальпяровіча «Светлы ветразь лёсу». «Мой лёс паміж радкоў маіх прайшоў/ Ад гучнай да самотна-ціхай ноты,/ Праз кругаверці тлуму, адзіноты,/ Да горкіх страт мне дарагіх сяброў. / Ён свеціцца паходняй у палях,/ Але пакуль не скончана дарога,/ Я папрашу ў яго зусім нямнога: / Хай будзе ў шчасці родная зямля». Параім усім прачытаць і сімпатычныя вершы Настассі Нарэйкі, берасцейскай журналісткі, аб’яднаныя ў падборку «Я сустрэну цябе». З паэтычнымі творамі выступаюць у часопісе і кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Русілка з Віцебска, і маладая настаўніца з Магілёва Вольга Шпакоўская (яна назвала сваю падборку «Бачыць сэрцам»; у «Полымі», дарэчы, друкуецца ўпершыню).

У жнівеньскім нумары — пачатак рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка Менскага». Цыкл гісторыка-прыгодніцкіх твораў пра Пранціша Вырвіча добра знаёмы айчыннаму чытачу. Першыя шэсць раманаў з гэтай «авантурнай эпапеі» ужо пабачылі свет асобнымі кніжнымі выданнямі ў Выдавецкім доме «Звязда». Знайсці іх можна ў бібліятэках і кнігарнях краіны.

Айчынны чытач добра ведае празаіка, гістарычнага публіцыста Вітаўта Чаропку. У жнівеньскім нумары «Полымя» чытачу прапаноўваюцца старонкі яго «Запісной кніжыцы жыцця» пад назвай «Мой 2019 год». Дазволім сабе працытаваць запіс аднаго дня: «25. 01. 2019. Хаджу па кніжным кірмашы, аж ногі стаміліся насіць грэшнае тулава. Столькі кніг — разбягаюцца вочы. Пэўна, не ведаюць стомы працавітыя рукі пісак. Столькі пісаніны, што і за жыццё не прачытаць яе, калі нарэшце не звар’яцееш. Так што яшчэ пытанне, а ці станеш разумным і пранікнеш ва ўсе тайны жыцця, узяўшы на сябе ўвесь цяжар прачытання ўсеактуальнага пісьменства. Такія супярэчлівыя меркаванні, такія супрацьлеглыя думкі, як плюс і мінус пры падліках. Усё і ўся ставіцца пад сумненне, як ненадзейная аснова для простай ісціны, што абвяшчаецца пустой. А якая крытыка — езуіцкая ўсмешка з замілаваннем галубкі і з’едлівай атрутай на замасленых вуснах. А калі дайшло да абвяржэння, дык вусны замыкай, каб не расчаравацца ў словах. Ляжыць пісаніна, як мёртвы кодаб, пад цвёрдай вокладкай дамавіны і адметны шрыфт, і яскравыя карцінкі, нібыта помнік жалобы па нябожчыку. Застаецца толькі адна патрэбная заўсёды кніга — кніга твайго жыцця. І пакуль яна недапісаная, яе не варта і чытаць, а зрэшты, і яна нікому не будзе цікавай».

У «Полымі» — досыць грунтоўны артыкул Інэсы Марозавай «Ірэальнае і рэальнае Анатоля Казлова», рэцэнзіі на новыя кнігі Вячаслава Рагойшы, Алеся Бадака. Не абмініце і публікацыі Івана Капыловіча, Генадзя Пашкова, Ангеліны Ляшэнка.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.