Вы тут

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю


Наогул, навука — занятак, скажам так, «на аматара»: сумны, кабінетны, для дасведчаных. Каб убачыць сувязь «вузкаспецыяльных» навуковых адкрыццяў і дасягненняў са штодзённымі клопатамі і спадзяваннямі, часам патрабуецца на ўсю моц уключыць уяўленне. Дакладныя навукі цікавяць грамадскасць у першую чаргу ў аспекце пашырэння магчымасцяў смартфона, біятэхналогіі — з пункту гледжання новых сартоў памідораў-агуркоў для дачнікаў, астраномія — у разрэзе пошуку незямных цывілізацый, медыцынская навука — у сферы стварэння лекаў ад раку (або, скажам, сродку ад старасці)... А ў астатнім — кіпяць дзесьці ў цішыні кабінетаў нейкія навуковыя страсці, але, акрамя двух дзясяткаў высакалобых інтэлектуалаў, пра тое ніхто не здагадваецца. Праўда, ёсць адно выключэнне — гісторыя.


Прадстаўнікі БРСМ і Савета маладых вучоных пры Нацыянальнай акадэміі навук пачалі сумесныя археалагічныя раскопкі гарадзішча «Менка».

Тут у кожнага — сваё меркаванне: кожны нешта чытаў, дзесьці бываў, пра нешта разважаў, штосьці прыкідваў. Бо гістарычныя падзеі можна параўнаць з лесвіцай, якая вядзе з мінулага ў сучаснасць і далей у будучыню. Таму гісторыкам важна валодаць аб'ектыўнасцю клініцыстаў: рабіць высновы, зыходзячы толькі з фактаў і нічога не дадумваючы. А факты пастаўляюць археолагі, якія, дарэчы, 15 жніўня адзначылі сваё прафесіянальнае свята. У гэтай сувязі яны распавялі, што ўдалося «накапаць» апошнім часам і чаму гэта важна для беларусаў.

Пра што раскажуць стрэлы

Беларуская зямля падобная на слоены пірог: куды ні ступі, «культурныя слаі» — проста ў нас пад нагамі. На сённяшні дзень у нашай краіне выяўлена некалькі тысяч стаянак і паселішчаў розных храналагічных перыядаў, адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза. Так што святкаваць археолагам няма калі.

— На тэрыторыі Беларусі праводзіцца шмат экспедыцый, але асабліва я б адзначыў даследаванні на тэрыторыі Драгічынскага раёна — паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку Какорыца, — распавёў Вадзім Леанідавіч. — Гэта вельмі каштоўнае для архіялагічнай навукі паселішча, дзе захаваліся арганічныя артэфакты з косці, дрэва, рога. Вельмі цікавае паселішча Чырвоная Горка ў Жлобінскім раёне, якое даследуецца ў дадзены момант. На тэрыторыі гэтай стаянкі таксама захаваліся арганічныя артэфакты. У прыватнасці, наканечнікі стрэл эпохі мезаліту, неаліту і бронзавага веку. А наканечнікі стрэл — вельмі выразны датавальны матэрыял, які дазваляе казаць аб храналогіі.

Яшчэ адно знакавае даследаванне ў дадзены момант праводзіцца ў Любані, распавёў спецыяліст. Некалькі гадоў таму на гэтым месцы планавалася пабудаваць пажарнае дэпо. Але будоўля была адкладзена — што дало шанц археолагам выявіць мезалітычную стаянку.

— Яна была перакрытая тоўстым пластом торфу, і пад гэтым пластом «закансервавалася» частка жыцця людзей узростам у 8 тысяч гадоў. Гэта вельмі каштоўна для археалогіі, — падкрэсліў кіраўнік інстытута.

Ён распавёў, што сёння праводзяцца археалагічныя даследаванні ў Гальшанах, і знаходкі — значныя для беларускай археалогіі.

— Знойдзеныя там прадметы характарызуюць асаблівасці жыцця на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў перыяд вялікага перасялення народаў. Таксама знойдзены ўнікальныя матэрыялы, звязаныя з сярэдзінай ХІІІ стагоддзя — перыядам мангола-татарскага нашэсця.

Уражальныя вынікі далі раскопкі на Менцы, у Валожыне, на тэрыторыі Крывінскага тарфяніка, завяршыліся археалагічныя работы ў Верхнім замку ў Полацку. Апрача Акадэміі навук, надзвычай цікавыя даследаванні праводзіліся спецыялістамі БДУ, Магілёўскім, Гродзенскім, Віцебскім універсітэтамі.

— Акадэмія навук як рэгулятар сёлета выдала ўжо больш за 120 дазволаў на права правядзення археалагічных даследаванняў, — распавёў Вадзім Лакіза.

Пасля завяршэння раскопак работа з артэфактамі ўступае ў наступную фазу — знойдзеныя факты суадносяцца з пісьмовымі крыніцамі.

— Мы дапаўняем гістарычныя дакументы выразнымі маркёрамі. Так з'яўляюцца новыя інтэрпрэтацыі.

Аб каштоўнасці колатых гаршчкоў

Археалагічны комплекс на рацэ Менка — за 18 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мінска. Менка — правы прыток Пцічы, куды ў гарачыню мінчане ездзяць купацца. А ў старажытнасці на Менцы размяшчаўся Менск — паводле славянскай традыцыі, большасць гарадоў атрымлівала тады назву ад ракі, побач з якой знаходзілася.

— Чалавек асвоіў гэтыя землі яшчэ ў каменным веку. Тут сустракаюцца артэфакты эпох мезаліту, неаліту, жалезнага веку, ранняга сярэднявечча, ёсць помнікі 14-15 і 17—19 стагоддзяў. Жыццё тут ніколі не спынялася, — расказвае Андрэй Вайцяховіч, загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі. — І тут будзе зроблена яшчэ нямала археалагічных адкрыццяў. Але самае цікавае, на мой погляд, звязана з эпохай зараджэння беларускай дзяржаўнасці і фарміраваннем першага дзяржаўнага ўтварэння на нашай тэрыторыі — Полацкага княства.

Старажытны Менск (той, што на Менцы) мог увайсці ў Полацкае княства альбо пры Брачыславе Ізяславічу, альбо пры яго сыне Усяславе, вядомым як Чарадзей, лічылі раней гісторыкі.

— Але літаральна на мінулым тыдні было знойдзена донца гаршчка з выявай княскага знака, — распавядае спецыяліст. — Трызубец — асабісты знак князя Ізяслава, сына Рагнеды і Уладзіміра.

Калі ў Рагнеды адбыўся вядомы кожнаму школьніку канфлікт з мужам, яна разам з сынам была выслана на радзіму. Але ў летапісах не гаворыцца, куды менавіта. Лічылася, што князь пабудаваў для яе горад Ізяслаўль — герб горада паўтарае трызубец Уладзіміра, толькі на верхняй перакладзіне ў трызубца Ізяслава — крыж, бо князь быў «рахманы і богабаязны». Але ў Заслаўі археолагам не ўдалося адшукаць нічога, звязанага з Ізяславам. А знойдзенае на Менцы донца з'яўляецца радавым гербам сына Рагнеды.

— Гэта сведчыць, што дадзеныя тэрыторыі ўжо тады маглі быць аддадзены Кіевам князю Ізяславу і ўвайсці ў новае княства Полацкае ў канцы Х — пачатку ХІ стагоддзяў. Можна сказаць, гэта першы герб незалежных беларускіх земляў. Незалежнай ад Кіева дзяржавы, дзе правіў князь полацкай дынастыі Ізяслаў.

Больш за тое, гэта самы ранні знак на донцы гаршчка ва ўсёй Усходняй Еўропе, распавёў спецыяліст. У Кіеве самыя старажытныя знакі на донцах належаць да эпохі праўлення Яраслава Мудрага. Знойдзены ў Магілёве знак на донцы скрыні асацыіруецца з Усяславам, братам Брачыслава.

Цікавая і сама гісторыя Менска

— Падчас раскопак нам удалося ўстанавіць месца размяшчэння ювелірнай майстэрні, якая функцыянавала ў горадзе ў другой палове ХІ — пачатку ХІІ стагоддзяў. І гэта таксама вельмі важнае адкрыццё. Да гэтага моманту лічылася, што да канца ХІ стагоддзя Менск на Менцы перастаў існаваць, і паўстаў новы горад на Свіслачы. Але аказалася, што гэтыя два гарады каля 40 гадоў існавалі «паралельна». І паселішча на Менцы паступова згасала.

Спачатку баярства, потым рамеснікі і гандляры паступова перасяляліся туды, дзе жыць было камфортней, а гандляваць — выгадней. У выніку адтоку насельніцтва «стары горад» паступова ператварыўся ў звычайную вёску.

Пра рыбака і рыбку

Шмат знаходак сёлета падарылі навукоўцам і раскопы на Крывінскім тарфяніку.

— На стаянцы Асавец-2 знойдзены вырабы з косці і рога, наканечнікі стрэл, падвескі, амулеты з зубоў, а таксама ўнікальныя для тэрыторыі Беларусі знаходкі з бурштыну, які паступаў да нас з Прыбалтыкі па Дзвіне, — пералічвае навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Сяргей Ліневіч. — Гэта сведчыць, што ўжо ў тыя часы існаваў абмен паміж плямёнамі.

Там жа прадоўжаны работы па падводнай археалогіі на стаянцы Крывіна-3, распавёў спецыяліст.

— Калі стаянка Асавец-2 была раскрытая падчас здабычы торфу — то-бок у культурны пласт паступае кісларод, што прыводзіць да раскладання матэрыялу, культурны пласт стаянкі Крывіна-3 знаходзіцца пад вадой, ён закрыты для доступу паветра.

А гэта азначае высокую захаванасць знаходак, падкрэсліваюць археолагі. Пакуль даследчыкі залажылі толькі пробныя разведачныя шурфы, але зняўшы літаральна 20 см грунту, ужо знайшлі практычна ў першапачатковым выглядзе будынкі старажытнай стаянкі. Далейшыя даследаванні патрабуюць сур'ёзных працоўных і фінансавых выдаткаў, адзначыў Сяргей Ліневіч.

Самае распаўсюджанае пытанне да археолагаў — ну а скарб хоць раз знайсці атрымалася?... Часам археалагічныя знаходкі, якія выклікаюць захапленне ў спецыялістаў, не здольныя ўразіць абывацеля.

— Нядаўна знайшлі малюнак рыбкі на кераміцы позняга неаліту — узрост прыблізна пяць тысяч гадоў, — распавядае Вадзім Лакіза. — А літаральна днямі калега дасылае фота — на другім фрагменце, у суседнім квадраце раскопу, знайшлі рыбака! Гэта ўнікальныя эмоцыі. Такія знаходкі акрыляюць.

Аб выратавальных раскопках і чорных капальніках

Выратавальныя раскопкі — адзін з найважнейшых напрамкаў работы археолагаў, яны праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, расказаў Вадзім Лакіза.

— Мы не планавалі праводзіць раскопкі там, дзе было знойдзена донца гаршчка з трызубцам Ізяслава, — сказаў Андрэй Вайцяховіч. — Але да нас дайшла інфармацыя, што чалавек купіў участак у вёсцы (дзе, як мяркуецца, мог быць культурны пласт) і збіраецца будаваць дом. Мы ажыццявілі папярэднія раскопкі — і атрымалі ўнікальныя матэрыялы. Усё гэта магло быць знішчана ў ходзе будаўнічых работ.

Апошняе яшчэ раз падкрэслівае важнасць правядзення выратавальных раскопак на месцах будаўніцтва, падкрэслівае загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў Інстытута гісторыі НАН.

— Звяртаюся да праектных і будаўнічых арганізацый, — кажа дырэктар Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза, — з просьбай дакладна выконваць дзеючае заканадаўства аб ахове архітэктурнай і гісторыка-культурнай спадчыны. Ёсць такое паняцце, як выдача Інстытутам гісторыі заключэння аб наяўнасці або адсутнасці археалагічных аб'ектаў на тэрыторыі правядзення земляных, будаўнічых, меліярацыйных работ. Таксама існуе археалагічная экспертыза. Гэта ж зусім не складана — напісаць ліст у Інстытут гісторыі НАН (на сайце ёсць форма). Адміністрацыйная працэдура па выдачы заключэння бясплатная. Папярэднія даследаванні даюць магчымасць выявіць новыя археалагічныя аб'екты, новыя навуковыя матэрыялы.

Зрэшты, археалагічным каштоўнасцям пагражаюць не толькі «выпадковыя», але і «наўмысныя» небяспекі.

— На жаль, павінен сказаць аб новым узроўні праблемы чорных капальнікаў, — адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі. — Усё больш інфармацыі па актывізацыі іх дзейнасці — групамі, з металадэтэктарамі і вельмі добрым абсталяваннем, яны разбураюць археалагічную спадчыну ва ўсіх абласцях Беларусі. Гэта і поўдзень, прарадзіма славян (у прыватнасці, Пружанскі раён), і тэрыторыя Заходняй Беларусі, і ўсход краіны. Рарытэтныя прадметы прадаюцца адкрыта, у парушэнне заканадаўства дзейнічаюць сайты па продажы археалагічных каштоўнасцяў, у тым ліку за межы краіны. Дадзенае пытанне ўжо ставілася і абмяркоўвалася некалькі гадоў таму.

Сёння трэба шукаць новыя падыходы, мяняць менталітэт, стаўленне людзей да гісторыка-культурнай спадчыны, падкрэсліў кіраўнік інстытута. І павінна быць зацікаўленасць у вырашэнні пытання чорных капальнікаў не толькі з боку навукоўцаў, але і органаў улады.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дапамогуць бружмель і бацвінне. Якія прадукты варта дадаць у рацыён цяпер, каб умацаваць імунітэт да зімы?

Дапамогуць бружмель і бацвінне. Якія прадукты варта дадаць у рацыён цяпер, каб умацаваць імунітэт да зімы?

Сёння даказана, што лісце морквы, радыскі, рэпы і буракоў карыснае не менш за караняплоды.

Грамадства

Ваша дзіця піша вершы? Абавязкова растлумачце яму пра інтэлектуальную ўласнасць

Ваша дзіця піша вершы? Абавязкова растлумачце яму пра інтэлектуальную ўласнасць

Якія перавагі можа прынесці дзецям інтэлектуальная ўласнасць, расказалі ў НЦІУ.

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Кожны трэці Докшыцкага краю

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Кожны трэці Докшыцкага краю

Сёстры Хатыні... Колькі іх на тэрыторыі Беларусі? Гэту лічбу даследчыкі дакладна не могуць вывесці і сёння.