Вы тут

Каб забава не стала трагедыяй


Школьныя канікулы выйшлі на фінішную прамую. І калі дзяцей па зразумелых прычынах гэта асабліва не радуе, то ратавальнікі чакаюць навучальнага года з нецярпеннем. Мала таго, што летні перыяд для іх заўсёды самы напружаны, у надзвычайныя сітуацыі часцей, чым заўсёды, трапляюць непаўналетнія.


А ўсё таму, што часта яны застаюцца сам-насам. У многіх летам бацькі працуюць, не ва ўсіх ёсць бабулі і дзядулі, якія могуць за імі прыгледзець, а школьны, аздараўленчы або патрыятычны летнік як від адпачынку іх чамусьці не задавальняе. Аднак тым, хто пакідае непаўналетніх адных, трэба разумець: як толькі над дзецьмі, асабліва малымі, страчваецца кантроль — быць бядзе. І дзякуй богу, што камусьці шанцуе: і дзеці адны, і непрыемнасці не здараюцца. Толькі гэта не нагода расслабляцца.

Калі вада — бяда

Толькі вада гэтым летам забрала жыцці ў 16 дзяцей. Як ніколі дагэтуль, ратавальнікі актывізавалі прафілактычную работу. І калі адпаведныя гутаркі на тэму бяспечных паводзін каля вадаёмаў у школах, працоўных калектывах, а таксама акцэнт увагі на праблему праз сродкі масавай інфармацыі ўжо сталі традыцыйнымі, то такога частага, часам настойлівага апавяшчэння насельніцтва шляхам смс-паведамленняў раней не было. На жаль, не ўсе прыслухаліся да рэкамендацый і заклікаў супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — быць пільнымі і асцярожнымі падчас купання, берагчы дзяцей. Аб гэтым сведчыць вельмі сумная статыстыка.

За ёй — як правіла, недагледжанасць дзяцей з боку дарослых. У адзінкавых выпадках дзеці патанулі на вачах у бацькоў: трагедыя здарылася ў адно імгненне. Большасць жа непаўналетніх, у якіх вада забрала жыццё, знаходзіліся на вадаёме без дарослых. А калі і з імі, то апошнія былі занятыя больш важнай справай, чым бяспека іх уласных дзяцей, — у прыватнасці, распіццём алкагольных напояў.

Па нядаўніх выпадках, звязаных з трагічнай гібеллю дзяцей на вадзе, следчыя яшчэ праводзяць праверку. Вядома, што чатырохгадовы хлопчык, які патануў 5 жніўня ў Вілейскім раёне, пайшоў на возера адзін. Ён гасцяваў у сваёй бабулі ў вёсцы. Тая была занятая хатнімі справамі і не адразу заўважыла адсутнасць дзіцяці. Хлопчыка без прыкмет жыцця ў вадзе знайшоў мясцовы жыхар.

Да прыезду ратавальнікаў дасталі цела патанулага дзіцяці і жыхары Пухавіцкага раёна. Гэтым разам ахвярай вады аказаўся 14-гадовы падлетак. Трагедыя здарылася 8 жніўня. Як стала вядома, у той дзень на беразе ракі Пціч адпачывала кампанія з двух хлопцаў і дзвюх дзяўчат. У адно імгненне адзін з адпачывальнікаў знік з поля зроку іншых школьнікаў. Тады дзеці пачалі клікаць на дапамогу. Мясцовыя жыхары хутка зразумелі, у чым справа. На жаль, ужо было позна...

Смяротная вышыня

Кожнае лета калечаць, смяротна траўмуюць дзяцей і адчыненыя вокны. І, здаецца, для сем'яў, у якіх выхоўваюцца малыя дзеці, адчыненыя насцеж вокны (няважна, прысутнічае на іх маскітная сетка або не) павінны быць табу. На жаль, так лічаць не ўсе. Калі бацькі ўпэўнены, што іх дзеці самыя разумныя і дасведчаныя, таму блізка не падыдуць да адчыненых вокнаў або не змогуць адчыніць тыя, што зачынены, то памыляюцца. Колькі падобных трагедый адбылося нават тады, калі дома разам з дзецьмі знаходзіліся дарослыя. Класіка жанру — мама пячэ ў кухні катлеты, а дзіця ў іншым пакоі не глядзіць мульцікі і нават не малюе, як яна думае, а лезе на падаконнік і адчыняе акно. Калі дзеці застаюцца дома адны, асабліва малыя, то вокны — першае, ад чаго сыходзіць небяспека. І нават адсутнасць дарослых у кватэры на кароткі час можа каштаваць вельмі дорага.

19 ліпеня навіна аб падзенні шасцігадовай дзяўчынкі з акна шматпавярховіка ў Мінску разляцелася вельмі хутка. Шанцаў на жыццё ў дзіцяці не было — яно падала з вышыні дзявятага паверха. Як устанавілі следчыя, у гэты момант дома нікога не было. Бабуля, якая ў той дзень знаходзілася з унучкай, скарыстаўшыся тым, што малая спіць, выйшла ў краму. Калі вярнулася, дзяўчынкі дома не было. Усё адразу стала зразумелым, калі жанчына ўбачыла адчыненае насцеж акно без маскітнай сеткі, якая звычайна на ім прысутнічала.

Трагедыяй скончылася і сустрэча дзвюх сябровак у Быхаве. Маці, якая з двухгадовым сынам прыйшла ў госці да сяброўкі, часова пакінула сына без нагляду ў іншым пакоі. Калі яна палічыла дастатковым таго, што побач з дзіцем знаходзілася чатырохгадовая дзіця сяброўкі, то памылілася. Гэтая памылка каштавала вельмі дорага: двухгадовы хлопчык залез на тахту, якая стаяла побач з акном, адчыніў яго і ўпаў з вышыні пятага паверха. У цяжкім стане дзіця было дастаўлена ў рэанімацыйнае аддзяленне мясцовай бальніцы, але вярнуць яго да жыцця не ўдалося.

Што датычыцца малых дзяцей, то, зразумела, яны не разумеюць, якую небяспеку хаваюць адчыненыя вокны. Цікавасць, якая ўласцівая іх узросту, вабіць да забароненага. І гэта датычыцца не толькі вокнаў. Невыпадкова з імі павінны знаходзіцца дарослыя, якія могуць прадбачыць небяспеку, а адпаведна, не дапусціць трагедыі.

Калі ж з вокнаў падаюць падлеткі, як правіла, за гэтым стаіць іх неасцярожнасць і няўважлівасць. Віной трагедыі часта становяцца сучасныя сродкі камунікацыі. Няшчасны выпадак з 14-гадовай дзяўчынкай адбыўся 18 студзеня 2022 года ў Лунінцы. Школьніца здымала сябе на мабільны тэлефон, пры гэтым сядзела на парэнчы балкона. Страціўшы раўнавагу, дзяўчынка ўпала ўніз — з чацвёртага паверха! Нарадзілася яна ў кашулі — па-іншаму і не скажаш, бо абышлося толькі траўмамі.

Шлях у пастку

Апошнім часам пачасціліся выпадкі траўміравання дзяцей на дзіцячых пляцоўках і ў іншых месцах — падобныя надзвычайныя сітуацыі фіксуюцца ратавальнікамі практычна штодзень. Адным словам, шукаючы сабе прыгод на пятую кропку, дзеці ў прамым сэнсе трапляюць у пастку. Некаторыя становяцца заложнікамі надзвычайнай сітуацыі па неасцярожнасці.

Днямі, напрыклад, ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што патрабуецца дапамога дзіцяці, які самастойна не можа высунуць нагу з азбеставай трубы. Як стала вядома, здарылася гэта падчас прагулкі з мамай, якая таксама не змагла яе дастаць. Нагу двухгадоваму хлопчыку вызвалілі ратавальнікі. Не лепшым чынам гульня на дзіцячай пляцоўцы скончылася і для непаўналетняга жыхара Гродна, галава якога захраснула ў металічнай агароджы горкі. З дапамогай спецыяльнага інструменту ратавальнікі хутка вызвалілі дзесяцігадовага хлопчыка.

І калі захраснутымі дзесьці рукамі, нагамі і нават галовамі дзяцей ужо мала каго здзівіш, то ў студні дзеці падаюць нячаста. Днямі падобны сігнал паступіў ратавальнікам Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У тэхналагічнай студні глыбінёй прыкладна ў пяць метраў апынуўся хлопчык 2013 года нараджэння. Як высветлілася, у непрыемную сітуацыю школьнік трапіў, калі разам з сябрамі гуляў на тэрыторыі школы, якая не эксплуатуецца. На шчасце, хлопчык абышоўся толькі ўдарам ягадзічнай вобласці цела. Чаму студня была незачыненай, цяпер будуць разбірацца кампетэнтныя органы.

У Барысаве 5 жніўня дзеці не знайшлі лепшай забавы, як пакатацца на ліфце, прызначаным для пажылых людзей і людзей з інваліднасцю. Праз некаторы час ліфт спыніўся, выбрацца з яго не ўяўлялася магчымым — дзверы не адчыняліся. Зноў на дапамогу паспелі ратавальнікі. Свавольства ж дзяцей з аграгарадка Багушэвічы, што ў Бярэзінскім раёне, прывяло да пажару. Застаўшыся без нагляду дарослых, дзеці дзевяці і 11 гадоў вырашылі прыгатаваць папкорн з круп. Прытрымліваючыся рэкамендацый адной з сацсетак, якая прапаноўвала рэцэпт смачнай стравы, школьнікі нагрэлі сланечнікавы алей у каструлі да такой ступені, што ён загарэўся. Юныя кулінары не прыдумалі нічога лепшага, як патушыць агонь вадой (што катэгарычна забараняецца!), — у выніку адбыўся выбух, агонь распаўсюдзіўся па ўсёй кухні. Толькі дзякуючы шчасліваму збегу абставін дзеці змаглі пакінуць хату. Іх жыццю і здароўю нічога не пагражала. Што датычыцца жылля, іх бацькам трэба будзе прыкласці нямала сіл і фінансаў, каб прывесці хату ў прыстойны выгляд.

— Дзеці без нагляду — патэнцыйная рызыка для ўзнікнення небяспечнай сітуацыі, — звяртаецца да бацькоў афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Цікаўнасць дзяцей і часта адсутнасць здольнасці прагназаваць вынік свайго свавольства могуць прывесці да бяды. Забяспечвайце кантроль за дзецьмі, пастаянна нагадвайце ім аб мерах асабістай бяспекі. Кантралюйце гульні дзяцей! Безадказнасць і халатнасць, а разам з імі ўпэўненасць у тым, што з вашым дзіцем такое не адбудзецца, могуць каштаваць вельмі дорага.


Каб пазбегнуць выпадкаў выпадзення з вокнаў, ратавальнікі рэкамендуюць:

— устанавіць блакіратары адкрыцця вокнаў або спецыяльныя фіксатары, якія не дазволяць дзіцяці адчыніць акно больш чым на некалькі дзюймаў;

— выкарыстоўваць абмежавальнікі адкрыцця вокнаў з тросам, якія дазволяць адчыніць акно толькі на даўжыню троса;

— абараніць вокны, уставіўшы аконныя рашоткі;

— абсталяваць вокны спецыяльнымі накладнымі ручкамі на замку з камплектам ключоў;

— адсунуць ад вокнаў усе віды мэблі і не пакідаць у пакоі дзіцячыя табурэткі;

— не ўстанаўліваць маскітную сетку: дзіця ўспрыме яе як перашкоду і абапрэцца;

— не пакідаць вокны адчыненымі насцеж, калі ў кватэры дзіця;

— не дазваляць дзіцяці гуляць на падаконніку.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.