Вы тут

Што людзі пішуць


На фронт ён трапіў у сямнаццаць...

Алег Назаравіч Пліндоў і Барыс Генадзевіч Бейлін, відаць, найстарэйшыя ў Гомелі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай. Першаму — 99, другому — 95. Яны ваявалі на розных франтах, маюць узнагароды: Алег Назаравіч — два ордэны Айчыннай вайны і два медалі «За адвагу», Барыс Генадзевіч — медаль «За перамогу над Германіяй» і ордэн Айчыннай вайны другой ступені. Пазнаёміліся гадоў 20 таму ў шпіталі інвалідаў вайны і з таго часу моцна сябруюць. Абодва — інтэлектуалы, любяць літаратуру, мастацтва, раней, да пандэміі, часта выступалі з успамінамі перад моладдзю і пад настрой, змяняючы адзін аднаго, чыталі на памяць «Васілія Цёркіна».


Барыс Генадзевіч Бейлін у 1948-м і ў 2014 годзе.

Юнацкія парывы

— Калі нехта з франтавікоў будзе казаць вам, што нічога не баяўся, не думаў пра смерць, — не верце, — кажа Барыс Генадзевіч. — На вайне страшна ўсім, бо жывому — жывое... Верце таму, хто прызнаецца, што змог справіцца, пераадолець свой страх і нагнаць яго на ворага.

...Пачатак вайны школьніку Барысу Бейліну запомніўся бежанцамі, калонамі адступаючых чырвонаармейцаў, школамі і дзіцячымі садкамі, якія пераабсталёўваліся пад ваенныя шпіталі і запаўняліся раненымі.

Яго сям'і — маці і двум малодшым брацікам — удалося пакінуць Гомель у жніўні 1941-га. Дзе пешкі, дзе на падводах дабіраліся да Курска, адтуль — да горада Калініна, да станцыі Верашчагіна, што непадалёк ад Пермі, да горада Талды-Курган у Казахстане. Там, працуючы ў калгасе «Сталінец», 14-гадовы Барыс перабраў многія «пасады»: быў пастухом, паганятым быкоў ды валоў, прычэпшчыкам... Праз два гады асвоіў трактар і збожжаўборачны агрэгат.

Работа ў яго была круглы год: зімой падлетак вывозіў угнаенні, па саннай дарозе са станцыі Пустабэ на кабылах дастаўляў гаручае для калгаснай тэхнікі. Маразы ў тыя гады людзей не шкадавалі, па стэпах насіліся галодныя ваўкі.

За старанную работу Барысу налічвалі за дзень па паўтара працадня, — больш, чым дарослым калгаснікам. Плацілі натурай: пшаніцай, цукрам, семкамі, кукурузай... Частку заробленага можна было прадаць, абмяняць ці здабыць алей. Такім чынам у сям'і галоўным кармільцам стаў Барыс.

Але ж іншыя ваявалі, білі ворагаў...

Хлопец таксама хадзіў у ваенкамат — прасіўся на фронт, але кожны раз атрымліваў адмову: трэба падрасці. Урэшце яго паслалі на кавалерыйскія курсы, дзе ён так навастрыўся ездзіць конна (на вялікай хуткасці мог саскочыць з каня і ўскочыць назад на спіну), што, здавалася, мог выступаць у цырку! Асвоіў і спосаб запрагання шасці пар коней для перасоўвання цяжкіх гармат.

Тым часам наступіў 1944-ы, сям'я Бейліных вярнулася ў зруйнаваны Гомель, але і ў тутэйшым ваенкамаце на просьбу адправіць яго на фронт Барыс пачуў тое ж, што ў Талды-Кургане: трэба чакаць 18. Дакументы аб заканчэнні кавалерыйскіх курсаў не дапамаглі. «Вось калі б іншага профілю, — сказалі ў ваенкамаце, — магчыма, было б прасцей». — «Дык пашліце на тыя іншыя курсы», — слёзна прасіў хлопец, але яму ўсё роўна адмовілі.

— І тады я паступіў у аўташколу, — расказвае ветэран, — атрымаў пасведчанне кіроўцы. Гэтым разам мне, сямнаццацігадоваму, пайшлі насустрач... Але ж зноў няўдача: ад цяжкай работы ў калгасе ў мяне з'явілася грыжа, з ёй я трапіў у бальніцу, і толькі пасля аперацыі ўжо на фронт...

На вышках і ў... яме

Служба праходзіла ў Эстоніі, у 47-м асобным батальёне паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі 77-й дывізіі супрацьпаветранай абароны трэцяга Прыбалтыйскага фронту. Задача заключалася ў тым, каб выяўляць у небе самалёты ворага, па гуку вызначаць іх мадэлі, кірунак, хуткасць,  перадаваць гэтую інфармацыю радыстам, а тыя — зенітчыкам.

Днём месцам для назірання з'яўлялася спецыяльная вышка, ноччу — звычайная глыбокая (метра паўтара...) яма, якая дапамагала сфакусіраваць гук і вызначыць напрамак палёту.

Варожая авіяцыя іх пасты не бамбіла, але ж з боку эстонскіх нацыяналістаў напады былі. Падчас аднаго з такіх Барыс Генадзевіч атрымаў асколачнае раненне ў руку, наступствы якога адчувае дагэтуль.

На фронце яму давялося быць і кіроўцам баявой машыны, і сувязістам, і радыстам.

...Пасля Перамогі да 1951 года служыў у войску. Ён — капітан у адстаўцы.

Вайна падарвала здароўе яго бацькі (памёр у 52 гады), забрала трох родных дзядзькаў (чацвёрты, цяжка паранены, памёр ужо ў мірны час)...

Барыс Генадзевіч пасля заканчэння армейскай школы аўтамабільных механікаў, а затым і Саратаўскага аўтамабільнага інстытута працаваў на розных пасадах у Гомелі. Да гэтага часу ён, выдатнік Дзяржаўтаінспекцыі Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца камандзірам адной з гарадскіх дабравольных народных дружын па бяспецы дарожнага руху. З любімай жонкай Еўдакіяй Ісакаўнай, а цяпер ветэрану аднаму, ніколі не сорамна было азірацца на пражытыя гады, бо жылі сумленна.

...У Дзень Перамогі ў двары дома, дзе пражывае Барыс Генадзевіч, страявым маршам прайшлі курсанты ваенна-транспартнага факультэта ўніверсітэта транспарту. Гэта — даніна павагі.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Фота з сямейнага архіва суразмоўніка.


Быць патрэбнай... Іншых мэт яна не ставіла

Па жыцці — пахвалюся — мне шчасціць на добрых людзей. Вось і пра Людмілу Адамаўну Аралкіну спачатку чула, што яна, як тое сонца, усіх стараецца абагрэць, а потым і ўбачыла: усё праўда.

Сям'ю, дзе тая гадавалася, ведалі ў Беразіно як шматдзетную і вельмі працавітую. Людачка, адна з малодшых дачок, шкадуючы хваравітага бацьку, ва ўсім старалася дапамагаць і марыла стаць медыкам.

Як надумала, так і зрабіла: скончыла восем класаў беларускамоўнай сярэдняй школы імя графа Патоцкага і медвучылішча ў Чэрвені, па размеркаванні трапіла ў далёкую Растоўскую вобласць. Там, у сяле Кірсанаўка, Людміла набіралася ведаў і вопыту. На рабоце заўжды сур'ёзная і прынцыповая, а ў кампаніі — першая запявала, яна хутка заваёўвала аўтарытэт. Яе абралі ў праўленне калгаса. Яна прысутнічала на планёрках, дзе ўзнімаліся розныя пытанні. Неяк Людміла сказала, што нельга ў вёсцы без грамадскай лазні...

Гэтую прапанову тады не проста падтрымалі — знайшлі сродкі, каб узвесці такі патрэбны аб'ект. І нават назвалі яго ў гонар ініцыятаркі — «Людміла».

...Там, у Кірсанаўцы, прайшла яе маладосць, там яна выйшла замуж за музыканта і дырэктара СДК Генадзя Аралкіна, там пасадзіла цэлы сквер з любімых бярозак, якія так клікалі дамоў у родныя мясціны. «Добра ў людзях, ды цяжка ў грудзях» — гэта матуліна прымаўка болем адгукалася ў сэрцы дачкі. У выніку яна вярнулася ў сваё роднае Беразіно.

У мясцовай бальніцы яе сустрэлі з радасцю — стала працаваць медсястрой у хірургічным аддзяленні побач з прызнанымі мэтрамі: галоўным урачом Яўгенам Піліпавічам Ручко, Віктарам Аляксандравічам Маеўскім, Міхаілам Сяргеевічам Гермалідам, Юрыем Васілевічам Мазайлам. Яны для яе, а яна для іх стала сапраўднай знаходкай, бо была яшчэ і донарам — прычым з вельмі рэдкай, чацвёртай, групай крыві і адмоўным рэзусам.

...Разам з тым у асабістым жыцці Людмілы надышла чорная паласа: не стала аднаго з сыноў, а потым і мужа. Новыя абставіны вымусілі яе змяніць работу: да выхаду на сапраўды заслужаны адпачынак яна была дзяжурнай у прыёмным пакоі бальніцы.

...Не сядзіць склаўшы рукі і цяпер. Дапамагае сыну з нявесткай гадаваць двух хлапчукоў-унукаў і даглядае коз. «Іх малако — сапраўдны эліксір здароўя. Шкада, што людзі яго недаацэньваюць».

Коз у Людмілы Адамаўны восем. Жанчына выганяе іх да прыбярэжных кустоў Бярэзіны, садзіцца вязаць альбо лавіць рыбу, а яны самастойна здабываюць ежу. Разумныя жывёлкі: бачаць, калі гаспадыня пачынае збірацца дамоў, і паслухмяна крочаць за ёю следам. Жыццё працягваецца.

Ніна БУРКО

г. Беразіно.


«Звязду» ў нас любілі ўсе

У далёкія трыццатыя гады дваццатага стагоддзя ў вёсцы Радкава, што на Салігоршчыне, жыла сям'я майго дзеда Ігната Аляшкевіча. Дзевяць дзетак, вялікая гаспадарка, зямля — работы хапала. Але ж не ёю адною. У гэтай сям'і, што нячаста назіралася ў тыя часы, усе, апроч малечы, былі пісьменнымі, на стале заўсёды ляжалі свежыя газеты і часопісы.

У 1937 годзе іх найпершы чытач, мой дзядуля Ігнат, па даносе быў арыштаваны, асуджаны і больш дахаты не вярнуўся. Без яго бабулі вельмі цяжка прыйшлося, ды дзеці памалу падрасталі — разляталіся з роднага гнязда. У вёсцы, з мамай, заставаўся мой тата. Жаніўся, з'явілася я…

Калі мне споўнілася пяць гадоў, тата вырашыў вучыць мяне грамаце, але не па кніжках (на такую раскошу не хапала грошай), а па газеце. З загалоўкаў ён выразаў вялікія літары, клеіў іх на паперу: і па гэтым самаробным алфавіце вучыў мяне чытаць.

Такім вось было першае знаёмства з газетай «Звязда», якую ў сям'і любілі ўсе. Да свайго апошняга дзянёчка (а пражыла яна 90 гадоў) чытала «Звязду» мая бабулька Зося. Так і ўспамінаецца: сядзіць на шырокай лаве каля вялікага акна, каб на старонку падала сонечнае святло, «каб відней было», — і чытае.

Гледзячы на ўсіх, чытала і я, малая, — чыста механічна, спачатку нічога не разумеючы, а пасля…

Пасля таго як не стала бабулі, «Звязду» і таксама да апошніх дзён чытаў мой тата. Не магла ёй здрадзіць і я — стала купляць газету ў кіёсках.

Чытаць і пісаць любіла заўсёды: дзённікі, вершы, нататкі…

У сталыя гады гэтыя напрацоўкі дазволілі мне вярнуцца да творчасці: на сёння я аўтар і сааўтар дзясяткаў зборнікаў паэзіі і прозы, лаўрэат многіх конкурсаў... І дапамагла мне ў гэтым менавіта «Звязда». Ёй, усім чытачам газеты, мае віншаванні са сто пятым днём нараджэння.

Валянціна БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ

Салігорскі раён.


Не вучыце рыбу плаваць

У майго дванаццацігадовага ўнука звычак шмат і розных. Адна з іх — наведваць сваіх бабуль і дзядуляў. Робіць ён тое досыць рэгулярна і ў канкрэтныя дні. Няцяжка здагадацца, у якія.

Дык вось, неяк раз унук прыязджае, атрымлівае пэўную суму з пенсіі, досыць цярпліва зносіць чарговую мараль, бо ў яго бабулі таксама звычка: аддаючы сваю «капейчыну», яна заўсёды нагадвае ўнуку пра неабходнасць эканоміі…

У той раз, завяршаючы «пропаведзь», яна, між іншым, сказала, што сёння ў дзядулі дзень нараджэння. Будзе салодкі стол, так што прысмакі можна не купляць — сэканоміць.

— Добра, — згадзіўся ўнук і праз паўзу дадаў: — Я таксама хачу скінуцца дзеду на падарунак... Дай мне яшчэ рубель.

...Бабуля, выцягваючы яго з кашалька, толькі цяжка ўздыхала: «І каго я вучу эканоміі?!»

Я. ШАСТАКОЎ

г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.