Вы тут

Беларусь зацікаўлена ў забеспячэнні міру ў Еўропе


Беларусь зацікаўлена ў забеспячэнні міру ў Еўропе. Аб гэтым заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч на X Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, паведаміла БелТА.

У маскоўскім форуме па бяспецы ўзяло ўдзел больш за 700 гасцей, сярод іх міністры абароны, начальнікі генеральных штабоў, дэлегацыі ваенных ведамстваў, прадстаўнікі экспертнай супольнасці з розных дзяржаў, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый. На канферэнцыі абмеркавалі праблемы глабальнай і рэгіянальнай стабільнасці, а таксама розныя аспекты бяспекі ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Блізкім Усходзе, у Лацінскай Амерыцы.


Аляксандр Вальфовіч назваў відавочным, што НАТА планамерна разбурае існуючую архітэктуру глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, арганізацыя істотна нарасціла прысутнасць на сваіх усходніх граніцах. «Гэтыя працэсы пачаліся не з пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, а значна раней: свядома адхіляліся канструктыўныя пасылы Расіі і яе саюзнікаў аб непадзельнасці прасторы бяспекі еўрапейскага кантынента, недапушчальнасці назапашвання ваенных патэнцыялаў у шкоду інтарэсам іншых краін рэгіёна, непрымальнасці пашырэння альянсу і ваеннага асваення ім постсавецкай прасторы», — нагадаў кіраўнік Савета бяспекі Беларусі.

«Адначасова з гэтым альянс прадаўжае прасоўваць палітыку адчыненых дзвярэй: Фінляндыя і Швецыя, аргументуючы сваё рашэнне пагаршэннем бяспекі ў рэгіёне, рыхтуюцца да ўступлення ў НАТА. Гэта відавочнае неабгрунтаванае палітычнае рашэнне», — дадаў Аляксандр Вальфовіч.

Глабальнае супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам перайшло ў гарачую фазу, заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін. «Яшчэ летась з гэтай трыбуны мы гаварылі аб распачатай на планеце глабальнай проксі-вайне за будучую мадэль светаўладкавання. Сёння мы можам з упэўненасцю канстатаваць: вайна перайшла ў гарачую фазу», — сказаў Віктар Хрэнін.

«Паводле нашага глыбокага пераканання, спецыяльная ваенная аперацыя, вымушана распачатая Расіяй на тэрыторыі Украіны, — гэта не чарговы, радавы лакальны ваенны канфлікт. Гэта знешняя праява глабальнага цывілізацыйнага супрацьстаяння паміж Захадам і Усходам. І тут мы абсалютна салідарныя з расійскімі калегамі, якія выклалі сваё бачанне», — адзначыў міністр абароны.

«Выснову мы робім адну: сутычка разгорнута не на жыццё, а на смерць па ўсіх франтах. Пытанне стаіць вельмі востра: калі пераможа канцэпцыя глабалізму, то Захад захавае права дыктаваць астатнім правілы гульні і свабодна распараджацца сусветнымі рэсурсамі для працвітання «залатога мільярда». У адваротным выпадку ў будучым шматпалярным свеце краінам заходняй цывілізацыі прыйдзецца расстацца з гегемоніяй і часткай падкантрольнай рэсурснай базы з усімі наступствамі для іх дабрабыту. Таму менавіта за сваё багатае жыццё яны ваююць сёння на тэрыторыі Украіны рукамі ўкраінцаў у сучаснай версіі проксі-вайны», — падкрэсліў Віктар Хрэнін. На яго думку, украінская дзяржава ў гэтай вайне па даверанасці выступае толькі ў ролі пешкі ў вялікай гульні. «Вашынгтон і Лондан узначалілі супрацьстаянне так званаму рускаму свету, але будучы не гатовымі да прамога супрацьстаяння, яны аддаюць перавагу кідаць у мясарубку вайны сваіх васалаў, пазіцыянуючы сябе па-над сутычкай, — заўважыў Віктар Хрэнін. — Адначасова еўрапейскія саюзнікі амерыканцаў і брытанцаў з іх падачы працягваюць напампоўваць Украіну зброяй і боепрыпасамі. А кіраўніцтва ўсходнееўрапейскіх краін, нягледзячы на долю Украіны, наогул працягвае па яе прыкладзе адкрыта гандляваць русафобіяй і сваімі грамадзянамі».

«Замарожаны Кіевам мірны перагаворны працэс суправаджаецца беспрэцэдэнтным нарошчваннем ваеннай актыўнасці іншых краін Еўропы. Захад не хавае свайго жадання максімальна прадоўжыць канфлікт, для чаго Украіну прадаўжаюць напампоўваць зброяй», — сказаў Аляксандр Вальфовіч. Ён канстатаваў: праблема карумпаванасці ўкраінскіх чыноўнікаў прывяла да таго, што гэтая зброя ўжо выйшла на чорныя рынкі і сур'ёзна пагражае бяспецы краін у іншых рэгіёнах свету. «Многія краіны дзейнічаюць нават ва ўрон сваім інтарэсам, планамерна разбураюць існуючую архітэктуру глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, практычна балансуюць на мяжы вайны, што безумоўна перашкаджае пачатку мірнага перагаворнага працэсу», — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі. Паводле яго слоў, у гэтых працэсах відавочная дэструктыўная роля НАТА, якая істотна нарасціла прысутнасць на сваіх усходніх граніцах.

Захад свядома падсілкоўвае рэгіянальныя канфлікты, культывуючы ўльтраправыя ідэі. «Інфармацыйнае ўздзеянне немагчымае без трансфармацыі ідэалогіі, рэгіянальныя крызісы свядома падсілкоўваюцца Захадам, у іх ключавая роля адведзена марыянетачным, залежным дзяржавам, — сказаў Аляксандр Вольфавіч. — Для падтрымання ваяўнічага запалу ў іх культывуюцца ультранацыяналістычныя ідэі, якія дазваляюць убачыць паралель з пабудовай сучасных фашысцкіх грамадстваў, дзе грамадзяне дзяржавы падзелены па расавай, нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце на сваіх і чужых. З сучасных прыкладаў падобных эксперыментаў — цяперашняя Украіна, чыя эліта ў аснову нацыянальнай ідэі паклала жудасную сумесь нацысцкай спадчыны такіх дзеячаў, як Бандэра і Шухевіч, ашалелую русафобію і агрэсію».

Сакратар Савета бяспекі падкрэсліў: уплыў украінскага крызісу выйшаў далёка за межы Еўрапейскага рэгіёна, у выніку яго мэтанакіравана дэвальвуецца партнёрства паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі, парушаны глабальныя эканамічныя, фінансавыя і сацыяльныя сувязі, практычна страчаны магчымасці сумесна вырашаць праблемы захавання міру і стабільнасці ў Еўропе. «Рэзкае абвастрэнне абстаноўкі ўнутры і вакол Украіны, ваенная падтрымка Захадам нацызму і экстрэмізму, распальванне нацыяналістычных супярэчнасцяў не толькі не садзейнічаюць больш хуткаму ўрэгуляванню ваеннага канфлікту, але і могуць прывесці да таго, што барацьба з гэтым злом надоўга падарве перспектывы мірнага жыцця еўрапейскіх народаў», — заявіў Аляксандр Вальфовіч.

Аляксандр Вальфовіч назваў інфармацыйную экспансію і свядомае маніпуляванне лічбавымі тэхналогіямі адным з фактараў нестабільнасці, якія ствараюцца заходнімі дзяржавамі. «Безадказна выкарыстоўваючы сродкі інфармацыйнай камунікацыі, Захад імкнецца навязаць уласныя ілжывыя наратывы аб дзеяннях іншых дзяржаў, фарміруе фэйкі, прапагандысцкія штампы, дэманізуе вобразы асобных краін, якія не падыходзяць пад заходняе ўяўленне аб светапарадку, — сказаў ён. — Праз сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя сродкі аказваецца непрыкрыты дэструктыўны ўплыў на грамадскія інстытуты, правакуюцца сацыяльныя канфлікты, акты грамадзянскага непадпарадкавання і масавыя беспарадкі, ідзе падмена традыцыйных каштоўнасцяў грамадства, фальсіфікуецца гістарычная праўда цэлых народаў».

«Тут дарэчы ўспомніць, што без увагі заходніх краін засталіся ініцыятывы Беларусі і Расіі па ўвядзенні міжнародных нормаў адказных паводзін у кіберпрасторы, — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі.— Праігнараваны беларускія прапановы, якія неаднаразова вылучаюцца на міжнародных пляцоўках Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам па стварэнні пояса лічбавага добрасуседства і лічбавым суверэнітэце, якія прадугледжваюць укараненне і прытрымліванне прызнаных нормаў неўмяшання ў нацыянальную кіберпрастору кожнай краіны».

У якасці прыкладу канструктыўнага ўзаемадзеяння ў дадзенай галіне Аляксандр Вальфовіч прывёў сумесную работу Беларусі і Расіі па распрацоўцы канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Ён адзначыў, што на выпрацоўку агульнапрызнаных правілаў паводзін у інтарэсах забеспячэння бяспекі і ўстойлівага развіцця накіраваны розныя ініцыятывы, якія вылучаюцца Беларуссю, у тым ліку нацэленыя на будаўніцтва новай архітэктуры рэгіянальнай бяспекі. «Іншым дзяржавам пастаянна прапануецца сумеснымі намаганнямі запусціць шматбаковы дыялог на гэтую тэму — як у рамках механізмаў міждзяржаўнага супрацоўніцтва, так і паміж міжнароднымі арганізацыямі, — сказаў Аляксандр Вальфовіч. — Нам усім важна рухацца да абнаўлення існуючых і стварэння новых інструментаў і структур, якія будуць несці адказнасць за бяспеку ў сваіх рэгіёнах».

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.