Вы тут

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?


Гродна заўсёды лічыўся зялёным горадам. Але аказалася, што гэта не так. Навукоўцы падлічылі, што працэнт азелянення дрэвамі і кустамі не дасягае патрэбных 50 % плошчы. Таму цяпер стаіць задача выправіць сітуацыю. Вядома, гэты прабел імкнуцца запоўніць спецыялісты адпаведных прадпрыемстваў. Але і самі гараджане не стаяць у баку. У адным са спальных мікрараёнаў горада «зялёную» тэму падтрымаў камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пры ЖЭСе № 11. Жыхары шматпавярховікаў па ўласнай ініцыятыве ствараюць зялёныя зоны ў сваіх дварах.


‘Дрэваў шмат не бывае. Да такога рашэння прыйшлі жыхары дамоў па вуліцы Болдзіна ў Гродне. Закупілі туі, не пашкадавалі сродкаў на іншыя экзатычныя і дэкаратыўныя расліны. У спецыяльным гадавальніку заказалі саджанцы абляпіхі. І залажылі міні-парк. Атрымалася вельмі ўтульна.

— Вось каля пад'езда пасадзілі туі, дрэвы, кветкі. Ініцыятарам сталі жыхары першага паверха. Па іх просьбе ў ЖЭСе зрабілі металічную агароджу, — расказвае мая спадарожніца па мікрараёне, старшыня камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Наталля Сасім. — ЖЭС дапамагае, без яго — ніяк. Майстры правялі зварачныя работы і прынеслі агароджу. Усё ж такі трэба даводзіць справу да канца. Мала проста пасадзіць, трэба яшчэ стварыць раслінам больш-менш бяспечныя ўмовы для росту.

Перасякаем яшчэ адзін двор — і перад намі паўстае вялізны палісаднік, увесь у квецені летніх красак. Здаецца, ніводзін кавалачак зямлі тут не пустуе. А стварылі такое хараство дзве сястры. Адну з іх — Марыну — мы засталі на вуліцы. Чаму жанчыны вырашылі заняцца кветкаводствам на агульнай тэрыторыі? Гэта ж не тое, што на асабістым падворку. Але, здаецца, для жанчын такое пытанне не стаіць. Імкненне зрабіць такі кветкавы рай бярэ верх над усімі перашкодамі.

— Бывае, што хадзілі тут, ламалі кветкі і кусты, але ў ЖЭСе зрабілі невялікі драўляны плот, цяпер праз гэтую агароджу ніхто не лазіць, — канстатуе Марына і запрашае прыйсці ўвосень, калі пачынаюць цвісці астры, гладыёлусы, хрызантэмы.

Накіроўваемся да наступнага шматпавярховіка. Тэрыторыя вакол пад'езда невялікая — палоска ўздоўж тратуара і кавалак зямлі каля сцяны. Але вочы разбягаюцца ад колькасці розных раслін. І колькі іх відаў — цяжка сказаць: мо каля сотні.

Гэты пад'езд, кажа Наталля, найбольш арганізаваны. Аматаркі добраўпарадкавання жывуць на першым паверсе. Неяк вырашылі, што добра было б зрабіць зялёны куток перад уваходам. Справу не сталі адкладваць, дружна сабраліся і вырашылі выдаткаваць на гэтыя мэты па 25 рублёў з кватэры. Для сямейнага бюджэту сума не адчувальная, а ў справе азелянення атрымаўся даволі прыгожы вынік. На гэтыя сродкі і закупілі рознай расліннасці. Параіліся з ландшафтным дызайнерам, які працуе на прадпрыемстве «Гродназелянбуд». Той не толькі з раслінамі дапамог, але і падказаў, дзе і як размясціць іх вакол пад'езда. Быў складзены падрабязны эскіз, кажа Наталля. Узгаднілі з жыхарамі, якія, дарэчы, самі і высадзілі дэкаратыўныя расліны. Атрымаўся сапраўдны дэндрарый.

Наталля паказвае на пустую тэрасу вакол аднаго з дамоў. Пакуль там расце трава, але ёсць агароджа, участак падняты над агульным узроўнем і нібыта чакае добраўпарадкавання і азелянення. «Так, сапраўды, у жыхароў дома ёсць такая мэта — зрабіць тут зону адпачынку, высадзіць дэкаратыўныя кусты і дрэвы. Але пакуль яны занятыя іншым — укладваюць плітку ў пад'ездзе». І сапраўды, частка пліткі пакладзена і высыхае, некалькі скрыняў стаіць напагатове.

У пад'ездзе гэтага руплівага дома звяртаю ўвагу на дзівосныя сцены. Жыхары праявілі тут сапраўдны крэатыў. Яны не сталі спыняцца на касметычным рамонце, а замахнуліся на гістарычнае пано. У выніку рэалізацыі творчага падыходу на сцяне з'явілася ляпніна з выявай старажытнага Гродна.

Сёстры Дзіяна і Мілана прызнаюцца: гэтае хараство не перастае радаваць вока. На іх думку, такія пад'езды могуць быць у кожным доме, гэта і стыльна, і прыгожа. Трэба дбаць не толькі аб зручнасці, але і аб эстэтыцы быту, кажуць дзяўчаты. Усе, хто прыходзіць у пад'езд, госці ці так нехта, абсалютна ўсе выказваюць захапленне насценным барэльефам.

— Жыхары пад'езда самі вырашаюць, куды траціць грошы, — кажа яшчэ адна жыхарка дома Вольга. — Калі задумваем нейкі праект, наймаем падрадчыкаў і добраўпарадкоўваем. Штосьці робім сваімі сіламі, здаецца, плітку цяпер кладуць нашы суседзі. Праўда, ёсць моманты, калі складана дагаварыцца паміж сабой. Не кожны хоча ўносіць грошы для гэтых мэт. Але пасля таго, як становіцца відаць вынік, новы праект рухаецца хутчэй.

Вольга гатовая падтрымаць і стварэнне зялёнай зоны на дамавой тэрасе. Гэты праект жыхары не раз абмяркоўвалі, кажа яна, магчыма, да яго вернуцца пасля таго, як завершацца работы па добраўпарадкаванні ганка і пад'езда.

Да наступнага «зялёнага» аб'екта ідзём уздоўж доўгай бетоннай агароджы. «Можа, графіці яркае зрабіць на гэтым бетоне?» — пытаюся ў Наталлі. Яна прызналася, што ніколі не задумвалася над гэтым, але ідэя сама па сабе слушная. Можна будзе абмеркаваць яе з жыхарамі.

Мімаходам Наталля паказвае чарговы дом, дзе дружныя жыхары выходзілі на суботнік, бялілі бардзюры, фарбавалі лаўкі. Праўда, такіх энтузіястаў пакуль няшмат. Многія прывыклі па інерцыі чакаць, што нехта прыйдзе і для іх штосьці зробіць.

Пакуль у гэтым доме толькі адзін пад'езд пагадзіўся добраўпарадкаваць сваю тэрыторыю. Высадзілі туі, клёны, кветкі, паставілі невялікую інсталяцыю — драўляны дэкаратыўны млын. Звярнуліся да Наталлі, каб работнікі ЖЭСа пафарбавалі.

— Мы заўсёды абмяркоўваем планы развіцця нашага раёна, што мы можам зрабіць. Вясной праводзім суботнікі, прыцягваем жыхароў, садзім дрэвы, кветкі, добраўпарадкоўваем тэрыторыю. Калі займацца талакой, работа не здаецца такой манатоннай і напружанай, — лічыць мая спадарожніца.

Наталлі як аднаму з самых актыўных кіраўнікоў гарадскіх тэрытарыяльных камітэтаў самакіравання ў гарсавеце прапанавалі ўзяць удзел у абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. Сапраўды, яе энергіі хопіць на любы праект. Але знайсці «сваю» тэму аказалася не вельмі проста.

— Праект трэба зрабіць, каб задаволіў жыхароў усяго мікрараёна. Грошы немалыя, але што зрабіць такое, каб маглі ўсе карыстацца? — задаецца пытаннем жанчына. — Спартыўная пляцоўка наўрад ці будзе запатрабаваная, тут пражывае большасць людзей сталага ўзросту. Дзіцячых пляцовак у нас нямала, іх хапае. Магчыма, будзем разглядаць «зялёную» тэму — гэта актуальна для горада.

Па яе словах, каб трапіць у праект, трэба ўсё дэталёва распісаць — дзе, што, на якім участку размесціцца. Вызначыцца неабходна да 1 кастрычніка. А галоўнае — падключыць людзей для ажыццяўлення праекта. Бо менавіта на такі падыход і разлічаны ўвесь конкурс. «Сёння ў людзей прачынаецца інтарэс да агульнай справы, — кажа Наталля. — Яны сапраўды хочуць зрабіць утульнымі не толькі свае кватэры, але і двары. І такіх прыкладаў у нас нямала. Менавіта на такія дамы трэба раўняцца і іншым жыхарам».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.