У Махроўскім сельсавеце адкрылі памятны знак партызанам атрада імя Тадэвуша Касцюшкі. Сельсавет, дарэчы, не перапыняў сваю дзейнасць нават у гады фашысцкай акупацыі
Цяпер іх імёны нанесены на мемарыяльную дошку. Сярод іх — Мечыслаў Гандэр, Казімір Нявінскі — зусім хлопчыкі, першаму — 18 гадоў, другому — 20. Чатыры іх таварышы крыху старэйшыя — ім ад 23 да 30 з невялікім гадоў. Яны былі байцамі партызанскага атрада імя Т. Касцюшкі Пінскай партызанскай брыгады. Нядаўна ўстаноўлена месца пахавання абаронцаў радзімы польскай нацыянальнасці і ўвекавечана іх памяць.
Вёска Махро застаецца далёка ззаду, мінаем і паварот на Баландзічы, едзем далёка ў лес. Гэтае ўрочышча называюць Вошчын, яно зусім побач з беларуска-ўкраінскай граніцай. Урачыста-жалобнае мерапрыемства з нагоды адкрыцця помніка праходзіць тут. Равеснікі тых, хто ляжыць пад крыжам, цяперашнія беларускія вайскоўцы, запальваюць лампадкі і выстраламі салютуюць у гонар загінулых байцоў. Да манумента кладуцца кветкі, гучаць невялікія прамовы.
Двое названы, а яшчэ Казімір Бянькоўскі, Андрэй Качан-Дубянецкі, Станіслаў Кавальчык, Францішак Манеўскі — усе загінулі каля вёскі Любязь на тэрыторыі цяперашняй Украіны ў 1943 годзе ў баі з бандэраўцамі, якія лютавалі ў тутэйшых лясах. Але хаваць хлопцаў прывезлі сюды, бо жыхарамі навакольных хутароў заўсёды былі этнічныя палякі, кажуць, былі нават свая школа, невялікі касцёл, дзе хлопцаў адпявалі. І пахавалі іх тут. Рэшткі старых драўляных крыжоў на магілах захаваліся да гэтай пары.
Старшыня Махроўскага сельскага Савета Іван КУНАХАВЕЦ расказаў, што мясцовая школа мае вельмі добры гісторыка-краязнаўчы музей. Пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці займаюцца пошукавай работай. І гадоў з восем таму юныя пошукавікі рашылі заняцца аднаўленнем дыслакацыі Пінскай партызанскай брыгады. Мясцовая ўлада ўвесь час аказвала ім дапамогу.
Вынікам работы стала аднаўленне партызанскай стаянкі ва ўрочышчы. Цяпер на гэтай стаянцы праходзяць мерапрыемствы, турысты маюць магчымасць яе наведаць.
— Пінская партызанская брыгада дзейнічала ў Пінскім, Жабчыцкім, Іванаўскім раёнах, — расказвае Іван Кунахавец. — Асноўныя сілы брыгады размяшчаліся за Дняпроўска-Бугскім каналам, штаб брыгады знаходзіўся ў Пуслоўскім лесе. Адсюль партызаны наносілі ўдары па ворагу, узрывалі эшалоны, чынілі дыверсіі ў гарадах — займаліся звычайнай баявой работай. У лютым 1944 года Пінская брыгада брала ўдзел ў гераічнай абароне на рубяжы Дняпроўска-Бугскага канала. Выходзіць, што партызаны паспяхова супрацьстаялі падраздзяленням рэгулярнай арміі. Тады брыгада налічвала каля тысячы партызанаў.
Менавіта дзеці выступілі ў свой час з ініцыятывай аднавіць лагер. Работа працягвалася тры гады. Спачатку тэрыторыю расчысцілі ад кустоўя, аднавілі штабную зямлянку, памалу рэстаўрыравалі траншэі і агнявыя пункты, вызначылі месцы, дзе знаходзіліся калодзежы. Іх было, як аказалася, восем. Пітная вада — аснова існавання базы. Падчас такой работы нават знайшлі кубак і газавую лямпу, цяпер гэтыя прадметы сталі экспанатамі школьнага музея.
Вядома, намаганняў дзяцей і іх настаўнікаў тут не хапала. Падключылася мясцовая ўлада. Найперш прывялі ў парадак дарогу, каб можна было прыехаць нават на легкавой машыне. Пачалі шукаць спонсараў на будаўніцтва. Такія, на шчасце, знайшліся, дапамаглі фінансава. Падтрымаў ідэю і паспрыяў у рабоце райвыканкам.
Зямлянкі адбудавалі ў адпаведнасці з архіўнымі матэрыяламі і ўспамінамі партызанаў. Напрыклад, дах зрабілі як тады: па драўляных жэрдках расклалі чарот. Адноўлены таксама бліндаж разведчыкаў і палявы шпіталь. Паявіліся сталоўка і партызанская кухня, памяшканне для прадуктаў. Ёсць яшчэ адзін характэрны атрыбут партызанскага жыцця — лясная школа з дошкай.
Побач з лагерам у час вайны знаходзіліся партызанскія могілкі. Відаць, каб месца было прыкметнае, іх уладкавалі пад вялікім дубам. А на дубе выразалі прозвішчы загінулых. Астанкі партызанаў былі перапахаваны ў брацкую магілу вёскі Махро яшчэ ў 1951 годзе. А надпісы засталіся, праўда, за столькі гадоў яны зараслі так, што не чыталіся. Але на дапамогу прыйшлі пінскія судмедэксперты, і адзін з надпісаў расшыфравалі. Аказалася, што пад дубам быў пахаваны расіянін Павел Осіпаў. Дык вось, яго нашчадкі прыязджалі не так даўно з Хабараўска, каб пакласці кветкі на магілу дзеда.
Яшчэ ў пачатку работы былі накіраваны запыты ў Дзяржаўны архіў. З атрыманага адказу вынікала, што страты Пінскай партызанскай брыгады складаюць 156 чалавек. Гаворка ідзе, вядома, пра тых людзей, чые імёны ўстаноўлены. Махроўскія краязнаўцы маюць падставу ганарыцца, бо ў ходзе работы імі ўстаноўлена яшчэ сем імёнаў партызанаў, якія годна ўвекавечаны.
— Адным з кірункаў работы, што выглядаў самым цяжкім, было аднаўленне імёнаў загінулых байцоў партызанскага атрада імя Т. Касцюшкі, — падзяліўся старшыня сельвыканкама. — Мы ведалі, што атрад з этнічных палякаў быў сфарміраваны ў складзе Пінскай партызанскай брыгады ў пачатку лета 1943 года. Усе байцы раней пражывалі на Валыні, іх было каля сарака чалавек. Камандаваў атрадам харунжы польскай арміі Чэслаў Вархоцкі, у снежні 1943 года ён быў прызначаны намеснікам начальніка штаба Пінскай брыгады. Атрад дзейнічаў на тэрыторыі Іванаўскага, Драгічынскага, Столінскага раёнаў і ў суседніх раёнах Валыні. Ваяваць адважным польскім партызанам даводзілася часцей з бандэраўцамі, чым з немцамі. Падраздзяленні УПА тут асабліва лютавалі, чаго вартая сумна вядомая Валынская разня!?
У адказ на гэта і быў створаны атрад імя Т. Касцюшкі. Яго байцы ваявалі адважна. А 24 лістапада партызаны атрада наткнуліся на бандэраўскую засаду, шэсць чалавек загінула ў баі. Аб тым, чаму яны былі пахаваныя менавіта тут, згадвалася раней. Знайсці месца пахавання дапамог мясцовы старажыл Васіль Майсеевец. Падлеткавая памяць захавала шмат дэталяў таго пахавання, напрыклад, салют з ручной зброі. Месца знайшлі, а вось устанавіць прозвішчы загінулых аказалася звышзадачай. Старшыня Махроўскага сельвыканкама пісаў у органы мясцовай улады Польшчы і Украіны з просьбай аказаць садзейнічанне ў пошуку, але лісты засталіся без адказаў. Праз інтэрнэт адгукнуліся польскія энтузіясты пошуку. Вось яны і дапамаглі. Шляхам доўгіх пошукаў, перапісак, апытання сведак імёны ўсё-ткі былі адноўлены.
— Некалі іх па-людску пахавалі, адпелі, а потым гэтае месца было забытае, — разважае Іван Кунахавец. — Вось мы і аднавілі гістарычную справядлівасць у Год гістарычнай памяці.
На памятнае мерапрыемства прыехалі кіраўнікі органаў улады Іванаўскага раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, моладзь і ветэраны.
— Чым далей у гісторыю адыходзіць вайна, тым менш белых плямаў павінна заставацца ў памяці пра яе, — сказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль ТКАЧУК. — Мы сабраліся тут, каб дакрануцца да праўды пра вайну, якая абпальвае нават цяпер. Мы сабраліся яшчэ і для таго, каб не дапусціць падобнага, мы не можам дазволіць, каб нашы дзеці прайшлі тое, што выпала на долю дзядоў і прадзедаў. Няма нічога больш каштоўнага, чым памяць, — працягваў старшыня. — Даніна гэтай памяці — абеліскі на брацкіх магілах, на месцах спаленых вёсак. Гэтыя знакі — наша гісторыя, якую трэба ведаць і захоўваць. Не так даўно ў нас выйшла кніга «Помнікі Іванаўшчыны расказваюць». Там ёсць звесткі пра 91 помнік і вайсковае пахаванне. У найбліжэйшы час спіс будзе павялічвацца. У 2019 годзе знойдзены месцы пахавання мірных жыхароў, расстраляных на тэрыторыі Мотальскага і Моладаўскага сельсаветаў. У 2020 годзе каля вёскі Юхнавічы знойдзены астанкі двух воінаў і перапахаваны ў брацкай магіле. У Іванаве ўстаноўлена інфармацыйная табліца на месцы былога гета. Мы і надалей будзем рабіць усё, каб дастойна захоўваць памяць, даносіць яе да маладога пакалення з тым, каб не ўзнікала глебы для фальсіфікацый гісторыі, яе перапісвання.
Пра далейшую работу па выяўленні фактаў генацыду беларускага народа на тэрыторыі раёна гаварыў пракурор Іванаўскага раёна Сяргей ЖУКОВІЧ.
Сярод прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый на жалобным мерапрыемстве была кіраўнік пінскага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Лілія МУРАВЕЙКА. У гутарцы з журналістамі Лілія Іванаўна сказала, што не магла не прыехаць сюды. У нейкі момант жанчына не здолела стрымаць слёз: «Ушаноўваем памяць зусім юных, якія не паспелі пабудаваць жыццё, нарадзіць дзяцей. Усё ў іх адняла вайна». Плакала і прырода — большая частка мітынгу прайшла пад праліўным дажджом.
— Цяпер героі вайны не будуць забытыя. Шэфства над помнікам узяла Адрыжынская школа. Некалькі разоў на год сюды прыйдуць людзі, каб пакласці кветкі, пакланіцца памяці, — сказаў Іван Кунахавец.
Стаўленне да памяці ў гэтым сельсавеце асаблівае. Тут нават помнік у цэнтры вёскі зроблены такім чынам, што на ім увекавечаны імёны ўсіх. Што маецца на ўвазе? На адной з табліц пад назвай «Яны загінулі за Радзіму» нанесены імёны ахвяр ваенных дзеянняў, на другой пад назвай «Яны змагаліся за Радзіму» накрэслены імёны ўсіх ветэранаў, мясцовых жыхароў. Іх ужо няма сярод жывых, але нашчадкі памятаюць і ганарацца. Такі падыход да ўвекавечання, прызнаюся, сустрэла ўпершыню.
У Махроўскім сельсавеце і ваенная гісторыя ўнікальная. Дастаткова сказаць, што сельсавет — адзіны на Палессі, які не пераставаў функцыянаваць у гады акупацыі. Ён знаходзіўся тады ў вёсцы Калена. Вёска сярод лясоў і балот, акупанты сюды фактычна не сунуліся. «А сельсавет працаваў, вядома, не ў такім фармаце, як сёння, калі, напрыклад, мы даведкі выдаём, — расказвае Іван Іванавіч. — Дапамагалі людзям у вырашэнні бытавых праблем, харчовых, ну і з партызанамі супрацоўніцтва было справай таго сельсавета. І ўсе ведалі, што ёсць улада. Вось так у нас жылі і змагаліся».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота аўтара
Бяспека рэальная, віртуальная, у навальніцу і на адлегласці.
Яшчэ нядаўна поле сланечніку здавалася нам дзіўнай з'явай.
«Эфект шафёра» лічыцца адной з распаўсюджаных ментальных пастак.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?