Вы тут

Анлайн-гасцёўня для ўлад і прадпрымальнікаў


Наладзіць у Беларусі вытворчасць упакоўкі для прадуктаў харчавання — такую актуальную задачу даручыў вырашыць да канца года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Мінскага малочнага завода № 1. Выпуск кардоннай упакоўкі айчыннай вытворчасці — адзін з самых перспектыўных напрамкаў і выдатная магчымасць для стварэння вытворчай кааперацыі, якую можна развіваць на тэрыторыі Добрушскага раёна, упэўненыя мясцовыя ўлады. Сёння органы мясцовага кіравання і самакіравання актыўна стымулююць бізнес-актыўнасць жыхароў раёна, укараняюцца новыя формы інфармацыйнай работы з прадпрымальнікамі і ахвотнымі распачаць уласную справу.


Рабочыя месцы для землякоў

З добрушскім прадпрымальнікам Ягорам Гарбуновым сустракаемся ў райвыканкаме. Маладому чалавеку ўсяго 28 гадоў. Але гэта ўжо паспяховы прадпрымальнік, паважаны ў раёне і вядомы ў бізнес-асяроддзі чалавек. Чатыры гады таму поўнасцю самастойна пачаў будаваць сваю справу менавіта ў родным Добрушы, а не ў абласным цэнтры, да якога крыху больш за 25 кіламетраў. Сёння ў прадпрымальніка сем гандлёвых аб'ектаў — харчовыя і змешанага тыпу. Адкрытыя яны як у райцэнтры, так і ў сельскай мясцовасці.

— Пачаў з крамы плошчай у 27 «квадратаў». Потым праз аўкцыён за стаўку арэнднай платы ўзяў аб'екты нерухомасці, якія не выкарыстоўваліся. Глабальны рамонт не прыйшлося рабіць нідзе, — дзеліцца Ягор Гарбуноў. — Імкнуся не дапускаць цякучкі сваіх кадраў. Лічу, што лепш забяспечваць сваім супрацоўнікам дастойны заробак, чым эканоміць на гэтым, а потым шукаць адказных работнікаў.

Прадпрымальнік адзначае: у райцэнтры сёння спакойна «ўжываюцца» і крамы буйных рытэйлераў, і дробныя прыватныя гандлёвыя пункты, як у яго выпадку. Атрымліваецца стабільна працаваць і ў горадзе, і ў вёсцы. Рабочымі месцамі дзякуючы прадпрыемству маладога бізнесмена забяспечаны 60 чалавек, 11 — у сельскай мясцовасці. Дарэчы, многія работнікі — маладыя мамы. Уладкоўваліся працаваць, абзаводзіліся сем'ямі — паспелі схадзіць у водпуск па доглядзе за дзіцем і вярнуцца на работу. Гэта таксама такая сацыяльная падтрымка для месцічаў, калі маладая сям'я, і маладая маці ў прыватнасці, упэўненая, што ў апошняй стабільная работа, якая добра аплачваецца і на якую можна вярнуцца пасля дэкрэтнага водпуску.

Прадпрымальнік падкрэслівае, што для яго важна дапамагаць з працаўладкаваннем менавіта жыхарам сваёй малой радзімы. Падтрымлівае, як высветлілася, на добраахвотных пачатках бізнесмен і сельскія Саветы свайго раёна: удзельнічае ў мясцовым самаабкладанні для развіцця населеных пунктаў.

Пошук бізнес-талентаў

Сёння ў раёне імкнуцца актыўна наладжваць канструктыўную зваротную сувязь з прадпрымальнікамі і тымі, хто толькі жадае развіваць сваю справу. Рыхтуецца раён адным з першых у рэгіёне ўкараніць інтэрактыўны анлайн-праект «Мой горад», які ў тым ліку дапаможа стымуляваць бізнес-актыўнасць людзей.

— Мы прывабныя для бізнесу — геаграфічнае размяшчэнне раёна на мяжы рэгіёнаў, інфраструктура з транспартнымі калідорамі ў напрамках «поўнач-поўдзень» і «захад-усход», прыродныя рэсурсы тэрыторыі, — падкрэслівае начальнік аддзела эканомікі Добрушскага райвыканкама Марына Шумілава. — Таму любыя інвестпраекты, накіраваныя на развіццё раёна, будуць актыўна падтрыманы.

Сярод самых перспектыўных напрамкаў патэнцыяльных вытворчых кааперацый — вытворчасць па вырабе кардоннай упакоўкі для касметычнай, фармацэўтычнай, тытунёвай, кандытарскай і іншых вытворчасцяў сумесна з Добрушскай папяровай фабрыкай, выпуск акварыумнага грунту, будаўнічых сухіх сумесяў, фільтраў для басейнаў сумесна з філіялам Гомельскага горнаўзбагачальнага камбіната.

— Для адкрыцця новых вытворчасцяў на тэрыторыі раёна ёсць аб'екты нерухомасці, якія прапануюцца для продажу, арэнды, перадачы ў бязвыплатнае карыстанне пад стварэнне рабочых месцаў і рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, — звяртае ўвагу Марына Шумілава. — Добрушскі раён падпадае пад дзеянне льгот і прэферэнцыі, у тым ліку і па падатках, якія прадастаўляюцца прадпрымальнікам для адкрыцця вытворчасцяў на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх населеных пунктаў і сельскай мясцовасці. Скажам, на тэрыторыі Гомеля такія льготы і прэферэнцыі не прадастаўляюцца, а адлегласць паміж абласным цэнтрам і Добрушам крыху звыш 25-ці кіламетраў, вытворчасць будзе знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад галоўнага горада рэгіёна.

Шырокія магчымасці для развіцця сваёй справы, лічаць ў Добрушскім раёне, — за адкрыццём вытворчасці па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і для наладжвання кааперацыйных сувязяў з сельгаспрадпрыемствамі.

— Перспектыўны кірунак аграсядзібнага бізнесу. На тэрыторыі горада і аграгарадкоў можна набыць пустыя домаўладанні праз аўкцыён з паніжэннем цаны аж да адной базавай велічыні, а на тэрыторыі іншых сельскіх населеных пунктаў — за адну базавую велічыню. Для тых, хто жадае адкрыць аграсядзібы на тэрыторыі раёна, на мой погляд, гэта вельмі цікавая прапанова, — адзначае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.

Цікавы кірунак дзейнасці для рамеснікаў і самазанятых — вытворчасць эксклюзіўных вырабаў і індывідуальных заказаў пры супрацоўніцтве з Добрушскім фарфоравым заводам.

У будынку былой лазні ў пасёлку Залессе пад Добрушам трэці год развівае дзейнасць станцыі тэхнічнага абслугоўвання індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Баброў.

Чат аб'ядноўвае ідэі

Цікавыя напрацоўкі добрушскіх органаў мясцовага кіравання і самакіравання па стварэнні сістэмы ўзаемадзеяння для вырашэння пытанняў, якія хвалююць прадстаўнікоў бізнесу.

— Ад прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу паступіў зварот аб стварэнні афіцыйнага чата, у якім прадпрымальнікі маглі б атрымліваць анлайн-кансультацыі па праблемных пытаннях непасрэдна ад усіх службаў, — тлумачыць Марына Шумілава. — Плануем у даступнай форме размяшчаць тут жа звесткі, неабходныя прадпрымальніку ў рабоце. Гэта і варыянты маёмасці, якую прапануем для выкарыстання, новыя заканадаўчыя дакументы, закліканыя дапамагаць правільна весці і эфектыўна развіваць свой бізнес.

Цяпер у раёне фарміруюць базу ўдзельнікаў гэтага чата, у які прадстаўнікі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў тым ліку змогуць дасылаць прапановы для разгляду на пасяджэннях савета па развіцці прадпрымальніцтва. Самыя актуальныя і цікавыя пытанні, што былі агучаны ў чаце, плануюць публікаваць для абмеркавання ўсімі жыхарамі раёна на сайце райвыканкама.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?