Вы тут

Жанчына на жніве. Мнагадзетная маці дапамагае хлебаробам на ўборачнай


У гарачыя жнівеньскія дні за будучы каравай змагаюцца не толькі мужчыны-механізатары, але і так званыя байцы нябачнага фронту — жанчыны. Яны шчыруюць на пасадах кухараў, аграномаў, загадчыкаў зернесушыльных комплексаў. Прыгожыя і вытанчаныя, нягледзячы на высокія тэмпы ўборачнай яны працуюць нараўне з хлебаробамі ад відна да відна.


Шматдзетная мама, актывістка і проста прыгажуня Юлія ІВАНОВА.

Шматдзетная маці і пры гэтым актывістка — так характарызуюць калегі загадчыцу зернесушыльнага комплексу «Сураж» ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Юлію Іванову. Звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай выйшла выпадкова: яна атрымала адукацыю ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і распачала працоўную біяграфію на пасадзе вядучага заатэхніка-селекцыянера ў агракомплексе імя Шмырова ВБПФ. «Спадабалася, неяк хутка прафесія зацягнула мяне. Былі, вядома, і складанасці, але я адчула, што занадта моцна адгукаецца ў сэрцы сельская гаспадарка. Значыць, трэба ісці далей па гэтай няпростай, але цікавай сцяжынцы», — расказвае Юлія Ігараўна. Пасля яе перавялі ў Курына. Прага да высокіх вынікаў і дасканаласць у рабоце маладой дзяўчыны не маглі застацца без увагі, і Юліі прапанавалі пасаду загадчыцы новага, толькі адкрытага, зернесушыльнага комплексу «Сураж». «Спачатку не магла нават адрозніць пшаніцу ад аўса, а цяпер здалёк бачу, якую культуру прывезлі», — усміхаецца жанчына.

Сям'я Івановых жыве ў Вярхоўі. Кожны дзень, які ніколі не заканчваецца па раскладзе, Юлія Ігараўна адольвае няблізкі шлях да Суража, але на гэтыя цяжкасці не звяртае ніякай увагі. Ужо трэці год як на крылах ляціць да сваёй гаспадаркі, дзе ўзвышаюцца залатыя горы збожжа і чароўна пахне гарачым хлебам. Гэтая ўборачная, расказвае загадчыца, пэўна, самая складаная. Багаты ўраджай, які сёлета далі падзвінскія палі, — вялікія аб'ёмы паступлення на комплекс. Яшчэ такое было ў 2020-м. Рабочы дзень пачынае ў 8 гадзін раніцы і працягвае, пакуль не ад'ездзе апошняя машына: тэрмаметрыя, вентыліраванне — работы хапае. У калектыве комплексу 14 мужчын і 2 жанчыны, усе яны пад кіраўніцтвам Івановай клапоцяцца аб захаванні золата палёў кругласутачна.

Гераіня публікацыі выхоўвае траіх дзетак: старэйшы сын Яўген — выпускнік 11 класа — плануе пайсці па яе слядах і атрымаць адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Арцём вучыцца ў дзявятым класе, а дачушка Мілана перайшла ў трэці. У летні перыяд сям'я жыве на дачы, муж Юліі Аляксей працуе прарабам і цяпер у камандзіроўцы, таму хатнімі справамі займаюцца дзеці. І вельмі ганарацца сваёй мамай, якая працуе з хлебам — найвялікшай чалавечай каштоўнасцю.

Юлія — чалавек рознабаковы і актыўны, але пакуль на хобі фізічна не хапае часу. Затое завочна яна атрымлівае другую вышэйшую эканамічную адукацыю, бо лічыць, што чалавек павінен вучыцца ўсё жыццё і няма мяжы дасканаласці.

Прыемны момант віншавання.

У звычайны дзень да яе на рабочае месца завіталі прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» і «Белай Русі» на чале са старшынёй раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццянай Дзіканавай, каб у межах акцыі «Хлеб на далонях жанчыны» выказаць падзяку за важную для ўсёй нашай краіны работу і ўручыць падарункі. «Вы, жанчыны, «байцы нябачнага фронту», але ад гэтага ваш уклад у харчовую бяспеку дзяржавы не меншы. Дзякуй за вашы пяшчотныя рукі, праз якія праходзяць тысячы тон збожжа. Жадаем вам вытворчых поспехаў і моцнага здароўя», — павіншавала прафсаюзны лідар аграрыяў.

«Мне вельмі прыемна, што вынікі работы нашага комплексу адзначаны. Будзем імкнуцца скараць новыя вяршыні», — падзякавала Юлія Іванова.

Віншаванні — гэта, вядома, добра, але ж загадчыца імкнулася хутчэй трапіць у сэрца зернесушыльнага комплексу: кантроль — галоўны фактар. Мы не сталі затрымліваць руплівую гаспадыню, толькі павіншавалі яе з надыходзячым днём нараджэння — 20 жніўня Юліі Ігараўне споўніцца 36 гадоў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.