Вы тут

Момант ісціны


Тыя, хто ўважліва слухаў выкладчыкаў журфака БДУ, добра памятаюць залатое правіла класічнай журналістыкі. Першы сказ робіць усю атмасферу артыкула. А вось і прыклад. Пасля страшэннага землятрусу ў Сан-Францыска спрытны газетны калумніст напісаў коратка, затое змястоўна: «Сан-Францыска больш не існуе».


Прабачце, я таго калегу паўтару: беларускай апазіцыі больш не існуе. Сама сябе дыскрэдытавала. Ніхто не будзе падтрымліваць тых, хто наўмысна альбо па крывізне розуму і душы намагаеццца знішчыць народ і дзяржаўнасць. Нават тыя, хто апекаваў і кіраваў, не будуць так шчодра інвеставаць у палітычных лузераў. Час і падзеі ва Украіне расставілі ўсё на свае месцы. Тым больш што галодны плебс на Ру Нёв альбо Пенсільванія-авеню для вярхоў капіталістычнай піраміды становіцца больш значнай праблемай, чым намаганні знішчыць моцную ўладу ў Беларусі. Бізнес ужо гатовы, а палітыкі — яшчэ не. Але тое справа часу. Не, вядома, яны будуць фінансаваць здраднікаў. На перспектыву. Але здраднікі ўсе меней і меней будуць трапляць у палітычныя навіны. І не выключэнне, што іх можна будзе ўбачыць толькі ў крымінальнай хроніцы. Грызня за гранты ўжо пачалася. Кропкі над беларускім «і» расстаўлены.

Беларускай апазіцыі больш не існуе. У замежжы засталіся грантасосы. У нашай краіне — падсудныя. За спробу дзяржаўнага перавароту. За намер забіваць. За спаленыя дамы і машыны. Скажаце, што пастаноўка. А вы паслухайце запісы і згадайце відэа. Усё было, як і раней, у 1990-я. Дэталі, падрабязнае абмеркаванне роляў і ганарараў. Заказчык, пасрэднік, выканаўцы, нават спроба падкупіць «вялікія пагоны». Толькі гаворка ішла не пра бізнесмена і «прыхватызацыю» кампаніі — дамаўляліся аб забойстве кіраўніка дзяржавы і як лепш «адціснуць» цэлую краіну. «Мы — мірныя» — памятаеце надпіс з барыкад каля сталічнай крамы «Рыга»? Калі камянямі і «кактэйлямі Молатава» не дамагліся ўлады. Калі маршы збочылі з праспектаў сталіцы, а шарпаўскія тэхналогіі ў барацьбе за перамены саступілі дыялогавым пляцоўкам, за справу ўзяліся яшчэ больш «мірныя»...

Такая вось «інтэлігенцыя пратэстаў» — Юрый Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Яны добра так «адзначыліся» ў інтэрнэце. Не адкруцішся. Першае пытанне: што ў кампаніі апазіцыйнага спрута рабіў псіхіятр з Амерыкі? Аказваў прафесійную дапамогу падчас групавога сеанса «зум-канферэнцыі». Так, «хворых» на вірус знішчэння там хапіла. Для захопу ўлады па сілавым сцэнарыі змоўшчыкі планавалі прыцягнуць каля пяці батальёнаў вайскоўцаў і былі гатовыя знішчаць мірнае насельніцтва. Хіба вы не чулі? У сваіх жа паказаннях падсудныя пацвердзілі інфармацыю з відэа- і аўдыёносьбітаў. Ішла падрыхтоўка да забойства Аляксандра Лукашэнкі.

А цяпер уявіце, што было б з тымі, хто кожны дзень працуе на карысць краіны. Вас гэта не датычыць, і лёс краіны таксама? Закранула б, калі людзі розных палітычных поглядаў пачалі б «вырашаць» свае рознагалоссі вельмі неверагодна... А падчас сапраўднай беларускай «бучы» героі вулічных баёў і крымінальнага эпасу распачалі б «паляванне» на трафеі: прыгожых жанчын і дарагія рэчы. І наўрад ці яны б цікавіліся ў сваіх ахвяр ступенню «неверагоднасці» альбо колькасцю лайкаў пад карцінкамі з пратэстаў.

Толькі балючы плач па зняважаных і забітых ніхто ў аанаўскім Савеце па правах чалавека не пачуў бы. Як не чуюць ужо восем гадоў запар бамбардзіроўкі Данбаса. Мы былі б ахвярамі не таго сорту. Тое была б звычайная дэмакратычная «цішыня». «Цішыня» — менавіта так назвалі аперацыю па знішчэнні Прэзідэнта. А мы думалі, усё — пратэсты скончыліся, можна лёгка дыхаць свежым і мірным паветрам Беларусі. А менавіта ў той час і рыхтавалася забойства — таго, хто з'яўляецца гарантам усяго, што мы сёння маем.

Дарэчы, сведкам выступае той самы Пратасевіч. Чуў і ведаў. Што яшчэ раз даказвае: усе яны там адным брудам запэцканыя. «Мірныя», «неверагодныя», «змагары», збеглыя — усе яны асобы, твары крывавага мяцяжу. А пры такой «гаджэтызацыі» няўжо аб гэтых перагаворах не ведалі спецслужбы Польшчы і ЗША?

І вось што цікава. Выканаўцам павінен быў стаць, на жаль, добра вядомы ўсім Мікалай Аўтуховіч. «Калекцыянер» зброі і аматар турнэ ва Украіну. Аўтуховіч нават адмовіўся есці. Але добра, што ў турэмных камерах ёсць відэаназіранне. Там вельмі дакладна відаць яго «галадоўку». А тое, што ён не займаўся пазёрствам і ўсё было ўсур'ёз, зразумела па ягоных неверагодных учынках на малой радзіме. Пакінуў пасля сябе след маштабу прыслужнікаў Дырленвангера. Спаліў хату і машыну свайго земляка. Яны не варагавалі паміж сабой. Усё, што ён ведаў пра пацярпелага, дык гэта только тое, што той — міліцыянер. Дарэчы, звычайны праваахоўнік. Хату тую, як кажуць, чалавек будаваў гаспадарчым спосабам са сваіх мазалёў, разам з бацькам і цесцем не першы год. А машына тая таксама зусім не новая была... Афіцэру ў цяжкай сітуацыі дапамаглі калегі з усёй вобласці. Вось вам і мараль.

Тыя, хто жадаў пабудаваць «новую» Беларусь («новы парадак» — нічога не нагадвае?) — палілі, разбуралі, рыхтаваліся забіваць. У падсуднага крымінальных эпізодаў хапае. А прыклад пра хату прывёў наўмысна. Каб да ўсіх дайшло. Дом, які мы ўсёй талакой пабудавалі па-гаспадарску, разам з бацькам, хацелі падпаліць. І які ж ваш маральны прысуд, беларусы, у гэты насамрэч момант ісціны? Але ўсе кропкі ў гэтай справе паставіць закон. Таўшчэзную кропку ў існаванні вар'яцкага мяцежнага спрута. У іншым выпадку было б шматкроп'е ў некралогу па Беларусі.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.