Вы тут

«Электрычныя», арэндныя, уласныя... Мільёны квадратных метраў будуюцца для беларусаў


Сёлета ў краіне плануюць пабудаваць 4,2 млн м2 жылля. Гэта арэнднае, «электрыфікаванае», ствараемае з дзяржпадтрымкай і іншыя віды жылля. Як беларусаў забяспечваюць годнымі ўмовамі пражывання і як будаўнікі спраўляюцца з арганізацыяй сацыяльнай інфраструктуры, расказалі эксперты галіны.


Эфектыўна, хутка, зразумела

Такія задачы ставіць перад сабой айчыннае будаўніцтва. Гэтая галіна ў краіне эфектыўна працуе. Айчынныя будаўнікі актыўна выходзяць на знешнія рынкі і ўзводзяць будынкі ў Беларусі. Вялікія змяненні звязаныя з нарматыўна-прававой базай, падкрэсліў Аляксей АНАНІЧ, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва:

— У маі ў першым чытанні быў прыняты Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, згодна з якім па-новаму будуць рэгулявацца пытанні, звязаныя з нармаваннем у будаўніцтве. Вядзецца работа і па абыходжанні з адходамі ў будаўніцтве.

Лідары па будаўніцтве жылля, дзе выкананне плана перавышае 50 %, — Брэсцкая, Гомельская і Гродзенская вобласці. За першае паўгоддзе ў тым ліку створана 883,7 тысячы м2 індывідуальнай забудовы, а гэта 46 % пры ўстаноўленым паказчыку не менш за 40 %, агучыла лічбы Таццяна ВАСІЛЮЧАК, начальнік упраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры:

— Збудавана таксама 5204 кватэры агульнай плошчай 403 тысячы м2, 4941 шматдзетная сям'я сёлета ўжо атрымала жыллё.

А што з інфраструктурай?

Асноўная мэта праграм па будаўніцтве жылля — дасягнуць узроўню забяспечанасці насельніцтва жылплошчай у Беларусі ў памеры 28,5 м2 на чалавека.

— За 2016—2020 гг. у Віцебскай вобласці збудавана 1,5 млн м2 жылля, мэта перавыканана — на жыхара Віцебшчыны прыходзіцца па 29,5 м2. Пры гэтым у раёнах і сельскай мясцовасці дадзены паказчык — каля 40 м2, а ў буйных гарадах — 27 м2, — расказаў Андрэй ПШОНКА, начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі і інвестыцый камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама.

Летась у вобласці збудавалі 331,7 тысячы м2 замест запланаваных 330 тысяч м2. Жыллё атрымала больш за 1200 шмтадзетных сем'яў, збудавалі жыллё для больш за 2,5 тысячы асоб, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

— Сёлета заданне па вобласці павялічана да 355 тысяч. За паўгоддзе будаўнікі ўвялі 119,2 тысячы м2 жылля і забяспечылі ім 333 шматдзетныя сям'і. Збудавана таксама 5,5 тысячы м2 арэнднага жылля і каля 16 тысяч м2 — у будынках, дзе для ацяплення і гатавання ежы выкарыстоўваецца электрычнасць, — падзяліўся лічбамі спецыяліст.

Праз вялікую колькасць будуемага жылля ў краіне паўстае іншая праблема — недахоп аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры: дзіцячых садкоў, школ, паліклінік, падкрэслілі спецыялісты.

— У мікрараёне Білева ў Віцебску, напрыклад, пражывае каля 40 тысяч грамадзян, з якіх звыш 12,6 тысячы — непаўналетнія. А 3,5 тысячы пры гэтым — дзеці дашкольнага ўзросту. І толькі тры навучальныя ўстановы. Так што патрэба ў забеспячанні месцамі ў пяць разоў перавышае тыя, што існуюць, — заўважыў Андрэй Пшонка.

Незапатрабаваныя кватэры

Хоць ў Беларусі чарга асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, не знікае, у краіне ёсць нерухомасць, набыць якую людзі не могуць нават з дзяржпадтрымкай. Попыт на жыллё ў Віцебскай вобласці апошнім часам, напрыклад, істотна знізіўся. За першае паўгоддзе сёлета з 11 тысяч сем'яў, якія стаяць на чарзе асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пагаджаюцца на будаўніцтва нямногія, абазначыў праблему Андрэй Пшонка:

— Больш за 700 тысяч кватэр у дамах, якія будуюцца, не маюць ахвотных на набыццё, так што сродкаў дзяржаўнай падтрымкі дастаткова. Летась і сёлета тыя, хто меў права на паляпшэнне жыллёвых умоў, гэта зрабілі.

Існуе праблема пустых кватэр і на Магілёўшчыне. Нават тыя, хто мае права на будаўніцтва жылля са сродкамі сацпадтрымкі, не заўжды могуць сабе тое дазволіць, таму ў рэгіёне ідзе пераарыентацыя на будаўніцтва арэнднага жылля.

— У шэрагу рэгіёнаў сапраўды ёсць незапатрабаваныя пустыя кватры, бо гранічны нарматыў дзяржпадтрымкі не дае магчымасць пакрыць кошт квадратнага метра, і людзям патрэбнае дакрэдытаванне. Аднак высокія стаўкі (напрыклад, 17,5 % у Беларусбанку) не дазваляюць многім беларусам, якія будуюцца з дзяржпадтрымкай, даплаціць гэтую розніцу за жыллё, — растлумачыла праблему пустых кватэр у новабудоўлях Таццяна Васілючак.

Больш арэнднага

У Магілёўскай вобласці сёлета павінны збудаваць 330 тысяч м2 жылля: каля 70 шматкватэрных дамоў і 130 тысяч — індывідуальных. Пакуль узведзена 11 шматкватэрных і 70 тысяч індывідуальных, расказаў Аляксандр МАРФОНАЎ, начальнік аддзела жыллёвай палітыкі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама:

— Нягледзячы на не надта высокія тэмпы будаўніцтва, вобласць можа пахваліцца наяўнасцю двух заводаў буйнапанэльнага домабудаўніцтва, якія мадэрнізаваны і выйшлі на добрыя тэмпы загрузкі. Прадпрыемствы будуюць фактычна ўсё жыллё на Магілёўшчыне, за выключэннем вёскі, дзе працуюць перасовачныя механізаваныя калоны, якія выкарыстоўваюць дробна-штучныя матэрыялы. Дык вось, з 11 дамоў сем «шматкватэрнікаў» былі збудаваны заводамі.

Акрамя таго, за паўгоддзе палепшылі ўмовы пражывання больш як 300 шматдзетных сем'яў Магілёўшчыны, а да канца года ўласнае жыллё атрымае тысяча такіх сем'яў. У вобласці пераходзяць на больш актыўнае будаўніцтва арэнднага жылля. 39 такіх кватэр сёлета ўжо ўзвялі, яшчэ 300 збудуюць да канца года.

«Панэлька» замест уласнага дома

Нягледзячы на тое, што Гродзеншчына — найменшы рэгіён па колькасці насельніцтва, яна займае адну з перадавых пазіцый па жыллёвым будаўніцтве. Тут найвышэйшая забяспечанасць жыллём па краіне — 32 м2 на чалавека, заўважыў Юрый ХАЛІМОНЕНКА, першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама.

— Сёлета мы па ўласнай ініцыятыве ўзялі дадатковыя аб'ёмы (на 25 тысяч больш, чым запланавана дзяржпраграмай) па будаўніцтве жылля і мусім узвесці да канца года 475 тысяч «квадратаў».

Сёлета ў рэгіёне крыху знізіліся аб'ёмы будаўніцтва індывідуальнага жылля, бо людзі пераарыентавалі свае жаданні на нерухомасць у шматкватэрных дамах — на куплю жылля ў новых дамах на камерцыйнай аснове.

Спецыялісты на ўзроўні райцэнтраў правялі апытанне беларусаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: ці не хочуць яны будаваць індывідуальнае жыллё замест нерухомасці ў шматкватэрным будынку? У адказ пачулі, што, па-першае, сродкаў на гэта спатрэбіцца значна больш, а па-другое, дзеці не хочуць жыць разам з бацькамі.

— Ты не менш, сектар індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва развіваецца. З'яўляюцца новыя мікрараёны, ствараецца інфраструктура. Актыўна гэта адбываецца, дарэчы, у Гродне і Лідзе.

Актыўна будуюць у рэгіёне і дамы з выкарыстаннем электраэнергіі — узвялі ўжо 14 тысяч м2 (амаль палову ад запланаванага). Людзі ахвотна ідуць у такія дамы і ў цэлым задаволеныя і ўмовамі пражывання, і наступнымі плацяжамі, заўважыў спецыяліст. У Слоніме, напрыклад, сёлета пачынаюць ужо трэці «электрычны» дом на 170 кватэр, а ў абласным цэнтры ў мікрараёне Грандзічы мяркуюць стварыць 40 тысяч м2 электрыфікаванага жылля.

Павялічваецца ў вобласці і колькасць будуемых арэндных метраў, за якімі, на думку спецыялістаў, будучыня, бо чалавек павінен атрымліваць жыллё там, дзе ён працуе. Пакуль гэта робіцца за кошт бюджэту, але з часам мяркуюць прыцягнуць сродкі на такое будаўніцтва і ад прадпрыемстваў, якія могуць такім чынам заахвоціць спецыялістаў на работу ў сябе.

Камерцыйныя і дзяржаўныя

Акрамя дзяржаўных гульцоў, на будаўнічым рынку прысутнічаюць і прыватныя кампаніі. Аднак камерцыйным арганізацыям, перш чым пачынаць будаўніцтва, трэба набыць зямлю з аукцыёну. А за апошнія гады ў Беларусі ўжо збудавана столькі, што засталося мала свабоных пляцовак, таму ўся зямля раздаецца дзяржаўным заказчыкам. Тым не менш, яны таксама могуць узводзіць камерцыйнае жыллё.

— У Магілёўскай вобласці два буйныя заводы будуюць як для грамадзян, якія маюць патрэбу ў жыллі, так і камерцыйнае жыллё, карыстаючыся сваімі прэферэнцыямі па атрыманні зямельных участкаў без аўкцыёнаў, — заўважыў Аляксандр Марфонаў. — Гэта жыллё павышанай камфортнасці ў добрых месцах, і цана там вышэйшая, чым у дамах для тых, хто мае патрэбу.

У Віцебскай вобласці працуюць два прыватныя забудоўшчыкі: арганізацыя «Жылбуд», якія працуюць непасрэдна з упраўленнямі капітальнага будаўніцтва (дзяржаўнымі), і арганізацыя «Будгандальсэрвіс», якая цяпер дамы не будуе, падзяліўся Андрэй Пшонка:

— З прыватнымі заказчыкамі цяжка працаваць, бо ў іх ёсць аб'екты са звышнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва. Ёсць у іх грошы — яны будуюць, няма — не.

90 % жылля на Гродзеншчыне стварае домабудаўнічы камбінат «Гроднажылбуд», які будуе ў тым ліку і камерцыйнае жыллё. Аднак ёсць і прыватныя забудоўшчыкі, дадаў Юрый Халімоненка:

— Яны займаюцца комплекснай забудовай мікрараёнаў індывідуальнага жылля, то-бок узводзяць цэлыя комплексы блокавых жылых дамоў. У райцэнтрах мясцовыя ці прыватныя арганізацыі, калі попыт на камерцыйнае жыллё ёсць, узводзяць шматкватэрнае жыллё, аднак тое адбываецца раз на два-тры гады.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дапамогуць бружмель і бацвінне. Якія прадукты варта дадаць у рацыён цяпер, каб умацаваць імунітэт да зімы?

Дапамогуць бружмель і бацвінне. Якія прадукты варта дадаць у рацыён цяпер, каб умацаваць імунітэт да зімы?

Сёння даказана, што лісце морквы, радыскі, рэпы і буракоў карыснае не менш за караняплоды.

Грамадства

Ваша дзіця піша вершы? Абавязкова растлумачце яму пра інтэлектуальную ўласнасць

Ваша дзіця піша вершы? Абавязкова растлумачце яму пра інтэлектуальную ўласнасць

Якія перавагі можа прынесці дзецям інтэлектуальная ўласнасць, расказалі ў НЦІУ.

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Кожны трэці Докшыцкага краю

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Кожны трэці Докшыцкага краю

Сёстры Хатыні... Колькі іх на тэрыторыі Беларусі? Гэту лічбу даследчыкі дакладна не могуць вывесці і сёння.