Вы тут

Ад калійных угнаенняў да Балівуда


У Індыі і Беларусі прадстаўнікі кіраўніцтва краін і бізнесу актыўна шукаюць шляхі пераадолення цяжкасцяў ва ўзаемным гандлі, выкліканых наступствамі пандэміі і санкцый. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Алок Ранджан Джа, паведаміла БелТА.


Дыпламат перакананы, што асноўнай роляй пасла з'яўляецца развіццё і ўзмацненне эканамічных адносін з краінай знаходжання. Што да такога супрацоўніцтва паміж Індыяй і Беларуссю, то яно з году ў год застаецца на ўзроўні каля паўмільярда долараў. Так, у 2021-м двухбаковы тавараабарот склаў $567 млн. «Лічба для нашых краін не такая ўжо вялікая, яна значна ніжэйшая за патэнцыял, які ёсць паміж Беларуссю і Індыяй», — лічыць пасол.

Найбольшую частку экспарту з Беларусі ў Індыю традыцыйна складаюць пастаўкі калійных угнаенняў, на другім месцы — азотныя ўгнаенні, далей — сыравіна для шын, некаторыя віды сталі. Індыя ў асноўным пастаўляе ў Беларусь медыцынскія прэпараты, сыравіну для тытунёвых вырабаў, прадукты перапрацоўкі тытуню, баваўняную пражу, электратрансфарматары, чай, каву, рыс, некаторыя нейлонавыя прадукты.

Як растлумачыў Алок Ранджан Джа, у такіх сферах, як фармацэўтыка, машынабудаванне, сельгасмашынабудаванне, абаронны комплекс, супрацоўніцтва краін развіваецца даўно і стабільна. А вось у такіх галінах, як інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрнэт рэчаў, прамысловасць, пасол бачыць вялікі патэнцыял для будучага ўзаемадзеяння.

Праўда, як прызнаецца кіраўнік дыпмісіі, яму бывае цяжка пераканаць індыйскіх бізнесменаў супрацоўнічаць з Беларуссю, бо краіна ім здаецца вельмі маленькай: «Яны не бачаць вялікай цікавасці, бо маштабы несупастаўныя з індыйскімі. І мая галоўная задача — растлумачыць, што Беларусь — гэта вароты, што праз Беларусь яны могуць выйсці на буйнейшыя рынкі».

Паўплывалі на гандаль паміж краінамі і цяжкасці, выкліканыя наступствамі пандэміі і санкцый. Усё гэта негатыўна адбілася на лагістыцы, выклікала цяжкасці з правядзеннем плацяжоў. «Але наш урад і прадстаўнікі бізнесу ўзаемадзейнічаюць, каб знайсці выйсце з сітуацыі», — заўважыў пасол. Тое ж, паводле яго слоў, адбываецца і ў Беларусі. Напрыклад, улады краіны разам з вытворцам і пастаўшчыком калійных угнаенняў шукаюць альтэрнатыўныя шляхі дастаўкі тавару ў Індыю пасля забароны на вываз з порта Клайпеды. «Гэтыя новыя выклікі ўтрымліваюць наш тавараабарот на ўзроўні значна меншым за яго сапраўдны патэнцыял», — са шкадаваннем заўважыў Алок Ранджан Джа.

Пасол падкрэсліў, што турызм паміж Беларуссю і Індыяй мае вялікі патэнцыял, які пакуль увогуле не рэалізаваны. Натуральна, у апошнія гады вялікія страты індустрыі падарожжаў нанесла пандэмія, але нават у даковідныя часы колькасць турыстаў з Індыі ў Беларусі была вельмі сціплай — каля 10 тысяч чалавек у год. А адзінае месца, якое цікавіць большасць беларускіх падарожнікаў у Індыі, — Гоа. «Гэта трэба змяняць», — перакананы Алок Ранджан Джа.

Адзін са спосабаў прыцягнуць у Беларусь індыйскіх турыстаў — зняць тут балівудскі фільм, лічыць пасол. Паводле яго слоў, калі ў Індыі глядзяць папулярны фільм, людзі абавязкова жадаюць пабываць там, дзе праходзілі здымкі. «Буду старацца пераканаць прадзюсараў зняць тут фільм. Цяпер гэта крыху складана, але як толькі сітуацыя нармалізуецца, буду пераконваць прыязджаць сюды, глядзець лакацыі і здымаць кіно», — сказаў кіраўнік дыпмісіі.

Гаворачы ў цэлым аб развіцці міжасобасных кантактаў і супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы, ён з задавальненнем адзначыў вялікую цікавасць беларусаў да індыйскай культуры, музыкі, традыцый. Акрамя таго, развіваецца і супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. У Беларусі займаюцца каля тысячы студэнтаў з Індыі, пераважна яны вывучаюць медыцыну, але ёсць цікавасць і да іншых спецыяльнасцяў. Пасол таксама расказаў аб наяўнасці кароткатэрміновых праграм для навучання беларусаў у Індыі, якія падтрымліваюцца ўрадам гэтай краіны.

Захар БУРАК

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?