Вы тут

«Малайцы, хлопцы, але ўсё роўна вы ў гандбол гуляць не ўмееце»


Алімпійскія гульні ў Барселоне 1992 года пакінулі значны след у гісторыі айчыннага гандболу. За 30 гадоў нашы гандбалісты так і не змаглі наблізіцца да таго поспеху. Яшчэ большую значнасць тая перамога набывае і ад таго, што ўсё было супраць яе. Калі падбіраць адно слова для апісання агульнай падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у Барселоне, мабыць, гэта будзе «нявызначанасць». Якую краіну прадстаўляць? Пад якім сцягам выступаць? Дзе знайсці сродкі на экіпіроўку і білеты? 


У гандболе быў свой уласны галаўны боль. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў 1992 года ў зборнай пакуль яшчэ Савецкага Саюза адбыліся перамены. Былы галоўны трэнер Анатоль Еўтушэнка зборную пакінуў. Да будучай алімпіяды разам са Спартаком Мірановічам каманду стаў рыхтаваць Уладзімір Максімаў. Праўда, як такой каманды не было. Вядучыя ігракі па розных прычынах у зборную не прыехалі. Каманду збіралі з таго, што было. Можна здагадацца, з якім настроем гандбалісты ехалі ў Барселону. Яшчэ і падгрупа трапілася складаная з Іспаніяй і Германіяй. Тым не менш у адным з інтэрв’ю Уладзімір Максімаў сцвярджаў, што ў тройцы прызёраў будуць зборныя Іспаніі, Швецыі і СНД: «Калі нашыя змогуць паказаць усё, што ўмеюць, то думаю, поспех прыйдзе. Галоўнае, каб мы зайгралі. Зайгралі ў той гандбол, які прыносіць нам поспех». 

На Алімпійскіх гульнях 1988 года перамагла «каманда іншапланецян», «зборная ХХІ» стагоддзя«, як тады называлі каманду Савецкага Саюза. Касцяк той непераможнай каманды складалі гандаблісты клуба СКА-Мінск. Праўда, ужо праз два гады пасля гучнай перамогі, у 1990 годзе гэтая іншапланетная каманда на чэмпіянаце свету буйна прайграла шведам. У 1991 годзе развалілася краіна, якую прадстаўлялі гандбалісты. Больш цяжкіх умоў для перамогі прыдумаць цяжка.

У складзе алімпійскай каманды 1992 года выступала трое гульцоў СКА-Мінск: Андрэй Барбашынскі, Міхаіл Якімовіч, Андрэй Мінеўскі. Узначльваў каманду Спартак Пятровіч Мірановіч. Спачатку аб’яднаная каманда абгуляла Германію — 25:15. Затым перамагла французаў — 23:22, егіпцян — 22:18, іспанцаў — 24:18, румын — 27:25. Да паўфіналу аб’яднаная каманда займала з дзесяццю ачкамі займала першае месца. У паўфінале разабраліся з Ісландыяй — 23:19. А ў фінале перамаглі шведаў, якім буйна прайгралі на чэмпіянаце свету 1990 года. За два гады ў шведаў каманда амаль не змянілася. А ў Барселоне іх абгуляла каманда, наспех сабраная з таго, што было, і якая выступала без сцяга і гімна.

Гэта быў вельмі павучальны прыклад

«Шчыра сказаць, увогуле не зразумела, як мы тады алімпіяду выйгралі. Але гэта быў вельмі павучальны прыклад таго, што, калі правільна папрацаваць са спартсменамі, у якіх ёсць жаданне, можна выйграць нават наймацнейшых супернікаў. Мы выйгралі тую Алімпіяду толькі таму, што ўсё працавалі. У 1990 годзе вельмі моцная каманда прайграла шведам. А ў 1992 нашы рэція нумары перамаглі тых жа шведаў, якія гулялі самым моцным складам. Мы ехалі ў Барселону, і ў нас нічога не было, намі ніхто не кіраваў. Добра, што білеты нам купілі. Калі ва ўсіх былі спонсары, кіраўнікі, то ў нас не было нікога. Нават перакладчыка не было. З усім спраўляліся самі. Прыляцелі дадому, нам выплацілі па тры тысячы долараў і разышліся», — успамінаў Спартак Пятровіч Мірановіч. 

Па словах Андрэя Барбашынскага, за два гады да алімпіяды гандбалісты актыўна ездзілі на камерцыйныя старты, каб зарабіць грошы на білеты, на паездкі. У Барселону паехалі таксама за гэтыя грошы. Экіпіроўку атрымалі ўжо ў Іспаніі. Яна была нейкая недарэчная, кароткая. Яе потым у гандбалістаў укралі. «Шчыра сказаць, аб перамозе мы і асабліва і не думалі. Але калі селі ў самалёт у Барселону, пачаўся дождж. Я ўспомніў маміны словы аб тым, што калі перад дарогай ідзе дождж — гэта да поспеху. І сказаў хлопцам, што мы пераможам. Ну, яны пальцам ля скроні пакруцілі, пасмяяліся. Усё рэальна глядзелі на рэчы. А прыкмета гэтая, дарэчы, мяне ніколі не падводзіла. На першую гульню Максімаў прыйшоў у джынсах, тэнісцы і з сумкай. І калі на наступную гульню ён прыйшоў у спартыўным касцюме, мы сказалі, што ніхто не зрушыцца з месца, пакуль ён не пераапранецца. Ён быў змушаны вяртацца апранаць джынсы і тэніску. Так ён усю алімпіяду ў тэнісцы, джынсах і з сумкай праходзіў. А ў сваёй сумцы ён усю алімпіяду насіў балалайку, матрошку, і пэўную колькасць алкаголю — добрыя падарункі для замежнікаў. Андрэй Лаўроў з першага да апошняга дня насіў торбу з мячамі.

У прыкметы мы верылі, а вось аб сваіх учынках не вельмі думалі. Перад Алімпійскімі гульнямі мы прыехалі на адаптацыю за 100 кіламетраў ад Барселоны. Быў добры збор, мы трэніраваліся. Венгры прапанавалі нам згуляць два таварыскія матчы. Мы іх прайгралі, гэта быў шок. Усе былі вельмі засмучаныя. І каб развеяцца, пайшлі ў парк. І зрабілі вялікую дурасць — мы пайшлі катацца на атракцыёнах. Не дай бог, з кім-небудзь адбылося б нейкае надзвычайнае здарэнне — катастрофа была б для ўсёй каманды. Але хто тады пра гэта думаў, маладыя... Гарлапанілі ад страху так, што людзі збіраліся на нас паглядзець. Мы з Мішам Якімовічам селі ў лодачку на першы рад — яна завісае ў паветры, апускаецца ўніз, паднімаецца ўверх, завісае ўніз галавой. Селі ў гэтую лодку задаволеныя, выйшлі з дрыготкімі рукамі. У мяне потым тры дні пальцы не разгіналіся, так я ў гэтую перакладзіну чапляўся. Спартаку Пятровічу адважыліся распавесці ўжо пасля алімпіяды. Цяпер думаю: „божа мой, куды мы палезлі“». — расказвае Андрэй Барбашынскі. 

Як вядома, на Алімпійскіх гульнях у Барселоне гандбалісты выступалі ў складзе Аб’яднанай каманды пад сцягам Міжнароднага алімпійскага камітэта. Але, як прызнаецца Андрэй Барбашынскі, спартсмены аб гэтым не вельмі думалі. Галоўнай была толькі перамога. «Як мы выйгралі гэтыя Алімпійскія гульні? Гэта складанае пытанне. Нават праз 30 гадоў я не разумею, што мы стварылі ў Барселоне. Мы былі вельмі моцныя індывідуальна. У нас было вялікае жаданне перамагчы. Мы ішлі на гульню з немцамі, а яны ўжо прымалі віншаванні і раздавалі аўтографы, маўляў з рускімі лёгка разрабяцца. Па сутнасці, яны мелі на гэта права, яны нас абыгрывалі па 10-14 мячоў. Але атрымалася так, што мы ім хвост накруцілі. І пасля гэтага ўсе спецыялісты прачнуліся. Іспанцаў у іх дома мы абгулялі з розніцай у 17 мячоў. Цяжка было гуляць з французамі і ісландцамі, але нас ужо, здаецца, нічога не магло спыніць. А ў фінале мы ўжо біліся, не шкадуючы сябе. Калі б нават у фінале мы прайгралі, у нас было б серабро. На Алімпійскіх гульнях гэта таксама поспех. Але думаю, потым прыйшло б усведамленне, што мы сталі другімі. Другі — не першы. Наша галоўная мэта была дасягнута. З вялікай цяжкасцю. Потам і крывёю. Нас было вельмі мала, практычна не было запасных. На трэці дзень Алімпіяды мы ўжо не маглі хадзіць. Андрэй Тарасаў, наш масажыст, 12 гадзін масіраваў першую сямёрку, каб размяць ногі, яны былі забітыя да немагчымасці. Для нас усіх гэта была вельмі складаная ноч. Але мы справіліся. Недзе нам і пашанцавала. Але мы і выклаліся на максімум.

Пасля перамогі Спартак Пятровіч нам сказаў: «Малайцы хлопцы, але ўсё роўна вы, дзецюкі, у гандбол гуляць не ўмееце». Вядома, ён сказаў гэта жартам, але гэта было сказана на камеру. Хто ведае Спартака Пятровіча, разумее, што ў яго такі своеасаблівы гумар. Але многія, хто пачуў гэтыя словы зтэлеэкранаў, жарту не зразумелі. Не зразумеў і мой бацька. Я прыязджаю дадому, а бацька ў мяне пытаецца, што я ўвогуле там рабіў, бо трэнер сказаў, што мы нічога не ўмеем. І ён ужо гэта сказаў сур’ёзна, нягледзячы на медаль. Праз 25 гадоў, да юбілею Спартака Пятровіча, здымалі пра яго фільм. І ён у ім сказаў, што Алімпіяду 1992 года выйгралі чатыры гульцы: Дуйшэбаеў, Барбашынскі, Якімовіч і Лаўроў. Калі я гэта пачуў, у мяне пакацілася сляза. 25 гадоў мне мой бацька нагадваў, што я там нічога не зрабіў, бо трэнер так сказаў. Але, калі бацька паглядзеў гэты фільм, ён перада мной папрасіў прабачэння", — успамінае Андрэй Барбашынскі. 

Тая перамога ў Барселоне стала яркай кропкай багатай спартыўнай гісторыі Савецкага Саюза. Ёю скончыліся і вялікія перамогі мінскага СКА. Як адзначыў Андрэй Станіслававіч, усе спадзяваліся, што будуць яшчэ доўга разам гуляць, разам дасягаць вынікаў. Але не склалася... 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?