Вы тут

Як дзяцей украінскіх бежанцаў адаптуюць у Беларусі


— Кветачка, матылёк, сонейка. Яно заўсёды павінна свяціць, згодная?

— А мама кажа, што сонейка — гэта я!

Сведкам таго непасрэднага і вясёлага дыялогу-гульні ў казачны свет праз папяровую аплікацыю станаўлюся ў незвычайным дзіцячым пакоі. Яркае, спецыяльна абсталяванае памяшканне са мноствам інтэрактыўных «карыснасцяў» — адно з чатырох адкрытых на тэрыторыі Гомельшчыны абласной арганізацый Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Тут дзіцячы пакой — гэта форма падтрымкі дзяцей з сем'яў вымушаных бежанцаў з Украіны. Якраз ёсць магчымасць паглядзець, як тут арганізоўваюць заняткі. Назіраю за зносінамі Дарыны і педагога па адукацыі, старшыні Гомельскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Кацярыны Трэгубавай.


— Прыехала сюды 22 чэрвеня. Жыву на праспекце Рэчыцкім, — выразна гаворыць на рускай мове Дарына і называе свой новы адрас у Гомелі.

Дзяўчынцы — восем. Кажа, разам з трохгадовым братам Вовам, мамай Аняй і татам Жэнем прыехалі ў Гомель з Марыупаля. Уражвае, наколькі дзіця дакладна, па датах, жахліва спакойна расказвае аб тым, што яе сям'я перажыла ў родным горадзе.

— Жыла на Багдана Хмяльніцкага, — называе Дарына іншы адрас: вуліца тая ж, што ёсць тут, у Гомелі. Але. Асякаюся пасля яе фразы:

— Там дома ўжо няма, яго знеслі, але мне сказалі, што новы будуюць, — расказвае малая пра свой дом, які моцна пацярпеў, у Марыупалі.

На маё пытанне «Як табе ў Гомелі?» адказвае таксама вельмі спакойна, што яшчэ больш сціскае сэрца.

— Мне тут падабацца, таму што ёсць святло!

Кажа, што, калі вайна пачалася, святла, газу, ацяплення, вады ў іх не было.

— Сядзелі без анічога, а ўвечары запальвалі свечкі, але эканомілі. Мама і тата перасталі хадзіць на работу, а калі вайны не было, яны працавалі, — дадае дзяўчынка. — Пасля хадзілі «па гуманітарку» ад мэра. Потым паехалі ў Расію. Мама прайшла фільтрацыю, — зусім сур'ёзна прамаўляе дзіця дарослае слова. — Потым мы паехалі далей. На вакзале сядзелі вельмі доўга, пакуль атрымалі білеты.

У Гомель, як растлумачылі ўжо бацькі Дарыны — Яўген і Ганна, — прыехалі да далёкіх сваякоў. Цяпер здымаюць кватэру, уладкоўваюцца.

— Самі родам з Марыупаля. З'ехалі ўжо пасля таго, як гэта ўсё там у нас скончылася. Да гэтага выехаць нельга было. На вуліцу таксама не маглі выходзіць, таму што кожны дзень, кожную мінуту, кожную секунду нешта прылятала. З намі ў кватэры былі бацькі жонкі. Да іх у шматпавярховік снарад прыляцеў на апошні паверх, разбурыў дах. Цяпер там усё аднаўляюць. А тады ўсе разам сядзелі спачатку ў адным пакоі ў нашай кватэры, потым перабраліся ў калідор, а потым ужо спусціліся ў склеп. Туды спусцілі самыя неабходныя рэчы, думалі, калі нешта прыляціць у кватэру, хоць уцалее ў падвале. Аказалася ўсё па-іншаму, кватэра ўцалела, а склеп цалкам згарэў, — распавядае Яўген.

Дапаўняе: згарэлі тэлефоны, але самае горкае для іх — усе сямейныя фатаграфіі, усе фота малых Дарыны і Вовы.

— Дзеці адышлі і адаптаваліся, гэта відаць, — адказвае на маё пытанне Яўген. — Калі былі ў Марыупалі, ужо быццам усё скончылася, але чуваць было недзе далёкія выбухі, дык маленькі асабліва крычаў, прасіў усіх хавацца хутчэй.

Цяпер галоўнае пытанне для сям'і марыупальцаў — уладкаваць дзяцей тут, у Гомелі. У школу — старэйшую, а маленькага — у дзіцячы сад. Самім жа — працаўладкавацца.

— Калі толькі ўсё ў нас там пачалося, работа спынілася. Засталіся без грошай. У нас былі зберажэнні на картцы, але зняць з яе мы нічога не можам, таму што Украіна паставіла забарону на нашы карткі і ўсё, — разводзіць рукамі малады тата.

Галава сям'і і яго жонка Ганна па прафесіі — чыгуначнікі. Ён быў дзяжурным па сартавальнай горцы, яна — дзяжурнай па станцыі. У Гомелі Яўген ужо паспеў знайсці работу — уладкаваўся ў прыватную фермерскую гаспадарку, займаецца сартаваннем і пакаваннем садавіны і ягад. Работа часовая. Кажа, ужо звярнуўся ў Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі: спадзяецца, што зможа ўладкавацца па спецыяльнасці. Як толькі вызначыцца пытанне са школай і садком для дзяцей, спадзяецца таксама, што добра працаўладкуецца і яго жонка Ганна.

Цікаўлюся ў бацькоў, ці ёсць хваляванні, як іх дачка пасля двух гадоў навучання ва ўкраінскай школе будзе займацца ў Беларусі?

— Гаворым мы па-руску, але ў школе — так, усё было толькі па-ўкраінску. Па матэматыцы вельмі складана было на ўкраінскай. Думаем, у гэтым плане давядзецца перабудоўвацца, — адказваюць тата і мама дзяўчынкі.

Бацькі кажуць: для іх каласальная дапамога, што цяпер перад школай і садком можна прывесці дзяцей пазаймацца ў спецыяльна абсталяваны дзіцячы пакой. На Гомельшчыне, акрамя абласнога цэнтра, такія ж адкрыты ў Мазыры, Калінкавічах і Рэчыцы. Для дзяцей з Украіны тут рыхтуюць разнастайныя інтэрактыўныя навучальныя заняткі, а яшчэ даюць ім магчымасць стасункаў з беларускімі аднагодкамі. Аказваецца ўвогуле любая пасільная дапамога і падтрымка.

— Такая праца з дзецьмі з сем'яў, якія знайшлі прыстанішча ў Беларусі, дапамагае ім хутчэй сацыялізавацца, прывыкнуць да нашай краіны і культуры, — упэўненая старшыня Гомельскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Кацярына Трэгубава. — На практыцы, калі займаешся з дзецьмі і яны «адчуваюць цябе», як той казаў, то не трэба распытваць, яны самі захочуць прагаварыць, падзяліцца тым, што перажылі. Украінскія сем'і прыходзяць да нас кожны дзень. Працуем з усімі, хто пражывае на тэрыторыі Гомеля і Гомельскага раёна.

У гомельскім дзіцячым пакоі навучальныя заняткі з дзецьмі з Украіны праводзяць валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа — да двух дзясяткаў педагогаў з абласнога цэнтра.

— Выконваюцца тры галоўныя віды работы з дзецьмі. Гэта адукацыйная работа — не толькі падрыхтоўка да школы, але і пазнавальныя культурныя мерапрыемствы. Абавязкова — творчы кампанент, можна аб'яднацца ў клубы па інтарэсах. Трэці від работы — аказанне псіхалагічнай падтрымкі. Штотыдзень псіхолаг гатовы працаваць. Гэта вельмі важна для бацькоў, якія просяць дапамагчы пераадолець іх дзецям жахі, якія яны перажылі, — паясніў начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Арцём Карпенка. — Важна і тое, што калі бацькі прыйшлі афармляць якую-небудзь дапамогу, дзеці спакойна ў дзіцячым пакоі займаюцца, гуляюць, адпачываюць. Пры гэтым, калі ў бацькоў ёсць неабходнасць пакінуць дзіця пад наглядам у дзіцячым пакоі, пакуль дарослыя, напрыклад, працаўладкоўваюцца, займаюцца афармленнем дакументаў, такая магчымасць таксама ёсць.

Работа дзіцячых пакояў — форма падтрымкі, папулярнасць якой расце з кожным днём, адзначыў начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела. «Мы сёння і ў горадзе, і ў вобласці назіраем прыток грамадзян з Украіны. Ім важна інтэгравацца, сацыялізавацца, таму такая форма аказання дапамогі сем'ям будзе, безумоўна, запатрабаваная», — падкрэсліў Арцём Карпенка.

Гомельская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа таксама працягвае актыўную дапамогу вымушаным мігрантам прадуктамі харчавання, адзеннем, сродкамі гігіены і медыцынскага догляду. Звярнуцца можна і па інфармацыйную дапамогу.

Між тым сёння Гомельскай абласной арганізацыяй БТЧК у Гомелі запушчаны новы сэрвіс падтрымкі — «Аранжавы пакой бяспекі». Яго сутнасць — аказанне псіхалагічнай, медыцынскай, прававой дапамогі жанчынам з Украіны, што сталі вымушанымі бежанцамі. Звярнуцца па дапамогу ў Гомелі могуць грамадзянкі, якія прыехалі з суседняй краіны, незалежна ад новага месца жыхарства на Гомельшчыне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ірыны АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Я ў мамы сонейка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».