Вы тут

Дзіўная гісторыя лёсу героя Барыса Добшыкава


На Гомельшчыне, недалёк ад Добруша, за тры гады да рэвалюцыі ў сям'і Добшыкавых нарадзіўся сын Барыс. Адзін з шасцярых дзяцей годна вывучыўся, атрымаў медыцынскую адукацыю. У 25 гадоў маладога чалавека з беларускай глыбінкі прызвалі на савецка-фінскую вайну, а ў 1941-м — адразу на Вялікую Айчынную. Двое яго братоў вярнуліся з фронту. Барыса ж бацька з маці так і не дачакаліся. Лічыўся прапаўшым без вестак. Іх сын так і не стаў ні мужам, ні бацькам, ні дзедам. Яго фотакартка, зробленая яшчэ на «грамадзянцы», захавалася ў сям'і пляменніцы. Гэты партрэт праз 80 гадоў дапамог прасякнуцца дзіўнай гісторыяй лёсу героя. Весткі аб ім на Гомельшчыну прыйшлі ажно з Запаляр'я.


Менш за месяц таму, падчас пошукавай экспедыцыі ў раёне возера Чэрап у Мурманскай вобласці, астанкі салдата часоў Вялікай Айчыннай вайны былі падняты ўдзельнікам пошукавага атрада Аляксандрам Магданавым. Сам ён родам з Гомельскага раёна. Можна толькі ўявіць, што перажыў пошукавік, калі там жа знайшлі чорную эбанітавую шасцігранную капсулу — смяротны медальён. У ім цудоўна захаваўся папяровы ўкладыш. Аказалася, «адшуканы» праз 80 гадоў баец Чырвонай Арміі  быў земляком. У смяротным медальёне, акрамя прозвішча Барыс Добшыкаў, былі ўказаны прозвішча яго маці і адрас — вёска Івакі Церахоўскага раёна. Гісторыя раскруцілася вокамгненна.

— Для пошукавікаў узняць астанкі героя Вялікай Айчыннай, пры якіх захаваўся не пусты смяротны медальён, — нечуваная радасць. Вядома, што на фронце многія спецыяльна не ўпісвалі ў такую запіску сваё імя. Лічылася, што, калі зробіш гэтак, цябе дакладна заб'юць, — тлумачыць асістэнт кафедры філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Павел Ждановіч. — Здараецца, пошукавікі знаходзяць медальён, але няправільнае яго адкрыццё можа прывесці да поўнай страты папяровай запіскі ўнутры. Ці другое: пашанцавала — паднялі байца, ёсць медальён, чытаецца, але сваякоў так і не знаходзяць.

З ваенным гісторыкам Паўлам Ждановічам сустракаемся ў гомельскім дзяржуніверсітэце невыпадкова. Менавіта Павел Леанідавіч з вядучым спецыялістам інфармацыйна-аналітычнага аддзела ГДУ імя Ф. Скарыны Людмілай Дуброўскай дапамаглі тэрмінова адшукаць родных знойдзенага ў Мурманскай вобласці байца. Значна дапамог пошукавікам на самым пачатку дакладна разабрацца з данымі смяротнай запіскі, дарэчы, і пазаштатны фатограф газеты «Звязда» Андрэй Феакцістаў. Менавіта ён перасланы з Мурманскай вобласці здымак з данымі байца прафесійна апрацаваў, аднавіў пажоўклы кавалак паперы ў спецыяльнай праграме.

— У падобных выпадках даныя салдата правяраюцца па базе, — тлумачыць Андрэй Феакцістаў. — Але цяпер яна нічога не выдала, бо ў канкрэтным выпадку ў базе прозвішча Добшыкаў было ўказана з памылкай у адной літары. Не супадала і дата смерці, быў паказаны 1943 год, пры гэтым у 43-м эбанітавы цыліндры — смяротныя медальёны ўжо не ўжываліся, а былі заменены на чырвонаармейскія кніжачкі. Вельмі дапамагло тое, што ў запісцы з медальёна выдатна чыталася прозвішча маці байца і адрас, — дадае фотакарэспандэнт.

Цікава, як гісторыя пошукаў прапаўшага без вестак байца ў адно імгненне змагла аб'яднаць самых родных людзей.

— Мяне за дзве тысячы кіламетраў адшукалі калегі-пошукавікі з Мурманска, — прадстаўляецца спецыяліст па рабоце з моладдзю Мурманскага рэгіянальнага цэнтра патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Вольга Яўсеенка.

Цэнтр, дзе яна працуе, непасрэдна курыруе дзейнасць усіх пошукавых атрадаў падчас экспедыцыі на тэрыторыі Мурманскай вобласці. Калегі ведаюць, што Вольга Яўсеенка сама беларуска і ў адпачынак кожнае лета едзе ў родны Гомель. Яна таксама далучылася да пошуку родных загінулага героя.

— Кольскі паўвостраў — гэта граніца з Фінляндыяй і Нарвегіяй. Падчас Вялікай Айчыннай — гэта тэрыторыя масіраваных бамбардзіровак і адно з месцаў, дзе не была пяройдзена граніца Савецкага Саюза, чаму Мурманск і атрымаў званне «Горад-герой». Тэрыторыя — тундра-лесатундра, суцэльныя камяні, баі былі вельмі цяжкія. Хавалі салдат пасля бою, проста прывальваючы камянямі. У 1958 годзе ў нас пачалі ўтварацца пошукавыя атрады пры прадпрыемствах. Гэта значыць, людзі ў свой выхадны выязджалі ў сопкі, каб падняць астанкі загінулых. Так утварыўся маштабны мемарыяльны комплекс «Даліна Славы» — маштабныя могілкі, заснаваныя пошукавікамі. Менавіта там штогод адкрываем вахты памяці, праводзім пахаванні салдат, астанкі якіх былі падняты. Ёсць практыка ўрачыстай адпраўкі астанкаў герояў на іх малую радзіму, — тлумачыць Вольга Яўсеенка.

У ГДУ ўсе, хто дапамагаў праліць свет на гэту гісторыю, сустрэліся ўжо з нашчадкамі загінулага героя Барыса Добшыкава — роднай пляменніцай Тамарай Уладзіміраўнай Аднаочка, яе дачкой Вольгай і ўнукам Міхаілам Канавальчыкамі. Юнак, дарэчы, вучыцца ў медыцынскім універсітэце. Кажа, што медыкам быў прадзед Барыс.

— Ён родны брат маёй мамы, — расказала Тамара Уладзіміраўна. — Мы ведалі, што ён прапаў без вестак, і інфармацыю ніякую аб ім не шукалі. Бабуля заўжды казала, што яе Барысам усе ў вёсцы ганарыліся, казалі, інтэлігент, мэтанакіраваны чалавек. Спадзяваліся родныя, што зможа дабіцца шмат чаго ў жыцці. Дзіўна, але мой дзед (бацька Барыса) быў дыяканам у царкве. Яе закрылі, але дома ў яго вельмі шмат абразоў было. Дык дзед кожны дзень пачынаў з малітвы і за без вестак зніклага воіна Барыса. Да мяне ад бабулі і дзядулі перайшоў спіс маіх продкаў, за якіх трэба заўжды маліцца. Такі наказ мне, значыць, далі: каб на Барыса ніколі не забывалася ў малітвах перад Богам. Вось як бывае.

Тамара Уладзіміраўна расказала, як у сям'і адрэагавалі на навіну з Мурманска. Кажа, што ніхто не мог падумаць, што праз столькі гадоў у іх сям'ю прыйдзе такая вестка. Цікава, што самы малодшы брат Барыса пасля вайны застаўся менавіта ў Мурманску: служыў у Паўночна-марскім флоце, потым і яго сын стаў вайскоўцам. Але сувязь з імі ў сваякоў з Гомельшчыны пасля згубілася. Можа, гэта гісторыя дапаможа сем'ям адшукаць адзін аднаго.

Пакуль жа па дамоўленасці са спецыялістам па рабоце з моладдзю Мурманскага рэгіянальнага цэнтра патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Вольгай Яўсеенкай будзе прапрацоўвацца пытанне ўрачыстай адпраўкі астанкаў загінулага героя Барыса Добшыкава на Гомельшчыну. Будзем сачыць за гэтай гісторыяй.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.