Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Хто пачаў — зрабіў палову

Сустрэла ў «Звяздзе» прымаўку «Невялікая мурашка, а горы капае» і адразу ўспомніла сваю сяброўку, бо яна ў нас, і праўда, што тая Дзюймовачка... А гару аднойчы капала.

...Некалі, помніце, быў дачны бум. Справай гонару лічылася пахваліцца, што «ў мяне чатыры соткі зямлі ў Крыжоўцы» (як на здзек іх давалі — пад домік, сад, агарод...) альбо сем — дзесь у Рубяжэвічах. Ледзь не ўсе тады будаваліся.

Муж Дзюймовачкі-Лізаветы будаўніком не быў, нават блізка. Як і яна сама — карэнная гараджанка. Таму дачу яны купілі гатовую, адразу ж насадзілі там яблынь ды груш. Вясной, навазіўшы зямлі, планавалі і грады разбіць. А пакуль Лізавета (гаспадар па камандзіроўках ездзіў), як магла, фарбавала вокны, клеіла шпалеры, абстаўляла, абжывала пакоі. Досыць часта ездзіла. Прычым не столькі на аўтобусе, колькі на спадарожных грузавых машынах. Міма іх садовага таварыства яны часта шасталі: з кар'ера ў сталіцу гравій вазілі... Часам — Ліза бачыла — нешта цяжкое і чорнае (ці не зямлю?) яшчэ і назад.

Дык вось стаіць яна неяк на выездзе з горада, што называецца, ловіць машыну, глядзіць на тыя самазвалы з зямлёй і думае: «От каб нам ды на грады! Як бы там забуяла ўсё! Суседкі пазелянелі б ад зайздрасці! А муж бы так ганарыўся...»

Падумала так, руку ўверх падняўшы, самазвал і спыніўся. За рулём сімпатычны такі чалавек — усмешлівы, гаваркі. Пасажырка з ім хутка пасмялела: бліжэй да дачы спытала, ці не мог бы ён... не давезці свой груз да месца — скінуць (за грошы, вядома ж!) на іхнім участку?

Мужчына (Ліза потым успомніла) неяк дзіўна на яе паглядзеў, але згадзіўся.

Прыехалі яны, разгрузіліся, разлічыліся — самазвала і след прастыў. А Ліза тым часам ужо за вёдры. Адно насцярожыла: рыдлёўку з гэтым чарназёмчыкам чамусьці не падняць было, а ўжо поўнае вядро...

Пакрысе стала насыпаць і цягаць — ну як тая мурашачка... Бліжэй да змяркання, казала, ні рук ні ног не чула... Але ж крыўдна не гэта, а тое, што кучак на градах — ну як ад крата. А яшчэ горш, што міма нейкіх мужчын праносіць. Каля кучы з зямлёй запыняюцца.

— Глянь, нейкі дурань машыну шлаку (?) прыпёр, — кажа адзін другому (Ліза ўсё чуе).

Другі яму (так спакойненька):

— А з чаго ты ўзяў, што ён дурань? Можа, і разумны: можа, сцежкі будзе масціць?..

Лізавета, бедная, села там, дзе стаяла!

Але ж хочаце верце, хочаце не, сама тыя кучкі назад да «гары» знасіла.

І дарожкі потым яны сапраўды замасцілі. Здаецца, кітайская прымаўка: хто пачаў, зрабіў палову»?

Лізавета зрабіла больш.

А. СІДАРОВІЧ

г. Мінск.


Горкая праўда

Дзеці ў Ганны і Грышкі выхоўваліся працай і прыкладам бацькоў. А гэта, відаць, найлепшыя выхавальнікі.

Сям'я іх заўжды трымала гаспадарку: дзвюх кароў (і ад іх цялятак), пару свіней, а птушку ды трусоў — дык збіваліся з ліку... І ўсю ж гэту жыўнасць трэба дагледзець...

Факт, што іншыя дзеці ў пагодныя дні бавілі час на рэчцы, а ў гэтых — і вольных гадзін не было: ім то кароў трэба з пашы сустрэць ці праводзіць, то травы для трусоў назбіраць, то сена паварочаць...

Але ж неяк, справіўшы гэты клопат, дзеці надумалі назбіраць чарніц. Узялі па ладным вядзерцы, каб болей прынесці, і рушылі ў лес. Бабулькі, што сядзелі на лавачцы, аж замілаваліся: «Гэта ж трэба! Якія дзеці ў Ганны з Грышам... Мала таго, што па гаспадарцы памогуць, дык яшчэ і ягад зараз прынясуць».

Праўда, у той дзень са зборам ім не пашчасціла: можа, апярэдзіў хто — пазбіраў раней, можа, месцы не тыя выбралі... У вёдрах толькі донцы пазакрывалі. І як з пустымі дадому ісці?

— Няма ягад, давай назбіраем грыбоў, — прапанаваў сястрычцы старэйшы брат. — Скуль тым бабулям ведаць, па што мы хадзілі?

Ідэя была добрая, а вось грыбоў — дзе-нідзе і тыя чарвівыя.

Але ж хлопчык і тут не здрэйфіў: запоўніў вядзерца мохам, наверх палажыў чарвівых... Перад бабулькамі, па вясковай вуліцы, дзеці з форсам прайшлі. Пачулі яшчэ за спінамі: «Гэта ж трэба! Аніхто грыбоў не знайшоў, а Ганніны дзеці — дык поўныя вёдры!»

...Змесціва іх, ледзь данёсшы да хаты, грыбнікі з рогатам вытраслі ў крапіву.

Пазней, ужо вечарам і разам з бацькамі яны аглядаліся і вячэралі (смаката невыказная!) чарніцамі з падсалоджаным сырадоем. Дзень, можна сказаць, удаўся! Бацькі пахвалілі сваіх памочнікаў, і спаць яны лажыліся амаль шчаслівымі. Вось толькі заснуць...

— Падманулі бабуль, — казала сястрычка брату.

І разам яны ўжо бачылі, як Лявоніха ці Кастусіха заўтра запыняць маму, як спытаюць, колькі ж было баравікоў, што прыгатавалі? А мама — пра тое ні слыху ні прослыху. Сорам. Ганьба... «Трэба праўду сказаць», — вырашылі дзеці.

...Маці, як і варта было чакаць, іх за хітрыкі не пахваліла, але і сварыцца дужа не стала. Сказала, што горкая праўда даражэйшая, чым салодкая хлусня. Дзеці, здаецца, запомнілі.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён.


Мукі ад навукі...

На самым пачатку жніўня мы, як заўсёды, адзначалі дзень нараджэння брата. На гэты раз — шэсцьдзясят ды яшчэ і пяты. Грэх было не сабрацца найбліжэйшай радні, не пасядзець у альтанцы на бацькоўскім падворку, а потым яшчэ і пры вогнішчы, не паўспамінаць...

Размова зацягнулася ж за поўнач і збольшага была вясёлай. Тужлівай — хіба тады, калі ўзгадвалі бацькоў.

...Нарадзіліся мы ў бабулінай хаце (дзед загінуў у партызанах), а вось гэту, адносна новую, пад жалезным дахам, будаваў ужо тата.

Па ўспамінах мамы, да службы ў войску («недзе ў Забайкаллі, у танкістах...») хлопцам ён быў рахманым, нават сарамлівым, а вярнуўся дамоў — не пазнаць: такі стаў кавалер... Многія дзеўкі на яго заглядаліся, але ён усё ж такі выбраў маму, да якой заляцаўся яшчэ да службы.

І зажылі б яны людзям на зайздрасць, калі б не адна загана. Мацюкаўся наш тата направа і налева — на дождж, на пагоду, на ката, на карову... Што ўжо казаць пра «парадкі», заробкі, начальства, цэны, калі без «пераматаў» не заводзіўся нават трактар! Ён жа — і наш карміцель!

Гэта, без перабольшвання, чыстая праўда, бо мама, якая працавала паляводам у калгасе, зарабляла тады амаль пустыя працадні, а бацьку ў лясніцтве плацілі 80—10 0 рублёў у месяц. Да таго ж «Беларус» з прычэпам стаяў у нашым двары, і тата на ім час ад часу калыміў: прывозіў некаму сена, дровы, шыфер, дошкі, дапамагаў пагрузіць, разгрузіць... І ад пачастунку з бутэлькай заўжды адмаўляўся (хоць гэта, напэўна, і цяжка было?), а вось плату браў — яшчэ і за гэта. Вяскоўцы яго разумелі: будуецца чалавек, грошы ой як патрэбны!

Варта заўважыць, што яны ў той час вельмі дарагімі былі: за адзін рубель мы з братам куплялі сем боханаў хлеба і два пачкі запалак. А прадаваліся ж і розныя рэчы, тканіны, абутак... Дзякуючы тату і ягонаму трактару, у школу мы хадзілі абутыя і прыбраныя, нават не горш за дзяцей настаўніцы.

...Але ж я адхілілася — «адышла ад вогнішча».

Там, за няспешнай гамонкай, згадалася многае, ажно з дзяцінства! Разам з братам успомнілі выпадак, які нам тады здаваўся трагедыяй, а цяпер...

Вясёлы, кранальны эпізод — не болей.

...У той дзень, адпраўляючы нас у школу, мама загадала, каб, вярнуўшыся і парабіўшы ўрокі, мы прапалолі граду буракоў. Яна была пад вокнамі хаты, досыць вялікая, і брацца за праполку нам зусім не хацелася. А вось пагуляць...

Час быў далёка не сённяшні: гульні сабе дзеці прыдумвалі самі. Ну, напрыклад: чаму б не праверыць, у каго з нас лепшая памяць?

Я прапанавала брату пачытаць вершы, але Юра не згадзіўся: сказаў, што гэта несправядліва, бо я старэйшая і дзяўчынка, таму вершыкаў ведаю больш. Іншая рэч — татавы мацюкі ды розныя там выразы: а ну — хто іх болей успомніць?

Добрую паперу на запісы нам псаваць не хацелася: узялі па газеце (не «Звяздзе»... Бацьку прымушалі выпісваць іншую), селі ў розных кутах пакоя і, як зараз сказалі б, працэс пайшоў: вялікія чыстыя палі мы запаўнялі словамі.

Колькі часу прайшло, цяпер не ў памяці: карпелі, выкручвалі мазгі, пакуль не пачулі, як на вуліцы лапоча трактар. І ўжо тады мігам згарнулі газеты — рванулі ў гарод: нельга ж у татавых вачах выглядаць дармаедамі.

Ды і тата прыехаў тады не адзін, а з аб'ездчыкам. Гэта быў патрэбны чалавек: мог прыпісаць і лішніх кубаметраў лесу, і кіламетраў тралёўкі... Тата яго заўжды частаваў.

Вось і тым разам дастаў паўтарачку першаку (0,7 л), стаў наразаць закуску. Госць тым часам (мы пад акном ні жывыя ні ўмерлыя!) узяўся гартаць-шумець газетамі.

Потым, ужо за чаркай, гутарка ў мужчын пайшла пра нейкія справы ў лясніцтве, у калгасе... Мы з Юрам ледзь не святкавалі: «Няўжо пранесла?!»

Аж не: на развітанне аб'ездчык (цяпер гэта пасада горда называецца «майстар лесу») усё-ткі папрасіў:

— А скажы мне, Антось, навошта ты вучыш дзяцей мацюкацца? Я разумею, што сыну гэта можа калі і спатрэбіцца, а вось дзеўцы нашто?

Адказу мы чамусьці не пачулі, а вось татава грознае: «А ну марш у хату!» да нас даляцела.

Вінаватыя, панурыўшы галовы, мы зайшлі, і Юрка скеміў адразу, што дабра тут чакаць не варта — сігануў пад ложак. Я ж была схоплена за руку... Бацька сваёю другою трымаў папругу... І калі б не мама...

Трэба сказаць, што гісторыя гэта мела наступствы, прычым досыць нечаканыя. Тата — нарэшце (!), ніхто паверыць не мог (!) — перастаў мацюкацца: як мама казала, «прыкусіў свой паганы язык».

...Можна і тое яшчэ дадаць, што мы з братам добра скончылі школу і нават выйшлі ў людзі: я — у інжынеры, брат — у настаўнікі...

У яго ўсё-ткі лепшая памяць. Шкада, што ў дзяцінстве мы гэтага не праверылі.

Тамара Л.

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.