Вы тут

Лукашэнка: «Беражыце тое, што ёсць. І не спадзявайцеся, што нехта прыйдзе і дасць»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочай паездкай Брэсцкую вобласць. На гэты раз кіраўнік дзяржавы пабываў у адной з найлепшых гаспадарах рэгіёна — ААТ «Жураўлінае», што на Пружаншчыне. Беларускі лідар не толькі азнаёміўся з дасягненнямі канкрэтнага прадпрыемства, а і ў цэлым ацаніў сітуацыю ў сельскай гаспадарцы ў рэгіёне. Вядома, далажылі і аператыўную абстаноўку па жніву — гэта пытанне заўсёды на кантролі Прэзідэнта. 


Міністр сельскай гаспадаркі і прамысловасці Ігар Брыло расказаў, што на бягучы момант намалочана 6 млн. 240 тысяч тон збожжа (на раніцу 19 жніўня. — «Зв.»). У нядзелю, па словах міністра, гэтая лічба павінна дасягнуць сямі мільёнаў тон. Увогуле прагнозы па збожжавых добрыя. Важкі ўклад у агульны каравай краіны сёлета ўнесла і Брэстчына.

Адразу пытанне ад Прэзідэнта — як змагацца з пустазеллем у сувязі з павышэннем цэн на гліфасаты? І тут жа прапанова: «Мы пабудавалі БНБК (Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю. — „Зв.“). У свеце тры-чатыры краіны такія. Чаму б не дамовіцца з кітайцамі і не паспрабаваць? Няма неарэлізуемых праблем. Я ведаю, гэта няпроста. Па хіміі трэба працаваць». Аднак без кантролю ў гэтым пытанні, па словах Аляксандра Лукашэнкі, нельга — работа тонкая. Пры гэтым кантроль важны як пры закупцы, так і пры ўнясенні ўгнаенняў.

Трэба сялянам дапамагаць

У чарговы раз кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вырошчванне азімых культур. Асабліва, па яго словах, гэта актуальна для поўдня нашай краіны. Далажылі кіраўніку дзяржавы не толькі аб выніках уборачнай кампаніі, а і аб тым, як ажыццяўляюцца пасевы ўжо новага ўраджаю. Для гэтага створаны ўсе ўмовы. І насення ў дастатку, прычым беларускай селекцыі. Засталося чакаць спрыяльнага для сяўбы надвор’я — дажджоў. Праўда, пакуль суха, важна справіцца з палеглымі пасевамі — такая задача аграрыям ад беларускага лідара. 

Гаварылі падчас рабочай паездкі і аб тым, колькі і якой культуры будзе пасеяна. У чарговы раз кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на рапс і спытаў у вопытных аграрыяў, ці не памыліліся мы з гэтай культурай, актыўна высаджваючы яе на айчынных палетках. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка пацвярджае — прынятае ў свой час рашэнне цяпер прыносіць добры плён. Ураджайнасць рапсу высокая, прадукцыя, зробленая з яго, славіцца сваёй першакласнай якасцю. Гэта беларускі лідар пацвердзіў асабіста, пакаштаваўшы рапсавы алей, які ствараецца на тэрыторыі рэгіёну. Аб якасці алею сведчыць і вялікі попыт на яго як у беларусаў, так і па-за межамі краіны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што перапрацоўшчыкі часта забіраюць сабе прыстойныя сумы. Аднак, па словах Прэзідэнта, трэба дзяліцца з сялянамі: будзе інтарэс у іх — будзе загружана і прадпрыемства. «Нядрэнна жывём, больш-менш, трэба і сялянам дапамагаць», — канстатаваў ён.

Карыстацца сваім

Азнаёміўся Аляксандр Лукашэнка і з тэхналогіяй апрацоўкі рапсу, а адпаведна, з сучаснымі айчыннымі сеялкамі, магчымасці якіх былі прадэманстраваны кіраўніку краіны. «Нам трэба падумаць аб тым, каб імпарт не завозіць, — закрануў тэму імпартазамяшчэння беларускі лідар. — Проста павысіць патрабаванні да іх (айчынных прадпрыемстваў. — „Зв.“), каб рабілі не горш за імпартнае. Гродзенцы і іншыя павінны карыстацца сваім. Нядрэнная тэхніка, і ўсё-такі гэта нашы грошы». 

Такім чынам, беларускай сельскагаспадарчай тэхніцы на нашых палях — быць! Аднак яе, як і ўсё сваё, трэба берагчы. Аляксандр Лукашэнка настойвае — камбайны, энерганасычаныя трактары, павінны праслужыць не менш за 15 гадоў. У сувязі з гэтым, паўстае пытанне гарантыйнага абслугоўвання. Прэзідэнт прапаноўвае павялічыць яго да трох гадоў. «Не толькі ж людзі вінаватыя, што выходзіць са строю тэхніка, — сцвярджае Прэзідэнт. — Мы хутка ствараем новую тэхніку. А калі хутка, тады хутка яна выходзіць са строю. Хай вытворцы нясуць за гэта адказнасць. Не сяляне павінны за гэта адказваць». 

Патрабавальнасць да вытворцаў — адно з прыярытэтных пытанняў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы казаў і падчас знаёмства з функцыянаваннем машыннага двара ААТ «Жураўлінае». Тут перш за ўсё Прэзідэнта зацікавіла, як адбываецца абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі. 

У машынным двары кіраўнік дзяржавы пагутарыў са спецыялістамі гаспадаркі. З першых вуснаў даведаўся аб праблемах, якія хвалююць людзей. На заробак не скардзяцца — некаторыя нават не ведаюць, колькі атрымліваюць. Значыць, як пажартаваў Прэзідэнт, жывуць нядрэнна. Унёс яснасць кіраўнік гаспадаркі. Сярэдні заробак у спецыялістаў прадпрыемства — 1400 рублёў. Падчас уборачнай увогуле ёсць добрая магчымасць зарабіць. У сезон жніва тыя ж кіроўцы атрымліваюць па 2500 — 3000 рублёў. Пацікавіўся Прэзідэнт і асабістым. Пры гэтым прыемна здзівіўся, што ў сем’ях механізатараў, з якімі размаўляў, выхоўваецца па чацвёра дзяцей. «Такім сем’ям трэба дапамагаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мала таго, што дзяржава — гаспадарка павінна плячо падстаўляць».

Даўгі трэба аддаваць

Пасля агляду машыннага двара і знаёмства з тэхнічнымі магчымасцямі гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з работнікамі «Жураўлінага» і жыхарамі Пружанскага раёна. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш за 10 гадоў таму было вырашана нарэшце аддаць даўгі сялянам. Пра гэта казалі ўвесь савецкі час, але Савецкі Саюз разваліўся, а даўгі так і не аддалі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, стаўшы Прэзідэнтам, ён паставіў перад сабой задачу разлічыцца з сялянамі. 

«Справа не ў тым, што я сам працаваў пэўны час у сельскай гаспадарцы, і нават не ў тым, што я чалавек сялянскі і я вас разумею. Я заўсёды працаваў ідэолагам, і гэтую формулу, задачу ідэалагічную „аддаць даўгі“, калі я стаў Прэзідэнтам я паставіў перад урадам, перад усёй краінай. Як бы не было цяжка даўгі трэба аддаваць. Трэба было з нечага пачынаць», — сказаў беларускі лідар. Была створана праграма адраджэння вёскі. Ля вытокаў гэтай працы стаялі былы віцэ-прэм’ер Аляксандр Папкоў і былы старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч. У краіне пачалі ствараць буйныя таварныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Аднымі з першых сталі гаспадарка «Александрыйскае» ва ўсходняй Магілёўскай вобласці і гаспадарка «Жураўлінае» на заходняй Брэстчыне. 

«Мы тады вызначылі крытэрыі гэтай пяцігодкі адраджэння вёскі. Гэта не павінны быць прыватныя фермерскія гаспадаркі. Фермеры няхай працуюць, мы іх падтрымліваем. Але нельга развальваць калгасы. Сёння мы разумеем, што не памыліліся, ствараючы ўзбуйненыя таварныя сельскагаспадарчыя вытворчасці», — расказаў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, чаму такія гаспадаркі не планаваліся як фермерскія. Па яго словах, у краіне вельмі мала моцных таленавітых аграрыяў. «І калі б мы падзялілі на драбніцу, мы б загінулі, мы былі б галоднымі. Не таму што фермеры дрэнныя. А таму што іх проста няма яшчэ і сёння», — растлумачыў ён. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што добры фермер павінен і зямлю апрацоўваць, і жывёлагадоўляй займацца, весці эканоміку, купляць запчасткі, прадаваць прадукцыю, быць аграномам, заатэхнікам, механізатарам. Такіх людзей вельмі мала. 

«Таму мною была пастаўлена задача ўсім — і ўраду, і спецыялістам: толькі буйнатаварныя гаспадаркі, трэба захаваць калгасы, саўгасы. Мы рухаемся да буйнатаварнай сельскагаспадарчай вытворчасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, — „Александрыйскае“ і „Жураўлінае“ — гэта дзве першыя буйнатаварныя вытворчасці, мы іх узбуйнялі паступова, і мы бачым, што яны спраўляюцца. Вы малайцы, прыемна паглядзець». Прэзідэнт таксама пахваліў Брэсцкую вобласць за паспяховае правядзенне ўборачнай кампаніі. 

Сельская гаспадарка спрацавала

Прэзідэнт звярнуў увагу, што адраджэнне вёскі ў няпросты эканамічны час патрабавала неардынарных і няпростых мер. І вёска адраджалася намаганнямі ўсяго беларускага народа. «Было няпроста, але беларусы вытрымалі, малайцы, толькі дзякуючы цярплівасці і нашай настойлівасці. Цяпер бачу, дзякуй богу, што мы так зрабілі. У адваротным выпадку нам не было чым карміць не толькі сябе, наш народ, але і прадаваць на экспарт. Сем мільярдаў долараў валюты атрымліваем. Гэта значыць сельская гаспадарка спрацавала. Быў першы пяцігадовы план, другі. Цяпер мы ўжо ў трэцяй пяцігодцы працуем. Яна ўжо менш прыкметная, бо нам штурмаваць нічога не трэба. Нам трэба спакойна працаваць. Асноўныя напрамкі вызначаны», — сказаў ён.

Пры гэтым, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, сялянам трэба дапамагаць. Але ён папярэдзіў, што дапамогу атрымаюць только тыя, хто стараецца працаваць. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава не кіне сельскую гаспадарку. Аднак ёсць і іншыя актуальныя пытанні. «Нам трэба зараз сур’ёзна паглядзець на мясцовыя дарогі. Ёсць дзве праграмы на цэлую пяцігодку. У некаторых месцах гэта вельмі сур’ёзная праца. Мы аднавім усе мясцовыя дарогі». Таксама важнае пытанне, якое стаіць у прыярытэце дзяржаўнай палітыкі, — меліярацыя. «Запусцілі тыя меліярацыйныя сістэмы, якія мы некалі будавалі. Трэба ўсё неадкладна аднаўляць. У вас вельмі шмат меліяраваных земляў, асабліва на Палессі. Таму пытанне нумар адзін — меліярацыя. Няпростая задача, але будзем грошы выдзяляць», — паабяцаў Прэзідэнт. 

Жыхары раёна скарысталіся магчымасцю задаць Прэзідэнту важныя для іх пытанні. Адзін з супрацоўнікаў «Жураўлінага» спытаў, ці магчыма павялічыць тэрмін гарантыйнага абслугоўвання тэхнікі з двух да трох гадоў. Дарэчы, большая частка тэхнікі, якая працуе ў раёне, айчыннай вытворчасці.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што сёння гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася і яно вырашана. Тэрмін гарантыйнага абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі падоўжаны да трох гадоў. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што вытворцы маюць даручэнне за суткі рамантаваць тэхніку, якая ў гаспадарках выходзіць са строю. «Не вытрымала тэхніка — на працягу сутак прыязджайце і аднаўляйце. За год ніводны дырэктар гаспадаркі не скардзіўся. Я ведаю, што такое калі падчас уборкі адзін дзень прастаіць камбайн, гэта сто тон мінімум хлеба не атрымаеш у гэты дзень. Мы па ўсіх напрамках кантралюем эксплуатацыю тэхнікі», — заўважыў ён. 

Дэфіцыту ў нас няма

Пытанні да Прэзідэнт датычыліся не толькі сельскагаспадарчай тэмы. Людзі задавалі пытанні і «аб набалелым». Напрыклад, мясцовая жыхарка выказала асцярогі, што зараз у сродках масавай інфармацыі падымаецца істэрыя наконт каранавіруса і пацікавілася, ці хопіць беларусам вакцын. «У нас ніколі не было дэфіцыту. Ніколі і ні ў чым. Я заўсёды спрабаваў зберагчы вас ад „шаленства“. Каб вы не парыліся, што каранавірус гэта горш, чым анкалогія ці інфаркт сэрца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што заўсёды арыентаваў людзей на тое, што пры нармальным ладзе жыцця не трэба баяцца гэтай хваробы. Трэба спакойна працаваць, асабліва сялянам, якія амаль пастаянна рухаюцца і шмат часу праводзяць на свежым паветры. «Хто хоча жыць, той сочыць за сваім здароўем», — заўважыў беларускі лідар. 

Прэзідэнт запэўніў, што вакцын, сродкаў аховы, масак хапае. У найбліжэйшы час пачнецца вытворчасць сваёй вакцыны. «Але яшчэ раз кажу, не парцеся залішне. У СМІ істэрыя, таму што на гэтым грошы зарабляюць. Лекі, маскі, сродкі аховы — гэта сотні мільярдаў долараў. Жывіце спакойна, працуйце», — падкрэсліў ён. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што каранавірус фіксуецца і зараз, але лечаць яго ў асноўным дома. Паступова ён становіцца сезоннай хваробай, як і чакалі. Хто хоча вакцынавацца — можа без праблем гэта зрабіць. Прэзідэнт яшчэ раз заклікаў усіх не хвалявацца, жыць нармальна і больш знаходзіцца на свежым паветры. 

«Мы будзем дапамагаць»

Работнікі «Жураўлінага» падзякавалі кіраўніку дзяржавы за веру ў іх, за падтрымку з боку дзяржавы, СМІ і народа. Аграрыі запэўнілі, што для іх гэта вельмі важна і адказна, а яны ў сваю чаргу не падвядуць. «А вы мяне ніколі не падводзілі. Я адданы вам чалавек. Не толькі сялянам, вы родныя мне, бо я выйшаў з гэтай вёскі. Проста вы павінны разумець, што вас ніхто на плячах несці не будзе. І я ў тым ліку. Так, мы будзем дапамагаць. Але я разумею, што чалавек толькі тады паспяховы, калі сам клапоціцца пра сябе і сваіх блізкіх. А што дзяржава дасць — гэта ўжо дадатак», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён звярнуў увагу на падзеі ва Украіне. Беларусь стала прытулкам для тысяч украінцаў, якія зараз атрымліваюць беларускае грамадзянства. «Яны працуюць, і задаволеныя. Чаму? Таму што яны гора перажылі, яны перанеслі вайну. І гэта нашы людзі. Мы іх не павінны крыўдзіць. Вы не думайце, што я тут планую нейкі напад, вось Украіну будзем бамбіць з тэрыторыі Беларусі і гэтак далей. Няма ў мяне ніякага жадання, каб вашы і мае дзеці ваявалі. У імя чаго? Нам трэба ўціхамірыцца. Ніякая Украіна не ваюе сёння. Сёння з Расіяй ваюе ўвесь блок НАТА і Амерыка перш за ўсё», — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, Еўропа ужо б даўно спыніла гэтую вайну, калі б ЗША не працягвалі з дапамогай Польшчы падганяць баявыя дзеянні.

«Беражыце тое, што ёсць. І не спадзявайцеся, што нехта прыйдзе і дасць. У нас ёсць дзе зарабіць. Вы толькі, калі ласка, не спыняйцеся, варушыцеся самі. Памятайце, што гэта вам трэба перш за ўсё. А мы як падтрымлівалі, так і будзем падтрымліваць», — запэўніў беларускі лідар. 


У тэму

Эксперыментам у сельскай гаспадарцы — быць!

Падчас візіту Прэзідэнта ў гаспадарку «Жураўлінае» вялікую ўвагу ўдзялілі рапсу. Загадчыца адззела алейных культур Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Ядвіга ПІЛЮК растлумачыла журналістам, чаму для Беларусі гэта перспектыўная культура. «Раней стаяла пытанне па рапсе 600-700 тон, а зараз стаіць пытанне мільён тон. Магчыма, мы і ў 2023 годзе яго атрымаем. У гэтым годзе былі моцныя маразы і ў сакавіку, калі рапс адкрыўся, ад снегу ўся ліставая паверхня была зморшчаная. На захадзе такіх маразоў не было, і таму ўраджайнасць у заходніх раёнах вышэйшая. Таксама сёлета было раўнамернае размеркаванне вільгаці. Магчыма ў гэтым годзе мы намалоцім добры дадатак да мінулага года. Няхай нават і нязначнае павелічэнне плошчаў дасць валавыя зборы і павялічыць дысцыплінаванасць вытворчасці. Як правіла, прыбывае там, дзе гектараў 300-500, бо трэба і тэхніку перабудаваць, сачыць за хваробамі, за шкоднікамі. Як паказвае практыка, мы павялічылі плошчу, павялічвалася і ўраджайнасць рапсу, гэта нонсэнс для іншых культур. Аказалася што рапс не так залежыць ад урадлівасці глебы, колькі ад тэхналогій, і ад матывацыі», — расказала Ядвіга Пілюк. 

Яна расказала, што зараз аграрыі праводзяць эксперымент са сланечнікам. Як вядома, навука любіць вопыт, нават і негатыўны. «Агульнапрынята, што сланечнік расце на чарназёмах, і гэта так. У нас ёсць чарназёмы, але гэта нізіны, а дзе нізіны — там і хваробы для сланечніку. Цяпер з’явіліся добрыя гербецыды і мы можам спрабаваць вырошчваць сланечнік на сваіх глебах. Эксперымент трэба праводзіць. 20 гадоў спатрэбілася, каб выйсці на 100 тысяч гектараў азімага рапсу. Трэба эксперыментаваць. Перспектыва ў гэтым напрамку ёсць, але трэба вывучаць тэхналогіі разам з эканомікай», — падкрэсліла яна. 

На думку вучонага, самае галоўнае ў адкрыціі новых напрамкаў сельскай гаспадаркі — гэта людзі і глебы. Ядвіга Пілюк заўважыла, што найлепшыя гаспадаркі размешчаныя на найлепшых глебах. «Народ у нас працавіты. Рэнтабельныя гаспадаркі ў нас могуць быць, але для гэтага трэба хацець, магчы і рабіць, як казаў акадэмік Зайцаў. Тры галоўныя кіты, якія рухаюць жыццё і вытворчасць», — сказала яна.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Пружанскі раён. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?