Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Аляксандр Радзькоў. Тэорыя і практыка маёй рэктарскай працы

У рабоце міністрам, асабліва на пачатку, мне вельмі дапамагло тое, што я прыйшоў на гэтую пасаду пасля працы рэктарам педагагічнай ВНУ і таму ведаў усю сістэму адукацыі знізу даверху. Мы рыхтавалі спецыялістаў для дзіцячых садкоў, сярэдніх школ, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, для тэхнікумаў і каледжаў, таму ведалі прызначэнне, уладкаванне і спецыфіку гэтых навучальных устаноў. У педагагічных ВНУ распрацоўваюцца адукацыйныя стандарты, планы, праграмы і тэхналогіі, якія рэалізоўваюць іх на практыцы, вядуцца шматпланавыя і сістэмныя навуковыя даследаванні, функцыянуюць аспірантура і дактарантура. І ўсё гэта адбываецца ў актыўным маладзёжным асяроддзі. Таму педагагічную ВНУ можна разглядаць як мікрамадэль усёй сістэмы адукацыі краіны. Як міністр я выйшаў з гэтай мадэлі, а Пётр Дзмітрыевіч у ёй як рэктар знаходзіўся, прычым праз дарогу ад мяне. Вось ён і стаў, па сутнасці, маім дарадцам. Ён і сам прыходзіў, і я запрашаў яго да сябе рэгулярна. Заходзіў і да яго ва ўніверсітэт, тым болей што адчуваў сябе ў яго сценах з часу вучобы ў аспірантуры камфортна. Гаварылі пра ўсё. Я на ім, па сутнасці, пераправяраў свае планы і намеры па развіцці сістэмы адукацыі: бакалаўрыят і магістратура, аптымізацыя ўніверсітэцкай адукацыі, узаемадзеянне ўніверсітэцкай, акадэмічнай і галіновай навукі, цэнтралізаванае тэсціраванне, рэформа агульнаадукацыйнай школы, БРСМ, «Белая Русь» і шмат што яшчэ, а Пётр Дзмітрыевіч быў разумным, прафесійным і сумленным суразмоўцам.


У Кухарчыка былі вельмі выразныя вочы, якія нечым нагадвалі мне цёмныя спелыя масліны. Вучоныя-фізіёлагі гавораць, што вочы чалавека — гэта частка яго мозга, якая вынесена на перыферыю. Пётр Дзмітрыевіч, на мой погляд, таму яскравы доказ. На ўсіх калегіях міністэрства ён садзіўся ў зале пасяджэнняў у трэцім радзе насупраць мяне, і па яго вачах я адразу бачыў, з чым ён па праблемах, што абмяркоўваліся, згодзен, а з чым — не!

У нас была сяброўская кампанія: рэктар БДЭУ прафесар У. М. Шымаў, рэктар БДПУ прафесар П. Д. Кухарчык і я. Уладзімір Мікалаевіч быў яшчэ і старшынёю Савета рэктараў краіны, і здаралася, што мы з ім у прысутнасці Пятра Дзмітрыевіча маглі паспрачацца. І нават калі я быў відавочна правым, што заўважаў і па вачах Кухарчыка, ён усё адно займаў бок Шымава, усім сваім выглядам паказваючы, што яго згода будзе выглядаць як падхалімаж міністру.

Пётр Дзмітрыевіч курыў. Галоўны корпус яго ўніверсітэта выходзіў фасадам на плошчу Незалежнасці — якраз насупраць Дома ўрада. Неяк я дакладваю прэм’ер-міністру С. С. Сідорскаму, а ён падымаецца і падводзіць мяне да акна:

— Паглядзі, у мяне прама пад акном кураць студэнты! Маладыя людзі, дзяўчаты травяць сябе нікацінам. Навядзі парадак, міністр!

Я маўчу, што я магу сказаць, калі рэктар універсітэта курыць разам з імі. Адразу ж званю Пятру Дзмітрыевічу, разумеючы, што прымусіць яго кінуць курыць не змагу.

— Вы хаця б за будынак хавайцеся!

Размяшчэнне ўніверсітэта побач з міністэрствам было для Кухарчыка і карысцю, і праблемай. З аднаго боку, можна заўсёды зазірнуць да міністра і аператыўна вырашыць свае рэктарскія пытанні. З другога боку, усё як на далоні, той самы міністр ведае адразу ўсе дасягненні і ўсе пралікі кіраўніцтва. Вось прыклад. Заходзіць да мяне ў кабінет Пётр Дзмітрыевіч з чарговай просьбай. Я стаю каля акна і гляджу на дахі яго вучэбных карпусоў. Кажу яму:

— Пётр Дзмітрыевіч, паглядзі на свае ржавыя дахі. Мала таго, што яны ў непрывабным выглядзе, дык хутка ж зусім працякуць! Давайце зробім новыя! Палова фінансавых сродкаў на гэта — мая, на другую палову выкарыстайце свае пазабюджэтныя грошы.

Дахі ён, зразумела, замяніў. І шмат яшчэ чаго прывёў у парадак. Вучэбныя карпусы, спартыўны комплекс, вялікая актавая зала — ён усюды, як добры гаспадар, наводзіў прыгажосць.

Была ў Кухарчыка яшчэ адна страсць — пчолы! У гэтым ён сышоўся з маім памочнікам Віктарам Антонавічам Даранкевічам. Калі Пётр Дзмітрыевіч прыходзіў да мяне ў міністэрства, то спярша заходзіў да памочніка (і сыходзіў пасля праз яго) — яны захоплена абмяркоўвалі «пчаліныя праблемы». Я нават пакепліваў з іх, нагадваючы, што трэба своечасова закупіць цукар для зімовай падкормкі гэтых насякомых ці саракалітровыя бідоны для збору мёду. Яны абодва пры гэтым толькі ўсміхаліся.

У Пятра Дзмітрыевіча было лецішча на возеры Нарач, невялікі драўляны домік у вёсцы. Мы з Таццянай да яго заязджалі, калі наведвалі ўнука Кірыла ў аздараўленчым лагеры «Зубраня». Часта бачылі там усю іх вялікую сям’ю — дочак Святлану і Дзіяну з мужамі і ўнучкамі. Але болей за ўсё нам запомніўся візіт, калі мы заспелі Людмілу Уладзіміраўну і Пятра Дзмітрыевіча яркім летнім днём, калі яны сядзелі ў шыракаполых саламяных капелюшах перад вуллямі і моўчкі назіралі дзелавую мітусню пчалінага брацтва. У мяне да гэтага часу ў памяці гэтая мілая маляўнічая карціна.

У рэктара Кухарчыка была моцная каманда ўпраўленцаў: прарэктары, дэканы, загадчыкі кафедраў. Шмат каго я ведаў яшчэ па вучобе ў аспірантуры: першага прарэктара А. І. Андарала, прарэктара па вучэбнай рабоце прафесара Ю. А. Быкадорава. З прарэктарам па навуковай рабоце прафесарам В. В. Бушчыкам (вядомым беларускім філосафам) і прарэктарам па выхаваўчай рабоце С. І. Копцевай я ўжо пазнаёміўся праз Пятра Дзмітрыевіча. Працаваў прарэктарам у Кухарчыка і Ігар Васільевіч Карпенка. Затым ён выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пасля гэтага працаваў намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама, а са снежня 2016 года ўзначаліў Міністэрства адукацыі.

Пётр Дзмітрыевіч разумеў і на справе ажыццяўляў функцыі БДПУ як галаўной педагагічнай ВНУ. Яго кафедры распрацоўвалі навучальныя стандарты, планы, праграмы, тэхналогіі не толькі для падрыхтоўкі настаўнікаў, але і для агульнаадукацыйнай школы. Ва ўніверсітэце працавала некалькі вучоных саветаў па абароне дысертацый, а адзін з іх, доктарскі па тэорыі і методыцы навучання матэматыцы і фізіцы, узначальваў прафесар Кухарчык. Таму пасяджэнні калегіі міністэрства па прынцыповых пытаннях развіцця сістэмы адукацыі я праводзіў, як правіла, на базе БДПУ.

Мне падабалася, як у гэтым універсітэце была пастаўлены выхаваўчая работа са студэнтамі. Перш за ўсё, праз непасрэдны ўплыў на маладых людзей аўтарытэтных выкладчыкаў. Там пастаянна праходзілі нейкія сустрэчы, семінары, конкурсы, спаборніцтвы. І ўсё гэта з выкладчыкамі. І мяне яны рэгулярна запрашалі на сустрэчы са студэнцкім актывам. Я заўсёды там бываў з рэктарам і бачыў, што такое свабоднае, але паважлівае стаўленне да старэйшых з боку студэнтаў — гэта мэтанакіравана выхаваная культура зносін ва ўніверсітэце. Я лічу, што яна ў многім залежыць ад асобы рэктара.

Асабліва мне падабаліся «Зоркавыя паходы» студэнтаў БДПУ. Напрыканцы студзеня студэнты на цягніках, аўтобусах, на лыжах ішлі па мясцінах баявой і працоўнай славы нашага народа, праводзілі мітынгі каля помнікаў абаронцаў Айчыны, выступалі з лекцыямі і канцэртамі на буйных прамысловых прадпрыемствах, перад жыхарамі вёсак, самых розных паселішчаў, расказвалі школьнікам пра насычанае падзеямі студэнцкае жыццё і прыцягальнасць настаўніцкай прафесіі. Пётр Дзмітрыевіч заўсёды запрашаў мяне сказаць слова на дарогу ўдзельнікам такіх паходаў. Усе студэнты добра экіпіраваны, з дзяржаўнай атрыбутыкай, у яркай і па факультэтах адрознай спартыўнай форме — іх малады задор і бадзёры настрой адразу ж перадаваліся нам. Вось дзейсны прыклад выхавання патрыятызму! Зразумела, што такі паход патрабуе немалых выдаткаў, і не толькі фінансавых. Але ж справа таго вартая! Таму рэктар і запрашаў міністра правесці студэнтаў у далёкую дарогу.

Як вучоны Пётр Дзмітрыевіч спецыялізаваўся ў галіне радыёфізікі. Яго цікавіла радыёоптыка, галаграфія. Кандыдацкую дысертацыю ён абараніў у 1977 годзе, доктарскую — у 1988-м. У лютым 1994-га яго выбралі членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук. Навуковыя распрацоўкі Кухарчыка датычыліся ваеннай тэматыкі, доктарскую ён абараняў у закрытым савеце, таму пра вынікі сваіх навуковых вышукаў гаварыў скупа. А вось аб атмасферы ў Акадэміі навук расказваў падрабязна, са смакам і добрым гумарам. Як міністр адукацыі, я быў членам прэзідыума Акадэміі навук, таму паслухаць аповеды пра кухню гэтай навуковай арганізацыі ад Кухарчыка было болей чым займальна. У акадэмікі ён не балатаваўся, казаў, што да гэтага вучонага звання не імкнецца. Мяркую, што прычына была ў іншым. Пры выбранні ў склад акадэміі вялікую ролю адыгрывае карпаратыўны дух гэтай арганізацыі. На выбарах бываюць змовы, інтрыгі, групавое супрацьстаянне вучоных, і адсюль пры таемным галасаванні здараюцца зусім нечаканыя вынікі. Аднойчы ў вучонай супольнасці я пажартаваў:

— Чаму я люблю акадэмікаў? Таму што не балатуюся ў Акадэмію навук!

Пётр Дзмітрыевіч часта цытаваў гэты жарт. Ён не працаваў у Акадэміі навук і, думаю, меркаваў, што не выйграе выбары ў акадэмікі.

Пасля майго пераходу на працу ў Адміністрацыю Прэзідэнта мы з Пятром Дзмітрыевічам працягвалі сустракацца. Цяпер я з ім прагаворваў формы і метады ідэалагічнай работы. Мне яшчэ болей спатрэбіўся яго вопыт працы рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Але Пётр Дзмітрыевіч нечакана пачаў скардзіцца на здароўе, лёг на лячэнне ў бальніцу. Я наведваў яго, прапаноўваў дапамогу. Аднак ён быў настроены аптымістычна, жартаваў і нават не пераставаў курыць. Яго смерць 2 сакавіка 2014 года для ўсіх стала поўнай нечаканасцю. Урачы сказалі, што адарваўся тромб, і зрабіць яны нічога не змаглі.

На пахаванне рэктара прыйшла ўся краіна. Прыехалі дэлегацыі ад усіх універсітэтаў, ад многіх рэгіёнаў. Ахвотныя развітацца з ім не змяшчаліся ў будынку ўніверсітэта. Пётр Дзмітрыевіч да апошніх сваіх дзён уяўляў сабою пераканаўчы доказ аўтарытэта рэктара ў народзе.

Пасля Пятра Дзмітрыевіча БДПУ узначаліў доктар педагагічных навук, прафесар А. І. Жук. З Аляксандрам Іванавічам мы доўга працавалі ў міністэрстве, ён быў маім першым намеснікам. А да гэтага працаваў настаўнікам матэматыкі, дырэктарам ліцэя БДУ, рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, першым прарэктарам БДУ, рэктарам Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы — найбагацейшы вопыт педагагічнай, навуковай і кіраўніцкай работы. Галоўная педагагічная ВНУ і зараз у надзейных рэктарскіх руках.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?