Вы тут

Вольга Хачкова вырабляе рэчы з тэкстылю паводле беларускіх этнабрэндаў


Чалавек, які з дзяцінства імкнецца да прыгожага, не супакоіцца, пакуль не знойдзе ў свеце творчасці сваю сцяжынку. Народны майстар Рэспублікі Беларусь Вольга Хачкова асвоіла мноства тэхнік традыцыйнага і сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пастаянны ўдзельнік і дыпламант Рэспубліканскай выстаўкі сучаснай народнай творчасці «Калядныя ўзоры», Міжнароднай выстаўкі майстроў пісанкі «Свет у маіх далонях» і іншых праектаў у галіне народнай культуры, Вольга Хачкова шмат зрабіла для вывучэння і развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва  ў Мінскай вобласці. Цяпер майстрыха вырабляе рэчы з тэкстылю паводле беларускіх этнабрэндаў у тэхніцы ручной набойкі па тканіне, навучае дзяцей і ўсіх жадаючых традыцыйным відам народнага мастацтва.


Шукаць сябе і не здавацца

У дзяцінстве Вольга добра малявала. Дзяўчынцы было восем гадоў, калі яе першую работу забралі на выставу. Пасля школы паступіла ў Гомельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча народных мастацкіх промыслаў (цяпер – Гомельскі прафесійна-тэхнічны каледж народных мастацкіх промыслаў) на спецыяльнасць «мастак-афарміцель». Скончыўшы яго, некаторы час працавала ў вучылішчы, займалася аплікацыяй саломкай і саломапляценнем. Затым паступіла на завочнае аддзяленне ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт народнай культуры. У час вучобы шмат з чым пазнаёмілася: роспіс па дрэве і па шкле, ткацтва паясоў, лепка з гліны. Асвоіла дэкупаж, вырабы з лямцу, бісерапляценне, выцінанку… і працягвала шукаць «свой» від творчасці.

Працуючы загадчыцай аддзела традыцыйнай культуры ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці, задумала паспрабаваць ручную набойку па тканіне. Малюнак выбрала па матывах выцінанкі. Вынік спадабаўся. Так Вольга знайшла сваю нішу – старадаўні від роспісу тканіны. Калісьці набіваныя сурвэткі, абрусы, хусткі былі амаль у кожнай беларускай гаспадыні.

– Мне хацелася ствараць прадукт, заснаваны на народным мастацтве, з выкарыстаннем традыцыйных узораў, але пры тым адаптаваны да сучасных рэалій, – расказвае Вольга Хачкова. – Набойка ці набіванка – старажытная тэхналогія аздаблення тканіны – дае для гэтага выдатныя магчымасці. Калі дасягнула ў гэтай справе прафесіяналізму, вырашыла: будзе добра, калі беларускія этнабрэнды набудуць новае жыццё на сукенках, паланцінах, сурвэтках.

Адрадзіць забытае мастацтва

Сёння набойка па тканіне – амаль цалкам забытае мастацтва. У нашых продкаў яно было вельмі папулярным, набіванымі ўзорамі аздабляліся сурвэткі, фіранкі, покрывы, рушнікі, а таксама адзенне – спадніцы, хусткі, кашулі. Малюнак на тканіну наносіўся з дапамогай вырабленага з дрэва спецыяльнага клішэ для друку – штампа. Па вёсках хадзілі мастакі са сваім наборам штампаў, пасяляліся ў адной з хат, мясцовыя жыхары прыносілі ім тканіну, а майстры аддрукоўвалі на ёй малюнкі. І неслі сваё мастацтва далей, у іншую вёску, як стваральніца знакамітых маляванак – беларуская мастачка-прымітывістка Алена Кіш. Пазней на Беларусі з’явіліся мануфактуры, дзе набіваныя тканіны вырабляліся фабрычным спосабам з дапамогай так званых манераў, распавядае Вольга Хачкова. А мастацтва ручной набойкі пакрысе прыйшло ў заняпад.

Вядома, сучасны спосаб некалькі адрозніваецца ад старажытнага.

– Спачатку нараджаецца ідэя, эскіз мастака, – тлумачыць Вольга Хачкова. – Затым малюнак апрацоўваецца ў графічным рэдактары і выразаецца майстрам на драўляным штампе. З дапамогай акрылавай фарбы робіцца адбітак на тканіне, які высыхае на працягу сутак. Тканіну я прасую са сподняга боку, каб фарба замацавалася. Калі вытрымаць тэхналогію, гатовы выраб можна потым мыць у пральнай машыне. Выкарыстоўваю толькі натуральныя тканіны – лён ці бавоўну.

Сёння ў майстрыхі некалькі калекцый штампаў па тэматыцы беларускага народнага мастацтва. Пазнаюцца матывы выцінанак, слуцкіх паясоў, характэрныя выявы льва і тыгра з маляванак Алены Кіш, элементы дэкаратыўнага роспісу агоўскіх куфроў – такія куфры рабіліся і прыгожа размалёўваліся ў першай палове мінулага стагоддзя ў вёсцы Агова, што на Берасцейшчыне. А таксама яшчэ аднаго беларускага брэнда, які мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці – рухаўскіх дываноў.

– Тыя, хто хоча асвоіць сакрэты набіванкі, прыходзяць на мае майстар-класы, і я з задавальненнем дзялюся з імі тым, што ведаю і ўмею, – кажа Вольга Хачкова.

Кропка азначае багацце

Яшчэ адзін від народнага мастацтва, якім Вольга Хачкова захапілася даўно, –гэта пісанка, роспіс яек воскам. У рамках выставачнага праекта «Жывыя крыніцы», які сёлета, у Год гістарычнай памяці, рэалізавала Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці, Вольга Хачкова правяла два майстар-класы – навучала ўсіх ахвочых набойцы па тканіне і пісанцы.

– Майстар-клас па пісанцы праходзіў напярэдадні Вялікадня; навучыцца мастацкаму роспісу яек прыйшлі 32 чалавекі, – кажа яна. – Мне хацелася б, каб пісанку разглядалі не толькі як атрыбут свята, але і як самастойны від народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Я займаюся роспісам яек круглы год, на выставы прадстаўляю часам да 500 адзінак.

Для нашых продкаў выраб пісанкі быў рытуалам. Узоры на паверхню яйка наносіліся гарачым воскам з дапамогай драўлянай палачкі, у якую быў убіты цвічок. Сакрэты роспісу яек захоўваюць музеі пісанкі – у аграгарадку Ізбіно ў Вілейскім раённым доме рамёстваў Мінскай вобласці і ў пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна.

– Працуючы ў фондах Гродзенскага музея, я даведалася, што традыцыйны ўзор пісанкі перадаецца з пакалення ў пакаленне і адпавядае сімволіцы беларускай народнай культуры: дрэва тут азначае род, прычым карані – гэта продкі, а галінкі – мы, – тлумачыць народны майстар. – Сакральным сімвалам з’яўляецца сонца. А багацце сімвалізуе кропка, бо яна азначае збожжа, а менавіта засеянае поле, добры ўраджай з’яўляліся для нашых продкаў сапраўдным багаццем.

Размалёўваючы яйка, чалавек не проста паўтарае ўзор, а як бы складае метафарычную карту сваёй душы. Ведаючы сімволіку гэтага віду мастацтва, можна «прачытаць» малюнак, знайсці ў створаных на інтуітыўным узроўні ўзорах інфармацыю аб сваім унутраным свеце.

Жывая сувязь пакаленняў

Ужо год як Вольга Хачкова працуе кіраўніком народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Бусляня» Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дзеці ўспрымаюць народную культуру са шчырай цікаўнасцю. Бачаць гатовыя вырабы з саломкі ці лёну, дзівяцца іх дасканаласці і не могуць паверыць, што калі-небудзь змогуць зрабіць падобнае сваімі рукамі. А калі ў іх атрымліваецца, эмоцыі б’юць цераз край!

Як далучыць хлопчыкаў і дзяўчатак да народнай беларускай дэкаратыўна-прыкладной творчасці?

– Найлепшы вынік атрымліваецца, калі элементы народнага мастацтва пераносяцца ў сучасны кантэкст, – упэўнена Вольга Хачкова. – Напрыклад, у студыі ў нас ёсць рухаўскі дыван. Такія насценныя дываны, дэкарыраваныя аплікацыяй з саломкі на чорным фоне, у пасляваенныя гады выраблялі ў вёсцы Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобласці і дарылі на вяселле. Характэрны элемент – пара ў цэнтры дывана, гэта могуць быць два лася, дзве птушкі. Дыван у аўтэнтычным варыянце ўжо музейны экспанат. Выявы кветак, жывёл, птушак па яго матывах мы перанеслі на тканіну. Галоўнае, дзеці разумеюць, што гэта не проста кветачкі і звяркі – за прыгожай карцінкай стаіць вялікая экспедыцыйная, культуралагічная праца. Або ўзяць выцінанку, якая вырабляецца ў Любанскім раёне Мінскай вобласці. Я паказваю дзецям відэа, дзе народны майстар Наталля Адзінец выразае выцінанку, і тлумачу, з якіх сакральных элементаў яна складаецца. Дзеці ўключаюць вобразнае мысленне, спрабуюць самі выразаць.

Так ствараецца жывая сувязь пакаленняў і выхоўваецца любоў да роднай зямлі, бо адна справа – убачыць плод народнага мастацтва ў музеі, і зусім іншая – самім паўдзельнічаць у стварэнні этнабрэнда.

Арт-тэрапія і любімы занятак

У Вольгі Хачковай пастаянна нараджаюцца ідэі новых яркіх і незвычайных работ. Яна вырабляе ўручную свечкі, ведае, як пафарбаваць тканіну прыроднымі фарбавальнікамі з лісця і ягад.Тканіна атрымліваецца фантастычная!

– Здаецца, кожнай клетачкай адчуваеш стваральную энергію творчасці, – кажа аўтарка шматлікіх праектаў у галіне народнага мастацтва. – У мяне не бывае эмацыянальнага выгарання. І нават калі настрой так сабе, дакладна ведаю: пачну ствараць што-небудзь, і ён палепшыцца. Нездарма гавораць аб духоўна-тэрапеўтычным эфекце творчасці.

Выбраць свой від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вольга Хачкова рэкамендуе і жанчынам, якія выйшлі на пенсію і шукаюць, чым бы заняць час. Такія жанчыны часта прыходзяць да яе на майстар-класы, асвойваюць тое ці іншае ўменне, каб дарыць радасць і прыгажосць сабе і навакольным.

Алена БРАВА

Фота аўтара і з асабістага архіва Вольгі Хачковай

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай.

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.