Вы тут

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны


Падчас жніва ўсе, хто задзейнічан ва ўборачнай кампаніі, часова становяцца хлебаробамі. Нават вайскоўцы, якія кожны год не застаюцца ўбаку ад галоўнага каравая краіны. Сёлета не выключэнне.


На палетках ваеннаслужачыя выконваюць не менш важныя і адказныя задачы.

Карэспандэнты «Звязды» наведалі Іўеўскі раён, дзе разам з аграрыямі на палетках шчыруюць ваеннаслужачыя. У гэтым годзе яны дапамагаюць сельскагаспадарчым прадпрыемствам Гродзенскай і Магілёўскай абласцей — менавіта ў гэтых рэгіёнах спатрэбілася буйнагабарытная тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні беларускай арміі. Не абышлося і без армейскіх прафесіяналаў, якія па-майстэрску ёй кіруюць.

Дапамога істотная

Усяго на Гродзеншчыне ва ўборачнай кампаніі задзейнічана 24 ваеннаслужачых з розных вайсковых часцей Узброеных Сіл, а таксама 14 адзінак тэхнікі. Дзеля патрэб камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Трабы» Міністэрства абароны дало тры аўтамабілі — менавіта на іх перавозіцца збожжа. На кожным з велікагрузаў працуе ваеннаслужачы.

— Для нас гэта вялікая дапамога, — прызнаецца часова выконваючы абавязкі дырэктара КСУП «Трабы» Валерый ЮРАЛЕВІЧ. — Супрацоўнічаем з вайсковай часцю другі год. У мінулы раз ваеннаслужачыя працавалі ў нас усю ўборачную кампанію і паказалі добры вынік. І сёлета ўсе пастаўленыя імі задачы выконваюцца беспярэчна, а гэта дарагога варта. Практычна ўвесь аб'ём збожжа, намалочанага за дзень камбайнамі, якіх у гаспадарцы сем адзінак, адвозіцца дадзенымі нам машынамі.

Валерый Юралевіч адзначае, што машынна-трактарны парк КСУП «Трабы» невялікі, таму без падтрымкі ваеннага ведамства не ўдалося б вырашыць усе пытанні. А іх цяпер нямала: гэта і нарыхтоўка кармоў, і збор збожжа. На падыходзе — уборка кукурузы. Аб'ёмы немалыя, таму і тут без велікагрузаў не абысціся. Пры гэтым прадстаўнік гаспадаркі заўважае, што дапамога гэтая спонсарская, а значыць, бязвыплатная. Па яго словах, асабліва гэта важна цяпер, калі ў такі няпросты час кожная капейка на ўліку.

Ад світання да змяркання

Вайскоўцы працуюць нароўні з аграрыямі. Калі дазваляе надвор'е — ад світання да захаду сонца. Без выхадных і з адпачынкам толькі на ноч. Яны добра разумеюць, што перад імі пастаўлена не менш важная задача, чым Радзіму абараняць. Своечасова, пажадана без страт сабраць хлеб — хоць і на кароткі час — ваеннаслужачыя ў адказе яшчэ і за харчовую бяспеку краіны.

З хлебаробамі ў пагонах сустракаемся ў полі — падчас жніва кожная хвіліна на вагу золата. Для кіроўцы грамадзянскага персаналу 108-га асобнага палка матэрыяльнага забеспячэння Анатоля Нягоды гэта ўжо сёмы сезон у якасці аграрыя ў пагонах. Ён чалавек вясковы, што такое праца хлебароба, ведае з дзяцінства. У свой час быў і памочнікам камбайнера, 18 гадоў сам знаходзіўся за штурвалам камбайна.

— Тады тэхніка была не тая, — прызнаецца Анатоль Нягода. — Цяпер камбайны нашмат лепшыя: сучасныя, магутныя. І ўраджайнасць высокая — не стаіць на месцы сельская гаспадарка.

За часы ўборачных кампаній ужо ў якасці кіроўцы ваеннаслужачы аб'ездзіў усе вобласці, акрамя Брэсцкай. Кажа, што заўсёды складана пачынаць, пакуль не даведаешся, дзе знаходзяцца палі. Два тыдні на палетках — і арыентуешся ўжо лепш, чым некаторыя мясцовыя жыхары.

Анатоль Нягода заўважае, што Радзіму абараняць — справа надзвычай адказная, не кожнаму па сілах. Аднак не лягчэйшая, па яго словах, і праца хлебароба. У полі — да змяркання. Нават абедаюць тут, каб не марнаваць часу. Снедаюць і вячэраюць вайскоўцы ў сталовай. Для іх сельгаспрадпрыемства стварыла належныя ўмовы для пражывання: выдзелілі дом, забяспечылі трохразовым харчаваннем.

Механізатары гаспадаркі прынялі ваеннаслужачых вельмі добра, знайшлі з імі агульную мову ў першы ж дзень. Да людзей у пагонах тут ставяцца з асаблівай павагай. За кароткі час яны заслужылі аўтарытэт не толькі ў механізатараў, але і ў мясцовага насельніцтва: і збожжа ў тэрмін перавязуць, і машыну, калі яна сыдзе са строю, парамантуюць. А яшчэ, як дадае аграном участка Мікалай Марусаў, ваенныя людзі добра ведаюць тапаграфію: «Скажаш ім, куды ехаць або куды збожжа адвезці — без праблем знойдуць патрэбную кропку на маршруце».

«Хлеб даецца няпроста»

Сімон Галсцян жыве ў аграгарадку Трабы. Ужо больш як 20 гадоў ён працуе на камбайне. Калі не падводзіць тэхніка і надвор'е дазваляе, то ў дзень намалочвае да 80—100 тон зерня. І прастою няма — вайскоўцы аператыўна перавозяць збожжа на зернесушыльны комплекс. Звычайна кожны з іх робіць па шэсць-сем рэйсаў у дзень.

Кіроўца 65-й аўтамабільнай брыгады Іван Раткевіч апошні раз прымаў удзел ва ўборцы ўраджаю ў далёкім 1980 годзе. Вядома, яму ёсць з чым параўноўваць. «Нашы МАЗы, камбайны беларускай вытворчасці ўбіраюць жніво хутка, практычна без страт, — кажа ён. — У тыя часы мы, напрыклад, выгружалі зерне ўручную — былі бартавыя машыны. Цяпер жа падняў кузаў — пяць хвілін, і зноў паехаў у поле».

Для яфрэйтара Максіма Турбана гэта таксама другое жніво. Нягледзячы на малады ўзрост, ён не адстае ад сваіх вопытных таварышаў — вытрымліваць імклівы тэмп і нагрузку ваеннаслужачаму 30-й асобнай чыгуначнай брыгады не прывыкаць. «Хлеб даецца няпроста, — сведчыць вайсковец. — Асабліва гэта разумееш тады, калі маеш да гэтай важнай справы дачыненне. Уборка ўраджаю заўсёды была прыярытэтнай задачай для нашай дзяржавы, і мы, ваеннаслужачыя, не можам заставацца ўбаку ад галоўнага караваю краіны».

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара

Іўеўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.