Вы тут

Алімпіяда колеру хакі


Амаль 300 каманд з больш як 30 краін свету — такая геаграфія ўдзелу ў ХІІІ Армейскіх міжнародных гульнях, якія гэтымі днямі праходзяць на пляцоўках 12 дзяржаў. Тая ж самая Алімпіяда, толькі для ваеннаслужачых. Праўда, спаборнічаюць тут не за медалі ў відах спорту, а за званне найлепшых у той ці іншай воінскай спецыяльнасці. Акрамя таго, Армейскія гульні — гэта яшчэ і магчымасць прадэманстраваць здольнасці нацыянальных армій, падзяліцца вопытам і, вядома, знайсці сяброў сярод тых, каго аб'ядноўвае любоў да сваёй Радзімы.


Беларуская каманда сёлета прэтэндуе на ўзнагароды ў 27 конкурсах (усіх спаборніцтваў 34). Ужо нядрэнныя вынікі нашы землякі паказалі ў конкурсах «Майстры артылерыйскага агню», «Ваеннае ралі», «Упэўнены прыём», «Сакалінае паляванне» і іншых. Традыцыйна прымаюць удзел нашы ваеннаслужачыя і ў адным з найбольш папулярных і відовішчных спаборніцтваў — «Танкавы біятлон». Упершыню беларусы ўдзельнічаюць у выпрабаваннях «Спецыяльны рывок» і «Вартавы парадку».

Наша краіна з'яўляецца арганізатарам трох конкурсаў: «Палярная зорка», «Упэўнены прыём» і «Стальная магістраль». Дарэчы, апошняе спаборніцтва, у якім за першынство змагаюцца воіны-чыгуначнікі, у межах Армейскіх міжнародных гульняў праходзіць упершыню. Правесці гэты конкурс на сваёй тэрыторыі для нашай дзяржавы з'яўляецца ганаровым. Не менш пачэсна і ў той жа час надзвычай адказна ўжо трэці год запар прымаць у сябе конкурс «Упэўнены прыём».

Па словах начальніка сувязі — начальніка ўпраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёра Алега МІШЧАНКІ, гэта рашэнне міжнароднага арганізацыйнага камітэта, якое азначае, што нам давяраюць. «Гэта сведчанне нашай высокай арганізацыі спаборніцкага працэсу, вырашэння побытавых пытанняў, рэалізацыі культурна-забаўляльнай праграмы для нашых гасцей, — адзначае кіраўнік конкурсу. — Праграма конкурсу пастаянна ўдасканальваецца. У гэтым годзе мы зрабілі ўпор на відовішчнасць спаборніцтваў, каб была відаць дынаміка этапаў, зразумелая простаму балельшчыку. Удасканалілі этап работы з ІT-абсталяваннем, напоўнілі яго элементамі, важнымі для работы сучасных ваенных сувязістаў».

Восьмыя Армейскія міжнародныя гульні праходзяць з 13 да 27 жніўня. Кожны з конкурсаў складаецца з некалькіх этапаў. Гэта спаборніцтвы не толькі на сілу і вынослівасць, яны выпрабоўваюць характар, уменне працаваць у камандзе, дзе падтрымка таварыша, як і ў жыцці, дарагога варта.

Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Армейскіх міжнародных гульняў — 2022, якая адбылася ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід КАСІНСКІ, з кожным годам своеасаблівая армейская алімпіяда набірае папулярнасць, расце колькасць краін-удзельніц — і гэта нягледзячы на геапалітычныя працэсы ў свеце. «На беларускай зямлі мы прымаем каманды з 14 краін — гэта для нас вялікі гонар», — падкрэсліў Леанід Касінскі. Ён назваў сімвалічным тое, што адкрыццё беларускай часткі гульняў прайшло ў Брэсце. Па перакананні начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы абароннага ведамства, кожны ўдзельнік армейскага спаборніцтва абавязаны, будучы на беларускай зямлі, пабываць у гэтым святым месцы.

Нашы ваеннаслужачыя ўпэўнена рухаюцца наперад, пераадольваючы этапы кожнага з конкурсаў, у якім прымаюць удзел. Фотакарэспандэнт «Звязды» пабываў на адным з іх, «Палярная зорка», дзе ў прафесійным майстэрстве змагаюцца падраздзяленні спецыяльнага прызначэння. Фотаздымкі (больш глядзіце на нашым сайце — zvіazda.by) дэманструюць высокую падрыхтоўку вайскоўцаў, іх прафесіяналізм і, безумоўна, смеласць, без якой цяжка было б служыць у адным з найбольш адказных падраздзяленняў Узброеных Сіл.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?