Вы тут

«Для нас, вашых землякоў, Вы заўсёды былі, ёсць і будзеце». Цікавыя дэталі якія падсвечваюць сувязь Івана Шамякіна з Добрушскай зямлёй


Падчас XXІX Дня беларускага пісьменства, святкаванне якога адбудзецца на пачатку верасня ў Добрушы, у гэтым горадзе адкрыюць помнік народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну. А непадалёк ад Добруша, у аграгарадку Карма, дзе і нарадзіўся класік, ужо даўно стаіць яго бюст. Кармянская сельская бібліятэка носіць імя Івана Шамякіна, там ёсць экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму земляку. Ёсць такая экспазіцыя і ў Добрушы... Ды цяжка пералічыць, колькі праектаў Добрушскай зямлі звязана з Іванам Шамякіным.

Пісьменнік адчуваў цесную повязь з малой радзімай. Родныя мясціны і іх людзі паўстаюць на старонках яго твораў, ва ўспамінах... І ў архіўных дакументах.

Давайце разам наведаем фонд Івана Шамякіна ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва і знойдзем тыя цікавыя дэталі, якія падсвечваюць сувязь народнага пісьменніка з Добрушскай зямлёй.


«Мае дзіцячыя гады прайшлі ў лесе...»

Вось некалькі спісаных аркушаў, са шматлікімі праўкамі... «Аўтабіяграфія», напісаная 6 лютага 1952 года. На першай старонцы пазнака: «Маша! Скарочаную аўтабіяграфію перадрукаваць у трох экзэмплярах». Пазнака відавочна адрасаваная жонцы Івана Шамякіна Марыі, якая стала прататыпам шмат якіх ягоных гераінь.

«Я нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. У 1925 годзе бацька пакінуў вёску і пайшоў працаваць лесніком у Маркавіцкае лясніцтва».

Далей самае цікавае — выкрасленыя радкі, якія тады, відаць, падаліся аўтару непатрэбнай лірыкай:

«Такім чынам, мае дзіцячыя гады прайшлі ў лесе. Асабліва помняцца мае першыя гады бацькавай службы, калі мы жылі на беразе Сожа... Лес і рака былі цудоўныя. Магчыма, што яшчэ з тых часоў я так моцна палюбіў прыроду і асабліва лес. У школу я пачаў хадзіць у вёсцы Краўцоўка Церахаўскага раёна і вучыўся там да пятага класа».

Шамякін успамінае, што вельмі палюбіў тады літаратуру, і дапамагла яму ў гэтым любімая настаўніца Валянціна Андрэеўна Рабцава, дзякуючы якой кніга стала ягоным найлепшым сябрам.

Удакладнім скупыя звесткі ўрыўкам з аўтабіяграфічнага твора Шамякіна:

«У першым класе школы, куды я пайшоў на дзявятым годзе жыцця, мне не было чаго рабіць побач з вясковымі хлапчукамі і дзяўчаткамі, большасці з якіх вельмі туга давалася тайна чытання, арыфметыкі. Часта замест задання першага класа я паспяхова выконваў заданне трэцяга класа, вучні якога сядзелі побач, правей, займаючы другі рад парт. Вяла класы адна настаўніца — Валянціна Андрэеўна Рабцава. Яна вучыла мяне да пятага класа. Я любіў сваю настаўніцу. Мне здавалася, што жыве яна зусім іншым жыццём, чым усе навакольныя людзі. Жыццё гэтае вабіла мяне. Вельмі хацелася падгледзець яго, пазнаць. Парадак, чысціня ў яе кватэры моцна ўражвалі. Я паспрабаваў наводзіць такі парадак дома, але з гэтага нічога не атрымалася, за падобнае новаўвядзенне добра ўляцела ад бацькі».

У кнізе «Слаўся, Марыя», прысвечанай жонцы пісьменніка, Шамякін пацвярджае: «З Краўцоўкай развітваўся са смуткам: любіў настаўніцу Валянціну Андрэеўну Рабцаву».

Але Шамякіну давялося вучыцца ў трох школах.

«Мяне адаслалі заканчваць пяты клас у Карму, да бабулі. Там я вучыўся і ў шостым. Але бабуля жыла бедна, без каровы, і мы ледзьве не галадалі. Вясной амаль кожную суботу я бег у «Воленку» за 25 вёрст, каб прынесці гладышку малака, галку масла».

«У сёмы клас я пайшоў у Макаўе. Што такому сем кіламетраў! Бацька дамовіўся з макаўцам, каб у выпадку дажджу, завірухі я мог застацца паначаваць. Hі разу за год не застаўся. Адзін я ішоў тры кіламетры — да Пракопаўкі, а адтуль у вялікім гурце пракопаўскіх, будзішчанскіх вучняў, і паходы гэтыя былі самыя цікавыя — дурэлі, жартавалі».

«Сколько воспоминаний о детстве всколыхнула Ваша книга в моей душе...»

Вялікую частку фонду Івана Шамякіна займаюць лісты чытачоў. Часта яны вельмі шчырыя, непасрэдныя... Аўтары свята вераць, што персанажы Івана Шамякіна — усе рэальныя людзі і апісаныя падзеі адбыліся ў жыцці. Просяць, а часам патрабуюць даслаць адрасы любімых герояў ці хоць распавесці, што з імі далей сталася.

А вось ліст з Калінінграда, ад Надзеі Дзмітрыеўны Варшаўскай ад 17 студзеня 1993 года, іншага кшталту...

«Уважаемый Иван Петрович, здравствуйте!

Пишу вам с чувством огромной благодарности за Вашу книгу «Своя нелегкая дорога», которую я прочитала на одном дыхании, потому что там Вы описываете мои родные места — Кравцовку, Клетенку и прочие.

Большое Вам спасибо за добрые слова о моей маме — Рябцевой Валентине Андреевне, которая прожила такую трудную жизнь, и уже 42 года как её нет в живых. Я была малым ребенком тогда, и помнить меня вы не можете, но что меня поразило в Вашей книге, так это то, что и Вы, и я учились в школе белорусскому языку у одной и той же учительницы — Евгении Кузьминичны Антиповой. Когда осенью 1943 года наша Кравцовка сгорела вся — остались лишь 3 хаты на краю известной Вам Однобочки, те, что стояли в глубине сада, в том числе «у молдаванки», у которой был сын Аниська, о котором вы упоминаете, школа сгорела тоже, и мама, чтобы я совсем не «одичала», снарядила меня учиться в Марковичи, где и преподавала Антипова. Они с мамой были знакомы.

А математику у нас вела Антонина Тихоновна Цыкунова, дочь лесника, очевидно того, о котором вы упоминаете в своей книге.

Когда еще только вышла Ваша книга «Глыбокая плынь», у нас все вспомнили, что написал ее «тот самый Шамякин» — сын лесника. Между прочим, у меня уцелела фотография, где есть и Вы — совсем мальчик. Вас тогда, очевидно, принимали в пионеры — все в галстуках на крыльце школы. А мне там года 3-4, кто-то посадил учительницыну дочку.

Спасибо Вам за книги, которые я прочла, не все, но «Атланты и кариатиды», «Сердце на ладони» я прочла, мне понравились. И, как и Вам, мне в школе очень нравилась «Новая земля» Якуба Коласа.

Не буду Вас утомлять и задерживать, огромное спасибо за память о Кравцовке, если бы Вы только знали, сколько воспоминаний о детстве всколыхнула Ваша книга в моей душе».

«Калі яны кончаць непатрэбную пісаніну?»

Чытачам вельмі хацелася больш ведаць пра любімых герояў, таму Івана Шамякіна часта запрашалі на чытацкія канферэнцыі, у тым ліку і землякі, зрэшты, уся Гомельшчына лічыць пісьменніка сваім, родным.

Вось, напрыклад, ліст ад 31 жніўня 1954 года:

«Уважаемый Иван Петрович!

Заболотская сельская библиотека в сентябре м-це проводит читательскую конференцию по Вашему роману «У добры час».

Читатели изъявляют желание встретиться лично с Вами на этой конференции. Если у Вас есть возможность, прошу сообщить время встречи».

Яшчэ адно пасланне таго ж часу:

«Уважаемый Иван Петрович!

Студенты и преподаватели Гомельского педагогического института им. В.П. Чкалова обращаются к Вам с просьбой принять участие в читательской конференции по вашему роману «У добры час». Убедительно просим Вас ответить, когда Вы сможете приехать к нам.

С комсомольским студенческим приветом студенты 4 курса литературного факультета».

Прыцягальнасць кніг Івана Шамякіна для чытачоў і ў тым, што ён ніколі не быў абыякавым. Не быў проста сузіральнікам жыцця сваіх землякоў — жыў і працаваў сярод іх, хварэў іх праблемамі. У архіве захоўваюцца выразкі з «Гомельскай праўды» канца 1940-х з матэрыяламі сельскага настаўніка Івана Шамякіна пра жыццё і працу вяскоўцаў. Вось, напрыклад, заметка «Словы і справы» ў нумары газеты ад 17 красавіка 1948 года, падпісаная «І. Шамякін, Церахоўскі раён», у якой крытыкуецца праца аграномаў. Зразумела, такі матэрыял не мог быць напісаны «чалавекам збоку»:

«Прамей выказвае сваю думку старшыня калгаса «Асветнік» тав. Немцаў. Калгас гэты ў ліку буйнейшых у раёне і адзін з адстаючых. І старшыня шчыра скардзіцца:

«— Абмінаюць раённыя кіраўнікі наш калгас, баяцца заглянуць. Ужо год пасля дэмабілізацыі я працую ў калгасе, спачатку брыгадзірам, потым старшынёй, і ні разу за ўвесь час не бачыў агранома. А вельмі хацелася б параіцца з ім, паслухаць яго парады... Не заходзіць да нас і аграном МТС. Можна падумаць, што прадстаўнікі сельскагаспадарчай навукі баяцца заяўляцца ў калгас, баяцца вылезці з сваіх кабінетаў».

Заканчвае свой матэрыял аўтар жорстка:

«Успамінаем упэўненую заяву т. Кунцэвіча і здзіўляемся. Чым займаюцца аграномы? Калі яны кончаць непатрэбную пісаніну, якая нікому нічога не дае, акрамя страты паперы, і прыдуць у калгасы? Адказ на гэтае пытанне чакаюць калгаснікі — змагары за высокі ўраджай 1948 года».

«Хай сваім цяплом вас сагравае сонца»

Землякі адказвалі Івану Шамякіну той жа ўвагай.

У архіве захоўваецца фотаздымак з вечара, прысвечанага 65-годдзю Івана Шамякіна. Ад землякоў юбіляра віншуе сакратар Добрушскага РК КПБ С. А. Геркулесаў. На здымку відаць вялікая фарфоравая ваза, прыкрашаная партрэтам Івана Шамякіна, — напэўна, выраб Добрушскага фарфоравага завода.

А вось тэлеграма з Добруша Шамякіну Івану Пятровічу:

«Добрушскі раённы выканаўчы камітэт, жыхары раёна, вашы землякі, сардэчна віншуюць Вас, паважаны Іван Пятровіч, з днём 75-годдзя і 50-годдзем творчай дзейнасці.

Паважаны Іван Пятровіч, ад усёй душы жадаем здароўя Вам і Вашым родным, шчасця, даўгалецця, плёну ў працы дзеля светлай будучыні нашай айчыны.

Хай сваім цяплом вас сагравае сонца і наш шчыры беларускі народ. Для нас, вашых землякоў, вы заўсёды былі, ёсць і будзеце.

Поспехаў вам. Старшыня райвыканкама В. Пятроўскі».

Гэта выдатна, што ў першыя дні верасня ў Добрушы з'явіцца помнік Івану Шамякіну. Але галоўны помнік пісьменніку — гэта калі чытаюцца яго творы. На Дні беларускага пісьменства выдаўцамі будзе прадстаўлена цэлая выстава кніг Івана Шамякіна, у тым ліку навінкі, можна многае і набыць. Так што няхай на Добрушскай зямлі Іван Шамякін сапраўды заўсёды быў, ёсць і будзе.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.