Вы тут

«Пачуццяў светлых прыгажосць»


Светлыя пачуцці — выраз, здаецца, адзін з самых зразумелых. Ён не мае патрэбы ў тлумачэннях (хоць, магчыма, і не для тых знаўцаў, якім неабходна «бачыць» усё семантычае поле і ведаць ледзь не матэматычнае абгрунтаванне любога словазлучэння), выкарыстоўваецца і ў мастацкай літаратуры, і ў штодзённасці. Зусім няхітры і ў нечым трывіяльны, пазбаўлены яркай афарбоўкі. Аднак якія асацыяцыі выклікаюць «светлыя пачуцці» ў звязцы з выяўленчым мастацтвам? Іх паспрабаваў перадаць мастак Віктар Барабанцаў на персанальнай выстаўцы «Пачуццяў светлых прыгажосць». Экспазіцыя заслужанага дзеяча культуры, прымеркаваная да яго 75-годдзя, працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Невыпадкова тут згадваецца тэма сэнсаў і значэнняў: на адкрыцці выстаўкі Віктара Барабанцава прысутнічалі і мастакі слова, у ліку якіх — сябры творцы Віктар Шніп і Людміла Рублеўская. Першы — паэт, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» — перад тым, як прачытаць уласныя вершы, настраёва блізкія да работ Віктара Барабанцава, падкрэсліў: 

— У яго карцінах — уся Беларусь, усё наша, беларускае. Любоў, паэзія, прыгажосць, вечнасць, непаўторнасць — менавіта гэта зафіксаваў мастак. Ад твораў ідзе святло, натхненне... Калі глядзіш на палотны Віктара Барабанцава, хочацца пабываць каля гэтых храмаў, прайсціся па гэтых дарогах... І тое, што ўсё напісана з любоўю і душой, перадаецца гледачу.
 
Выстаўка ў Мастацкім складаецца прыкладна з трох дзясяткаў работ. Ключавымі сюжэтамі сталі беларускія народныя святы і жыццё простых людзей з усім тым, што іх акружае. Зразумела, важны кампаненть тут — пейзажы, якія паказваюць віды такіх звычайных і адначасова непаўторных мястэчак і вёсак («Восень у Залессі», 2019; «На возеры Свір», 2022; «Млын», 2019; «Вясна ў Івянцы», 2006).
 
У полі зроку Віктара Барабанцава — рэлігійны бок жыцця. Праз вобразы людзей, якія рыхтуюцца або адзначаюць тое ці іншае свята, цэркваў, да якіх заўсёды вядуць дарогі, жывапісец нагадвае, наколькі глыбокія карані веры беларусаў. (Дарэчы будзе вартым тут сказаць, што Віктар Барабанцаў яшчэ і манументаліст, яго роспісы і мазаікі ўпрыгожваюць цэрквы і розныя будынкі ў многіх гарадах краіны.) І ўсё гэта перадаецца з вялікай надзеяй на тое, што застанецца ў вяках, не страціцца, не разбурыцца ліхалеццем нешта важнае, без чаго беларусы стануць духоўна беднымі. Тое ж можна сказаць і пра беларускую традыцыйную культуру, клопат аб якой, відавочна, не быў і не будзе чужы творцу. Пра гэта кажуць знаёмыя гледачу і свежыя работы на выстаўцы («Дудар», 2012; «Свята на Каляды», 2007; «Гуканне вясны», 2022; «Напярэдадні свята», 2021; «Берагіня», 2022).
— Віктар Барабанцаў — мастак, які выдатна бачыць і ўмее перадаваць вобразы, — адзначыла падчас адкрыцця выстаўкі намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — Гэтая выстаўка вельмі прамяністая, ад яе застаецца адчуванне святла і цяпла. Мы ўсе ведаем, што Віктар Барабанцаў вядомы і іншымі сваімі работамі... Ён родам з Гомельскай вобласці, перажыў чарнобыльскую трагедыю. Адным з першых паехаў у зону, каб занатаваць тое, што адбылося, стварыў там шмат пранізлівых, вельмі моцных і складаных цыклаў, звязаных з трагедыяй яго роднай зямлі. Мабыць, толькі чалавек, які перажыў вялікую трагедыю, можа так светла, добразычліва і адкрыта ўспрымаць жыццё.
Мастак працуе ў традыцыйным рэалістычным кірунку, які ў яго выпадку мае свае асаблівасці. Найперш — багацце фарбаў і адсутнасць мудрагелістасці. Адны з найбольш яркіх работ у экспазіцыі — «Каляды ў Строчыцах» (2021) і «Свята на Каляды» (2007). Тэма дазваляе пазабаўляцца з сюжэтамі, вобразамі, колерамі, аднак мастак не пераходзіць мяжу, пасля якой кампазіцыі выглядалі б недарэчна ці неарыгінальна. Галоўная ж рыса творчасці Віктара Барабанцава, якая кідаецца ў вочы незалежна ад выбранага мастаком жанру, — статычнасць. Выяўляецца яна, зразумела, не ва ўсіх творах: тыя ж калядныя сюжэты, карціны, дзе рух мае істотнае значэнне («Вяселле ў снежні», 2021; «Зімовыя клопаты», 2006; «Восеньскія клопаты», 2006), няхай і не цалкам пазбаўлены гэтай «струны», аднак і злоўжыванне тут адсутнічае. Чаго не сказаць пра большасць твораў мастака, дзе спакой і ціхамірнасць выходзяць на першы план. Гэта выклікае як станоўчыя эмоцыі, тыя самыя «светлыя пачуцці» — пры знаёмстве са шмат у чым роднымі пейзажамі ці адметнымі нацюрмортамі (асабліва вартыя ўвагі «Кветкі Радзімы», 2004), так і непаразуменне — гаворка найперш пра партрэты. Пытанне пра неабходнасць статычнасці ў гэтым жанры, канечне, дыскусійнае, аднак нежаданне аўтара выйсці па-за межы творчага крэда — не на карысць Яго Вялікасці Мастацтву.
 
Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».