Вы тут

Збіраем дзяцей у школу. Як правільна выбраць канцтавары і форму. Лайфхакі вопытных мам


Апошні летні месяц (асабліва другая палова жніўня) для бацькоў школьнікаў заўсёды праходзіць пад дэвізам «Збіраемся ў школу!». Асноўныя школьныя выдаткі на кожнае дзіця ў сям'і можна падзяліць на дзве вялікія групы — канцылярскія прылады і адзенне і абутак для школы. Дадатковых затрат могуць запатрабаваць заплечнік, а таксама гаджэты для вучобы і бацькоўскага кантролю. Але гэты апошні пункт, мабыць, тэма для асобнай гутаркі. Пакуль засяродзімся на самым неабходным.

Школьныя кірмашы працуюць у Беларусі з 15 ліпеня, а зніжкі на школьныя тавары ў буйных універмагах краіны можна было знайсці і ў пачатку лета. Але, хоць знізіць ціск на сямейны бюджэт у жніўні — вельмі разумнае рашэнне, большасць бацькоў адкладваюць школьны шопінг на апошнія тыдні канікулаў.


У канцы лета 2021 года прафсаюзнымі спецыялістамі было падлічана, што ў сярэднім па Мінскай вобласці поўны набор школьніка малодшых класаў абыходзіўся бацькам у суму каля 760 рублёў. У гэтым годзе «дзелавы гардэроб», спартыўная форма, абутак (вулічны, спартыўны і зменка), школьны заплечнік плюс канцтавары, паводле прыкладных падлікаў, запатрабуюць у сярэднім 800 рублёў, пішуць на бацькоўскіх форумах.

«Канцылярка»: спіс і «аптовыя закупкі»

Спадзявацца толькі на здаровы сэнс пры набыцці канцтавараў для школы — не самая лепшая ідэя. Абавязкова што-небудзь забудзеце і накупляеце шмат непатрэбнага.

• Перш чым адправіцца ў краму, складаем спіс. А ў краме ставім птушачку насупраць кожнага пункта. Да 1 верасня ў гандлёвых цэнтрах столькі ўсіх гэтых прыгожых сшыткаў, ручак з бліскаўкамі, рознакаляровых ласцікаў і вокладачак, што проста разбягаюцца вочы, і пад уздзеяннем станоўчых эмоцый можна выдаткаваць значную суму. Гэта ж толькі здаецца, што ўсё каштуе капейкі (падумаеш, 2-3 рублі — сшытак!). Выніковая сума на касе можа непрыемна здзівіць. Бацькам першаклашак, як правіла, спіс «канцыляркі» выдаюць на першым, папярэднім, бацькоўскім сходзе ў школе. Але такія спісы варта складаць і бацькам вучняў старшых класаў, бо спіс — галоўнае правіла эканоміі, калі гаворка ідзе пра канцтавары для школы.

• Дарэчы, пра першаклашак. Лепш удакладніць у настаўніка, які менавіта падліковы матэрыял патрэбны (з гэтым лёгка памыліцца). Тое ж самае датычыцца пропісяў, рабочых сшыткаў па прадметах, атласаў, контурных карт і іншых дадатковых матэрыялаў (і гэта ўжо не толькі пра першакласнікаў). Варыянтаў у крамах па кожным пункце, як правіла, прадстаўлена некалькі, але кожная школа працуе па пэўных. Так што і гэты аспект лепш удакладніць.

• Некаторыя бацькі «са стажам» раяць не купляць да 1 верасня гадавы запас сшыткаў. Лайфхак вопытных мам — мець «недатыкальны запас» канцыляркі з мінулага года: гэта дазваляе зрабіць закупкі ў першыя два тыдні верасня, калі ажыятаж схлыне, чэргаў не будзе, а зніжкі яшчэ застануцца. Зрэшты, ёсць і супрацьлеглае меркаванне. Некаторыя мамы, наадварот, прапануюць купляць тое, што магчыма, оптам. Напрыклад, ручкі і алоўкі: з аднаго боку, так танней, з другога — пытанне будзе вырашана надоўга.

• Даражэй або танней? Тут варта ў першую чаргу ўлічыць характар вашага школьніка. З аднаго боку, дарагія аўтаматычныя алоўкі або прыгожыя ручкі, цалкам верагодна, будуць страчаныя. Калі ваш школьнік — няўрымслівы халерык, наўрад ці яму патрэбны дарагі пенал-кніга: не стане ён акуратна раскладваць па ячэйках ручкі і алоўкі. Іншая справа, калі гаворка ідзе пра выдатніцу-перфекцыяністку: пенал-касметычка на маланцы, мабыць, не яе варыянт. У любым выпадку, выбіраючы «канцылярку» ў школу, лепш раіцца з дзіцем. Але памятайце: гелевыя ручкі, якія так падабаюцца малым і падлеткам, у большасці школ не вітаюцца. Так што лепш спыніць выбар на шарыкавых.

• Ці браць дзіця з сабой у краму па канцылярскія прылады або хуценька закупіць сшыткі-алоўкі, вяртаючыся дадому з працы? Калі гаворка пра старшакласніка, тут наогул усё проста: выдаеш спіс і энную суму на канцтавары і потым правяраеш па пунктах. З дзецьмі меншага ўзросту псіхолагі раяць не толькі адзенне, але і канцылярскія прылады ўсё ж купляць сумесна, хай нават гэта патрабуе дадатковага часу ў выхадны дзень. Калі дзіцяці будуць падабацца прылады для вучобы, яно ахвотней сядзе за парту ў новым навучальным годзе. І адназначна гэтае правіла працуе для першаклашак: калі першы раз у першы клас вы здолееце зрабіць для дзіцяці святам, яно аддзячыць вам стараннасцю ў вучобе.

• Ці купляць сшыткі з прыгожымі вокладкамі або спыніцца на стандартным аднатонным варыянце? Тут меркаванні педагогаў і бацькоў падзяліліся. Многім мамам хочацца прыдбаць сшыткі прыгажэйшыя. Пры гэтым многія педагогі настойваюць, што малюнкі на вокладках сшыткаў адцягваюць увагу дзяцей, тады як аднатонныя настройваюць на вучобу. Так што, можа быць, варта прыслухацца да настаўнікаў. Тым больш што сшыткі прасцейшыя і абыдуцца танней. Дарэчы, да школьных сшыткаў існуюць выразныя патрабаванні: папера без жаўтаватага адцення шчыльнасцю не менш 60 г/м2. З практычнага пункту гледжання гэта азначае: купляючы сшыткі, звяртаем увагу, каб лісты былі белымі і досыць шчыльнымі (каб чарніла не праступала з таго боку ліста), а лінейкі або клеткі было выразна відаць.

• Выбіраючы акварэльныя фарбы для малодшых школьнікаў, спыняемся на максімальна натуральным складзе і шукаем маркіроўку «для дзяцей». У прафесійных фарбах могуць быць розныя хімічныя ўключэнні і інтэнсіўны пах, якія дзіцяці не патрэбныя. Тое ж самае датычыцца пластыліну: ён не павінен рэзка пахнуць, а прызначэнне мець — менавіта для дзяцей.

У цэлым з улікам зніжак (у буйных універмагах яны могуць быць вельмі адчувальныя — да 35 %) з купляй набору школьных канцтавараў для 5—7 класа можна ўкласціся прыкладна ў 60—100 рублёў. Але яшчэ да складання спіса варта ацаніць, што з леташняй «канцыляркі» можна выкарыстоўваць і ў гэтым навучальным годзе. Цалкам верагодна, гэта дазволіць скараціць спіс на траціну, а можа быць, і на палову.

Адзенне: сем разоў адмерай

Тут працуюць тыя ж універсальныя правілы: спіс — раз, і папярэдняя рэвізія — два. Спачатку ладзім «вялікую прымерку» — высвятляем, што з леташняга школьнага адзення яшчэ можа паслужыць, што можна «адпусціць» або адбяліць. І толькі потым адпраўляемся па пакупкі.

Ужо не першы месяц бацькі актыўна абмяркоўваюць навіну аб тым, што з новага навучальнага года ўводзіцца школьная форма. Пакуль гэта толькі адзінкавыя адметныя элементы школьнага адзення для кожнай канкрэтнай навучальнай установы. Непасрэдна адзіную школьную форму плануецца ўвесці яшчэ праз год, у 2023-м. А пакуль кожная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі да 1 жніўня павінна была вызначыцца з адметным элементам. Як правіла, гэта альбо значок з эмблемай школы, альбо гальштук, альбо камізэлька. У некаторых гімназіях гэта яшчэ і «карпаратыўныя колеры». Калі з адметнымі элементамі вам пакуль не ўсё ясна, набываючы адзенне для школы, спыніцеся на класіцы: белы верх — чорны ніз, і не памыліцеся.

• Часта бацькі імкнуцца абраць вопратку ў школу з максімальна натуральным складам. Аднак спецыялісты-валеолагі раяць спыніць выбар на вырабах, дзе ў складзе натуральныя і штучныя валокны ў суадносінах 50:50. Дзякуючы натуральным валокнам адзенне будзе паветрапранікальным і гіграскапічным, а штучныя ніткі забяспечаць носкасць: адзенне будзе менш змінацца, захавае свой знешні выгляд пасля шматлікіх пранняў, а яго колер не выліняе.

• У Міністэрстве адукацыі пры выбары гардэроба школьніка бацькам раяць звярнуцца да каталога школьнай калекцыі адзення беларускіх вытворцаў на сайце ведамства. Прыдатныя мадэлі можна пашукаць у буйных універмагах (у сталічных ГУМе і ЦУМе цяпер якраз зніжкі), а таксама ў фірменных крамах — «Калінка», «Світанак», «Славянка» і г. д. Дарэчы, «Калінка» — абсалютны фаварыт мам школьніц, прычым у тым ліку і старшых класаў. Існуе, вядома, вялікая спакуса па звычцы адправіцца ў інтэрнэт-крамы — на Wіldberrіes або Lamoda. Інтэрнэт-крамы адзення — гэта эканомія часу, бясплатная дастаўка, да таго ж — бонусы пакупнікам. Але, па-першае, адведзеных на прымерку 15 хвілін (пакуль кур'ер чакае вашага рашэння) можа проста не хапіць. Па-другое, можна прамахнуцца з фасонам (вы палічыце, што выгляд цалкам дзелавы, а ў школе скажуць — і зусім не дзелавы). Айчынныя школьныя мадэлі, як правіла, без лішніх выкрутасаў, і тут вы не памыліцеся. Тым больш у гэтым годзе знешняму выгляду вучняў установы адукацыі будуць удзяляць большую ўвагу, чым у папярэднія.

• Прыкладны склад школьнага гардэроба дзяўчынкі: дзве блузкі з кароткім рукавом, 2-3 блузкі з доўгім рукавом (па жаданні можна дадаць яшчэ адну блузку больш святочнага выгляду), дзве спадніцы (або спадніца і штаны), сукенка (сарафан), жакет (пінжак, джэмпер), спартыўны касцюм + дзве футболкі, калготкі-шкарпэткі-гольфы, абутак (ву-
лічны плюс зменка, спартыўны). Так маме не прыйдзецца пасля працы мыць, чысціць і гладзіць школьную форму штодня — можна будзе адкласці мыццё на выхадныя. Актуальна для мам старшакласніц: з вынаходствамі накшталт «шорты замест спадніцы» варта пачакаць і ўдакладніць у класнага кіраўніка, ці дазваляецца гэта ў вашай школе.

• Прыкладны спіс рэчаў для хлопчыка: дзве кашулі з кароткім рукавом, 2-3 — з доўгім (плюс па жаданні адна святочная), 2-3 пары штаноў, пінжак або джэмпер, спартыўны касцюм плюс дзве футболкі, шкарпэткі, абутак (вулічны, спартыўны, зменка).

Дасведчаныя мамы раяць не купляць увесь гардэроб у жніўні. Па-першае, будзе не так «балюча» па грошах (кашуля або блузка абыдзецца сёння ў сярэднім у 30—40 рублёў, штаны — ад 70), па-другое, дзеці растуць, і часам вельмі хутка. Плюс пасля таго, як схлыне ажыятаж, часам крамы распрадаюць школьныя калекцыі са зніжкамі да 70 %. Так што асноўную частку школьнага гардэроба цалкам разумна набыць у кастрычніку-лістападзе.

Заплечнік: памятаем пра флікеры

Дададзім яшчэ некалькі слоў пра школьны абутак. Як правіла, школы патрабуюць мець зменку, але часам бацькі набываюць яе толькі позняй восенню, калі на вуліцы становіцца брудна. І ўсё ж разумней насіць зменныя туфлі ў школу непасрэдна з верасня — так больш дарагі вулічны абутак праслужыць даўжэй.

• Зменка можа быць з тканіны — гэта больш танна і камфортна, плюс па вазе такі абутак няцяжкі. У ідэале ён павінен мыцца ў машыне. Навучэнцам малодшых класаў лепш выбіраць зменку на ліпучках або гумках, а не са шнуркамі, каб дзіця доўга не важдалася з пераабуваннем.

• І напрыканцы — аб школьнай сумцы: на гэтым пункце эканоміць не варта, бо гэта пытанне здаровай паставы. Медыкі адзначаюць, што для малодшых школьнікаў і вучняў сярэдніх класаў лепш выбіраць заплечнік з цвёрдым каркасам. І для школьнікаў усіх узростаў не забываць аб наяўнасці на ім святлоадбівальных элементаў. Вага школьнай сумкі, згодна з нормамі, для навучэнцаў пачатковых класаў не павінна перавышаць 600—700 г, для навучэнцаў сярэдніх і старшых класаў — быць не больш за 1000 г (хоць на практыцы, на жаль, «груз ведаў» за плячыма школьніка звычайна важыць больш). Наконт артапедычных заплечнікаў са спецыяльнай цвёрдай спінкай меркаванні бацькоў разыходзяцца. Нямала тых, хто лічыць, што грошай на здароўе дзіцяці не шкада (артапедычныя заплечнікі каштуюць на парадак даражэй за звычайныя). Але ёсць і тыя бацькі, якія адзначаюць, што такія заплечнікі за кошт артапедычных уставак самі па сабе досыць цяжкія, а калі яшчэ і пакласці ў іх усё неабходнае для вучобы, «груз навукі» можа стаць для дзіцяці проста
непад'ёмным.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.