Вы тут

Ёсць хлеб — будзе і да хлеба


На раніцу 19 жніўня ў Клецкім раёне ўборку збожжавых завяршылі 8 гаспадарак з 10. Першыя «Дажынкі» правялі ААТ «Лазавічы».


Вёска Лазавічы мае статус аграгарадка. На яе тэрыторыі размешчана амаль 200 жылых дамоў, дзе пражывае больш за 400 чалавек, у тым ліку 285 працаздольных. Гаспадарка невялікая — да трох тысяч гектараў, раней было 3,5 тысячы сельгасугоддзяў, у тым ліку 430 гектараў пятнаццаць гадоў арандавалі ў Капыльскім раёне. Традыцыйна вырошчвае зерневыя культуры, кукурузу, люцэрну на корм для грамадскага статка, азімы рапс на плошчы 450 гектараў, пшаніцу — каля 400 гектараў, трыцікале — 200 гектараў. Сёлета азімы ячмень даў нядрэнны ўраджай.

«Убіралі з задавальненнем, было мала палегліцы, пасевы чыстыя. Ураджайнасць 57,7 цэнтнера з гектара, атрымалі азімага рапсу па 30 цэнтнераў на круг. А на некаторых участках сабралі і па 80 цэнтнераў зерня з гектара, — расказалі механізатары. — Працэс уборкі быў арганізаваны бездакорна, усе працавалі дружна, зладжана — як камбайнеры, кіроўцы, так і інжынерная, тэхнічная службы. Таму і закончылі жніво ў максімальна сціслыя тэрміны. На 1132 гектарах было задзейнічана шэсць камбайнаў, на адвозцы зерня на зернесушыльны комплекс — яшчэ столькі ж машын».

Тры экіпажы намалацілі па тысячы тон з гектара. У іх ліку сямейны экіпаж Валерыя і Вадзіма Рулінскіх (на фота).

— Чым адрознівалася сёлетняе жніво ад папярэдніх? Якія былі цяжкасці? — пацікавілася ў старэйшага.

— Жніво як жніво. Хіба толькі дажджы перашкаджалі, але неба, як кажуць, не закрыеш. Калі б не падвяла нябесная канцылярыя, то з уборкай справіліся б хутчэй, — кажа суразмоўнік.

Валерый Аляксандравіч на жніве ўжо дванаццаць сезонаў, больш за дваццаць гадоў.

— Спачатку працаваў на аўтобусе, затым — памочнікам камбайнера ў брата. Цяпер вось у мяне свой памочнік — сын. Вадзім амаль кожны сезон прыязджае з Мінска на ўборку хлеба ў родную гаспадарку. Калі ён заняты на сваёй асноўнай рабоце, яму на змену прыходзіць старэйшы брат.

Падчас жніва ўсе працавалі без адпачынку, ловячы кожную спрыяльную гадзіну. Пасля сяўбы азімых, а гэта каля 500 гектараў, можна і расслабіцца, прысвяціць сябе хатнім справам у выхадны дзень. Але гэта будзе недзе ў пачатку лістапада. А адпачыць, задаволіць культурныя і сацыяльныя патрэбы тут ёсць дзе. У аграгарадку, акрамя садка-школы на 250 месцаў, крам, амбулаторыі, гасцініцы, сталовай, ёсць лазня, Дом культуры, бібліятэка.

Сярэдні заробак у гаспадарцы — каля 970 рублёў, у ліпені заработная плата павысілася. Некаторыя камбайнеры зарабілі па тры тысячы рублёў, кіроўцы — па дзве, паўтары тысячы — у залежнасці ад выпрацоўкі. Зарабіць ёсць магчымасці, умовы ствараюць кіраўніцтва таварыства, прафкам. Напрыклад, падчас жніва было арганізавана двухразовае харчаванне. Удзельнікі ўборачнай кампаніі атрымлівалі гарачыя абеды. Іх забяспечвалі мінеральнай вадой, сокамі. У «Лазавічах» працуе свая сталовая з сакавіка, калі пачынаецца пасяўная, і да лістапада, калі заканчваецца сяўба азімых. Кухары распрацоўвалі меню, імкнуліся, каб яно было паўнацэнным і разнастайным.

Асаблівая ўвага — тэхніцы бяспекі. Перад выездам на поле механізатары, кіроўцы, камбайнеры праходзілі абавязковае медыцынскае абследаванне, з імі праводзіліся інструктажы. У гаспадарцы распрацавана сістэма заахвочвання з уручэннем прэмій, грашовых узнагароджванняў. На поле з канцэртамі прыязджалі мясцовыя культработнікі, падчас кароткага абедзеннага перапынку ўдзельнікі жніва маглі паслухаць песні ў выкананні самадзейных артыстаў.

Пасля заканчэння жніва ў механізатараў яшчэ шмат работы, рамантуюць камбайны, рыхтуюць плошчы пад сяўбу азімых.

Будучыня Лазавіч не толькі ў матэрыяльным дастатку работнікаў, дырэкцыя ўдзяляе шмат увагі і арганізацыі адпачынку.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.