Вы тут

Матулін каравай, булачная эстафета і булка-гадалка...


Ідэя ўзнікла пасля наведвання Прэзідэнтам мясцовай пякарні ў чэрвені мінулага года. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў смак свіслацкага хлеба, асабліва — здобнай пляцёнкі — «са смакам дзяцінства». Гэта надало штуршок для «раскруткі» плеценай булкі, якая ў хуткім часе атрымала афіцыйную назву «Бацькава». А сёлета ў гонар папулярнай здобы ў Свіслачы зладзілі фестываль.


Рыхтаваў свята спецыяльна створаны аргкамітэт пры Гродзенскім абласным упраўленні культуры. Асноўную праграму распрацаваў Свіслацкі цэнтр культуры і народнай творчасці. На конкурсе «Бацькаўшчына», напрыклад, прафесійныя пекары прадставілі ў выпечцы гістарычныя аб’екты Беларусі. Тут знайшлі адлюстраванне і Белавежская пушча, і гродзенскія замкі, і старажытныя сядзібы...

Госці фестывалю маглі дэгуставаць духмяную выпечку, а таксама ўзяць удзел у майстар-класах: сплесці ўласную «Бацькаву булку», зрабіць сухарную кветку альбо ўпрыгожыць пернік...

Цікавым стаў конкурс «Матулін каравай». У ім маглі ўдзельнічаць усе ахвотныя, у тым ліку аматары і хатнія гаспадыні. Сваё майстэрства ў кулінарным спаборніцтве яны дэманстравалі ў дзвюх намінацыях: «Традыцыйны каравай» і «Сучасны каравай».

«Традыцыйны» — згатаваныя ў хатніх умовах па традыцыйным рэцэпце пірог, каравай ці булка. Віталася, калі выраб мае сямейную гісторыю. У намінацыі «Сучасны каравай» спаборнічалі тэматычныя кампазіцыі. Гэта мог быць пірог ці торт, у тым ліку з гатовых інгрэдыентаў, напрыклад, пернікавы ці зефірны. Тут кожны мог прыкласці ўсю сваю фантазію і здольнасці. Усе вырабы мелі назвы.

Але мала толькі смачна прыгатаваць. Яшчэ трэба цікава прэзентаваць, расказаць пра тэхналогію, рэцэптуру, гісторыю, чаму менавіта такі рэцэпт стаў у сям’і традыцыйным, у чым яго адметнасць.

Пераможцы атрымалі ўзнагароды і грашовыя прэміі. Адзначаны канкурсанты і ў спецыяльных намінацыях: «Кулінарная спадчына», «Смак дзяцінства», «Самы вялікі каравай», «Арыгінальная прэзентацыя», «Незвычайнае спалучэнне інгрэдыентаў», «Арыгінальнае афармленне».

Асобны конкурс прайшоў для прафесійных пекараў і кандытараў. Яны таксама прадставілі вялікі асартымент вырабаў, якія трапляюць да спажыўцоў не толькі вобласці, але і ўсёй краіны.

Падчас фэсту працаваў шэраг цікавых лакацый. Напрыклад, лаўнж-зона для адпачынку, дзе булка-гадалка ў жартоўнай форме прадказвала кожнаму наведвальніку яго лёс.

Экскурсія з майстар-класам паведаміла аб шляху збожжа да хлеба. Тут адбылася дэманстрацыя старажытных сельскагаспадарчых прылад. А на старых млынавых жорнах можна было памалоць зярняты.

Усе конкурсы так ці іначай звязаныя з «хлебнай» тэмай. Напрыклад, у эстафетным конкурсе «Бацькава міля» каманды на хуткасць перавозілі на тачцы мяшкі са збожжам. У конкурсе «Каравай, каравай, каго хочаш — выбірай» кожная пара ўдзельнікаў з завязанымі вачамі адной рукой упакоўвала булку.

Такі фэст тут праводзіцца ўпершыню. Ініцыятарам яго стаў старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Спачатку свята задумвалася як мясцовае, але падчас падрыхтоўкі яно набыло размах і перарасло ў рэспубліканскае.

Дарэчы, на Слонімшчыне захавалася традыцыя выпечкі так званых паўлаўскіх караваяў, якія ўваходзяць у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Захоўваюць унікальную тэхналогію ўдзельніцы народнага аб’яднання «Чараўніцы-каравайніцы» з Навасёлкаўскага цэнтра культуры. На Слонімшчыне фестываль стаў брэндавым. А самы прыгожы трохпавярховы каравай паўлаўскія каравайніцы двойчы ўручалі Прэзідэнту краіны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.