Вы тут

Узрост — не перашкода? Як пазбавіцца ад эйджызму?


Эйджызм, калі хто не ведае, — гэта грэблівае ці прадузятае стаўленне да людзей на падставе іх узросту. Часцей за ўсё гаворка ідзе аб пажылых людзях, але сустракаецца і эйджызм «наадварот», калі дыскрымінацыі падвяргаецца моладзь. Звычайна эйджызм згадваюць, калі сутыкаюцца з цяжкасцямі пры працаўладкаванні, але дадзеная з'ява закранае і многія іншыя сферы.


«Што вы хочаце ў вашым узросце»

Каронная фраза пасрэдных медыкаў. Гэты «ваш узрост» можа наступіць і ў 40, і ў 70 гадоў. Калі не хочацца думаць, як лепш лячыць чалавека, якія абследаванні прызначаць, тады прасцей згадаць узрост. Часам медыкі грашаць тым, што гавораць пацыенту аб кошце лекаў, маючы на ўвазе, што пенсіянеру яны не па кішэні. Ім нават у галаву не прыходзіць, што гэта абразліва. У кожнага чалавека свае жыццёвыя акалічнасці. У кагосьці добрая пенсія і ёсць зберажэнні, камусьці дапамагаюць дзеці, а іншы пры любым раскладзе аддасць прыярытэт здароўю.

Падліваюць масла ў агонь і сваякі. «Адключаю яму газ, святло, перакрываю ваду, так ён і сядзіць. Але пару разоў неяк сцяміў і ўключаў газ, нешта там сабе варыў, спаліў усе рондалі», — распавядала жанчына па тэлефоне. За паўгадзіны ў гарадской электрычцы я даведалася некаторыя абставіны яе жыцця — размовы ж не спыняліся. «У «дурку» свайго бацьку не павязу, няхай так дажывае. Ну, гэта ты сваю старую возіш на Бехцерава, а я ганьбіцца не буду», — горача камусьці даказвала пасажырка. Значыць, прасцей зачыніць бацьку ў кватэры без вады, без гарачай ежы, а прызнаць, што ёсць праблемы са здароўем, і паспрабаваць дапамагчы — гэта, аказваецца, сорамна.

З маладымі людзьмі па-іншаму. Лічыцца, што з-за ўзросту ў іх не можа быць сур'ёзных захворванняў, яны проста хочуць атрымаць бальнічны, а школьнікі і студэнты — вызваленне ад заняткаў. На жаль, хваробы маладзеюць, і ўжо не дзіва, калі, напрыклад, у аддзяленні рэўматалогіі можна ўбачыць пацыентаў ад 25 гадоў.

«Будзеце як саракагодка»

Пакупніца гадоў 60 ўдакладняла ў прадаўца, ці ёсць яе памер плашча бірузовага колеру. «Жанчына, вазьміце сіні ці чорны, куды вам ужо бірузовы», — адказала работніца прылаўка. Адбыўся скандал. Выйшла загадчыца, перапытала, у чым праблема, і нават знайшла бірузовы плашч патрэбнага памеру ў іншай краме сеткі.

Зваротная гісторыя з дзяўчынай гадоў 25-га. Яна шукала офісны касцюм 44 памеру. «Ой, ну вы ў ім будзеце, як саракагодка, маладыя дзяўчаты такое цяпер не носяць», — заявіла прадавец, якой на выгляд 40+.

«Можна, я сама вырашу, што мне насіць?» — адказала пакупніца. І гарнітур патрэбнага памеру і колеру знайшоўся.

А як жа быў здзіўлены юны кансультант, калі мужчына, відавочна старэйшы за 70 гадоў, запатрабаваў смартфон пэўнай маркі: «Вы сапраўды жадаеце гэтую мадэль? Хто вам параіў? Можа, парэкамендаваць нешта іншае?»

«А што, у вас заляжаліся кнопкавыя тэлефоны? — з'едліва спытаў мужчына. — Вы ж нам звычайна іх раіце».

У фірменнай краме жаночай бялізны прадаўцы ветліва абслугоўвалі пажылых іншаземак. А вось суайчынніца гадоў блізу 60, якая набыла дарагі камплект, выклікала бурнае абмеркаванне. Маўляў, бабуля, а купіла раскошную бялізну: можа, ёй яшчэ і ёсць перад кім у ёй дэфіліраваць? Якіх толькі эпітэтаў не прыдумалі для «састарэлай фіфы».

Мяне ж прадавец сустракала каля прымерачнай: «Падышло?»

«Так, — адказала я, — але толькі нічога купляць у вас не буду роўна да таго моманту, пакуль вы не навучыцеся паважаць пакупнікоў усіх узростаў».

Не толькі нетактоўныя прадаўцы прыніжаюць людзей. Сваю лепту ўносіць і сям'я. «Буду я яшчэ грошы марнаваць на гэтага смаркача», — разважае маці. І ёй няўцям, колькі кпінаў аднакласнікаў прыйшлося перажыць яе дзіцяці з-за старога і ўжо нямоднага ў падлеткавым асяроддзі адзення. Колькі сацыяльных сувязяў гэтага дзіцяці парушана і як гэта ўсё адаб'ецца на яго дарослым жыцці.

«Мы лепш ведаем»

«Ты нічога не разумееш, навошта толькі паехала з намі», — шыпеў сын гадоў 50 на маці гадоў 75. А адбывалася тое ў мэблевай краме. Жанчына вельмі лагічна тлумачыла, чаму вялізная канапа — не найлепшы выбар для дачнага доміка. Яна ведала ўсе памеры пакоя, адлегласць ад вокнаў-дзвярэй. Але сын і нявестка стаялі на сваім: вось гэтая канапа — і кропка.

«Мы лепш ведаем, што табе трэба, мы жыццё пражылі», — звычайна так аргументуюць бацькі свой «клопат». Яны пазбаўляюць дзяцей права выбару: з кім сябраваць, якую прафесію абраць, з кім будаваць сям'ю. І пры гэтым упэўненыя, што «хочуць сваім дзецям толькі самага лепшага». А між тым, пазбаўляюць права прымаць самастойныя рашэнні і адказваць за сваё жыццё.

Як пазбавіцца ад эйджызму?

Нялёгка і няпроста. На заканадаўчым узроўні прапісана, што пры працаўладкаванні дыскрымінацыя па ўзросце забароненая. Але ж яна нікуды не дзелася, бо знаходзяць, як той казаў, дзіркі ў плоце. Так, цяпер у вакансіях не пішуць, што шукаюць работніка да 35 гадоў, затое адзначаюць, што «запрашаюць у малады калектыў» — а гэта відавочны бар'ер для старэйшых суіскальнікаў. Маладым таксама нялёгка знайсці работу, таму што «досведу няма», «сыдзе ў дэкрэт» і «яны шмат ведаюць аб сваіх правах».

Цяпер многа гавораць аб разрыве пакаленняў, калі каштоўнасці малодшага пакалення моцна адрозніваюцца ад культурных і іншых каштоўнасцяў старэйшага. Але як утварыўся гэты разрыў? Найперш з-за недахопу і павярхоўнасці зносін розных пакаленняў адной сям'і, нягібкасці старэйшых і адсутнасці цікавасці ў малодшых. Вечны пошук вінаватых, крайніх і сыход у глухую абарону. Але збліжае людзей нешта агульнае. Успомніце папулярны жарт: «Пакаленне, якое хадзіла без шапак, спарадзіла пакаленне, якое ходзіць без шкарпэтак». Ігнараванне галаўнога ўбору тымі, каму сёння 40—50 гадоў, і дэманстраванне голых шчыкалатак тымі, каму 20, — з'явы аднаго парадку. Прасцей кажучы, кожнае маладое пакаленне ў многім падобнае на папярэдняе, толькі сродкі самавыяўлення адрозныя: дзяды насіліся з транзістарамі, унукі носяцца са смартфонамі...

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.