Вы тут

Незвычайны праект рэалізуе комплексны музей у Заронава


Незвычайны праект «Ноч у музеі» рэалізуецца ў комплексным музеі «Гісторыя Заронаўскага краю» Заронаўскага сельсавета, што ў Віцебскім раёне. Юныя экскурсаводы асвойваюць заняткі нашых продкаў і праводзяць у музеі цэлую ноч.


Комплексны музей у Заронава — цэнтр патрыятычнага і адукацыйнага выхавання не толькі раёна, але і ўсёй Віцебшчыны. Восем экспазіцыйных залаў, захапляльны аповед выключна на беларускай мове і звыш 30 тысяч экспанатаў — сюды ў любую пару года няспынна едуць зацікаўленыя экскурсанты, а за год музей прымае звыш 2000 чалавек. Дзіва: некалі маленькі школьны музей баявой славы за 36 гадоў пераўтварыўся ў адно з самых папулярных месцаў у паўночным рэгіёне. Прыцягваюць увагу турыстаў не толькі этнаграфічная, «Настальгія або вяртанне ў СССР», калекцыйная залы, але і сапраўдная партызанская зямлянка. А яшчэ ў Заронава жывуць нячысцікі — Аржавень, Ягіня, Вірнік — міфалагічныя істоты вядомага беларускага этнографа Мікалая Нікіфароўскага знайшлі прапіску ў шостай зале музея. Акрамя безлічы цікавых прадметаў, а некаторыя тут прадстаўлены ў адзінкавых экзэмплярах, кожны жадаючы можа прымерыць на сябе касцюмы розных нацыянальнасцяў, пабыць падпалкоўнікам ці нявестай — не хопіць часу, каб наведаць усе інтэрактывы. Яшчэ адной разынкай музея, акрамя яго стваральніцы Людмілы Нікіцінай, з’яўляюцца юныя экскурсаводы. Гэта мясцовыя дзеці, для якіх музей сапраўды стаў другім домам. З імі захавальнікі музейных каштоўнасцяў Людміла і Станіслаў Нікіціны нястомна спасцігаюць асновы экскурсійнага мастацтва, вучаць любіць малую Радзіму і добрымі справамі рабіць свой куток яшчэ лепш. Самая маленькая экскурсавод Каця толькі ідзе ў першы клас, а ўжо бывалыя экскурсаводы — выпускнікі ВНУ, якія таксама час ад часу прымаюць у музеі гасцей. Усяго дапамагаюць Нікіцінай каля 15 дзяцей, а кожны з іх абавязкова расказвае пра экспанаты, звязаныя са сваёй сям’ёй. Напрыклад, сястрычкі Маша і Лена Івановы вядуць аповед пра вышытыя іконы — захапленне іх маці, а Мікіта — пра лёдабур, які падарыў музею яго дзядуля Саша. У гэтым і ёсць асноўная мэта музейнай работы — ведаць, адкуль карані твае, адкуль твой род пачаўся.

Акрамя экскурсій, на якія ў летні перыяд ствараецца чарга, Нікіціны разам з дзецьмі ладзяць турыстычныя маршруты, вела- і аўтапрабегі, наведваюць Беларусь. «Галоўнае, каб дзеці захапляліся музейным жыццём, таму кожны раз прыдумваем нешта новае», — расказвае Людміла Канстанцінаўна. Тры гады таму вырашылі стварыць асабісты праект «Ноч у музеі». Усім знаёмая з’ява «Ноч музеяў» 18 мая, калі многія ўстановы працуюць для наведвальнікаў бясплатна, але праект у Заронаве — справа зусім іншая і найбольш цікавая. Дзеці, якія праводзяць у комплексе шмат часу, заўсёды хацелі застацца там і ноччу: некаторыя верылі, што, як у знакамітым кіно, ажываюць прадметы, а для некаторых цёплая атмасфера ў будынку проста спрыяла вясёламу начлегу. Сказана — зроблена! Жнівень малыя заўсёды чакаюць з нецярпеннем, калі можна будзе з асабістымі падушкамі і коўдрамі крочыць у музей.

Мне таксама давялося, як і ў мінулыя гады, застацца на ноч у музеі. Збіраемся а чацвёртай гадзіне дня, спачатку «працоўная тэрапія» — наводзім парадак на тэрыторыі музея і на воінскім мемарыяле. Пасля хлопцы адпраўляюцца пад кіраўніцтвам Станіслава Пятровіча капаць бульбу на вячэру і збіраць дровы для печкі, якая, дарэчы, у музеі сапраўдная, у ёй гатуюць стравы нацыянальнай беларускай кухні. У гэты дзень, які здараецца толькі раз на год, можна навучыцца нават паліць у печы, што з ахвотай рабілі экскурсаводы. Дзяўчаты пакуль спасцігалі азы кулінарнага мастацтва і накрывалі на стол. Пасля тушанай бульбы і смачнага шашлыку — час заняцца гаспадарскімі справамі, а дакладней — асвоіць касьбу з дапамогай экспаната — ручной касы — так, многія прадметы ў экспазіцыях — не проста спарахнелыя ад часу рэчы, а прыстасаванні, якімі з лёгкасцю можна карыстацца пры патрэбе. У чаргу на гэты незвычайны занятак, якім не дазваляюць займацца дома, выстраіліся і дзяўчаты, і хлопчыкі. А ўвечары ў кола сяброў сабрала ўсіх музейнае вогнішча з песнямі і пужалкамі, як любяць дзеці. Час рыхтавацца да сну: месца хапае і на канапе, і на лаўках, але вырашаем класціся на падлозе — так весялей. Пад гітарныя акорды калыханкі стомленыя, але шчаслівыя, адыходзім у абдымкі Марфею.

Ранкам, не паспелі яшчэ некаторыя расплюшчыць вочы, учарашнія навічкі, а сённяшнія — прафесіяналы па паленні ў печы Ваня і Антон — ужо па-майстэрску расклалі агонь. Аладкі ў печы ад Людмілы Канстанцінаўны — яшчэ адна добрая традыцыя праекта, якую з нецярпеннем чакаюць ранкам экскурсаводы. У садзе пад яблынямі гарачыя і духмяныя, падобныя да сонейкаў, яны надта смачныя. А дадаць яшчэ варэнне і гарбату — увогуле найвялікшая асалода. Асабліва, калі ўсе, як адна сям’я, збіраюцца за вялікім сталом. Дзелімся эмоцыямі і складаем план на наступную «Ноч у музеі», якая кожны год праходзіць па-рознаму, але заўсёды пакідае ў дзяцей яркія ўражанні. 

«Музей — наш гонар, месца, якое аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту і статусу, бо тут асаблівая атмасфера сяброўства і адзінства. „Ноч у музеі“ — гэта ўнікальны праект, які не мае межаў і можа стаць цікавым прыкладам для іншых музейных устаноў», — заключыла выконваючы абавязкі старшыні Заронаўскага сельсавета Алеся Сінякова.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Загаловак у газеце: Добра спіцца ў... музеі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.