Вы тут

Святло «Шыпкоўскіх плёсаў»


Кожная беларуская вёска — гэта маленькі Сусвет, дзе ёсць адметныя героі, цікавыя традыцыі і дзівосныя краявіды... Гэта дапамагае ўсвядоміць такая акцыя, як свята вёскі — добрая падстава абуджэння гістарычнай памяці і гонару за сваю малую радзіму. Вёска Шыпкі, што на Вілейшчыне, не проста зладзіла свята — а сапраўдны фестываль літаратуры і мастацтва пад назвай «Шыпкоўскія плёсы». Падстава для маштабу ёсць: у Шыпкоўскай школе пасля філфака некалькі гадоў працаваў вядомы паэт Мікола Шабовіч, тут пабраўся шлюбам з выпускніцай філфака Кацярынай. У Шыпках прайшло дзяцінства і юнацтва паэткі Іны Фраловай. У імпрэзе ўзяў удзел і Выдавецкі дом «Звязда» — усе, хто прысутнічаў на свяце, змаглі набыць кнігі выдавецтва. А ўсе выступоўцы атрымалі «звяздоўскія» падарункі.


— Аб прыгажосці Шыпкоў і Міколам Шабовічам, і Інай Фраловай напісана нямала вершаў. Мне хацелася самому паглядзець на рачныя плёсы, на лес, на сады, на людзей, якія давалі натхненне паэтам. І наогул я люблю бываць у тых мясцінах, дзе нарадзіліся мае сябры па пяру, — прызнаўся намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп.

Месцам для святкавання стала сядзіба мясцовага жыхара Алега Дзіка, з аднаго боку якой рэчка, з другога прыгожая азярына, а навокал лес. Першымі выступілі старшыня Хаценчыцкага сельскага савета Дзіяна Грабянёк і настаяцель храма Святога Прарока Ільі протаіерэй Сергій Вачугаў. Потым да мікрафона падыходзілі былыя настаўнікі Шыпкоўскай школы— Ванда Сівая, Кацярына Шабовіч, Мікалай Мажуль і Кацярына Мажуль. Прагучалі вершы Міколы Шабовіча ў выкананні ўдзельнікаў паэтычнага тэатра «Рытмы сэрца» пры БДУІР. Цікава было паслухаць краязнаўцаў Аляксандра Плавінскага і Аляксандра Раткевіча. Падвысіла добры настрой артыстка філармоніі Надзея Тулінава, якая выканала некалькі песень, і адна, і з бацькам, пісьменнікам Уладзімірам Тулінавым. Выступіў і народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» Вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання.

У свяце прынялі ўдзел паэты Іна Фралова, Юрась Нераток, Уладзімір Цанунін, Вікторыя Піліпенка. Ірына Карнаухава каля стэнда «Звязды» правяла прэзентацыю сваёй новай дзіцячай кніжкі, якая пабачыла свет у выдавецтве. А Іне Фраловай, якая была вядоўцай і аўтарам сцэнарыя свята, быў урачыста ўручаны медаль Максіма Магдановіча Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.