Вы тут

На Міншчыне з’явіліся першыя камбайнеры-пяцітысячнікі


На Міншчыне з’явіліся першыя камбайнеры-пяцітысячнікі. Імі сталі Сяргей Максімец і Васіль Зур, якія працуюць у адкрытым акцыянерным таварыстве «Крутагор’е-Петкавічы» Дзяржынскага раёна. Адметна, што столькі збожжа яны сабралі менавіта на айчынным КЗС 21-24 КР гомельскай вытворчасці.


На жніве хлопцы не навічкі, працуюць на хлебнай ніве больш як дваццаць гадоў. Але сёлета ім давялося папрацаваць у адным экіпажы ўпершыню. Як расказалі пяцітысячнікі, за тры тыдні з пачатку ўборкі прайшлі 900 гектараў поля. Сяргей Максімец у першы раз працуе на камбайне гэтай маркі, а яго калега Васіль Зур добра ведае ўсе асаблівасці машыны, паколькі за штурвалам такога камбайна не першы год. Хлопцы адзначаюць, што кіраваць камбайнам адно задавальненне, просты ў рабоце, абсталяваны ўсім неабходным — кандыцыянерам, халадзільнікам, дзе можна захоўваць прадукты харчавання. А кормяць камбайнераў выдатна, два разы на дзень, у тым ліку і паўнацэннымі гарачымі абедамі, якія прывозяць у поле спецыяльна абсталяванай машынай.

— Кожны каласок цяпер на рахунку, таму што зерне сёння на вагу золата. І мы ўважліва сочым, каб ні адно зярнятка не ўпала на зямлю, а трапляла ў бункер, — кажуць камбайнеры.

Першых пяцітысячнікаў у Мінскай вобласці і прыехаў павіншаваць першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч. 

— Пяць тысяч намалоту — гэта падстава для гонару. Гонару за нашу беларускую тэхніку, нашых камбайнераў. Гэта адданыя сваёй працы людзі, якія робяць найцяжэйшую працу, — лічыць Сяргей Ляўковіч. — Нялёгка на адным камбайне намалаціць столькі зерня і замахнуцца на шэсць тысяч тон. У нас моцныя людзі, моцныя механізатары працуюць у сельскай гаспадарцы.

Па словах Сяргея Віктаравіча, сёлета на Міншчыне вялікая колькасць тысячнікаў, лік ідзе на сотні. Дзясяткі экіпажаў намалацілі па дзве, тры тьсячы тон. Гэты год для многіх сельгасарганізацый будзе рэкордным па намалотах. Ураджайнасць сёлета вышэй, чым летась практычна па ўсіх сельгаскультурах. «Зерневых мы атрымаем дакладна больш. Перавысілі мінулагодні рубеж і па ўраджайнасці рапсу. На ўчарашні дзень у вобласці ўбрана 87 % плошчаў. Несумненна, што з улікам зерня кукурузы будзе рэкорд. Нам неабходна ўбраць кукурузу на плошчы 280 тысяч гектараў. Гэта самыя вялікія пасевы за ўсю гісторыю Мінскай вобласці. Міншчына будзе цалкам забяспечана зернем, як для жывёлагадоўлі, так і для выпечкі хлеба.

Сяргей Ляўковіч дадаў, што ў цэнтральным рэгіёне пасеяна больш паловы азімага рапсу, назапашваюца мінеральныя ўгнаенні, што дасць магчымасць з захаваннем тэхналогій пасеяць азімыя зерневыя культуры. Менавіта на іх робіцца стаўка.

Напрыканцы ён уручыў Сяргею Максімцу і Васілю Зуру падарункі — бытавую тэхніку.

Спецыяльна на поле прыехаў і намеснік генеральнага дырэктара «Гомсельмаша» Віктар Славашэвч, які падзякаваў камбайнерам ад імя завадчан і ўручыў грашовыя прэміі і сертыфікаты на адпачынак у санаторыі. «Хто добра працуе, павінен добра адпачываць. Дзякуй за тое, што паказалі на што здатная наша тэхніка, не горшая замежнай», — падкрэсліў ён.

Ад імя ўсяго калектыву перадавікоў жніва павіншаваў і дырэктар ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» Юрый Клімаш, які канстатаваў, што за першыя пяцьсот і тысячу тон намалочанага зерня камбайнерам і вадзіцелям на адвозцы прафкам і адміністрацыя гаспадаркі ўручаюць прэміі. Юрый Пятровіч адзначыў, што сёлета ў акцыянерным таварыстве намалацілі 24 тысячы 900 тон зерня, што на пяць тысяч больш мінулагодняга, ураджайнасць склала 56 цэнтнераў з гектара. Праз два-тры дні ўборка завяршыцца. 

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.