Вы тут

«Кліч Палесся» сабраў амаль 40 тыс. удзельнікаў і гасцей


Частаваў прысмакамі, захапляў рамёствамі, кружыў у танцавальнай віхуры... Самы малады фестываль Гомельскай вобласці «Кліч Палесся» ў сёмы раз сабраў на Петрыкаўшчыне амаль 40 тысяч удзельнікаў і гасцей не толькі з розных куткоў Беларусі, але і расійскіх рэгіёнаў.


Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Дзям'ян Лемяшэўскі, генеральны  дырэктар ААТ «Мазырсоль» Уладзімір Дворнік і старшыня Пінскага  гарвыканкама Валерый Рабкавец былі ўдастоены звання «Ганаровы паляшук».

Фестывальная вёска міжнароднага этнакультурнага мерапрыемства сёлета ўмясціла больш як паўтары тысячы толькі гаспадароў падворкаў. Імправізаваныя сядзібы рознакаляровым багаццем расквецілі ўзбярэжжа Прыпяці. Дажджлівы настрой прыроды не перашкодзіў палешукам з імпэтам здзіўляць і «запальваць». Свае падворкі прадставілі восем раёнаў Гомельшчыны і пяць — Брэсцкай вобласці. Сустракалі гасцей домікі пчаляра, каваля, рыбака, ткача, разьбяра, бондара... Іх гаспадары запрашалі пазнаёміцца з разнастайнымі вырабамі і прадметамі ўжытку палешукоў.

«Палеская зямля — унікальны куток Беларусі са сваёй самабытнай культурай, старажытнымі звычаямі і гісторыяй. Фестываль сёлета збірае аматараў фальклору, каб яшчэ больш напоўніць нас любоўю да роднага краю і ўразіць незвычайнымі талентамі», — словы падтрымкі ўдзельнікам і гасцям фестывалю адрасаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прывітальны адрас ад кіраўніка дзяржавы з галоўнай фестывальнай сцэны зачытаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм'ер па традыцыі агучыў імёны пераможцаў конкурсу «Ганаровы паляшук». Сёлета такое званне атрымалі генеральны дырэктар прадпрыемства «Мазырсоль» Уладзімір Дворнік, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Дзям'ян Лемяшэўскі і старшыня Пінскага гарвыканкама Валерый Рабкавец.

Пачэснымі гасцямі фестывалю сталі старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, кіраўнік Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка.

— Поспех свята вызначылі тры складнікі — унікальная прырода, найбагацейшая гісторыка-культурная спадчына і аўтэнтычныя народныя абрады і рамёствы, — перакананы Іван Крупко. — Самабытны Палескі край, дзе з асаблівай павагай захоўваецца бесперапыннасць культурна-бытавых традыцый, выклікае ўсё большую цікавасць у гісторыкаў, этнографаў і культуролагаў.

І сапраўды аўтэнтычныя рамёствы — ганчарства, лозапляценне, выцінанка, роспіс па дрэве і шмат іншых — шырока прадстаўленыя на радах «Рамеснай слабады», якія расцягнуліся не на адзін кіламетр.

Прадстаўнікі раённых цэнтраў арыгінальна падавалі свае падворкі. «У мядзведзя ў бары» — такі падворак у лясным стылі аформілі майстры, прадпрыемствы і арганізацыі Петрыкаўскага раёна. Разнастайную сувенірную прадукцыю рэкламавалі майстрыхі Валянціна Фалеева, Вікторыя Стацэнка і Ганна Туравец. Цэнтральнае месца на падворку адвялі «Траўніцы» — гаспадыні, цалкам «сатканай» з траў, што растуць на Петрыкаўшчыне. Ідэю ўвасобіла народны майстар Валянціна Фалеева:

— Працавала над ёй звыш двух тыдняў. Пасля фестывалю разбіраць рука не падымецца, установім яе ў выставачнай зале нашага Дома рамёстваў як памяць у гонар сёлетняга «Клічу Палесся», — кажа майстрыха.

Кіраўнік народнага тэатральнага калектыву «Маска» Наталля Тарасенка на падворку Нараўлянскага раёна сустракае гасцей разам са сваімі выхаванцамі.

— Мы — гарбузікі, і вось наша мама Гарбузіха, — смяюцца нараўлянскія школьнікі — удзельнікі калектыву.

— Доўга рэпеціравалі з дзецьмі наша прадстаўленне, самі шылі касцюмы. Апошнія два тыдні з раніцы да дзвюх ночы, — падзялілася Наталля Тарасенка.

— Побач Хойніцкі раённы Дом рамёстваў запрашае гасцей на падворак «Суп з сямі круп». Удзельнічалі ў яго падрыхтоўцы ўсім раёнам, — кажуць загадчыца Хойніцкага раённага Дома рамёстваў Людміла Смольская і майстар народных мастацкіх рамёстваў Вольга Шляхценка.

— У нас багаты падворак, бо з рога ўсяго многа, — пераконваюць заўзятыя ўдзельніцы фестывалю «Кліч Палесся». — Мы падрыхтавалі чайны пакой, краму арэхаў і сухафруктаў, лаўку з абярэгамі і нават выставу старых самавараў, якую збіралі па ўсім раёне.

Сёлета ўпершыню на фестывалі былі прадстаўлены Іванаўскі раён і Пінск.

— Абавязкова трэба зведаць, што такое мотальскія прысмакі, — пераконвае пазнаёміцца бліжэй з сапраўдным брэндам Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ўдзельнік калектыву «Лабуры» Яўген Юхнік.

На Столінскім падворку давялося пагутарыць з Таццянай Нагар, Васілём і Алай Ільінскімі, якія прыехалі на «Кліч Палесся» з аграгарадка Рамель. Удзельнікі са Століншчыны падкрэсліваюць: кожны раз едуць сюды зарадзіцца атмасферай свята.

— Прывезлі дзіцячы танцавальны ўзорны калектыў і вакальную групу. Выступаем з даволі вялікай танцавальная праграмай і аркестравымі нумарамі. Заўжды цікавімся афармленнем падворкаў, касцюмамі. Вельмі падабаецца, як з кожным разам усё больш развіваецца інфраструктура фестывалю, вельмі зручна для ўдзельнікаў і гасцей, — дзякуе Ала Ільінская.

Удзельнікі і госці фестывалю з задавальненнем адзначылі арганізацыю святочнай праграмы для дзяцей. Тэрыторыю дзяцінства «Палеская вясёлка» з конкурсамі, флэшмобамі, інтэрактыўнымі выставамі сваімі сіламі падрыхтавалі педагогі з Петрыкаўскага, Акцябрскага, Лельчыцкага, Мазырскага, Жыткавіцкага і Калінкавіцкага раёнаў, а таксама спецыялісты Гомельскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Традыцыйна ў межах фестывалю прайшоў конкурс «Палеская прыгажуня — 2022». Самай прыгожай дзяўчынай беларускага Палесся была прызнана Валерыя Яраш з Мазыра. Тытул першай віцэ-міс заваявала жыхарка Петрыкава Паліна Бычкоўская, другой віцэ-міс стала Карына Маліноўская з Нароўлі.

Упершыню ў праграме свята былі прадстаўлены этназаафэст, рыцарскі бугурт-фэст і інтэрактыўная пляцоўка «Партызанскі край», прысвечаная Году гістарычнай памяці ў Беларусі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Петрыкаўскі раён.

Загаловак у газеце: Святочны зарад ад палешукоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.