Вы тут

Рэзчыкі-скульптары з дрэва стварылі алею жаночых вобразаў у Махро


Махроўскі сельсавет у многім асаблівы. І не толькі тым, што знаходзіцца сярод лясоў і балот на самай граніцы з Украінай, альбо, напрыклад, тым, што ў вайну, падчас акупацыі, не перапыняў сваёй работы. Галоўным багаццем гэтага краю, яго асаблівай прыкметай заўсёды былі шматдзетныя сем’і. Жанчыны традыцыйна нараджалі многа дзяцей. Яшчэ нейкія гады два таму ў дэмаграфіі населеных пунктаў назіралася станоўчая дынаміка.


Фота: zarya.by

Да таго ж вёска Махро — радзіма мастака Аляксея Кузьміча. І, значыць, многія яго Мадонны родам з гэтых мясцін. Што адразу кідаецца ў вочы на галоўнай плошчы населенага пункта — драўляная скульптура маці з двайняткамі-немаўляткамі на руках. А справа ад яе — на сцяне Дома культуры — вялікі інфармацыйны стэнд-шыльда нагадвае аб тым, што тут знаходзіцца карцінная галерэя Аляксея Кузьміча. Мадонны майстра — увасобленае ў мастацтве мацярынства — таксама вымушаюць асабліва ўважліва ставіцца да гэтай тэмы. Што і робіць мясцовая ўлада.

Тут даўно ўжо выспявала ідэя нейкім чынам адзначыць подзвіг мацярынскага служэння. Менавіта так многія святары справядліва называюць цяжкую штодзённую мацярынскую працу. Дадатковы імпульс названая ідэя атрымала, можна сказаць, ад зваротнага, калі пачалі актыўна працаваць па 18-м Дэкрэце. Так, гаворка ідзе пра работу з нядбайнымі, праблемнымі сем’ямі.

— Дзяржава вельмі шмат робіць у плане падтрымкі шматдзетнай сям’і, — гаворыць старшыня Махроўскага сельскага Савета Іван КУНАХАВЕЦ. — А з нядбайнымі ды праблемнымі сем’ямі цяпер носяцца ўсе, на ўсіх узроўнях: задзейнічаны педагогі, медыкі, органы ўлады. Зараз, каб паставіць сям’ю ў СНС, на пасяджэнне збіраецца каардынацыйны савет на чале з намеснікам старшыні райвыканкама. Нехлямяжых бацькоў ушчуваюць, просяць, выхоўваюць. Не заўсёды праблема вырашаецца так, як належала б, бывае, даходзіць і да пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Нярэдка, на жаль, даводзіцца назіраць пазіцыю яўных утрыманскіх адносінаў з боку шматдзетных бацькоў. Бывае, што ўзнікаюць пытанні і да тых сем’яў, у якіх знешне як быццам бы ўсё добра. Але калі бачыш маладую матулю з пляшкай піва, цыгарэтай і каляскай — становіцца ніякавата. Відаць, можна гаварыць пра пэўную адказнасць нашага пакалення за тое, што згубілі нешта важнае ў выхаванні. Неяк жа трэба выпраўляць гэтыя агрэхі.

Такім чынам, спачатку ў размовах спецыялістаў, потым на пасяджэннях сесій сельскага Савета паступова стала вымалёўвацца тэма арганізацыі дыялогавай пляцоўкі па праблематыцы прэстыжу мацярынства, адказнасці бацькоўства. Задумка была такая, што тут, у Махро, будуць збірацца эксперты з ліку навукоўцаў, педагогаў, спецыялістаў сацыяльнай службы, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, каб абмяркоўваць праблемы, агульнымі намаганнямі шукаць шляхі іх вырашэння. Ёсць намер прыцягнуць да работы таксама святароў розных канфесій, аўтарытэтных шматдзетных маці. Аўдыторыя будзе найбольш маладзёжная: старшакласнікі, будучыя бацькі і сямейнікі, маладыя сужэнцы і праблемныя сем’і.

Аўтары ідэі дапускаюць, што тыя ж каардынацыйныя саветы, дзе разглядаюць нядбайных бацькоў, можна праводзіць не ў райцэнтры, а тут. «Павадзіць гэтую мамку, што забылася на сваіх дзяцей, па нашай галерэі, паказаць карціны, музейныя матэрыялы, напрацоўкі па гісторыі мацярынскай славы нашых населеных пунктаў, — гаворыць Іван Кунахавец. — Калі з сотні хоць да адной дойдзе, абудзіць яе душу, сумленне, і тое можна лічыць станоўчым вынікам».

А гісторыя ў гэтым сэнсе ў Махро сапраўды слаўная. На тэрыторыі сельсавета за пасляваенны час больш за 50 матуль былі адзначаны галоўнай мацярынскай узнагародай — ордэнам. А раней жа ўзнагароду давалі за 10 і больш дзяцей, гэта апошнім часам можна атрымаць і за пяць.

— Глядзіце, пасля вайны бедна жылі, паесці напоўніцу не заўсёды выпадала, а сем’і вялікія былі, дзяцей нараджалі, — разважае Іван Іванавіч. — Першыя самыя невялікія дэкрэтныя грошы нашы мамы атрымалі ў 1964 годзе. А да гэтага ніхто і не думаў неяк заахвочваць матуль. І вось жа нараджалі, не думалі пра цяжкасці. Цяпер жа статыстыка сведчыць, што ў большасці сямей расце па адным дзіцяці.

Такім чынам, вымалёўваецца цэлы культурна-асветніцкі праект. Спачатку ў яго рамках нават разагналіся на дыхтоўны помнік — бронзавую скульптуру шматдзетнай маці. З такой прапановай звярталіся розныя інстанцыі, усюды праект у цэлым ухвалілі, але матэрыяльнай падтрымкі пакуль аказаць не змаглі. Ад ідэі наогул не адмовіліся, рэалізацыю яе вырашылі адкласці да лепшых часоў. А пакуль пры падтрымцы раённага выканкама, Савета дэпутатаў, раённага аддзела культуры зладзілі пленэр рэзчыкаў-скульптараў, якія з дрэва стварылі цэлую алею жаночых вобразаў.

У канцы мая гэтага года названы пленэр адбыўся. Рэзчыкі з розных рэгіёнаў краіны пад кіраўніцтвам Анатоля Туркова тыдзень шчыравалі ў Махро. Прафінансавалі мерапрыемства, можна сказаць, усёй талакой. Свой унёсак зрабілі прадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі. Асноўным спонсарам выступіла ААТ «Машэраўскі». Алею скульптур вырашылі назваць «У славу маці». На алеі цяпер прадстаўлены дзяўчына-нявеста, жанчына-маці, шматдзетная маці, маці, якая смуткуе, жанчына-працаўніца, маці-Беларусь, жанчына будучыні і «Мадонна» Кузьміча.

Шматдзетная маці з немаўлятамі на руках і заняла сваё пачэснае месца на плошчы каля Дома культуры. Яна тут вельмі да месца, першай сустракае ўдзельнікаў любой тэматычнай імпрэзы. Так было, напрыклад, калі ў Махро праводзілася раённае свята, прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.