Вы тут

Рэха вайны пад шклом


Легендарны партызанскі камбрыг пакінуў у гісторыі Аршаншчыны яркі гераічны след, а гэтая зямля ўвекавечыла памяць Заслонава ў назве вуліцы, помніку і музеі. Яшчэ ў 1948 годзе ў Оршы быў створаны музей. Экспазіцыя размяшчалася ў дзвюх залах і мела тады не вельмі багатую прадметную базу. Потым змяніла прапіску, фонды папоўніліся новымі экспанатамі, якія дапамагалі збіраць былыя заслонаўцы, таварышы камбрыга і жыхары горада.


У 1994 годзе музей стаў філіялам Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, а ў 2016-м у выніку стыхійнай навальніцы будынак быў моцна пашкоджаны і яго знеслі. Толькі праз чатыры гады кіраўніцтва вобласці і горада вырашыла аднавіць музей. За год каля чыгуначнага вакзала з'явіўся новы двухпавярховы будынак з белай каланадай. На музейнай тэрыторыі ўстанавілі помнік у гонар загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны работнікаў раённага чыгуначнага бюро — ён захаваўся яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя.

Галоўнай ідэяй, якая чырвонай ніткай праходзіць праз экспазіцыі ў шкляных вітрынах, з'яўляецца сіла патрыятызму нашага народа ў вайне і імкненне вызваліць Бацькаўшчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Летапіс ваенных дзеянняў на тэрыторыі Аршанскага раёна ўдала спалучаны з гераічным шляхам Заслонава: як кадры з кінастужкі, экскурсаводы «гартаюць» мірнае жыццё і першыя гадзіны вайны, акупацыйны перыяд і Аршанскае гета, пакаранне падпольшчыкаў і раненне Канстанціна Сяргеевіча. У музеі знаходзіцца мультымедыйная ўстаноўка, якая ў анлайн-фармаце знаёміць наведвальнікаў з тэматычнымі блокамі, а яшчэ — 3D-карціна Аршанскага чыгуначнага вузла.

Сёння для экскурсантаў прадстаўлена звыш 500 арыгінальных экспанатаў з асноўнага фонду, а яшчэ шмат цікавых рэчаў знаходзіцца ў часовых выставах. Уклад у адраджэнне музея ўнесла Аршанская раённая пракуратура, якая прадставіла інфармацыйны стэнд, дзе адлюстраваны дакументальныя факты фашысцкіх зверстваў на Аршаншчыне, а яшчэ перадала музею электронны архіў дакументаў 1944-1946 гадоў.

«Адкрыццё ваенна-гістарычнага музея, які набыў другі лёс менавіта ў Год гістарычнай памяці, стала знакавай падзеяй. Гэта цагліна памяці ў вялікі будынак гісторыі нашай Беларусі. Гэта памяць аб выдатным чалавеку, які тут жыў і змагаўся, аддаваў усяго сябе дзеля нашай агульнай будучыні. Знакава, што музей — гэта новы цэнтр ваенна-патрыятычнай выхавання моладзі, а кожны, хто яго наведае, зразумее: нам ёсць, чым ганарыцца. У нас вялікае мінулае і не менш вялікая будучыня», — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

У калекцыях прадстаўлены асабістыя дзённікі і рэчы заслонаўцаў, прадметы быту і архіўныя дакументы. Цяпер у зале часовых выстаў экспануецца выстава работ студыі ваенных мастакоў пры дзяржаўнай установе «Цэнтральны Дом афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», а яшчэ ў гэтым памяшканні плануецца правядзенне масавых мерапрыемстваў патрыятычнага кірунку.

«Мы ўзводзім не толькі спартыўныя і вытворчыя аб'екты, але і музеі, і манументы памяці. Гэта зроблена для таго, каб адлюстраваць сувязь пакаленняў і зберагчы яе для будучыні. Аб усім можна прачытаць, але важна ўбачыць і дакрануцца да жывой гісторыі, да таго, што адбывалася на нашай зямлі. Такім чынам, мы зберажом тое, што завяшчалі нам нашы прадзеды, і перададзім гэтую памяць моладзі», — рэзюмаваў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.