Вы тут

У музеі Заронава жывуць традыцыі нашых продкаў


У комплексным музеі «Гісторыя Заронаўскага краю», што ў Віцебскім раёне, традыцыі нашых продкаў жывуць не толькі на старонках падручнікаў. Абрадавая святы беларусаў рэгулярна ладзяць захавальнікі музейных каштоўнасцяў разам з мясцовым Домам культуры, збіраючы разам прадстаўнікоў сталага і маладога пакаленняў.


І дзеці ў гэтым надта зацікаўленыя. Да таго, што ўжо з цягам часу стала недасягальным, можна з лёгкасцю дакрануцца ў музеі. Шырока, з касцюмамі і беларускімі стравамі тут адзначаюць Камаедзіцу, тры Спасы, Саракі. Да сёння жыве ў Заронаве і штогод збірае аматараў здаровага спосабу жыцця зімняе свята Вадохрышча. Яно карыстаецца такой папулярнасцю невыпадкова: заронаўскае возера з'яўляецца самым вялікім у Віцебскім раёне, яго берагавая лінія — 21,3 кіламетра, найбольшая глыбіня — 15 метраў. На Саракі — свята гукання вясны — тутэйшыя жыхары выпякаюць з цеста птушачак і разам запрашаюць у вёску вясну. Асабліва даспадобы цёплыя музейныя сустрэчы выхаванцам мясцовага дзіцячага садка, якія толькі пачынаюць вывучаць багатую культурную спадчыну беларусаў.

На жнівень — апошні сонечны летні месяц — прыпадаюць тры Спасы, беларусы найбольш шырока адзначаюць Яблычны. Але і Мядовы, і Арэхавы захавалі мноства цікавых традыцый. Самы першы, Мядовы Спас, супадае з пачаткам Успенскага посту і святкуецца 14 жніўня. У храмах у гэты дзень асвячаюць гатункі мёду, ваду і мак. Яшчэ гэта было і святам пчаляроў. Так, калі была патрэба ў мёдзе для хворага, пчаляр не мог адмовіць — лічылася, што інакш у яго справе праблемы паўстануць абавязкова. Свята мела яшчэ дзве назвы — Макавы і Мокры, бо людзі пачыналі збіраць мак, а ў некаторых рэгіёнах здзяйсняўся абрад водаасвячэння. Але шырока першы Спас не святкавалі — руплівыя гаспадары былі занятыя на жніве.

Яблычны Спас — свята ўраджаю, якое адзначаецца 19 жніўня, — прымеркавана да вялікай царкоўнай даты — Праабражэння Гасподняга, а свята Спасу — гэта сімвал пераўвасаблення прыроды перад надыходам восені. Лічылася, што яблыкі заканчвалі спець толькі да 19 жніўня, іх асвячалі ў царкве і яны мелі надзвычайную сілу. Частку з іх неслі продкам на могілкі, а яшчэ асвячалі хлебныя каласы, якія добра захоўваліся да наступнага года. Дзяўчаты загаворвалі садавіну, каб знайсці шчасце і выйсці замуж. Нягледзячы на разгар уборачных работ, Яблычны Спас заўсёды адзначалі з размахам, народнымі песнямі і танцамі.

29 жніўня мяжу жніву падводзіць Хлебны, або Арэхавы Спас. Да гэтай даты выспявалі арэхі, а гаспадыні пяклі хлеб з ужо новага ўраджаю. Залатому калоссю, якое ў кожную хату прыходзіла свежым боханам, аддавалі пачэснае месца за сталом, частавалі сваякоў і сяброў, а першы кавалак каравая павінен быў паспрабаваць самы старэйшы мужчына ў сям'і. Апошні Спас імкнуліся адсвяткаваць шчодра і з душой, праводзячы лета да наступнага года. Казалі: «Калі добры трэці Спас — узімку будзе квас», праводзілі ў цёплы край птушак і па іх вызначалі, якой будзе восень: калі журавель адляціць да трэцяга Спаса, то на Пакроў будзе марозна.

Па традыцыі ў сямейным коле пад разгалістымі і ўраджайнымі музейнымі яблынямі заронаўцы адсвяткавалі Яблычны Спас. Цікавыя выпрабаванні падрыхтавалі для дзяцей работнікі Дома культуры: дзяўчаткі на хуткасць без дапамогі рук адкусвалі кавалкі сакавітых пладоў, а для хлопцаў паставілі задачу цяжэйшую — ім было прапанавана злавіць яблык у вядры з вадой таксама без рук. Выйшла весела: і наеліся, і памыліся. Разам вадзілі карагоды і спявалі песні, майстрыцы мясцовага аддзялення для пенсіянераў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падрыхтавалі цікавыя тэматычныя сувеніры, а захавальніца музейных каштоўнасцяў Людміла Нікіціна азнаёміла прысутных з гісторыяй свята і цікавымі традыцыямі нашых продкаў.

Немагчыма было не пакаштаваць і разнастайныя тэматычныя стравы, клапатліва прыгатаваныя мясцовымі гаспадынямі. І запечаныя яблыкі з мёдам, і духмяныя яблычныя і грушавыя пірагі, пышныя аладкі з варэннем, кампоты з садавіны, свежае печыва... На прыродзе і ў прыемнай кампаніі ўсё было надзвычай смачным.

«На такіх мерапрыемствах, якія яднаюць гараджан і вяскоўцаў, сталых людзей і моладзь, асабліва адчуваецца сіла адзінства нашага народа, вернасць беларускім традыцыям. Гэта значыць, што музей у невялічкім аграгарадку на поўначы нашай краіны ў поўнай меры выконвае сваю першасную ролю — выхоўвае сапраўдных патрыётаў», — адзначыла выконваючая абавязкі старшыні Заронаўскага сельскага Савета Алеся Сінякова.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».