Вы тут

Жадаеце ўключыцца ў экалагічны рух? Для гэтага ёсць шмат магчымасцяў


Сёння ў нашай краіне ёсць шмат магчымасцяў для ўключэння неабыякавых грамадзян у экалагічны рух. Ва ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі органамі яны могуць вырашыць шмат праблем у гэтай сферы.


Станьце грамадскім эколагам

Гэтыя прадстаўнікі грамадскасці і неабыякавыя людзі дапамагаюць тэрытарыяльным органам Мінпрыроды, бяруць удзел у кантрольна-аналітычных мерапрыемствах і акцыях, распаўсюджваюць экалагічную інфармацыю сярод розных груп насельніцтва, праводзяць сустрэчы і семінары, тэматычныя ўрокі.

Каб стаць грамадскім эколагам, неабходна звярнуцца ў інспекцыю ці камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па месцы жыхарства.

Увайдзіце ў склад ГКЭС

Ужо больш за 20 гадоў пры цэнтральным апараце Мінпрыроды і яго камітэтах існуюць грамадскія каардынацыйныя экалагічныя саветы (ГКЭС), якія носяць экспертна-кансультацыйны характар. Падчас іх пасяджэнняў прадстаўнікі грамадскасці (туды ўваходзяць члены грамадскіх аб'яднанняў, навукі і адукацыі, СМІ і актыўныя грамадзяне) прымаюць удзел у абмеркаванні найбольш вострых экалагічных пытанняў, выносяць рэкамендацыі прыродаахоўным службам, разглядаюць праекты змен у заканадаўства і многае іншае. Праз дыялог дзяржава і грамадскасць імкнуцца выпрацаваць аптымальныя «зялёныя» рашэнні.

Каб увайсці ў склад саветаў, неабходна звярнуцца ў міністэрства і яго камітэты.

Бярыце ўдзел у грамадскіх абмеркаваннях

Грамадскія абмеркаванні прыняцця экалагічна значных рашэнняў — важная форма ўдзелу жыхароў краіны ў заканатворчай і прыродаахоўнай дзейнасці. З іх дапамогай можна прадухіліць магчымыя экалагічныя праблемы, выратаваць ад знішчэння каштоўныя прыродныя аб'екты, зрабіць малую радзіму больш камфортнай для пражывання.

Як расказалі ў Мінпрыроды, грамадскасць сёння абмяркоўвае і дапамагае рыхтаваць праекты законаў і пастаноў у галіне экалогіі; праграмныя дакументы, рэалізацыя якіх аказвае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і (ці) звязана з выкарыстаннем прыродных рэсурсаў; справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе; даклады па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы.

Без удзелу грамадскасці не прымуцца рашэнні аб выдачы дазволаў на выдаленне аб'ектаў расліннага свету ў населеных пунктах ці іх перасадцы.

— У нас назапашаны досыць вялікі досвед дыялогу з насельніцтвам, беларускія грамадзяне неабыякавыя да праблем экалогіі і актыўна супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі службамі, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды Алена МЕЛЯШКОВА. — Удзел грамадзян у прыняцці рашэнняў, якія аказваюць уплыў на наваколле, і ўлік іх меркаванняў у гэтым пытанні можна разглядаць як дадатковы канал зваротнай сувязі. Гэта дазваляе выбудоўваць дыялог дзяржаўных органаў і грамадскасці, у тым ліку каб атрымаць грамадскую ці прафесійную ацэнку экалагічна значных рашэнняў, а таксама вызначыць адпаведнасць такіх рашэнняў чаканням грамадскасці для магчымай наступнай іх карэкціроўкі. Высокая ступень адкрытасці працэсу прыняцця экалагічна значных рашэнняў па пытаннях навакольнага асяроддзя ў далейшым умацоўвае падтрымку такіх рашэнняў з боку грамадскасці.

Разам фарміраваць экалагічную свядомасць

Старшыня грамадскага аб'яднання «Экаманіторынг» Яўген ФІЛІМОНАЎ падзяліўся вопытам удзелу арганізацыі ў грамадскіх абмеркаваннях.

— «Экаманіторынг» афіцыйна працуе ў сферы экалогіі з 2017 года, а да гэтага — як грамадская ініцыятыва «Зялёны дазор». За час працы арганізацыі былі вырашаны сотні праблем, рэалізаваны дзясяткі кейсаў, праведзены шэраг адукацыйных мерапрыемстваў (праекты, семінары, трэнінгі, акцыі). Мы не на словах, а на справе паляпшаем экалагічнае становішча, арганізоўваем работу па добраўпарадкаванні Гродна, ствараем умовы для масавага адпачынку і павышэння турыстычнай прывабнасці Гродзенскай вобласці.

З 2017 года ГА «Экаманіторынг» уваходзіць у склад каардынацыйнага савета пры Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з 2020 года — у склад ГКЭС пры Мінпрыроды. Арганізацыя мае багаты досвед па прыцягненні грамадскасці ў розныя праекты і экалагічныя акцыі.

Разам мы ратавалі ад высечкі каштоўнае дрэва ў горадзе (падчас акцыі «Шалік для дуба»). Другі цікавы кейс — удзел у грамадскіх абмеркаваннях «Будаўніцтва і абслугоўванне гідраэлектрастанцыі на рацэ Лоша Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці».

Рэгулярна беручы ўдзел у грамадскіх абмеркаваннях, мы адстойваем пажаданні і інтарэсы гараджан, а самае галоўнае — разам фарміруем экалагічную іх свядомасць.

Наша аб'яднанне неаднаразова ўдзельнічала ў грамадскіх абмеркаваннях, а таксама праводзіла трэнінгі па павышэнні кампетэнцый і агульнай адукаванасці сярод грамадскасці. Упэўнены, што экалагічныя пытанні вырашаюцца найбольш эфектыўна пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых бакоў. Удзел грамадскасці робіць падсправаздачнымі тых, хто прымае рашэнні, а працэс іх прыняцця — больш празрыстым і якасным. Падчас дыялогу паміж дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і грамадскасцю прымаюцца больш узважаныя рашэнні з улікам розных меркаванняў і ідэй. Гэта таксама павялічвае сацыяльную адказнасць і згуртаванасць грамадзян. Такім чынам грамадскасць праз сваіх прадстаўнікоў бярэ ўдзел у рабоце дзяржаўных органаў.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Фота з архіва ГА «Экаманіторынг»

Загаловак у газеце: Уключайся ў «зялёнае» жыццё!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.