Вы тут

Sex-Балясы. Покліч джунгляў


Чалавек памылкова лічыць сябе вянцом прыроды. Часта гэтая самаўпэўненасць прыводзіць да камічных або трагічных наступстваў. Упэўнены ў сваёй непахіснай праваце ва ўсім, ён «перагінае палку», спрабуючы весці рэй, падпарадкоўваць сабе нават жывёльны свет. («Чалавек створаны для шчасця, як птушка для палёту, любяць здзекавацца з людзей пінгвіны і страусы») Гэткі адмысловы покліч джунгляў... («— Мудры Каа, растлумач, што са мной? Мне хочацца бегчы, задыхаючыся, далёка-далёка ў джунглі! Мяне перапаўняюць пачуцці, маё сэрца ўвесь час шалёна б'ецца! Гэта каханне?» — «Не, Маўглі, гэта чарговы прызыў у войска».)


Кадр з фільма «Джуманджы: покліч джунгляў».

На ферме ў францужанкі Дамінікі Дутэ жыве каля 60 качак. Птушкі плёскаюцца ў невялікім вадаёме, шпацыруюць у яго наваколлі і, зразумела, шмат кракаюць. («У рэстаране жанчына пытаецца ў афіцыянта: «У вас качка дзікая?» — «Не, але для вас мы можам раззлаваць хатнюю».) Гэта не спадабалася суседзям — яны падалі на жанчыну ў суд і запатрабавалі 3,5 тысячы еўра кампенсацыі. А заадно папрасілі... суцішыць качак. («Фразай «Гусь свінні не таварыш» індык справакаваў бойку хлеў на хлеў».) Аднак суд стаў на бок птушак — гучнасць кракання аказалася ў межах нормы. Проста суседзі нядаўна пераехалі з горада і, мяркуючы па ўсім, пакуль не прывыклі да гукаў сельскага жыцця. Дутэ была шчаслівая, бо перажывала, што ёй давядзецца пазбавіцца любімых гадаванцаў. «Качкі перамаглі», — пажартавала францужанка.(«Індык думаў, што купаецца, пакуль вада не закіпела».)

Пажылы мужчына выпадкова ўзарваў свой дом у Францыі, спрабуючы забіць муху. 80-гадовы мужчына збіраўся паабедаць, калі пачуў гудзенне казюркі. Тады ён паспрабаваў забіць муху электрычнай мухалапкай, але ў яго доме працякаў газавы балон. З-за іскры прылады адбыўся выбух. У выніку надзвычайнага здарэння разбурыліся кухня і частка даху. Мужчыну ж даставілі ў шпіталь з апёкам рукі. («Чаму гэтыя мухі лётаюць толькі вакол мяне?» — «А ты сам здагадайся...» — «Я — варэнне?» — «Ды ты аптыміст...»)

Немцам перашкаджаюць спаць вожыкі, якія спароўваюцца. У нямецкую паліцыю і службы выратавання па ўсёй краіне ўсё часцей паступаюць званкі з-за страшнаватых начных крыкаў і шуму. Нацыянальная праблема нават атрымала свой хэштэг #іgelsex, што перакладаецца як «секс вожыкаў». («Вожык — самая разумная жывёліна. Яму ўсё зразумела».) Спецыялісты адзначылі, што вожыкі гадзінамі могуць шыпець, скуголіць і нават крычаць падчас сваіх шлюбных рытуалаў. («Слабы чалавек падчас сексу стогне, а моцны — трывае».) Сезон спароўвання гэтых жывёл доўжыцца з красавіка да пачатку верасня. Эксперты-ветэрынары дадалі, што больш за ўсё шуму зыходзіць ад самцоў, і парэкамендавалі не турбаваць звяроў. («У кожнага паважаючага сябе вожыка ў норцы абавязкова ёсць фотаальбом са здымкамі «пятых кропак», якімі яго палохалі».)

«Фэйсбук» двойчы заблакіраваў трансляцыю з савінага гнязда. Алгарытмы вырашылі, што гэта занадта сексуальна. Жыхар англійскага горада Данкастэр Грэм Мос запусціў з яго прамую трансляцыю. А потым выявіў, што стрым заблакіравалі. Прычына — парушэнне правілаў супольнасці, а менавіта — публікацыя кантэнту, які змяшчае «агаленне і дзеянні сексуальнага характару». («Хатняя жывёліна павінна быць ціхай, спакойнай і не прыносіць клопату гаспадару. Вось, напрыклад, чучала савы...») Тады Мос яшчэ раз вылажыў трансляцыю ў «Фэйсбук», за што атрымаў бан на 24 гадзіны. Прычына ўсё тая ж — публікацыя «дарослага» кантэнту. («Звычайная ноч. Муж і жонка ў ложку не могуць заснуць: за сценкай надрываецца суседскае дзіця. Яна: «Ты ўсё яшчэ хочаш завесці дзіця?» Ён: «Дык трэба ж неяк адпомсціць!») На сітуацыю з савіным гняздом звярнулі ўвагу брытанскія выданні. У рэшце рэшт прадстаўнікі «Фэйсбука» разблакіравалі стрым і папрасілі прабачэння перад Мосам за дастаўленыя нязручнасці. Цяпер карыстальнікі сацсетак могуць глядзець на соў, не баючыся блакіравання. («Ужо калі я закахаўся ў дзяўчыну, дык гэта на ўсю ноч. А тое і да раніцы».)

Але няправільна было б думаць, што чалавек можа толькі браць нешта ад прыроды. Нават беручы, людзі здольныя і аддаваць («Бачыў дзяўчыну з прадуктамі каля дамафона. Яна набрала нумар і кажа: «Раз, раз. Ястраб прынёс здабычу. Як чуваць? Прыём!» Думаю, у сям'і ў іх не сумна...») Так, у ЗША адкрылася вакансія абдымальніка парасят. Амерыканскі прытулак у штаце Паўднёвая Караліна адкрыў вакансію для валанцёраў, якія будуць дапамагаць жывёлам у «сацыялізацыі». («— Мы ў адказе за тых, каго прыручылі!» — «Вам лёгка — у вас папугай, а ў мяне галодны муж, дзеці».) У абавязкі работніка будуць уваходзіць абдыманне з жывёлінамі, чуханне, а таксама кармленне печывам. Уладальнікі прытулку лічаць, што гэта дапаможа парасятам прызвычаіцца да людзей і падрыхтавацца да новых гаспадароў. («Людзі былі створаны для таго, каб катам было з кім жыць».) Уладальнікі прытулку адзначылі, што калі карыстальнікі сацсетак жадаюць дапамагчы гадаванцам, але не маюць магчымасці быць абдымальнікамі для парасят, яны могуць дапамагчы ахвяраваннямі або набыць нешта для жывёл. («Дзяўчына, якая не ведае, як ужо намякнуць хлопцу на футра, прыкладвае да сябе ката і пытаецца: «Ну як мне?»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.