Вы тут

Якія гарантыі і правы даюцца на першым працоўным месцы?


Каля 60 тысяч маладых спецыялістаў атрымала сёлета першае месца працы. Большасць «навабранцаў» распачала работу па размеркаванні 1 жніўня, а 15 жніўня прыйшлі ў навучальныя ўстановы і маладыя педагогі. Нагадаем, што па заканадаўстве маладымі спецыялістамі ў Беларусі з'яўляюцца выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія скончылі поўны курс навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў і былі накіраваныя на работу камісіяй па персанальным размеркаванні. Між іншым, цяпер і студэнты-платнікі, якія пажадалі размеркавацца, атрымліваюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя для маладых спецыялістаў, што і выпускнікі бюджэтнай формы навучання.


Нявыкарыстаны водпуск не кампенсуецца

Не сакрэт, што многія выпускнікі ставяцца да размеркавання як да малапрыемнага абавязку. Хутчэй за ўсё, калі маладыя людзі імкнуцца паступіць на бюджэтную форму навучання, мала хто з іх задумваецца, што праз колькі гадоў за дыплом давядзецца расплачвацца сваёй сумленнай працай, прычым не там, дзе ты пажадаеш, а дзе дзяржаве спатрэбяцца твае веды і рукі. Перспектыва адправіцца ў глыбінку мала каго прываблівае... Тым не менш, адмовіцца ад размеркавання і атрымаць свабодны дыплом можна толькі ў выключных выпадках. Уважлівай прычынай лічыцца паступленне на больш высокі ўзровень адукацыі, напрыклад, у магістратуру, або для выпускніка каледжа — на ўзровень вышэйшай адукацыі першай ступені. Таксама гэта служба ў войску, пытанні, звязаныя з непрацаздольнасцю і здароўем.

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што знайсці работу і затрымацца на ёй наваспечаным маладым спецыялістам без прафесійнага досведу даволі складана. Правы выпускнікоў, якія пачалі работу па размеркаванні ў якасці маладых спецыялістаў, у нашай краіне абароненыя законам.

— Заканадаўства прадугледжвае для іх шэраг дадатковых гарантый і кампенсацый, у іх ліку водпуск пасля заканчэння навучання, грашовая дапамога, кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць і г. д., — тлумачыць галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Манюк.

Пасля заканчэння навучання і перад пачаткам работы маладому спецыялісту належыць водпуск. Яго працягласць складае 31 каляндарны дзень. А будучым педработнікам належыць 45 каляндарных дзён адпачынку.

«Водпуск дае не наймальнік, а ўстанова адукацыі. Таму ў пасведчанні аб накіраванні на работу тэрмін прыбыцця маладога спецыяліста да наймальніка ўказваецца ўжо з улікам дзён адпачынку. Такім чынам, малады спецыяліст самастойна выкарыстоўвае сваё права на водпуск, — падкрэслівае Ларыса Манюк. — Але ён мае права выкарыстоўваць не ўсе дні водпуску. Таксама ён можа адмовіцца ад дадзенай гарантыі. Адпаведна, малады спецыяліст можа прыбыць для працаўладкавання раней за ўказаны ў пасведчанні тэрмін. Наймальнік адразу павінен растлумачыць, што калі малады чалавек не скарыстаецца правам на водпуск або выкарыстае не ўсе яго дні (напрыклад, 20 замест 31), пазней патрабаваць, каб яму прадаставілі астатнія дні водпуску, ён ужо не зможа. Звярніце ўвагу: выплачваць маладому спецыялісту кампенсацыю за нявыкарыстаныя дні водпуску наймальнік не павінен. Таму калі вы самі вырашылі распачаць работу раней, ніякіх фінансавых прэтэнзій да наймальніка прад'явіць не зможаце...»

Пад'ёмныя і кампенсацыя за пераезд

У месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора наймальнік павінен выплаціць маладому спецыялісту грашовую дапамогу, так званыя пад'ёмныя. Яе выплата ажыццяўляецца на падставе загада наймальніка. Памер залежыць ад атрыманай маладым спецыялістам адукацыі і ад таго, ці выплачвалася яму стыпендыя ў апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі). Калі яна не выплачвалася, то памер пад'ёмных устанаўліваецца з разліку сацыяльнай стыпендыі, якая была актуальная на дату выпуску.

«Калі малады спецыяліст размеркаваны да наймальніка, з якім ён ужо знаходзіцца ў працоўных адносінах, яму таксама выплачваецца грашовая дапамога. Ніякіх выключэнняў на гэты конт у заканадаўстве няма, — тлумачыць прававы інспектар працы. — Памер стыпендыі, у тым ліку сацыяльнай, можна даведацца з даведкі аб памеры стыпендыі. Яна выдаецца ўстановай адукацыі разам з дыпломам. Хачу заўважыць, што выплата грашовай дапамогі і яе памер не залежаць ад таго, колькі дзён адпачынку выкарыстаў малады спецыяліст і ці выкарыстаў наогул. Маладому спецыялісту, накіраванаму для работы ў якасці педработніка, грашовая дапамога выплачваецца за 45 каляндарных дзён».

Кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць таксама адносіцца да абавязковых выплат. Калі першае працоўнае месца, куды накіраваны па размеркаванні малады спецыяліст, размешчана ў населеным пункце, які не з'яўляецца месцам жыхарства выпускніка, і прадугледжвае пераезд у іншы горад, то малады спецыяліст можа разлічваць на яе атрыманне.

— Напрыклад, малады спецыяліст пастаянна зарэгістраваны па месцы жыхарства ў Магілёве. На час навучання ён быў часова зарэгістраваны па месцы знаходжання ў Мінску, а размеркавалі яго ў арганізацыю, размешчаную ў сталіцы. У гэтым выпадку яго пастаяннае месца жыхарства (Магілёў) не супадае з месцам работы. Такім чынам, яму павінна быць выплачана кампенсацыя, — тлумачыць Ларыса Манюк. — Калі малады чалавек навучаўся ў Мінску, яго пастаяннае месца жыхарства — Магілёў, а ён быў размеркаваны ў Гомель, яму таксама належыць выплата кампенсацыі для пераезду ў іншы населены пункт. Калі ж малады спецыяліст навучаўся ў сталіцы, а яго пастаяннае месца жыхарства — Магілёў і размеркаваны ён быў у гэты абласны цэнтр, то пастаяннае месца жыхарства і месца работы маладога спецыяліста супадаюць. Прэтэндаваць на кампенсацыю ён не зможа. Месца жыхарства работніка пацвярджаецца адзнакай аб рэгістрацыі ў пашпарце.

Наймальнік пакрывае маладому спецыялісту наступныя выдаткі і робіць наступныя выплаты, звязаныя з яго пераездам: сродкі, затрачаныя на аплату праезду маладога спецыяліста і членаў яго сям'і (мужа, жонкі, дзяцей і бацькоў абаіх мужа і жонкі, якія знаходзяцца на іх утрыманні і пражываюць разам з імі) на тых жа ўмовах, што і пры накіраванні работніка ў службовую камандзіроўку; выдаткі на правоз чыгуначным, водным і аўтамабільным транспартам (агульнага карыстання) маёмасці, пры гэтым норма складае да 500 кілаграмаў — на маладога спецыяліста і да 150 кілаграмаў — на кожнага члена сям'і, які пераязджае (калі дасягнута пагадненне з наймальнікам, то могуць аплаціць выдаткі па перамяшчэнні большай вагі маёмасці); сутачныя за кожны дзень знаходжання ў дарозе, у адпаведнасці з заканадаўствам аб службовых камандзіроўках.

Таксама малады спецыяліст атрымлівае аднаразовую дапамогу. Яе памер складае месячную тарыфную стаўку (аклад) па новым месцы работы на маладога спецыяліста, а на кожнага члена сям'і, які пераязджае з ім, — па адной чацвёртай дапамогі на самога выпускніка.

«Тэрмін выплаты кампенсацый на пераезд заканадаўства не ўстанаўлівае. Мяркую, выплаціць іх можна разам з першым заробкам маладога спецыяліста. Але пры ўмове, што той прадставіў наймальніку ўсе дакументы, якія пацвярджаюць панесеныя выдаткі, гэта значыць білеты на праезд, квітанцыі на аплату правозу багажу і г. д.» — дадала Ларыса Манюк.

Чаму трэба зазірнуць у калектыўны дагавор?

А вось абавязак забяспечваць маладога спецыяліста жыллём нідзе на заканадаўчым узроўні не прапісаны. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, прымацца на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце, у тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.

— Натуральна, на месцах усе разумеюць, што без жылля замацаваць кадры, асабліва ў сельскай мясцовасці, немагчыма, таму шукаюць месцы ў інтэрнатах, даюць службовае жыллё, дапамагаюць будаваць сваё, — кажа Ларыса Манюк. — Наймальнік у індывідуальным парадку разглядае пытанне аб вызначэнні памеру выплат на арэнду жылля, парадку і ўмовах кампенсацыі.

Прававы інспектар працы раіць: першае, што павінен зрабіць малады педагог, які прыбыў на месца размеркавання, гэта схадзіць у прафкам, дзе яму растлумачаць яго правы. І абавязкова трэба азнаёміцца з калектыўным дагаворам, бо там ёсць важныя пункты, якія датычацца гарантый маладым спецыялістам, у тым ліку і па кампенсацыі арэнды жылля. Трэба азнаёміцца і са службовай інструкцыяй. У сістэме адукацыі ў маладых спецыялістаў ёсць выбар: заключыць кантракт або бестэрміновы працоўны дагавор. Звычайна ўсе выбіраюць кантракт, бо па ім прадугледжваецца павышэнне тарыфнай стаўкі (аклада) плюс даюцца дадатковыя дні адпачынку.

Як ставіцца да размеркавання, кожны вырашае для сябе сам. Але відавочныя плюсы ў яго таксама ёсць. Размеркаванне не проста гарантуе выпускніку, які яшчэ не мае практычнага досведу, першае працоўнае месца. Малады спецыяліст у гэтым выпадку падстрахаваны з усіх бакоў. Па-першае, наймальнік абавязаны даць яму работу па той спецыяльнасці і той кваліфікацыі, якая ўказана ў яго дыпломе і занатавана ў накіраванні. Але самая галоўная прывілея — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў. Наймальнік не мае права ўстанаўліваць маладым спецыялістам выпрабавальны тэрмін і не можа звольніць маладога спецыяліста на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займаемай пасадзе ці выконваемай рабоце з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

«Рашэнне маладога спецыяліста застацца і далей працаваць па месцы размеркавання пасля двухгадовага тэрміну залежыць выключна ад зацікаўленасці наймальніка і ад створаных для жыцця і прафесійнага росту маладога спецыяліста ўмоў, — падкрэслівае Ларыса Манюк. — Напрыклад, у Мінскай вобласці на працягу апошніх трох гадоў на першым рабочым месцы застаецца больш за 90 працэнтаў маладых педагогаў. Аднак ёсць і іншыя назіранні: на жаль, не ўсе наймальнікі зацікаўленыя ў замацаванні маладых спецыялістаў. Нярэдка маладыя людзі звальняюцца, паколькі не бачаць перспектыў сваё  й далейшай работы ў канкрэтнай арганізацыі. Наймальнік таксама не бачыць у гэтым асаблівай праблемы, паколькі штогод па размеркаванні на месца выбылых ён зноў набірае маладых спецыялістаў».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».